From Wikipedia, the free encyclopedia
Антанін Пій, поўнае імя Ціт Аўрэлій Фульв Баёній Арый Антанін Пій (лац. Titus Aurelius Fulvus Boionius Arrius Antoninus Pius), уладарскае імя Ціт Элій Адрыян Антанін (19 верасня 86, Ланувій паблізу Рыма — 7 сакавіка 161 г.) — рымскі дзяржаўны дзеяч, рымскім імператар (138—161).
Антанін Пій | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Titus Aelius Hadrianus Antoninus Augustus Pius | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Адрыян | ||||||
Пераемнік | Марк Аўрэлій | ||||||
Нараджэнне |
19 верасня 86[1] |
||||||
Смерць |
7 сакавіка 161[1] (74 гады) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Антаніны[d] | ||||||
Імя пры нараджэнні | лац.: Titus Aurelius Fulvus | ||||||
Бацька | Ціт Аўрэлій Фульв[d][2] або Адрыян | ||||||
Маці | Арыя Фадзіла[d] | ||||||
Жонка | Фаўсціна Старэйшая[d][3] | ||||||
Дзеці | Марк Аўрэлій, Луцый Вер, Faustina the Younger[d][4], Marcus Galerius Aurelius Antoninus[d], Aurelia Fadilla[d] і Marcus Aurelius Fulvus Antoninus[d] | ||||||
Веравызнанне | старажытнарымская рэлігія | ||||||
Дзейнасць | палітыка[5] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Продкі Антаніна паходзілі з Немауса ў Паўднёвай Галіі, але перасяліліся ў Рым пасля атрымання дзедам, а пазней і бацькам (Цітам Лівіям Фульвам Антанінам), консульскай пасады. Дзед нават атрымаў пасаду гарадскога прэфекта. Маці — Арыя Фадзіла, дачка Арыя Антаніна, таксама паходжаннем з Паўднёвай Галіі, які двойчы быў консулам. Казалі, калі імператарам стаў Нерва, Арый выказаў новаму ўладару спачуванні.
Маладыя гады Антанін жыў у Лорыі паблізу Рыма. Пасля ранняй смерці бацькі выхаваннем Антаніна заняліся абодва дзяды. Калі яму было 20, ён ажаніўся з Аннай Галерыяй Фаўсцінай (Фаўсціна Старэйшая), дачкой Марка Анія Вера. Пасля службы квестарам і прэтарам, у 130 годзе Антанін Пій стаў консулам. Неўзабаве імператар Адрыян прызначыў яго адным з чатырох выязных суддзяў, якія вяршылі суд у Італіі, свае абавязкі Антанін выконваў у Этрурыі і Умбрыі і гэта дзейнасць аказалася для яго плённай нівай. Затым Антанін быў прызначаны праконсулам Азіі і набыў на гэтай пасадзе (133—136) выдатную рэпутацыю. Пасля вяртання ў Рым прызначаны членам адноўленага імператарскага сходу.
Калі ў 138 годзе памёр Луцый Элій Цэзар, прыёмны сын і спадчыннік Адрыяна, той выбраў пераемнікам Антаніна, які пасля працяглых разважанняў згадзіўся. 25 лютага Антанін быў усыноўлены Адрыянам, атрымаў паўнамоцтвы трыбуна, а неўзабаве і вышэйшую адміністрацыйную пасаду (imperium). У яго гонар былі выпушчаны манеты, на якіх ён іменаваўся Цітам Эліем Цэзарам Антанінам. Тым часам самому Антаніну было загадана ўсынавіць Марка Аўрэлія і Луцыя Вера, якія сталі яго пераемнікамі. Пачаліся месяцы працяглай хваробы Адрыяна, калі Антанін ужо дэ-факта выконваў абавязкі кіраўніка імперыі. А пасля смерці Адрыяна натуральным і мірным шляхам заняў яго месца на стальцы.
Уладарства Антаніна пачалося з пэўных цяжкасцяў. Калі ён падаў просьбу абагаўлення свайго папярэдніка і афіцыйнага прызнання яго ўчынкаў, Сенат выказаў нязгоду па абодвух пытаннях, памятаючы, што Адрыян скараціў паўнамоцтвы сенатараў, а некаторых пакараў смерцю. Урэшце, з асцярогі ўмяшальніцтва войска, сенатары саступілі, але дамагліся адмены непапулярнага інстытута выязных суддзяў, якія дзейнічалі на тэрыторыі самой Італіі. Пазней уважлівае стаўленне Антаніна да сенатарскага стану прынесла яму прыхільнасць сенатараў, нават тых, хто лічыў сябе лепшым за імператара паходжаннем і талентамі: урэшце яму прысвоімі імя «Пій» («Набожны»), адзначыўшы тым пільнасць выканання рэлігійнага і патрыятычнага абавязку.
