Remove ads
краіна ў Заходняй Афрыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Га́мбія (англ.: The Gambia, [ˈɡæmbiə]), Рэспу́бліка Га́мбія (англ.: Republic of The Gambia) — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. З’яўляецца самай маленькай краінай у кантынентальнай частцы Афрыцы. На поўначы, усходзе і поўдні мяжуе з Сенегалам, на захадзе мае невялікую берагавую лінію Атлантычнага акіяна. 18 лютага 1965 года Гамбія атрымала незалежнасць ад Брытанскай імперыі і ўвайшла ў Садружнасць нацый, знаходзілася ў арганізацыі да 2 кастрычніка 2013 года. Сталіцай з’яўляецца Банджул, найбуйнейшы горад — Серэкунда.
| |||||
Дэвіз: «Progress, Peace, Prosperity» «англ.: Прагрэс, мір, росквіт» | |||||
Гімн: «For The Gambia Our Homeland» | |||||
Дата незалежнасці | 18 лютага 1965 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйная мова | англійская | ||||
Сталіца | |||||
Найбуйнейшы горад | Серэкунда | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт | Адама Бэрау | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 164-я ў свеце 10.689 км² 11,5 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2013) • Шчыльнасць | 1.882.450[1] чал. (74-я) 176,1 чал./км² (74-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$3,574 млрд[2] $1.709[2] | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$836 млн[2] $400[2] | ||||
ІРЧП (2014) | 0,441[3] (нізкі) (175-ы) | ||||
Этнахаронім | Гамбійцы | ||||
Валюта | Даласі (D, GMD) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .gm | ||||
Код ISO (Alpha-2) | GM | ||||
Код ISO (Alpha-3) | GMB | ||||
Код МАК | GAM | ||||
Тэлефонны код | +220 | ||||
Часавыя паясы | +0 |
12 снежня 2015 года мінулы прэзідэнт дзяржавы Яя Джамэ абвясціў Гамбію ісламскай рэспублікай[4]. 29 студзеня 2017 новы прэзідэнт Адама Бэроу перайменаваў краіну назад у Рэспубліку Гамбія[5].
Краіна размешчана між 13 і 14° п.ш. у Заходняй Афрыцы, мае форму палосы даўжынёй каля 400 км, распасціраецца па абодвух баках ракі Гамбія, шырыня палосы ў асноўным вар’іруецца ад 24 да 28 км, у вусці ракі — 45 км[6]. На ўсходзе, поўначы і поўдні мае мяжу з Рэспублікай Сенегал, агульная працягласць мяжы — 740 км. З захаду амываецца Атлантычным акіянам, берагавая лінія — 80 км. Плошча краіны складае 11 000 км², з якіх 10 000 км² прыходзіцца на сушу, 1000 км² — на водную паверхню[7]. Гамбіі таксама прыналежыць кантынентальны шэльф плошчай 4000 км² і 200-мільная выключная прыбярэжная эканамічная зона плошчай 10 500 км²[8].
Уся тэрыторыя краіны не перавышае паводле вышыні 60 м над узроўнем мора. Больш за 48 % Гамбіі не перавышае 20 м, пры гэтым каля 30 % — не вышэй за 10 м. Толькі 4 % краіны — тэрыторыя ад 50 да 60 м над узроўнем мора[9].
У залежнасці ад далёкасці ад ракі краіна можа быць падзелена на тры тапаграфічныя раёны:
Геалогія Гамбіі адносіцца да параўнальна нядаўніх трацічнага і чацвярцічнага перыядаў. Краіна з’яўляецца часткай трацічнага кантынентальнага плато, якое накрывае 53 % краіны ўздоўж ракі алювіяльнымі адкладаннямі чацвярцічнага перыяду. Чаргаванні сухіх і вільготных перыядаў спрыялі фармаванню жалезарудных адкладанняў плейстацэну[9].
Утваранні трацічнага перыяду ўключаюць комплексы алігацэну, міяцэну і пліяцэну і з’яўляюцца часткай устойлівай кантынентальнай кары. Складаюцца з пяску, пясчаніку, глею і гліны. Узрост ацэньваецца ад 33 млн гадоў (алігацэн) да 2,5 млн гадоў (позны пліяцэн)[9].
