Вялікая Сляпянка
колішняя вёска і маёнтак Ваньковічаў, з 1959 года ў складзе Мінска From Wikipedia, the free encyclopedia
колішняя вёска і маёнтак Ваньковічаў, з 1959 года ў складзе Мінска From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́кая Сляпя́нка — колішняя вёска на беразе ракі Слепня, з 1959 года ў складзе Мінска. Старажытны маёнтак Ваньковічаў, вядомы дзякуючы сядзібе ў стылі класіцызм.
Вёска
Вялікая Сляпянка
|
Сляпянка з’явілася ў XVI стагоддзі. Яна размяшчалася на тым месцы, дзе сыходзіліся два гасцінцы, што вялі ў Менск, — Гарадзішчанскі і Старабарысаўскі. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя маёнтак Сляпянка належаў князям Радзівілам. Пазней гэтыя землі перайшлі да Ваньковічаў. Ужо ў другой палове XVIII стагоддзя Аляксандр Янавіч Ваньковіч падзяліў свае вялікія ўладанні паміж двума сынамі — Станіславам (?—1812) і Мельхіёрам (1775—1842). Так на карце Мінскага павета з’явіліся адразу дзве Сляпянкі — Вялікая Сляпянка і Малая Сляпянка. Пасля смерці Станіслава Вялікая Сляпянка дасталася яго сыну Эдварду (1793—1872), стрыечнаму брату мастака Валянціна Ваньковіча. Па смерці Эдварда маёнтак перайшоў яго малодшаму сыну Уладзіславу (1839—1888), потым яго ўнаследаваў найстарэйшы брат Эдварда Зыгмунт (1820—1891). Па смерці Зыгмунта маёнтак атрымаў яго сын Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч (1866—1936), апошні ўладальнік Вялікай Сляпянкі.
Вялікая Сляпянка з’яўляецца месцам нараджэння Эдварда Вайніловіча, яго маці гасцявала ў маёнтку сваіх бацькоў.
У 1917 годзе ў Сеніцкай воласці Мінскага павета, 192 жыхары; побач вёска Сляпянка (3 двары, 11 жыхароў), урочышча Сляпянка, хутар Сляпянка і вінакурня Сляпянка, якія пазней зліліся ў адну вёску[1]. За савецкім часам маёмасць нацыяналізаваная. У 1930-я гады ўтвораны калгас «Бальшавік». Існуючая цяплічная гаспадарка пераўтвораная ў агародніцкі саўгас імя Будзённага. У сядзібе Ваньковічаў спачатку месцілася школа малодшага афіцэрскага складу НКУС, пазней сядзіба цэнтральнай бульбяной станцыі. Уваходзіла ў Сляпянскі сельсавет Мінскага раёна. У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Першамайскі і Партызанскі раён. Неўзабаве вёска была знесеная. Цяпер на яе тэрыторыі вуліца Парніковая і Парніковы завулак, з поўдня на поўнач яе перасякае вуліца Філімонава[1]. Таксама тут месціцца мікрараён малапавярховай забудовы Вялікая Сляпянка. Сядзіба Ваньковічаў захавалася.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.