From Wikipedia, the free encyclopedia
Эскімосы (саманазвы: юпигыт, югыт) — група малых народаў юпік азіяцкага паходжання. Жывуць пераважна ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе Расіі і на востраве Святога Лаўрэнція ў амерыканскім штаце Аляска. Агульная колькасць — каля 5 000 тыс. (2016 г.)[3]. Згодна перапісу насельніцтва 2009 г. у Беларусі жыло 3 эскімосы.
Заходняе ўзбярэжжа Берынгава праліва здаўна з’яўлялася месцам фарміравання эскімоскіх народаў[4]. Азіяцкія эскімосы падтрымлівалі шчыльныя сувязі са сваімі амерыканскімі суродзічамі і аказвалі істотны ўплыў на суседнія палеаазіяцкія народы — чукчаў, керэкаў, каракаў. Першыя пісьмовыя ўзгадкі адносяцца да XVII ст. У руска-чукоцкіх войнах XVIII ст. падтрымлівалі бок чукчаў, разам з імі ўдзельнічалі ў ваенных экспедыцыях супраць эскімосаў Аляскі[5]. У канцы XIX — пачатку XX ст. падчас голаду група азіяцкіх эскімосаў перасялілася на востраў Святога Лаўрэнція, у 1926 г. — на востраў Урангеля.
У 1930-ых гг. сярод эскімосаў, што жылі на тэрыторыі СССР, адбылася калектывізацыя. Пасля II Сусветнай вайны яны былі пераселены ў буйныя паселішчы, дзеці гадаваліся ў інтэрнатах, што прывяло да частковай згубы мовы і культуры[6]. З 1991 г. назіраецца нацыянальнае адраджэнне, усталяванне зносін з суродзічамі з ЗША.
Асноўным гаспадарчым заняткам азіяцкіх эскімосаў была здабыча марскіх звяроў — ластаногіх і кітоў. Да сярэдзіны XIX ст. галоўнымі прыладамі палявання былі дзіда з навершам стрэлападобнай двухбаковавострай формы пана і паваротны гарпун унг`ак з касцяным прымацаваным навершам[7]. Пазней распаўсюдзілася агнястрэльная зброя. Збіралі на літаралі малюскаў і водарасці, у тундры — ягады і ядомыя расліны, лавілі рыбу, палявалі з лукам і стрэламі на наземных звяроў. Мяса марозілі, квасілі, вялілі, варылі. Ласункам лічыліся аленевае мяса і волкая кітовая скура. Быў развіты абмен з чукчамі-аленегадоўцамі і амерыканскімі эскімосамі.
Азіяцкія эскімосы традыцыйна займаліся апрацоўкай косці, былі выдатнымі разьбярамі, ведалі простую кераміку, жанчыны ўпрыгожвалі вопратку, рабілі тонкую скуру для адзення і бісер.
Першапачаткова жылі ў буйных паселішчах, якія складаліся з зямлянак нын’лю. У XVII — XVIII ст. пад уплывам суседзяў асноўным жытлом стала каркасная яранга мын’тыг', крытая аленевымі скурамі і дзёрнам. Улетку стваралі часовыя каркасныя хаціны з кітовых костак і дрэва.
Да канца XIX ст. эскімосы апраналі доўгія строі з птушыных скур. Паступова распаўсюдзілася вопратка са скур ластаногіх і аленяў. Мужчынскую вопратку складалі вузкія натазніки са скуры нерпы, кашуля з футра аленя аткук, футравыя штаны і абутак. Жанчыны насілі на голым целе скураныя натазнікі, падобныя на трусы, па-над імі апраналі футравы камбінезон. Жаночая абутак па кроі не адрозніваўся ад мужчынскага, толькі быў больш высокім. Футравую шапку і рукавіцы мужчыны і жанчыны насілі толькі ў дарозе. У астатні час, нават на моцным марозе і ветру, яны хадзілі з непакрытай галавой. Прычоска ў жанчын была аднолькавая — дзве касы з праборам пасярэдзіне. У мужчын яна была больш разнастайнай. Да пачатку XX ст. меўся звычай татуіраваць цела. У мужчын яна абмяжоўвалася нанясеннем колаў каля рота. Татуіроўка на твары жанчыны складалася з прамых або трохі ўвагнутых паралельных ліній, якія пакрываюць частку ілба, нос і падбародак. На шчоках наносіўся больш складаны геаметрычны арнамент. Асабліва складаным і разнастайным малюнкам адрознівалася татуіроўка рук: пэндзля і перадплечча[8].
Традыцыйна галоўную ролю ў сацыяльным жыцці адыгрывала малая нуклеарная сям'я, якая складалася з бацькі, маці і дзяцей, часам больш старых сваякоў. Гаспадаром лічыўся мужчына. Па мужчынскай лініі ўспадкаваць маёмасць і перадавалася родавое імя. Аднак паляўнічая гаспадарка патрабавала доўгай адсутнасці мужчын у сям’і, што прывяло да ўзвышэння ролі жанчыны. Яна распараджалася маёмасцю ў адсутнасці мужа, кантралявала размеркаванне нарыхтаваных прадуктаў і нават магла абараняць свой дом са зброяй. У эскімосаў быў распаўсюджаны звычай адпрацоўкі за нявесту ў сям’і яе бацькі.
Сваяцкія сувязі па-за межамі сям’і таксама заставаліся вельмі важнымі. Звычайна блізкія сваякі складалі адзіную групу паляўнічых анъ’ям има[9]. Яе ўзначальваў гаспадар лодкі, з якой вёўся лоў. Мяса размяркоўвалі паміж усімі паляўнічымі пароўну, большасць астатняга атрымоўвалі гаспадар лодкі і лепшыя паляўнічыя. Такім чынам у эскімоскім грамадстве фарміравалася сацыяльная няроўнасць.
Народныя святы шчыльна звязаны з гаспадарчымі заняткамі. Асабліва вядомы свята пачатку вясенняга палявання Атыгак, свята маржоў Наскуныхкылык, свята кітоў Поля[10]. Яны суправаджаліся рытуальнымі спевамі, танцамі, ахвярапрынашэннямі. Песні і танцы маглі мець не толькі рэлігійны, але і забаўляльны характар. Распаўсюджаны розныя гульні. Азіяцкія эскімосы вядомы сваім мастацкім разбярствам па косці.
Азіяцкія эскімосы размаўляюць на трох самастойных мовах, якія належаць да групы моў юпік алеуцка-эскімоскай сям’і. Адпаведна мовам падзяляюцца на тры аб’яднанні — навукагміт, унгазігміт, сірэнігміт. Навукагміт складаюць абсалютную большасць азіяцкіх эскімосаў ЗША. У Расіі пераважаюць унгазігміт. На аснове іх мовы ў 1932 г. у СССР была распрацавана адзіная літаратурная мова эскімосаў з пісьмом лацінскай графікай. З 1937 г. распаўсюджана кірыліца. Існуе мастацкая літаратура на эскімоскай мове[11].
Хаця спробы хрысціянізацыі азіяцкіх эскімосаў прадпрымаліся з XIX ст., хрост меў фармальны характар, а таму ніяк не ўплываў на далейшае жыццё. Эскімосы верылі ў магію, шматлікіх духаў, шанавалі касатку, ваўка і крумкача. Рытуальныя святы арганізоўваліся часта, суправаджаліся песнямі, танцамі і тэатральнымі відовішчамі[12]. Быў вядомы інстытут шаманаў. Яны лекавалі хваробы, абаранялі ад злых духаў. Звычайна шаманамі станавіліся мужчыны, але існавалі і жанчыны-шаманкі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.