Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вырай — у беларускай міфалогіі цудоўная мясціна, куды на зіму адлятаюць птушкі і куды ляцяць душы памерлых. Таксама «выраем» зваўся «клін» птушак, што ляцяць у цёплыя краі. Лічылася, што чалавек, які пабачыў вырай, будзе шчаслівы ўвесь год.
Верагодна, паходзіць ад Iрай (ирей, вирий, вырий, вырей; аг.-усх.-слав.: ирье; чэшск.: Irij; польск.: Wyraj; ад ір) — ва ўсходнеславянскай і ўсходнепольскай міфалогіі старажытная назва раю і райскага сусветнага дрэва; міфічная краіна, якая знаходзіцца на цёплым моры на захадзе ці паўднёвым захадзе зямлі, дзе зімуюць птушкі і змеі.
У язычніцкай рэлігіі душы ўсіх памерлых траплялі ў Вырай. Пазней хрысціянства прынесла ідэю Пекла, куды накіроўваліся грэшныя[1]. У старажытнай традыцыі Вырай знаходзіўся, паводле Т. М. Студніка, у кароне Сусветнага Дрэва. Адпаведна ў яго каранях размяшчаўся Змяіны Вырай, дзе зімавалі змеі, скруціўшыся ў клубок (гл. Вужыны Цар). У іншых звестках Вырай знаходзіцца на поўдні Зямлі, каля самага Сонца, дзе вечнае лета. Язычнікі лічылі, што, паміраючы, чалавек сам ператвараўся ў птушку і накіроўваўся ў Вырай. Гэтая вера і пазней прасочвалася ў фальклоры («Усе птушачкі із Вырая ляцяць, а ты, мой татачка, у Вырай ляціш»[2], «Светлыя дзяды. Вы сюды прыляцелі, пілі і елі… А лепей ляціце да неба. Акыш, акыш»[3], «Як усе пташачкі будуць з выр’я ляцець, \\ Я буду пільнаваць, \\ 3 якой стараны мой татачка будзе ісці»). У казцы «Парабак і бусел» (запісала Эма Дмахоўская ў вёсцы Камаровічы Мазырскага павета) бусел забірае жанчыну ў заморскі край (што для яе сімвалізуе смерць). Потым жанчына наведвае сваіх дзяцей, але сама ўжо ў бусліным абліччы, і тыя яе ледзь пазнаюць.
Фразеалагізм «у Вырай збірацца» азначаў дажываць свой век, збірацца на «той» свет[4]. Пабачыўшы «шызога голуба», старыя казалі: «Вунь чыясьці душа лятае»[5]. Паводле А. Ненадаўца, на думку беларусаў, душа добрага чалавека пасля смерці вылятала з яго белым галубком, а душа грэшнага — крумкачом[6]. Па ўсёй Беларусі існаваў звычай пры пахаванні памерлага выпускаць на полю птушку, каб яна занесла душу чалавека ў Вырай. Заўважаючы зязюлю, успамінаючы кагосьці з памерлых, людзі казалі: «То мая маты куе»[7].
У беларускім фальклоры ёсць матыў замыкання і адмыкання Вырая, прычым залатымі ключамі ад яго валодаюць пчала ці жаваранак. Веснавыя песні па-рознаму тлумачылі, чаму жаваранак прылятае раней іншых птушак і, адпаведна, з'яўляецца ключнікам Выраю:
«– Ой ты, жаваронку, ты ранняя пташка, Чого ты так рано із выраю выйшов? Ны сам жэ я выйшов, мэнэ пташкы былы, Мэнэ пташкы былы, з вэрэю гонылы.».— (Беларуская міфалогія: Энцыкл. слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. Мн., 2004.)
Аднак у цэлым фальклор выяўляе жаваранка (жаўрука, жаўранка) як «божую», сакральную птушку.
«— Жаваранак, рання птушэчка, Чаго так рана з выр'ю вылятаеш? А там пры даліне — там ляжаць крыгі, А там пры дарозе — снягі і марозы. — А я тыя крыгі крыламі разаб'ю, А я тыя марозы нагамі растапчу».— (Гілевіч, 1974, с. 68. Зап. Н. Лабуда ў в. Бакуны Пружанскага р. ад Пстыга.)
У іншых паданнях жаўрук, наадварот, ніколі не адлятае ў вырай, а зімуе пад каменем. На гуканне вясны ляпілі з цеста і пяклі жаваранкаў, якіх раздавалі дзецям, а аднаго спальвалі (відаць, рудымент язычніцкай ахвяры богу Вясны — магчыма, Ярылу). «Замыканне» на зіму адбываецца на свята Узвіжанне (27 верасня) і супадае з восеньскім раўнадзенствам. Адмыканне выпадае адпаведна на вясновае раўнадзенства.
З іншых птушак «пасярэднікамі» лічыліся гусі: яны выступалі пераносчыкамі як вестак, так і саміх людзей паміж Зямлёй і Выраем. Зязюля (здаецца, самая міфалагізаваная птушка ў беларускай культуры) таксама магла перадаваць весткі на «той» свет ("Узлятай, кукушачка шэрая! // Злятай на чужую дальнюю старонушку! // Пакукуй, перадай маiм братчыкам родным // Прывітанне ад мяне нізенькае[7]).
Як зімовы прытулак пералётных птушак, Вырай быў вядомы яшчэ ў язычніцкі час. У хрысціянізаванай традыцыі Вырай размяшчаецца на краі свету, угары, і называецца «Ерусалім» — мясціна, дзе жыў і кіраваў Сын Божы. Сонца там быццам ніколі не заходзіць, стаіць вечны дзень. Там жылі першыя людзі, пакуль не саграшылі і не былі прагнаныя на Зямлю. А каб Вырай не быў пусты, Бог аддаў яго пералётным птушкам, бо і самая прыгожая пустка робіцца сумнаю. Далятаюць да Выраю толькі тыя птушкі, што не робяць ліха іншым. Як і людзей, Бог дзеліць птушак на добрых і грэшных[8]. «Чыстымі» птушкамі называліся ластаўка, салавей, жаўранак, голуб, бусел. Нячыстымі — крумкач, сарока, верабей, сава і зязюля.
Палешукі лічылі, што сонца — гэта і ёсць акно ў Вырай, які, такім чынам, знаходзіцца за межамі нябеснага купала. Ён праступае ў выглядзе чорных латак на сонцы, нагадваючы пра колішняе шчаслівае, бестурботнае жыццё. Тут прасочваецца болей старажытны, агульны індаеўрапейскі міф пра далёкую паўночную радзіму, дзе па-ранейшаму пануе «залаты век», дзе кіруюць дабро і справядлівасць.
Каб птушкі ведалі дарогу ў Вырай, для іх на зорным небе ёсць Млечны Шлях. Беларусы таксама называлі яго «Птушыная дарога», («Гусіная дарога», «Вераб'іны шлях»). Калі надвор'е дрэннае, і птушкі не бачаць Млечнага Шляху, то многія з іх губляюць дарогу і гінуць. Паводле адных крыніц, душы памерлых адносяцца ў Вырай птушкамі восенню, паводле другіх, яны самі трапляюць туды праз мост (гл. Калінавы мост).
Глыбока пад зямлёй існаваў таксама змяіны вырай, дзе зімавалі паўзуны. Яны накіроўваліся ў свой прытулак на свята Узвіжання, прычым не паасобку, а ўсе разам, пад кіраўніцтвам Вужынага Цара. Праз непраходны лясны гушчар паўзлі тысячы змей, і небяспека чакала таго чалавека, які апынаўся на іх шляху.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.