Бэл-Ланкастэрская сістэма
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бэл-Ланкастэрская сістэма (Сістэма ўзаемнага навучання) — форма вучэбнай працы, сутнасць якой заключалася ў навучанні больш старэйшымі і дасведчанымі вучнямі вучняў малодшага ўзросту. Гэтая сістэма ўзнікла ў 1798 годзе ў Вялікабрытаніі. Яе распрацоўшчыкамі сталі незалежна адзін ад аднаго доктар Эндру Бэл і Джозеф Ланкастэр.
Апісанне метаду
Спачатку настаўнік займаўся са старэйшымі навучэнцамі, якія, атрымаўшы пэўныя веды, пачыналі навучаць ім, пад кіраўніцтвам настаўніка, больш малодшых навучэнцаў. Гэтыя старэйшыя і больш паспяваючыя навучэнцы называліся маніторамі. Замест кніг выкарыстоўвалі разнастайны дыдактычны матэрыял, пераважна друкаваныя і рукапісныя табліцы. Методыка выкладання вызначалася стандартызацыяй, навучанне заключалася ў механічным завучванні матэрыялу. У выніку вучні хутка засвойвалі навыкі чытання, пісьма і лічэння, але не атрымлівалі сістэмы ведаў.
Асноўныя перавагі сістэмы:
- тлумачэнне матэрыялу малодшым школьнікам давалася на даступным ім узроўні, паколькі нівеліравалася розніца ва ўзросце і інтэлектуальным развіцці;
- сістэма стымулявала манітораў да самаадукацыі.
Асноўныя недахопы сістэмы:
- адсутнасць у вучняў неабходных педагагічных ведаў і ўменняў.
Прымяненне

Належнага навучання дзяцей Бэл-Ланкастэрская сістэма не забяспечвала, таму шырокага распаўсюджвання як асноўная форма вучэбнай работы не атрымала. Разам з тым інтэнсіўна ўжывалася ў шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і інш.) для навучання грамаце.
Першая ў Беларусі і Расійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 годзе ў Гомелі ў маёнтку графа М. П. Румянцава, куды для навучання і распрацоўкі праграмы з Англіі быў запрошаны педагог Дж. Герд. У ёй выкладалася чытанне, пісьмо, арыфметыка, вывучаліся рамёствы (кавальскае, экіпажнае, кравецкае), земляробства і жывёлагадоўля. Школа існавала да 1825 г.
У першай чвэрці XIX ст. на Беларусі існавала 13 Ланкастэрскіх школ: у Гомелі, Мінску, Шчорсах (Навагрудскі павет), Кобрыне, Пружанах, Стоўбцах, Полацку, Століне і інш. Усе яны (за выключэннем Мінскай i Полацкай) утрымліваліся на сродкі буйных землеўладальнікаў, нярэдка былі гаспадарчым прыдаткам памешчыцкай гаспадаркі. У 1819 Віленскі ўніверсітэт арганізаваў падрыхтоўку настаўнікаў па ланкастэрскім метадзе навучання на базе Гомельскай вучэльні ўзаемнага навучання, з 1821 — i Гродзенскай вучэльні. Пэўную ролю ў арганізацыі вучэльняў узаемнага навучання, распрацоўцы метадычных рэкамендацый i вучэбных табліц адыгралі «Таварыства для заснавання вучэльняў узаемнага навучання» ў Санкт-Пецярбургу (1819—1824) і «Камітэт для заснавання вучэльняў узаемнага навучання» пры Галоўным упраўленні вучэльняў (1819—1831). Урад, занепакоены ростам i дзейнасцю тайных таварыстваў i іх уплывам на Ланкастэрскія школы, узяў апошнія пад свой кантроль.
У 1820 Міністэрства народнай асветы патрабавала весці навучанне па табліцах, выдадзеных дэпартаментам народнай адукацыі; выкарыстанне іншых табліц i дапаможнікаў дапускалася толькі пасля іх праверкі. Паводле загада міністра асветы (1821) прыватныя вучэльні ўзаемнага навучання падпарадкоўваліся павятовым вучэльням, а потым — міністэрству. Падрыхтоўка настаўнікаў сканцэнтроўвалася ў Санкт-Пецярбургскім настаўніцкім інстытуце. У 1830-я гг. рабіліся захады па падрыхтоўцы настаўнікаў для Ланкастэрскіх школ Беларусі ў Магілёўскай і Віцебскай узорных вучэльнях, у 1834—1839 — у Віцебскай настаўніцкай семінарыі. Пасля ўвядзення «Статута гімназій, вучэльняў павятовых і прыходскіх» (1828) выкарыстанне ланкастэрскага метаду абмежавана прыходскімі вучэльнямі і падрыхтоўчымі класамі гімназій. Гэта перашкодзіла пашырэнню школ узаемнага навучання. У Беларусі яны існавалi больш працяглы час, што было выклікана патрэбай у навучальных установах пасля скасавання каталіцкіх манаскіх ордэнаў, закрыцця і рэарганізацыі манастырскіх школ.
Літаратура
- С. В. Телешов (2005). "Ланкастерская школа в России". Педагогика (10): 73.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 332. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
- Ланкастэрскія школы ў Беларусі Архівавана 25 лютага 2021.
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.