вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Казялу́жжа[2] (трансліт.: Kazialužža, руск.: Козелужье) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.
Вёска
Казялужжа
|
Вёска знаходзіцца за 3 км захад ад горада Хойнікі, за 106 км ад Гомеля.
Найранейшая на сёння пісьмовая згадка пра вёску Казялужжа[A] Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага сустрэтая у судовым дэкрэце ад 9 мая 1618 года аб выданні збеглых адтуль, а таксама з Юравічаў і Небытава ў Хойнікі альбо Новы Харленж да сужэнцаў Мікалая і Гальшкі Харлінскіх падданых маці і сына Гальшкі з Гулевічаў і Міхала Лозкаў[3]. Відавочна, калі ў размежаванні Кіеўскай зямлі Кароны і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 года паны камісары пацвярджалі прыналежнасць двара і сяла Загалле «ze wszystkiemi wsiami, gruntami jmci Łozki, marszałka mozyrs.» да Мазырскага павета, дык сярод тых вёсак уважаліся і Казялужы[4].
У XVII—XVIII стагоддзях вёска належала да Загальскага староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Koziełuży складалі два дымы[B], гаспадары якіх Сцяпан Аніска і Яцка Аніска[C] плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму 5 злотых чыншу і даніны мядовай паўтары бельцы[5].
Згодна з запісам ў кнігах Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 18 сакавіка 1785 года настаяцель царквы ў Загаллі, віцэ-дэкан мазырскі а. Дыянізы Крэткоўскі ахрысціў Эдварда, сына законных сужэнцаў Яна і Антаніны з Кузьмінскіх Парыкевічаў, эканомаў фальварку Казялужскага. Сярод кумоў быў губернатар Загальскага староства Юзаф Букаты[6].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Казялужжа апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[7]. На 1795 год вёска, як і 12 іншых паселішчаў Загальскага староства, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[8]. Тады ў ёй налічвалася 26 двароў з 48 жыхарамі мужчынскага і 62 жаночага полу[9].
Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 года, дыспанентам Загальскага казённага маёнтка на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[10]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтка, да якога належала і Казялужжа, была ўтворана воласць[D] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[11]. На 1850 год у вёсцы 31 двор, 187 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 246 жыхароў Казялужжа абодвух полаў былі прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы, 54 казялужцы з’яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[12].
У парэформенны перыяд Казялужжа належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут — 119 мужчынскіх душ з былых дзяржаўных сялян і 13 душ аднадворцаў, прыпісаных да Казялужскага сельскага таварыства[13]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Казялужжа — у прыходзе Загальскай царквы[14].
Паводле перапісу 1897 года ў Казялужжы было 92 двары, 548 жыхароў, дзейнічалі капліца, хлебазапасны магазін. На 1909 год у вёсцы налічвалася 103 двары з 575 жыхарамі[15].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Казялужжа ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[16].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Казялужскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 40 і 73 вучні[17].
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Казялужжа — цэнтр Казялужскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Небытаўскага сельсавета. У 1930 годзе налічвалася 147 двароў з 689 жыхарамі. У 1931 годзе тут арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
У Вялікую Айчынную вайну на франтах загінулі 78 вяскоўцаў.
З 8 студзеня 1954 года Казялужжа адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года тут было 900 жыхароў. Цэнтральная сядзіба саўгаса «Хойніцкі».
30 чэрвеня 1966 года цэнтр Небытаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці перанесены ў вёску Казялужжа, сельсавет перайменаваны ў Казялужскі[18].
У 1997 годзе ўзведзены новы мураваны будынак сярэдняй школы. Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
1 снежня 2009 года Казялужскі сельсавет скасаваны, Казялужжа перададзена ў склад Велікаборскага сельсавета[19].
У вёсцы ў 1968 годзе этнамузыказнаўцай Зінаідай Мажэйка запісана калядка «Добры вечар таму»[21].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.