Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Наваха (саманазва: Naabeehó) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Юта, Нью-Мексіка і Арызона. Агульная колькасць (2011 г.) — 300 460 чал.[1]
Наваха належаць да паўднёвых атабаскаў. Культура старажытных атабаскаў склалася некалькі тысячагоддзяў таму ў прыпалярных раёнах Аляскі і паўночна-заходняй Канады. Міграцыя продкаў наваха і апачы на поўдзень адбылася значна пазней, магчыма, у XII — XIII стст. Пра гэта сведчыць знаходка ў Юце дзіцячых макасінаў гэтага перыяду з кроем, характэрным для арктычных рэгіёнаў[2]. Існуе гіпотэза, што наваха паходзяць ад групы атабаскаў-нахані[3] (у нашы дні адносяцца да народа славі) з поўначы Канады. Першыя перасяленцы з поўначы былі паляўнічымі і збіральнікамі, аднак у выніку кантактаў з індзейцамі-пуэбла продкі наваха сталі займацца земляробствам.
Хаця іспанскія канкістадоры з’явіліся на землях хопі і наваха каля 1540 г., першая пісьмовая ўзгадка пра Apaches de Navajo адносіцца толькі да 1583 г.[4] З канца XVI ст. наваха кантактавалі з іспанскімі каланістамі, што сяліліся ўздоўж Рыа-Грандэ. Дзякуючы ім або каланізаваным пуэбла пазнаёміліся з жывёлагадоўляй. Прамы канфлікт паміж наваха і іспанцамі адбыўся толькі каля 1780 г. У ім на баку іспанцаў удзельнічалі іншыя суседнія плямёны[5].
Пасля абвяшчэння незалежнасці Мексікі тэрыторыі, населеныя наваха, афіцыйна ўвайшлі ў яе склад. У 1822 г. мексіканскі ўрад прызначыў вярхоўнага правадыра, але яго ўлада была надзвычай фармальнай. У 1823 г. губернатар Хасэ Антоніа Віскара запатрабаваў ад наваха прыняць каталіцтва і цалкам падпарадкавацца мексіканскай адміністрацыі. Ён здзейсніў ваенны паход на індзейскія тэрыторыі[6], аднак не дасягнуў поспеху. Канфлікты з мексіканцамі адбываліся і пазней.
У 1846 г. падчас вайны паміж Мексікай і ЗША наваха ўпершыню сутыкнуліся з амерыканскімі салдатамі. Прадстаўнікі наваха заключылі з амерыканцамі шэраг дагавораў, што парушаліся з абодвух бакоў. Асаблівую варожасць ўзаемныя адносіны набылі ў 1860—1868 гг., калі ў адказ на напад наваха на крэпасць Дэфіанс амерыканскія ваенныя разгарнулі ваенную кампанію і ўжылі тактыку выпаленай зямлі. У выніку пачаўся голад, які вымусіў наваха пайсці на прымірэнне. У 1868 г. яны падпісалі дагавор, згодна з якім іх тэрыторыі былі падзелены[7]. Наваха атрымалі права заняць 4 куты сваіх былых зямель, астатнія перадаваліся белым пасяленцам і амерыканскаму ўраду. Для прадухілення паўстанняў у рэзервацыях былі пабудаваны крэпасці.
Уключэнне наваха ў рынкавую эканоміку ЗША спрыяла хуткаму развіццю жывёлагадоўлі. Аднак праз некалькі дзесяцігоддзяў гэта прывяло да значнай эрозіі глебы. У 1933 г. амерыканскі ўрад прыняў рашэнне скараціць статкі наваха[8]. Да 1946 г. каля 80 % свойскай жывёлы было выкуплена і знішчана. Хаця наваха атрымоўвалі грашовую кампенсацыю, скарачэнне статкаў успрымалася імі вельмі балюча, да таго ж прывяло да разбурэння традыцыйнай гаспадаркі.
Падчас II сусветнай вайны пачалася міграцыя наваха ў гарады для працы ў прамысловасці. Многія з іх служылі ў арміі ЗША. Асаблівы плён для перамогі над Японіяй прынеслі радысты-шыфравальшчыкі, што карысталіся мовай наваха.
