Remove ads
від раслін From Wikipedia, the free encyclopedia
Дуб звычайны[2][3], Дуб летні, Дуб чарэшчаты (Quércus róbur) — лістападнае дрэва; від роду Дуб (Quercus) сямейства Букавыя (Fagaceae).
Дуб звычайны | |||||||||||||||||
Агульны выгляд дарослага дрэва Бельгія | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Quercus robur L., 1753 | |||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||
| |||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||
|
Відавы эпітэт «чарэшчаты» гэты від атрымаў за доўгія пладаножкі, якія адрозніваюць яго ад іншых відаў. Іншыя беларускія назвы: дуб цвёрды, дуб[4], летнік[5][6][7], лядны дуб[8][9].
Дрэва, якое дасягае вышыні 20-40 метраў[3]. Светалюбнае дрэва, расце павольна, можа дажыць да 2000 гадоў, але звычайна жыве 300—400 гадоў[3]. Рост у вышыню спыняецца ва ўзросце 100—200 гадоў, прырост у таўшчыню, хоць і нязначны, працягваецца ўсё жыццё[10]. Верагодна, найстарэйшым прадстаўніком варта лічыць Стэлмужскі дуб з акружнасцю ствала 13 метраў у Літве. Яго ўзрост, па розных ацэнках ад 1500 да 2000 гадоў.
Ствол у дыяметры больш за 1 м, часта разгалінаваны на некалькі тоўстых галін[3].
Каранёвая сістэма складаецца з вельмі доўгага стрыжневага кораня; з 6-8 гадоў пачынаюць развівацца бакавыя карані, якія таксама сыходзяць глыбока ў зямлю.
Крона густая шатраподобная або шырокапірамідальная, асіметрычная, разгалістая, з моцнымі галінамі і тоўстым ствалом (1-1,5 м у дыяметры). У маладых дрэў ствол няправільны, каленчаты, з узростам становіцца прамым і цыліндрычным.
Кара цёмна-шэрая, чарнаватая, тоўстая, з падоўжнымі расколінамі. У маладых дубкоў кара шэрая, гладкая, бліскучая, гадавыя пабегі чырвона-бурыя[3]. На 20-30 годзе на кары ўтвараюцца больш-менш глыбокія расколіны. У дрэў, якія выраслі на волі, кара да 10 см таўшчыні.
Маладыя парасткі пухнатыя, бурыя або чырванавата-шэрыя, бліскучыя, з бурымі плямамі і злёгку даўгаватымі чачавічкамі.
Пупышкі тупа-пяцігранныя, 5 мм даўжынёй і 4 мм шырынёй, бакавыя трохі драбней і адлеглыя, лускавінкі шматлікія, пяцірадныя, акругленыя[3], бурыя, голыя і толькі па краі раснічастыя. Усе пупышкі звычайна яйкападобныя, амаль шарападобныя, светла-бурыя, на вяршыні акругленыя або тупа завостраныя, ліставы рубец з 7-15 слядамі. Верхавінкавыя пупышкі акружаны большай часткай некалькімі бакавымі.
Зверху ўніз: мужчынскія суквецці, плады |
Лісцеразмяшчэнне чарговае, на вяршыні галінак у выглядзе пучкоў. Лісце даўгаватае, даўгавата-зваротна-яйкападобнае, дадолу звужанае або сэрцападобнае, часта з вушкамі, на вяршыні тупое або з выемкай, пёрысталопасцевае, 40-120 мм даўжынёй, 25-70 мм шырынёй, з чатырма — сям'ю лопасцямі, цвёрдае, амаль скурыстае, зверху цёмна-зялёнае, бліскучае, знізу жаўтлявае або зялёнае, з моцна выбітнымі больш светлымі жылкамі, голыя з абодвух бакоў, з кароткімі хвосцікамі даўжынёй да 10 мм, на зіму заўсёды ападае. Лопасці тупыя, круглявыя, выразы паміж імі неглыбокія[3].
