Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ву́жыны Кароль (Кароль Вужоў, Вужыны Цар, Цар-вуж) — у беларускай міфалогіі уладар усіх паўзуноў, вартаўнік усіх скарбаў і падземных багаццяў.
Вялізны вуж з каронай на галаве. Часцей за ўсё яго можна пабачыць на Узвіжанне, калі ён вядзе ўвесь свой змяіны народ на зімоўку, у Змяіны Вырай. Супроць Птушынага Выраю, куды зляталі на зіму птушкі, змяіны размяшчаўся ўнізе сусвету — глыбока пад зямлёй альбо ў каранях Сусветнага Дрэва.
Сама карона Вужынага Цара была чароўнай. Калі камусьці даводзілася набыць хаця б адзін-два залатыя рогі, якія былі да яе прымацаваныя, той мог навучыцца мове ўсіх звяроў, ведаць чужыя думкі, ва ўсіх і заўсёды мець поспех. На ўладара вужынай кароны не дзейнічала ніякая атрута. Злодзею яна дапамагала без перашкоды праходзіць праз усе замкі і дзверы. Часам уладальнік такой кароны мог бачыць схаваныя скарбы. Здабыць карону можна было наступным чынам: паслаць на шляху Вужынага Караля ручнік, паставіць там хлеб і соль. І ў знак падзякі Вужыны Кароль адломіць ад сваёй кароны рог і кіне добраму чалавеку. Па іншых крыніцах, трэба было пры гэтым сказаць: «Вуж малады, скінь рог залаты». Калі паспрабаваць адняць карону хітрасцю, то ўсе змеі кінуцца за чалавекам наўздагон, і калі ён не кіне карону, то страціць жыццё. Паводле заходнебеларускіх паданняў, Вужыны Кароль мог хадзіць на хвасце. Усе змеі — яго дзеці, якіх ён заклікаў, выкарыстоўваючы свой багатырскі свіст.
Зімуюць змеі ў вялізнай яме. Пасярод яе ёсць камень, якім яны «кормяцца». Лізне яго змяя — і ўжо сытая. Аднойчы ў яму да змей правалілася дзяўчына. Але змеі яе пашкадавалі і не чапалі. Яна разам з імі лізала гэты камень, і таму не памерла ад голаду. А вясною змеі выцягнулі яе на паверхню[1].
Яшчэ да пачатку ХІХ ст. у некаторых сем’ях у Беларусі і Літве замест ката маглі трымаць вужа, аб чым пісалі шматлікія паслы (Сігізмунд Герберштэйн). Вужыны Кароль сачыў за тым, каб ніхто не пакрыўдзіў гаспадара, у якога жыве вуж-дамавік. Каб заклікаць Вужынага Караля на дапамогу, трэба было запаліць свячу, зробленую з тлушчу памерлага вужа, — свет гэтай свечкі мог асвяціць усё наваколле. Пабачыўшы яго, Вужыны Кароль збіраў усё сваё войска і імчаўся помсціць крыўдзіцелю. Беднаму чалавеку мог дапамагчы з грашыма, бо ведаў, дзе схаваныя ўсе зямныя скарбы.
У лужыцкіх сербаў існаваў бог-змей, аб якім, аднак, амаль не захавалася звестак. У прусаў таксама было змеепадобнае боства — Жалгіун-Каралюс, якое было братам вярхоўнага бога — Акапірмса (белар. Акопірнас). Імя Жалгіуна-Каралюса было вядома і ў паўночна-заходняй Беларусі (гістарычнай Літве).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.