У 139 годзе Антанін, паводле звычая, прыняў званне Бацькі Айчыны (Pater Patriae), хаця спачатку ад яго адмовіўся, і адначасова другі раз заняў пасаду консула (ён яшчэ двойчы займаў гэту пасаду ў 140 і 145 гадах). Historia Augusta падкрэслівае міралюбівы нораў Антаніна, і яго ўладарства сапраўды было мірным, хаця некаторыя правінцыі заставаліся неспакойнымі і сітуацыя на асобных мяжах складвалася няпроста. У паўночнай Брытаніі было падаўлена паўстанне мясцовых плямён, тэрыторыя імперыі пашырылася на поўнач, быў узведзены новы вал (сцяна Антаніна), які працягнуўся ад Ферт-оф-Форта да ракі Клайд. Раней ад набегаў плямён піктаў абараняў вал Адрыяна, які размяшчаўся паўднёвей. Складзеная з дзёрну сцяна Антаніна стаяла на фундаменце з камянёў шырынёй у 14 футаў, узвышаючыся над глыбокім ровам. Гарнізон размяшчаўся ў малых фортах, пабудаваных праз кожныя 2 мілі, у адрозненне ад буйнейшых фартоў сцяны Адрыяна, якія знаходзіліся далей адзін ад другога. Аднак у 154 годзе хваляванні, завадатарамі якіх стала племя брыгантаў, спрычыніліся тэрміноваму адводу часткі рымскіх войск ад сцяны, таму некаторыя фарты былі разбураны варварамі-паўстанцамі. Імаверна, менавіта гэтыя падзеі пераканалі Антаніна перасяліць большую частку насельніцтва з мясцовасці паміж дзвюма сценамі. Іх перавезлі ў Германію і пасялілі на берагах Некара з абавязкам па абароне мяжы побач.
Тым часам шырокія вобласці Афрыкі цярпелі ад набегаў банд марадзёраў. Большасць з іх уварвалася на тэрыторыю Нумідзіі, у Маўрэтаніі ж войскі кінуты на шырокамаштабную карную аперацыю, у выніку каля 150 маўраў-сектантаў саслалі да далёкай заходняй мяжы краіны. Прыблізна праз 4 гады ўвядзенне новых цяжкіх адпрацовачных павіннасцяў ў Егіпце спрычынілася да пакідання жыхарамі родных мясцін. Следам пачаўся мяцеж, які давялося падаўляць; у 158 годзе падаўлена паўстанне ў Дакіі. Пагроза паўстання была і ў Іўдзеі, але Антанін Пій своечасова змяніў (але не адмяніў цалкам) закон свайго папярэдніка, які забараняў рабіць абразанне — імператар дазволіў рабіць абразанне, але не даў яўрэям права ператвараць гэта ў цырыманіяльны абрад. Тым самым, аднак, былі аслаблены пазіцыі іўдаізму ў барацьбе з хрысціянствам, якое набірала ўсё болей сілы. Болей за тое, для ўмацавання мер, якія забаранялі іўдзеям уваходзіць у Іерусалім, абарончыя пасты былі ўзмоцнены.
У вырашэнні любых канфліктаў, асабліва калі яны датычылі магутнага Парфянскага царства, Антанін выкарыстоўваў дыпламатычныя метады. Нягледзячы на правядзенне ваенных аперацый, уніканне сур’ёзных ваенных катаклізмаў дазволіла Антаніну паменшыць прывілеі маракоў і саюзнікаў, чые дзеці, народжаныя ў часы службы, аўтаматычна атрымлівалі рымскае грамадзянства. Выбарчае права надавалася ім толькі ў выпадку завербаваннях іх у рымскія легіёны. Такім чынам, новы закон спрыяў рымскай арміі.