Кветкі раздзельнаполыя. Цвіценне пачынаецца ў дрэў узростам ад 40 да 60 гадоў, разам з распусканнем лісця, звычайна ў маі. Расліна аднадомная. Тычынкавыя кветкі сабраны ў доўгія павіслыя каташкі 20-30 мм даўжынёй, з дзесяццю і больш кветкамі, па 2-3 разам або адзінкава на вяршынях леташніх парасткаў або ў ніжняй часткі маладых парасткаў. Кожная кветка сядзіць выдалена ад іншай, таму паміж імі ясна бачны кветканос, мае пяці- ці сяміраздзельны, па краях махрысты, перапончаты, зялёны калякветнік, а таксама 5-6 і больш тычынак з кароткімі ніткамі і жоўтымі буйнымі пылавікамі. Жаночыя кветкі звычайна размяшчаюцца на маладых парастках вышэй мужчынскіх, сабраны ў дробныя па два-тры разам на асобным чырвоным сцяблінцы, маюць шасціраздзельны, па краях чырванаваты калякветнік, які акружаны зялёнымі, валасістымі, на вяршыні чырванаватымі лускавінкамі, якія прадстаўляюць сабой будучую плюску. Завязь трохлопасцевая, чырвонага колеру, лычык ніткападобны, трохі выдаецца вонкі. Гнёзды ў завязі фармуюцца толькі пасля апылення, у ліку трох, з двума яйкамі у кожным.
З кожнай завязі звычайна развіваецца толькі па адным жалуду. Жалуды вісяць парамі, радзей па 1-5 на сцяблінцы да 80 мм даўжынёй.
Формулы кветак: ; [11].
Цвіце ў красавіку-маі (ранняя феналагічная форма) ці ў канцы мая (позняя форма), распускаецца пазней за іншыя дрэвы[3].
Плод — арэх (жалуды) голы, буравата-карычневы (1,5-3,5 см даўжынёй), на доўгай (3-8 см) пладаножцы. Жалуды размешчаны ў сподачку, або кубкападобнай місачцы — плюсцы (0,5-1 см даўжынёй). Плады спеюць у верасні-кастрычніку[3].
Вядомыя дзве формы дуба звычайнага — ранняя і позняя[3]. У ранняга дуба лісце распускаецца ў красавіку і на зіму ападае, а ў позняга распускаецца на два-тры тыдні пазней і на маладых раслінах застаецца на зіму[3].
Праростак дубу звычайнага, які прарастае з жалуда |
Дуб чарэшчаты ў Гомельскім парку |
Шырока распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе і еўрапейскай часткі Расіі, сустракаецца на поўначы Афрыкі і ў заходняй Азіі. Паўночная мяжа арэалу праходзіць па паўднёвай Фінляндыі і поўначы Ленінградскай вобласці, пры гэтым на заходнім узбярэжжы Нарвегіі, з прычыны ўплыву Гальфстрыму, яна дасягае 65-й паралелі. Па меры прасоўвання на ўсход мяжа арэалу рэзка зрушваецца на поўдзень, а ў Сібіры ў цяперашні час гэты від зусім не жыве. Усходнімі межамі арэалу дуба звычайнага служыць водападзел рэк Волгі і Урала (узвышша Агульны Сырт), а таксама даліны рэк Юрузань і Сылвы[12].
Расце на большай частцы Украіна, у стэпе радзей, галоўным чынам па далінах рэк. Яго насаджэнні займаюць 26,3% плошчы дзяржаўнага ляснога фонду Украіны. Асноўныя нарыхтоўкі робяць падчас высечак догляду і галоўных высечак у Ровенскай, Цярнопальскай, Хмяльніцкай, Вінніцкай, Чаркаскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай , Данецкай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Чарнавіцкай абласцях.
На Беларусі дуб звычайны пашыраны па ўсёй тэрыторыі, на поўдні ўтварае дубовыя лясы; найбольш пашыраны на Палессі, дзе захаваліся ўнікальныя поймавыя дубровы[3]. На Беларусі ёсць дубы ва ўзросце 500—550 гадоў, у дыяметры 1,5-1,9 м. Больш за 40 дубоў-волатаў і іх груп абвешчана помнікамі прыроды.
Інтрадукаваны на паўночным усходзе Паўночнай Амерыкі.