Чацвярцічныя адкладанні (узростам не старэй за 1,6 млн гадоў) складаюцца з 6 утваранняў, якія прыналежаць да галацэну і плейстацэну. Геалагічныя комплексы эпохі галацэну ў асноўным складаюцца з грубага пяску і глею ўздоўж ракі і ўзбярэжжнымі пляжнымі комплексамі з непадзеленых пяску і глею. Ва ўсходняй Гамбіі чацвярцічныя ўтваранні складаюцца з жалезных руд і жвіру[9].
Увогуле краіна бедная на карысныя выкапні. Вялікія запасы кварцавага пяску, дастатковыя для шклянай вытворчасці, знойдзены ў Абука, Бруфуце, Дарсіламі (Заходні раён), Мбанкаме і Бакендзіке (раён Паўночны Бераг) і Каіафе (раён Ніжняя Рака). Урад шукае інвестараў для распрацоўкі дадзеных радовішчаў. На ўзбярэжжы акіяна так званы «чорны» пясок змяшчае ільменіт, рутыл і цыркон. Запасы дадзеных мінералаў пасля зняцця 1 % слою глебы ацэньваюцца ў 995 000 т. У дадзены час прыцягваюцца замежныя інвестары для далейшых распрацовак[10].
Аб’ём аднаўляемых водных рэсурсаў Гамбіі ацэньваецца ў 8,0 км³/год, з якіх 5,0 км³ прыходзіць у краіну праз Сенегал і Гвінею. Паверхневыя воды даюць ацэначна 3,0 км³ у год, штогадова аднаўляемыя грунтовыя воды — 0,5 км³.
Штогадовае спажыванне вады складае 30,6 млн м³, г.зн. 0,38 % ад агульнай колькасці аднаўляемых водных рэсурсаў. 67 % вады выкарыстоўваецца для спатрэб сельскай гаспадаркі. Агульная колькасць вады, якая скарыстоўваецца ў краіне, павялічылася на 50 % з 1982 па 2000 год, аднак сярэдняя колькасць ужывальнай вады на чалавека паменшылася з 29 да 23,5 м³[11]. Забяспечанасць насельніцтва чыстай пітнай вадой складае 62 %.
Рака Гамбія мае важнае значэнне для транспарта, ірыгацыі и рыбалоўства. Рака Гамбія і яе прытокі займаюць 970 км², у час паводкі — 1965 км² (18 % ад агульнай тэрыторыі краіны). У вусці, якое знаходзіцца побач з мысам Святой Марыі, шырыня ракі складае 16 кіламетраў, глыбіня — 8,1 м. Найменшая шырыня ракі на тэрыторыі Гамбіі — каля 2000 м. У Банджуле, дзе функцыянуе паром да Бары, ручво ракі звужваецца да 4,8 км. Рака прыдатная для судаходства на працягу 225 км уверх па плыні. Першыя 129 км ад Банджула рака аблямаваная мангравымі лясамі, якія змяняюцца крутымі ўцёсамі, якія пакрытыя расліннасцю, услед ідуць берагі, якія пакрытыя высокай травой. Уся рака і яе шматлікія прытокі вядомыя сваёй арнітафаўнай, а таксама насяляючымі гіпапатамамі, кракадзіламі і бабуінамі[11][12].
Клімат Гамбіі з’яўляецца адным з самых спрыяльных у Заходняй Афрыцы для вядзення сельскай гаспадаркі. Клімат — субэкватарыяльны, з выразна адкрэсленным сухім (з лістапада па май) і даждлівым (з чэрвеня па кастрычнік) сезонам. Сухі вецер, які ў сухі сезон дзьме з боку Сахары, называецца харматан. Дзякуючы яму зімы ў Гамбіі мяккія без ападкаў, пераважаюць сонечныя дні. З лістапада па май тэмпература паветра кратаецца ад 21 да 27 °C, адносная вільготнасць — ад 30 да 60 %. Сярэдняя тэмпература ў летнія месяцы — ад 27 да 32 °C з высокай адноснай вільготнасцю. Даждлівы сезон пачынаецца ў чэрвені і скончваецца ў кастрычніку. Увогуле назіраюцца начныя тэмпературы на беразе вышэй за тыя, што ва ўнутраных раёнах. Колькасць ападкаў у большай частцы краіны не перавышае 1000 мм і нават у даждлівы перыяд пераважаюць сонечныя дні.
