Савіныя[1], таксама Совы нармальныя або Совы сапраўдныя (Strigidae) — сямейства драпежных птушак, якое адносіцца да атрада совападобных. Да савіных належаць, напрыклад, вушастыя совы, няясыці, сычы, сплюшкі і пугачы. Усяго да савіных прылічаюць 23 роды і больш за 200 відаў.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Даўжыня цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае, шараватае, бурае або рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Тваравы дыск акруглы. 3 органаў пачуццяў найбольш развіты слых і бінакулярны зрок. Вочы вялікія, у арбітах нерухомыя. У многіх відаў на галаве «вушкі» з падоўжаных пёраў (відавая адзнака). Вонкавыя вушныя адтуліны вялікія. Шыйных пазванкоў 14, шыя вельмі рухавая (галава можа паварочвацца на 180—270°). Крылы шырокія, закругленыя, хвост адносна кароткі. Дзюба вострая, кароткая, крута загнутая ўніз, каля асновы з васкавіцай, якая прыкрыта шорсткімі пёркамі. Лапы моцныя, чатырохпальцыя (4-ы палец паварочваецца назад). Цэўкі ўкарочаныя, апераныя, кіпцюры гладкія.
Гняздуюцца на зямлі, у дуплах дрэў, гнёздах іншых птушак, расколінах скал, збудаваннях. Аселыя і вандроўныя птушкі. Большасць савіных палююць выключна ноччу або ў прыцемках. Ад іншых драпежных птушак адрозніваюцца адсутнасцю валля, наяўнасцю доўгіх сляпых кішак.
Манагамы. Адкладваюць 3—6 (зрэдку да 14) яец. Развіццё птушанят па птушанятным тыпе.
У шматлікіх народаў совы з'яўляюцца сімвалам мудрасці. Сава заўсёды адлюстроўвалася разам з старажытнагрэчаскай багіняй мудрасці Афінай Паладый і рымскай Мінервай.