Дуб звычайны — адна з асноўных лесаўтваральных парод шыракалістых лясоў Еўропы, а таксама супольнасцяў еўрапейскага лесастэпу, расце побач з грабам, ясенем, ліпай, клёнам, вязам, букам, бярозай, елкаю, піхтай, хвояй і некаторымі іншымі дрэвамі. У сярэдняй лясной зоне буйных масіваў не ўтварае.
Маладыя дубкі (асабліва праросткі) ценялюбныя (для нармальнага развіцця важна перш за ўсё бакавое зацяненне) і адрозніваюцца высокай ценявынослівасцю (доўгі час могуць існаваць пад полагам густога дрэвастою), па меры росту праяўляюць усё большую светлалюбнасць. Да глеб дуб патрабавальны.
Сярод дубоў, якія з’яўляюцца аднымі з самых доўгажывучых дрэў, найбольш знакамітымі з’яўляюўцца наступныя:
На тэрыторыі Беларусі найбольш вядомымі з’яўляюцца наступныя дубы:
Лісцевы гал, верагодна, Andricus quercusfolii на лістку дубу звычайнага |
На дубе звычайным паразітуе сумчаты грыб Taphrina caerulescens, які вызывае плямістасць і адміранне лісця. Гэты грыб сустракаецца і на іншых відах дубу[14].
На паўднёвым усходзе арэала і ў лесапалосах Валгаградскай вобласці з канца XX стагоддзя адзначана масавае ўсыханне дарослых дрэў з прычыны паразы іншым аскаміцэтам — Ophiostoma roboris.
Можа паражацца таксама мучністай расой дуба, Armillaria mellea і Laetiporus sulphureus.
На тэрыторыі Усходняй Еўропы ў дуба звычайнага адзначаны наступныя важнейшыя бактэрыяльныя захворванні:
Сярод насякомых, якія наносяць шкоду дубу звычайнаму, можна згадаць наступныя віды: Leiopus nebulosus, Trypodendron domesticum, Phyllobius sinuatus, Eulia ministrana, Chrysobothris affinis, Xyleborus saxeseni, Xyleborus dispar, Pandemis corylana, Hylesinus fraxini, Mesosa nebulosa, Amphipyra pyramidea і іншыя.
У кары ўтрымліваецца 10-20 % дубільных рэчываў пірагалавай групы, галавая і элагавая кіслоты , кверцэцін, таксама прысутнічае цукар, тлушчы. У жалудах утрымліваецца да 40 % крухмалу, 5-8 % дубільных рэчываў, бялковыя рэчывы, цукры, тлусты алей — да 5 %. У лісці знойдзеныя дубільныя рэчывы кверцэцін і кверцэтрын, а таксама пентазаны.
Драўнінная, лекавая, фітанцыдная, харчовая, меданосная, фарбавальная, кармавая, дэкаратыўная і фітамеліяраціўная расліна.
Кара і драўніна дуба з’яўляюцца крыніцай для атрымання аднаго з лепшых дубільнікаў.
Для дубільнай прамысловасці найлепшай лічыцца кара дуба ва ўзросце 15-20 гадоў. Паколькі кара яго з’яўляецца прыгожым дубільнікам, яе ўжываюць непасрэдна як дубільныя матэрыял, а з дрэва вырабляюць дубільныя экстракты. Маючы вялікую масу, дубовае дрэва з’яўляецца адной з асноўных крыніц для вытворчасці танідаў.
Лісце дуба ўтрымлівае пігмент кверцыцін, якім у залежнасці ад канцэнтрацыі фарбуюць воўну і валеныя вырабы ў жоўты, зялёны, зелянява-жоўты, карычневы і чорны колеры.
У даўніну з хваробных разрастанняў на лісці дуба, выкліканых галіцамі, — «чарнільных арэшкаў» — рыхтавалі чарніла.
Драўніна дубу звычайнага |
Драўніна дубу звычайнага |
Бочкі, зробленыя з дубу |
Драўніна дуба мае прыгожую афарбоўку і тэкстуру, адрозніваецца высокай якасцю, трываласцю. Яна шчыльная, моцная, пругкая, добра захоўваецца на паветры, у зямлі і пад вадой, умерана рэпаецца і карабаціцца, лёгка колецца, стойкая супраць загнівання і хатняга грыбка.