Нягледзячы на невялікую тэрыторыю, краіна багатая на прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету. У Гамбіі вырастаюць 974 віды раслін[13]. Сярод 117 відаў сысуноў, якія заселены ў Гамбіі, сустракаюцца вельмі буйныя жывёлы — жырафы і сланы, якія знаходзяцца на мяжы вымірання. Гамбія з’яўляецца месцам засялення таксама для гіпапатамаў, плямістых гіенаў, бародавачнікаў, бабуінаў і мностваў мелкіх сысуноў — 31 віда кажаноў, 27 відаў грызуноў і іншых[14].
Вядома, што з 560 відаў птушак, знойдзеных у Гамбіі, 220 гняздуецца на яе тэрыторіі. Колькасць відаў марскіх і прэснаводных рыбаў складае 620[14]. З паўзуноў (72 віды) краіну насяляюць 4 віды марскіх чарапах, 7 відаў прэснаводных чарапах, 2 віды сухапутных чарапах, 17 відаў яшчарак, 3 віды кракадзілаў і 39 відаў змей[14]. У Гамбіі пражываюць таксама 33 віды земнаводных[14]. Свет насякомых Гамбіі вельмі разнастайны, у краіне жывуць 78 відаў стракоз і 175 відаў матылёў[14].
У Гамбіі 7 запаведнікаў і нацыянальных паркаў, якія займаюць 3,6 % тэрыторыі краіны.
Найбуйнейшай гарадской агламерацыяй Гамбіі з’яўляецца Вялікі Банджул, куды ўваходзяць сталіца краіны Банджул, найбуйнейшы горад краіны Серэкунда, Бакау і шэраг больш мелкіх гарадоў. Буйны горад Брыкама размешчаны ў 20 км на поўдзень ад сталіцы. Астатнія гарады размешчаны па плыні ракі Гамбіі.
Знойдзеныя археалагічныя артэфакты (у могільніках знойдзены каменныя сякеры, гліняныя чарапкі, жалезныя дзіды, медныя браслеты) даказваюць, што першыя людзі жылі на прыбярэжжы ракі Гамбія каля 2000 год да н. э.[18] Першай вядомай пісьмовай крыніцай, дзе ўзгадана Гамбія, з’яўляюцца запісы карфагеняніна Ганона, напісаныя пасля таго, як карфагенскія мараходы наведалі раку Гамбія. У III стагоддзі сетка гандлю рабамі ўключыла ў сябе рэгіён ракі Гамбія. Познія каралеўствы Фоні, Комба, Сіне-Салом і Фуладу сталі гандлёвымі партнёрамі буйных імперый Заходняй Афрыкі ў Гамбіі. У V—VIII стагоддзях большая частка сенегамбійскай тэрыторыі была заселеная плямёнамі серахуле, чые нашчадкі цяпер складаюць каля 9 % насельніцтва краіны[19].
Пасля арабскага заваявання Паўночнай Афрыкі ў пачатку VIII стагоддзя на тэрыторыі Імперыі Гана распаўсюдзіўся іслам. Каля 750 года ў Васу на паўночным узбярэжжы ракі Гамбія была пакінута вялікая колькасць каменных слупоў, найбуйнейшыя з якіх вышынёй у 2,6 м важаць 10 тон. Камяні падобныя да адзнак пахаванняў каралёў і правадыроў на тэрыторыі Імперыі Гана. У ХІ стагоддзі некаторыя ісламскія кіраўнікі былі пахаваныя на тэрыторыі краіны такім жа чынам, і частку каменных колаў абвясцілі свяшчэннымі[18].