У 1934 г. рэзервацыі наваха атрымалі аўтаномію і права мець свой урад. У 1969 г. была абвешчана нацыя наваха Naabeehó Bináhásdzo. У 1991 г. быў абраны першы прэзідэнт нацыі. Ім стаў палітык Петэрсан Зах. З 1968 г. працуе Народны каледж Diné College — вышэйшая навучальная ўстанова наваха.
Продкі наваха, якія мігрыравалі з арктычнай поўначы, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Гэтыя заняткі заставаліся важнымі і ў пазнейшы час. Да з’яўлення жывёлагадоўлі паляванне было адзіным гаспадарчым заняткам, які забяспечваў мясам. Звычайна яго здабывалі пра запас, вэндзілі або сушылі. Збіралі дзікі рыс, юку, сумах, арэхі.
Ручное земляробства распаўсюдзілася дзякуючы кантактам з індзейцамі-пуэбла. Найбольш важнай сельскагаспадарчай культурай была кукуруза. Наваха вядомы прыхільнасцю да вырошчвання сартоў з каляровымі зярнятамі. Кукуруза адыгрывае важную роль у міфалогіі і традыцыйнай рэлігіі[9]. Іншыя сельскагаспадарчыя культуры — кабачкі, гарбузы і фасоля. Земляробства — важны сучасны занятак. Калі ў мінулым ён лічыўся жаночым, у нашы дні ім займаюцца і мужчыны. Ручная праца саступіла месца механізаванай. З другой паловы XX ст. развіваецца ірыгацыя. Сучасныя метады сельскай гаспадаркі ўкараняюцца ў тым ліку дзякуючы іншаземным спецыялістам[10].
Жывёлагадоўля ўзнікла не раней за XVI ст. у выніку кантактаў наваха з іспанцамі і моцна паўплывала на змены ў ладзе жыцця. Коні сталі галоўным транспартным сродкам. Іх выкарыстанне зрабіла воінаў мабільнымі. У наваха вылучаецца цыкл асобых спеваў, прысвечаных узаемадносінам воіна і яго каня. Конскае мяса разглядалася як сакральная ежа[11]. Кароў трымалі толькі заможныя сем’і. Часцяком яны пасвіліся па-за межамі вёсак і хутка дзічэлі. Найбольш важнымі для гаспадаркі сталі авечкі і козы. Іх трымалі дзеля воўны і мяса, але наваха ведалі кожную жывёлу ў сваіх статках і адносіліся да яе як да асобы[12]. Авечкі з’яўляліся своеасаблівай валютай у гандлі з іншымі плямёнамі[13]. Жывёлагадоўля мела выключную ролю ў развіцці гаспадаркі ў другой палове XIX — першай палове XX стст.
Традыцыйныя рамёствы — пляценне кошыкаў, выраб керамікі, ткацтва. З канца XIX ст. актыўна развіваецца ювелірнае майстэрства. З другой паловы XX ст. наваха ўсё часцей імкнуцца ўладкавацца на працу ў прамысловасці, у тым ліку той, што існуе на тэрыторыі рэзервацый.
Наваха здаўна апрацоўвалі драўніну і косць. Хаця землі, населеныя імі, славяцца запасамі каляровых металаў, яны самі не здабывалі медзь і не выраблялі бронзу. Металічныя вырабы набываліся імі ў суседзяў. Асаблівым попытам карысталася бляха. Яе куплялі ў мексіканцаў, а потым у амерыканцаў для далейшай механічнай апрацоўкі. Толькі ў XIX ст. з’явілася ювелірная справа.
Час узнікнення арыгінальнай керамікі наваха дакладна не вядомы. Найстаражытнейшыя прыклады ганчарства сустракаюцца з канца XVII — XVIII стст.[14] Ганчарамі былі жанчыны. Кераміка наваха адрознівалася тэхнікай выскрабання пасудзін цвёрдымі зернямі кукурузы і даданнем лушчака.
Ткацтва набыло асаблівае значэнне з сярэдзіны XVIII ст.[15] Ваўняныя аздобленыя арнаментам коўдры наваха былі распаўсюджаны па ўсіх Вялікіх раўнінах. Мужчынская вопратка ўключала тунікападобную кашулю і абмоткі для ног, замацаваныя скураным рамянём, на галаве — скураны капялюш. Жанчыны апраналі спадніцы. Абутак плялі з юкі[16].