Драўніна дуба выкарыстоўваецца ў суднабудаванні, мэблевай прамысловасці, для вытворчасці клёпкі, паркету, шахтавых і гідратэхнічных збудаванняў, для вырабу вобадаў, палазоў, фанеры і струганага шпону, такарных і разьбяных вырабаў, дэталяў конных павозак: дышлаў, аглабель, разводаў, колаў. Драўніна дуба не мае асаблівага паху, з яе вырабляюць бочкі пад каньяк, віно, піва, спірт, воцат, алей.
Драўніна дуба таксама выкарыстоўваецца для вырабу трун. Звычай хаваць нябожчыкаў у драўляных трунах, запазычаны хрысціянствам з вераванняў славянскіх і іншых індаеўрапейскіх плямёнаў, быў распаўсюджаны ім амаль па ўсёй Паўночнай Еўропе (як Усходняй так і Заходняй). Устаноўлена, што на гэтых тэрыторыях у свой час было характэрна пахаванне нябожчыкаў у калодах, зрубах ці магілах вырабленых з розных парод дрэва, у тым ліку і з дубу. У гэтых адносінах драўніна дуба ўжо набывае ў некаторым родзе рытуальны характар (адсюль пайшло жартоўны выраз «даць дуба», у сэнсе «сканаць», «памерці»). Адгалоскі гэтых традыцый дайшлі да нашых дзён у звычайным роспісе хваёвых (або з іншай таннай хвойнай пароды) трунаў «пад дуб»[16].
Асабліва шануецца «мораны дуб» — ствалы дрэў, якія праляжалі на дне азёр ці рэк шмат гадоў. Такая драўніна набывае незвычайную трываласць і амаль чорны колер.
Драўніна дубу з’яўляецца выдатным палівам.
Кара дубу звычайнага, медыцынская сыравіна |
У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюць кару дуба (лац.: Cortex Quercus)[3]. Сыравіну нарыхтоўваюць з маладых парасткаў у перыяд руху соку з красавіка да чэрвеня. Сушаць яе, расклаўшы тонкім пластом у памяшканнях з добрай вентыляцыяй, а таксама на сонцы[17].
Кара мае звязальныя, супрацьзапаленчыя, антысептычныя і кровесуцішальныя ўласцівасці. Адвар кары выкарыстоўваюць для паласкання пры гінгівітах, стаматытах, ангінах, дрэнным паху з рота і пры запаленні слізістай абалонкі глоткі і гартані, у выглядзе ваннаў, абмыванняў і кампрэсаў выкарыстоўваюць для лячэння апёкаў, абмаражэнняў, гнайнікоў і іншых скурных захворванняў, для нажных ваннаў пры потлівасці ног, для абмыванняў крывацечных гемараідальных вузлоў, п'юць пры паносах, дызентэрыі, пры атручваннях алалкоідамі і солямі цяжкіх металаў, страўнікава-кішачных крывацёках, моцных менструацыях.
Свежае здробненыя лісце прыкладваюць да гнайнікоў і ран для іх гаення.
Высушанае насенне дуба, стоўчанае ў парашок, ужываюць пры захворванні мачавога пузыра, пры паносах.
З жалудоў вырабляюць сурагат кавы, які з’яўляецца не толькі пажыўным, але і лячэбным сродкам пры страўнікава-кішачных захворваннях, рахіце, анеміі і залатусе ў дзяцей. Ён карысны таксама нервовахворым і пры празмерных менструальных крывацёках.
У ветэрынарыі кару дуба шырока ўжываюць як сродак супраць расстройстваў страўніка.
Жалуды дуба з’яўляюцца высокапажыўным кормам для дзікіх жывёл і хатніх свіней. Аднак вядомыя выпадкі атручвання жалудамі (асабліва зялёнымі) іншых свойскіх жывёл. Найбольш адчувальныя да атручвання каровы (асабліва дойныя) і коні, менш адчувальныя авечкі. Жалудовая мука падыходзіць і ў ежу чалавека (так бывала ў галодныя гады).