Усходняя Гамбія была часткай вялікай Заходне-Афрыканскай імперыі, якая квітнела тысячагоддзе, пачынаючы з 300 года. Адносная палітычная стабільнасць абгрунтоўвалася дазволам гандлю і вольным перамяшчэннем людзей праз рэгіён. Моцныя каралеўствы арганізоўваліся з сямей і кланаў, такіх як валоф, мандынка і фульбэ (фулані), ствараючы вялікія сацыяльныя і палітычныя ўтварэнні. Малыя групы мандынка засялілі тэрыторыю Гамбіі ў перыяд XII—XIII стагоддзяў, а імперыя Мандынка ў Малі дамінавала ў рэгіёне ў XIII—XIV стагоддзях.
Першымі еўрапейцамі, якія прыбылі ў Гамбію ў 1455 годзе, былі партугальскія мараходы Луіш дэ Кадамосту і Антоніаці Усодзімарэ. У 1456 годзе яны вярнуліся, здзейснілі вандроўку на 32 км уверх па рацэ і праплылі міма вострава, якому яны далі імя «Востраў Святога Андрэя» у гонар каталіцкага святога — заступніка загінуўшага марака, якога яны пахавалі на гэтым востраве[19] (далей востраў перайменавалі ў востраў Джэймс). Першыя партугальскія гандляры заўважылі людзей плямёнаў мандынка і валоф у месцах іх сучаснага паселішча, якія далей былі асіміліраваныя тутэйшым насельніцтвам[20].
У 1587 годзе англічане пачалі гандляваць у рэгіёне пасля таго, як Прыор Крыта Антоніу прадаў англічанам эксклюзіўныя правы на гандаль на рацэ Гамбія. У 1621 годзе адзін з гандляроў, Рычард Джобсан, апісаў жыццё жывёлагадоўцаў-фульбэ і іх узаемаадносіны з народам мандынка. Паміж 1651 і 1661 гадамі частка Гамбіі, набытая прынцам Якабам Кетлерам, знаходзілася пад панаваннем Курляндыі. Курляндцы атабарыліся на востраве Святога Андрэя, які яны выкарыстоўвалі ў якасці гандлёвай базы да яго захопу англічанамі ў 1661 годзе.
У 1678 годзе Каралеўская Афрыканская Кампанія атрымала прывілегію на гандаль у рэгіёне і заснавала форт на востраве Джэймс. Пад канец XVII—XVIII стагоддзяў барацьбу за кантроль над рэгіёнам вялі брытанцы, якія ўмацаваліся прыкладна за 30 км уверх ад вусця ракі ў форце Сэнт-Джэймс, і французы, якія стварылі на паўночным беразе апорны пункт — форт Альбрэда. І тых, і іншых цікавілі галоўным чынам гандаль рабамі і патэнцыйныя радовішчы золата. У 1765 годзе форты і паселішча ў Гамбіі перайшлі пад панаванне брытанскай кароны, і на працягу 18 год Гамбія была часткай брытанскай калоніі Сенегамбія з цэнтрам у Сэнт-Луісе. Паводле Версальскай дамовы 1783 года, Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэрыторыі наўсцяж ракі Гамбія ў абмен на частку Сенегала, пакінуўшы толькі свой аванпост Альбрэду, Гамбія перастала быць брытанскай калоніяй і зноў перайшла да Каралеўскай Афрыканскай Кампаніі[18].
Асноўныя народнасці — мандзінга (39,5 %), фульбе (18,8 %), валоф (14,6 %), дзыёла і кароніка (10,6 %) і інш. Таксама пражываюць маўрытанцы і мараканцы. Неафрыканскае насельніцтва (у асноўным ліванцы і еўрапейцы) складае каля 1 %.
Каля 85 % насельніцтва мусульмане, астатнія вызнаюць хрысціянства (каталікі, англікане, метадысты).
