Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Высо́кае[3] (трансліт.: Vysokaje; да 1939 года — Высо́ка-Літо́ўск) — горад раённага падпарадкавання ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Пульва. За 40 км ад Камянца, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск на лініі Брэст — Беласток. Аўтадарогі на Брэст, Пружаны. Самае заходняе гарадское паселішча Беларусі. Насельніцтва 5 113 чал. (2017)[4].
Горад
Высокае
| ||||||||||||||||||||||||||||
Першыя пісьмовыя згадкі пра паселішча пад назвай Высокі Горад з’яўляюцца ў XIV ст., у сувязі з тым, што яго наведваў вялікі князь Гедзімін.
У 1494 вялікі князь Аляксандр надаў Высокаму Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі срэбная двухпавярховая, крытая дахоўкай вежа, з двума акенцамі і трыма брамамі»[5]. У XV ст. вялікі князь Вітаўт фундаваў тут касцёл[6]. У 1511 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Высокае ў пажыццёвае валоданне Івану Храптовічу. Цягам XVІ ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Пяткевічаў, Ёдкавічаў, Хлявіцкіх. У гэты час яна зрабілася цэнтрам дывановага і палатнянага ткацтва. У 1603 новы ўладальнік Высокага Андрэй Война-Грычынавіч заснаваў тут касцёл Найсв. Тройцы, які меў 44 аршыны даўжыні і 12 — шырыні. Найбольшы касцёльны звон насіў імя святых Пятра і Паўла.
З 1647 Высокім валодалі Сапегі, якія збудавалі тут замак. Фартэцыя значна пацярпела ў Трынаццацігадовую (1654—1667) і Вялікую Паўночную вайну (1700—1721). 16 снежня 1671 горада атрымала прывілей на правядзенне рэгулярных кірмашоў, якія цягнуліся 4 тыдні.
У 1748 замак і палац згарэлі, па чым Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. У 1772 у Высокім на месцы касцёла XV ст. збудавалі капліцу Св. Барбары. У 1773—1785 на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, у мясцовасці Марыямпаль, Аляксандр Міхал Сапега фундаваў кляштар баніфратаў (добрых братоў). Пры кляштары дзейнічаў шпіталь на 40 ложкаў[7]. Станам на 1788 цагельня, што працавала ў Высокім, давала 22 тыс. цэглы і 8 тыс. дахоўкі ў адзін абпал. Цягам 1794—1797 з ініцыятывы Францішка Сапегі дзейнічаў водны шлях у Гданьск.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Высокае апынулася ў складзе Расійскай імперыі[7], у Берасцейскім павеце Гродзенскай губерні (паводле іншых звестак да 1807 уваходзіла ў склад Прусіі[8]). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1816 поруч з руінамі замка ўладальнікі Высокага Патоцкія ўзвялі палац і пашырылі парк за межы былога замкавага вала (яго плошча вырасла з 30 да больш за 50 га).
24 студзеня 1863 у часы нацыянальна-вызваленчага паўстання аддзел Рамана Рагінскага на пэўны час вызваліў Высокае з-пад расійскай улады. У 1869 царскія ўлады збудавалі ў мястэчку мураваную царкву-мураўёўку Узвышэння Св. Крыжа коштам сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў. Станам на 1886 у Высокім меліся аптэка, бальніца, паштовая станцыя, 2 гарбарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 102 крамы і 4 тракціры; рэгулярна праводзілася 15 кірмашоў і 2 базары. На 1889 у мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква і касцёл, працавалі суконная фабрыка і 4 гарбарні. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 256 двароў, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, яўрэйская школа, паштовае аддзяленне, лазня, канатны і знічкавы заводы, 4 ветракі, 8 кузняў, 14 абутковых, 13 кравецкіх, 8 сталярных, 4 шорныя майстэрні, 2 маслабойні, 108 дробных крамаў у гандлёвых радах і 13 пры дамах, 2 заезныя двары, 14 піцейных устаноў; кожны чацвер праводзіліся базары, 9 разоў на год кірмашы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Высокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Статус паселішча павысілі да горада. 20 красавіка 1934 да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — 3 прадмесці і двор маёнтку Высокае Літоўскае[9].
У 1939 Высокае ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 горада знаходзіла пад нямецкай акупацыяй. 17 красавіка 1962 паселішча ўвайшло ў склад Камянецкага раёна. 17 верасня 1973 года ў склад горада увайшоў хутар Пеначка Агародніцкага сельсавета[10].
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Высокага |
---|
|
У 1950 годзе заснавана Высокаўская метэаралагічная станцыя.
У Высокім працуюць каледж ПТК СП, сярэдняя і санаторная школы, навучальна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова.
Медыцынскыя паслугі надае гарадская бальніца.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Іншыя выдатныя мясціны: яўрэйская школа (XVII—XVIII стст.); капліца прыдарожная (1909); кляштар баніфратаў (1785); могілкі старыя каталіцкія; сінагога; Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1869).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.