Нярэдка ў пасадках дуба пасвіцца скот, які наносіць вялікую шкоду нармальнаму росту і развіццю маладых раслін.
Форма 'Fastigiata' |
Дуб звычайны выкарыстоўваюць у зялёным будаўніцтве як дэкаратыўную і фітанцыдную расліну пры стварэнні прыгарадных гаяў, алей, курцін, адзіночных насаджэнняў у парках і лесапарках. Вядомыя такія дэкаратыўныя формы дуба звычайнага: з пірамідальнай кронай і формай, у якой лісце ападае на 15-20 дзён пазней, чым у звычайнага.
Дуб звычайны рэкамендуецца як галоўная парода ў лесамеліярацыйных насаджэннях, у полеахоўных лясных палосах, у супрацьэразійных насаджэннях па бэльках і ярах, на змытых грунтах. Яго можна высаджваць уздоўж арашальных каналаў, паколькі яго каранёвая сістэма не дрэнажуе сценкі каналаў і не руйнуе іх пакрыццё.
Дуб звычайны — вясновы пылканос. Пчолы збіраюць на ім шмат высокапажыўны пылок, у асобныя гады з жаночых кветак збіраюць нектар. Але на дубе часта з’яўляюцца медзвяная раса і падзь . У месцах, дзе дуб займае вялікія масівы, пчолы збіраюць шмат медзвяной расы і падзі, з якіх выпрацоўваюць непрыдатны для зімовага паглынання мёд. Каб пазбегнуць масавай гібелі пчол падчас зімоўкі такі мёд адпампоўваюць.
З маладых галін вяжуць венікі для лазні.
Кару дуба звычайнага для урачэбных мэтаў нарыхтоўваюць пераважна падчас руху соку (красавік — май), здымаючы яе з маладых галін і тонкіх ствалоў (да 10 см у дыяметры) на лесасеках або высечках догляду. Каб зняць кару, праз кожныя 30 см робяць колцападобныя надрэзы, якія злучаюць падоўжнымі разрэзамі, пасля гэтага кара лёгка здымаецца. Сушаць пад падстрэшкам з добрай вентыляцыяй. Выхад сухой сыравіны 40-50 %. Сухую кару пакуюць у цюкі вагой па 100 кг. Захоўваюць у сухім памяшканні, якое добра ветрыцца. Тэрмін захоўвання пяць гадоў.
Плады дуба (жалуды) збіраюць восенню пад дрэвамі пасля ападу. Сушаць на гарышчах пад жалезным дахам або пад навесамі з добрай вентыляцыяй, рассцілаючы ў адзін пласт на паперы або тканіны і перыядычна змешваючы. Дасушваюць у печах, на печах або ў сушылках. Жалуды чысцяць ад скурыстага каляплодніка і насеннай лупіны. Сыравіна складаецца з асобных семядоляў. Яго пакуюць ў мяшкі па 60 кг. Захоўваюць у сухіх, добра ветраных памяшканнях. Тэрмін захоўвання не усталяваны.
Сыравінай для атрымання дубільных экстрактаў з дрэва дуба з’яўляюцца пянькі, карані, а таксама адходы лесанарыхтовак і дрэваапрацоўчай прамысловасці ў выглядзе паленаў у кары або без кары. Для дублення шкур кару дуба нарыхтоўваюць з маладых дрэў (да 20-гадовага ўзросту). На больш старых дрэвах утвораецца скарынка, якая зусім непрыдатная і нават шкодная пры выкарыстанні яе для дублення. Нарыхтоўваць кару можна ў любую пару года, але лепш у перыяд руху соку (красавік — май) падчас асноўных высечак і высечак догляду. Знятую са ствалоў і галін кару сушаць пад падстрэшкам з добрай вентыляцыяй. Адносная вільготнасць сухі кары не павінна перавышаць 16 %.
Час паспявання і збору насення верасень-кастрычнік[18]. Лімітавая працягласць захоўвання (без спецыяльнага абсталявання) 1 год.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.