Паводле канстытуцыі 1996 году, Гамбія з’яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай. Глава дзяржавы — прэзідэнт, абіраны на 5 гадоў. Былы прэзідэнт — Яя Джамэ (перавыбіраўся на гэтай пасадзе ў кастрычніку 2001 і ў верасні 2006), прайграў выбары ў снежні 2016 года, аднак праз тыдзень пасля завяршэння падліку галасоў аб’явіў, што застаецца на пасадзе. Пад пагрозай ваеннай інтэрвенцыі з боку Сенегала, Яя Джамэ быў вымушаны пакінуць пост прэзідэнта на карысць Адамы Бэроу.[21]
Заканадаўчая ўлада належыць парламенту — Нацыянальнай Асамблеі (НА), дэпутаты якой таксама абіраюцца на 5-гадовы тэрмін. Апошнія выбары адбыліся ў студзені 2007. Старшыня НА — спадарыня Фатумата Джахумпа-Сісей.
Урад падсправаздачны кіраўніку дзяржавы, які прызначае і звальняе вышэйшых службовых асоб без кансультацый з парламентам. Пасады прэм'ер-міністра не існуе, кіраўніцтва ўрадам здзяйсняе віцэ-прэзідэнт спадарыня А. Нджай Сейдзі. Дзяржаўны сакратар замежных спраў — Амар Аліу Турэй (з сакавіка 2008).
У Гамбіі зарэгістравана восем палітычных партый, сярод якіх найболей уплывовымі з’яўляюцца кіруючы Альянс за патрыятычную пераарыентацыю і тварэнне (АППТ), узначалены прэзідэнтам Я. Джамэ, Аб’яднаная дэмакратычная партыя (АДП), Партыя нацыянальнага прымірэння (ПНП), Народная дэмакратычная арганізацыя за незалежнасць і сацыялізм (НДАНС), Народная прагрэсіўная партыя (НПП).
Асноўнымі рысамі, якія вызначаюць ход унутрыпалітычнага жыцця краіны, з’яўляецца цвёрдае супрацьстаянне кіруючага рэжыму і аб’яднанай апазіцыі, прадстаўленай Нацыянальным альянсам за дэмакратыю і развіццё (НАДР) — тактычным саюзам пяці палітычных партый.
Узброеныя сілы краіны налічваюць каля 2,5 тыс.чал. і падзяляюцца на сухапутныя сілы, ВМС і нацыянальную гвардыю. У падрыхтоўцы гамбійскіх вайскоўцаў актыўны ўдзел прымаюць інструктары з ЗША, Вялікабрытаніі, Турцыі.
Гамбія ўваходзіць у лік найменш развітых краін свету — у 2007 займала 155 месца па індэксе развіцця ПРААН (з 177). У 2007 прырост ВУП склаў 7 %. Узровень інфляцыі не перавышаў 5 %.
Вядучай галіной эканомікі застаецца сельская гаспадарка (30,1 % ВУП). Асноўная вырошчваемая культура — арахіс. Вялікае значэнне маюць рыбалоўства (12 % ВУП) і жывёлагадоўля.
Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляецца турызм.
Прамысловасць развітая слаба і прадстаўленая пераважна дробнымі прадпрыемствамі па перапрацоўцы арахісу, вырабу скуры, вытворчасці піва, безалкагольных напояў, кансерваў і некаторых будматэрыялаў.
Асноўнай транспартнай артэрыяй краіны з’яўляецца рака Гамбія, суднаходная на ўсім працягу ў межах краіны. Агульная працягласць водных шляхоў складае 400 км. Працягласць аўтадарог каля 3 тыс.км, у тым ліку каля 1000 км — з асфальтавым пакрыццём. Чыгункі у краіне няма. У 27 км ад гамбійскай сталіцы размешчаны міжнародны аэрапорт Юндум (адзіны ў краіне).
У краіне маецца аўтаматычная міжнародная тэлефонная сувязь.
Галоўнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі Гамбіі з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, РГБ (Гвінея-Бісау), Тайвань, Кувейт, Саудаўская Аравія, Сенегал, Маўрытанія, Японія, краіны Еўрасаюза. У лік донараў і крэдытораў уваходзяць Тайвань, Паўднёвая Карэя, Іран, Японія. Актыўна развіваецца шматпланавае ўзаемадзеянне з Бразіліяй.
Асноўныя праекты ў вобласці развіцця ўрад Гамбіі здзяйсняе сумесна з ЕС, МВФ, Сусветным банкам, ПРААН, ФАА, Ісламскім банкам развіцця.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.