Антанін вельмі адрозніваўся ад папярэдніка і тым, што яго інтарэсы датычылі найперш не правінцый, а ўласна Італіі, якую ён хацеў узмацніць і зноў зацвердзіць як поўнаўладную дзяржаву рымскага свету. Чаканка манет яго часоў хаця і паказвала ўвагу да правінцый (напрыклад, BRITANNIA аказалася прататыпам фігуры, якая так і засталася на 50-пенсавых манетах Вялікабрытаніі), асабліва моцна выявілася гэта змена ў шэрагу мер на Апенінскім паўвостраве. На новых манетах выяўлялі пераважна парты, тэрмы, масты і амфітэатры, а традыцыі шчодрых ахвяраванняў, пачатыя імператарам Траянам, мела развіццё ў праграме дапамогі дзяўчатам-сіротам Італіі, якіх называлі «Puellae Faustinianae» у імя жонкі імператара Фаўсціны Старэйшай — яна памерла ў 140 або 141 годзе. Хаця дабрадзейнасць яе характару ў пазнейшых апісаннях падаецца як сумнеўная, яна была не толькі абагаўлёна, ёй прысвечана беспрэцэдэнтнай колькасць памятных манет і іншых ушанаванняў. Сам Антанін ні разу не пакідаў меж Італіі за ўвесь час свайго ўладарства. Ён атрымліваў асалоду ад жыцця вясковага арыстакрата на сваёй віле ў Ланувіі.
Рым таксама знаходзіўся ў фокусе яго ўвагі. Імператар ладзіў грандыёзныя раздачы грошай і публічныя відовішчы, а ў гонар 900-годдзя заснавання Рыма выпусціў вялізарную колькасць памятных медальёнаў, патрыятычна ўслаўляючы легендарнае паходжанне свайго народа. Курс Антаніна адносна Італіі і сталіцы быў ухвалены Сенатам, з якім імператар, пераадолеўшы хістанні сярод сенатараў, меў сяброўскія адносіны. У прыватнасці, імператар адмяніў пакаранне нейкага Ацілія Тыцыяна, які, меркавана, рыхтаваў змову супраць Антаніна Пія. Адмена імператарам інстытута выязных суддзяў цалкам аднавіла кантроль сената над Італіяй. Аднак Антанін усведамляў слабасць Сената і, нягледзячы на павагу, якую выказваў яго членам, абмеркаванне важных пытанняў праводзіў на імператарскім савеце. Чатыры прэфекты прэторыя, якія змянілі адзін другога за час уладарства Антаніна, уваходзілі ў склад савета, і паказальна, што ўсе яны былі выдатнымі юрыстамі. Першы з іх, Марк Гавій Максім, займаў пасаду прэфекта прэторыя 20 гадоў, тым часам як намеснікі правінцый рэдка трымаліся на сваіх месцах нават 10 гадоў.
Уладарства Антаніна агулам было станоўчым і непрагрэсіўным, хаця працэс цэнтралізацыі працягваўся, і рымскі свет быў далёка не паўсюдным, як сцвярджалі добразычліўцы. Да панегірыстаў Антаніна можна аднесці і грэчаскага філосафа Элія Арыстыда з Адрыяна ў Місіі, які быў пры двары як настаўніка юнага Марка Аўрэлія. Звяртаючыся да Рыма эпохі Антаніна, ён абвяшчае: «Менавіта ты даказаў усеагульную праўду, што зямля з’яўляецца ўсім маці і ўсеагульнай айчынай. Цяпер сапраўды і эліны, і няэліны, якія валодаюць багаццем ці не маюць яго, могуць проста падарожнічаць усюды… Гамер сказаў: „Зямля для ўсіх агульная“, — і ты зрабіў так, каб гэта стала явай… Сапраўды, засталося толькі спачуваць тым, хто застаўся — калі такія праўда засталіся — непадуладнымі табе, бо яны пазбаўлены гэтай асалоды». Гэтую ўрачыстую ацэнку эпохі Антаніна пацвердзіў і гісторык Эдвард Гібан, які пісаў у 1776 годзе: «Калі любога чалавека папрасіць адзначыць перыяд сусветнай гісторыі, на працягу якога становішча чалавечай расы было найбольш квітнеючым і шчаслівым, ён без хістанняў назаве час ад смерці Даміцыяна да ўзыходу на сталец Комада» (96—180). Гэтая ацэнка пазбаўлена аб’ектыўнасці, бо перыяд уладарства Марка Аўрэлія адзначыўся чумой, шматлікімі сацыяльнымі бедствамі і войнамі. У эпоху Антаніна Пія яшчэ болей распаўсюдзіліся застой, карупцыя і бюракратызм, якія мацней адчуліся ў пазнейшы, недабрабытны перыяд Імперыі. Акрамя таго, «шчаслівыя гады» абмяжоўваліся толькі Італіяй, жыццё ў падуладных правінцыях было значна горшым. Тым не менш, асоба самога Антаніна не раз ухвалялася сучаснікамі. «Памятайце яго ўчынкі, — настойвае яго пераемнік Марк Аўрэлій, — каб, калі прыйдзе ваш апошні час, сумленне вашае было чыстым, як у яго».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.