нацыянальны парк у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
«Прыпяцкі» — нацыянальны парк на поўдні Беларусі, падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95 % тэрыторыі.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» | |
---|---|
катэгорыя IUCN: Нацыянальны парк[d] | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Плошча | каля 200 тыс. га[1] |
Дата заснавання | 1 ліпеня 1996 года[1] |
Кіруючая арганізацыя | Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |
Сайт | npp.by |
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» размешчаны ў Гомельскай вобласці, за 250 км на поўдзень ад Мінска, з поўдня ад шашы М10 Гомель—Кобрын. Плошча нацыянальнага парка складае 188 485 га[1]. Займае частку Палескай нізіны ўздоўж правага берага ракі Прыпяць, у міжрэччы Сцвігі і Убарці. Рэльеф раўнінны, з агульным нахілам на поўнач, ускладнены шматлікімі забалочанымі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Паўднёвая частка прадстаўлена асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй плошчай 85 841 га. Адміністрацыя нацыянальнага парку першапачаткова знаходзілася ў Тураве[2], цяпер у Ляскавічах.
Нацыянальны парк размешчаны ў затапляемай пойме басейна Прыпяці на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў. У перыяд паводак можа залівацца да 70 % тэрыторыі[3].
На паўднёвы ўсход ад Прыпяцкага нацыянальнага парка размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў арганізаваны 3 чэрвеня 1969 года (Пастанова Савета Міністраў БССР № 200 ад 03.06.1969 года «Аб арганізацыі Прыпяцкага дзяржаўнага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка») на плошчы 61,5 га ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі БССР. Пасля ён падпарадкоўваўся Дзяржаўнаму камітэту па экалогіі БССР, Упраўленню справамі Савета Міністраў Беларусі. У жніўні 1994 года запаведнік плошчай 65 050 га быў перададзены Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе пры запаведніку створана Эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка (ЭЛАГ) «Ляскавічы». У 1996 годзе Прыпяцкі дзяржаўны ланшафтна-гідралагічны запаведнік быў рэарганізаваны ў нацыянальны парк «Прыпяцкі». У 1998 годзе пачаў працаваць музей прыроды[4].
Рэльеф раўнінны з агульным нахілам на поўнач, ускладнены шматлікімі забалочанымі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Вышыня да 140 м над узроўнем мора.
Клімат цёплы, няўстойліва-вільготны. Вегетацыйны перыяд каля 200 сутак. Ападкаў 550-580 мм за год, найбольш летам. Зімой утвараецца снегавое покрыва.
Гідралагічная сетка адносна рэдкая. Тэрыторыю перасякаюць рэкі Свінавод, Мутніца, Бялянка, ручаі Крушынны, Лучынец. Налічваецца звыш 40 азёр, найбольшыя Плёса, Карасіна, Серабранка. Мясцовасць характарызуе высокая забалочанасць. Балоты, пераважна вярховыя і пераходныя, займаюць больш за палову тэрыторыі, самыя вялікія Кандаль-Яловец-Вольхава і Мезеч.
Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя.
Расліннасць належыць да падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Тут сустракаюцца лясны, лугавы, хмызняковы і водны тыпы расліннасці.
Лясы займаюць 70 % тэрыторыі, уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі (50,3 % ад пакрытай лесам плошчы), бярозы пушыстай (10,7 %), бярозы павіслай (10,6 %), дуба (12,8 %), вольхі чорнай (7,1 %), ясеня (2,1 %), асіны (1,5 %), граба (0,6 %), елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні узрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў).
Пашыраны поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі, нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай частцы парку ляжыць найбуйнейшы масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў).
Каля 500 га займае водная паверхня паводкавых азёр. Больш за 500 га займаюць зараснікі журавін[5].
Флора ўключае 929 віды вышэйшых раслін, сярод якіх 22 віды дрэў і 32 віды хмызнякоў, а таксама 196 відамі імхоў, 184 відамі лішайнікаў, 321 відам водарасцей. 44 віды рэдкіх раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Фаўна парку ўключае 51 від сысуноў, 11 відаў земнаводных, 7 відаў паўзуноў, 37 відаў рыб, 246 відаў птушак.
Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, звычайны ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Створаны два вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.