Дамінаванне такіх заняткаў, як паляванне, збіральніцтва, а потым жывёлагадоўля, не спрыяла ўсталяванню традыцыі будаўніцтва вялікіх сталых паселішчаў. Асноўны від паселішча, што сфарміраваўся да другой паловы XIX ст., уяўляў сабою некалькі двароў, кожны з якіх вёў сваю гаспадарку[17]. Двор складаўся з шэрагу будынкаў рознага прызначэння. Найбольш вядомы тып пабудовы — зрубны хоган[18]. Вылучаліся мужчынскія хоганы з вертыкальнай арыентацыяй бярвення і жаночыя — з гарызантальнай. Захаваліся мураваныя ўмацаванні — пуэбліта.
Звычайная ежа ўключае кукурузную кашу і вараную бараніну. Наваха практычна не ўжываюць свініну, затое любяць казінае мяса. У XIX ст. шырока распаўсюдзіліся кава, цукар і пшанічная мука. Цеста з пшанічнай мукі кісляць, пякуць на вуглях невялікімі порцыямі. У наваха захаваліся жартоўныя гісторыі пра людзей з аддаленых мясцін, што ўпершыню бачылі кававыя зярняты. Іх спрабавалі смажыць або варыць кашу[19]. Традыцыйная кулінарыя таксама мае багаты вопыт выкарыстання дзікіх раслін. Асаблівае месца ў ёй займаюць арэхі. Пасля кантактаў з еўрапейцамі пачалося ўжыванне алкагольных напояў[20]. У нашы дні алкагалізм з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для многіх мужчын і жанчын.
Наваха захавалі надзвычай багаты фальклор. Вылучаюцца цыклы міфаў, легенд і казак, якія апавядаюць пра стварэнне сусвету і прыгоды культурных герояў[21]. Казачны трыкстэр Каёт[22] быў запазычаны амерыканскай папулярнай культурай. Народныя песні прысвечаны земляробству, рэлігійным цырымоніям, этапам сталення, войнам, будаўніцтву жытла, каханню і г. д. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, флейта, бразготкі і інш. Выяўленчае мастацтва переважна арнаментальнае, адлюстравана ў ткацтве і малюнках на пяску.
Родная мова наваха належыць да паўднёвай галіны атабаскіх моў. Пісьмовыя запісы вядомы з 1849 г. У нашы дні выкарыстоўваецца алфавіт на аснове лацінкі, распрацаваны ў 1939 г.[23]
У 2010 г. у паўсядзённым жыцці мовай наваха карысталася 170 000 жыхароў ЗША[24]. Яна вывучаецца ў нацыянальных школах, выкарыстоўваецца ў СМІ.
Традыцыйная рэлігія наваха політэістычная, заснаваная на веры ў існаванне антрапаморфных і жывёлападобных багоў. Найбольш важныя багі пантэона наваха[25]:
Акрамя таго, наваха шанавалі іншых вышэйшых істот, у тым ліку яй (yéí)[26], якія даравалі людзям сваю гаючую сілу. Іх малявалі на пяску і тканінах, прысвячалі ім танцы.
Згодна з міфамі, першыя людзі нарадзіліся ў падземным свеце, потым перасяліліся на паверхню зямлі, дзе нарадзілі сучасных людзей і ў выніку зышлі ў нябесны свет. Наваха баяліся смерці, імкнуліся як мага хутчэй пахаваць памерлых. Уяўленні пра замагільны свет не ўключалі ідэю адплаты за ўчынкі пры жыцці[27]. Вылучаўся пласт так званых «спевакоў» — арганізатараў рэлігійных цырымоній. Імі былі мужчыны, але ў некаторых выпадках — жанчыны. Акрамя таго, існавалі шаманы — патаемныя знаўцы лекарскай справы.
Многія паслядоўнікі традыцыйных практык прытрымліваюцца пеётызму. Ён распаўсюдзіўся ў другой палове XX ст. і ў нашы дні ахоплівае значную частку вернікаў. Акрамя таго, сярод наваха распаўсюджана хрысціянства.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.