геаграфічны рэгіён у Афрыцы, на поўдзень ад Сахары From Wikipedia, the free encyclopedia
Суда́н[1] (араб. بِلَادُ السُّوْدَان bilâd as-sûdân, літаральна «краіна чорных») — гістарычная прыродная вобласць у Афрыцы, на поўдзень ад пустыні Сахара.
Судан | |
---|---|
Кантынент | Афрыка |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тэрыторыя Судана размешчана ў межах Афрыканскай (Афрыкана-Аравійскай) платформы[2]. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння ракі Нігер, возера Чад, Белага Ніла; на захадзе — прыбярэжная нізіна Сенегамбіі[2]. Распасціраецца ад паўднёвых межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8° паўночнай шыраты) і ад Атлантычнага акіяна, амаль праз увесь кантынент, да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з поўначы на поўдзень больш за 1000 км, з захаду на ўсход — каля 5500 км. Плошча рэгіёна складае каля 5 млн км². Пераважаюць вышыні 200—500 м. Над упадзінамі падымаюцца крышталічныя плато Джос, Дарфур і Кардафан (вышыні 500—1500 м) з астраўнымі гарамі. Самая высокая гара — Мара (3088 м).
Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы, азёрныя ўпадзіны. Найбольшыя рэкі: Ніл з прытокам Собат, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая Вольта, Чорная Вольта. У басейнах рэк Нігер і Бахр-эль-Газаль шмат невялікіх азёр. Найбольшае возера рэгіёна — возера Чад.
У напрамку з поўначы на поўдзень выразна шыротная змена ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. Большую частку тэрыторыі займае саванна, на поўдні — высакатраўная саванна і лесасаванна[1]. Глебы пераважна чырвоныя фералітныя, алферытныя, чырвона-бурыя, чырвона-карычневыя[1].
На тэрыторыі Судана цалкам або часткова заходзяцца дзяржавы Сенегал, Бенін, Буркіна-Фасо, Гамбія, Гана, Гвінея-Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Камерун, Нігер, Нігерыя, Тога, Чад, Судан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны. У летні перыяд значны ўплыў аказвае паўднёва-заходні экватарыяльны мусон, зімой — паўночна-ўсходні сухі і гарачы пасат. Колькасць атмасферных ападкаў за год узрастае ад 100 мм у паўночнай частцы да 2000 мм на поўдні. Вільготны сезон цягнецца 2—10 месяцаў. На поўдні ідуць так званыя зенітальныя дажджы[1]. Сярэдняя тэмпература паветра ад 23—24 °C на захадзе да 26—29 °C на ўсходзе[1]. Найбольш нізкія тэмпературы каля 20 °C, найбольш высокія — да 35 °C[2].
Большую частку тэрыторыі Судана займае тыповая саванна са злакавым покрывам. Сустракаюцца групы дрэў і асобныя дрэвы (парасонавыя акацыі, веерная пальма, пальма дум, баабабы, малачаі і інш.)[1]. На поўдні высакатраўная саванна і лесасаванна. Да далін рэк і катлавін прымеркаваны лясныя масівы з густым падлескам. У паўночнай частцы паўпустыня і сухая саванна з калючка-дрэвавай фармацыяй. Кусты акацыі вышынёй да 1,5 м.
Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці[1]: антылопы, жырафа, львы, бегемоты і інш. Сустракаюцца сланы і насарогі. Сярод птушак: страус, балотны бусел, дрофы і інш.
Зона саваннаў — тэрыторыя актыўнага старажытнага земляробства і жывёлагадоўлі. Вырошчваюць арахіс, бавоўнік, сорга, кукурузу, пшаніцу. Сельскагаспадарчая дзейнасць вядзе да ўзмацнення працэсаў апустыньвання[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.