Агнястрэльная зброя

From Wikipedia, the free encyclopedia

Агнястрэльная зброя

Агнястрэльная зброя, зброя, у якой для выкідання снарада (кулі) з канала ствала выкарыстоўваецца сіла ціску газаў, якія ўтвараюцца пры спальванні парахавога кідальнага зарада або спецыяльных палкіх сумесяў. Агнястрэльная зброя спалучае ў сабе як сродкі паражэння (снарад, міна, куля і інш.), так і сродкі іх кідання ў цэль (дастаўкі) (гармата, мінамёт, кулямёт, вінтоўка і інш.).

Thumb
Берэта 92

У наш час найбольш распаўсюджана наразная агнястрэльная зброя, існуе таксама гладкаствольная агнястрэльная зброя.

Сучасная агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую зброю, стралковую зброю, гранатамёты.

Гісторыя

Ручная гармата часоў кітайскай дынастыі Юань (1271—1368).

Першая згадка пра сумесі серы, салетры і вугалю расліннага паходжання для атрымання хутка палаючага парашка вядома з кітайскага манускрыпта для алхімікаў напісанага каля 808 года нашай эры. Аднак, чорны порах -- адносна слабае выбуховае рэчыва. Пры падпальванні на адкрытым паветры ён не выбухае, а толькі моцна гарыць. Пры падпальванні ў закрытым пасудзіне ён стварае ўмераны ціск. Першапачаткова порах выкарыстоўваўся ў рытуальных мэтах, пазней для стварэння петард і феерверкаў[1].

Першая агнястрэльная зброя — драўляная «Вогненная дзіда», прататып ручніцы — з’явілася ў Кітаі, хронікі зафіксавалі яе прымяненне ў 1132 годзе[2], але лічыцца, што агнястрэльная зброя там з’явілася ў X ст.

Не дужа добра даследавана, якое месца ў гісторыі ўзнікнення агнястрэльнай зброі займае грэчаскі агонь, бо, з аднаго боку, ён вядомы са значна даўнейшага часу, але, з іншага боку, няма яснасці ў спосабе яго кідання. Аднак ужо ў «Кнізе агнёў для спальвання ворагаў» (Liber ignium ad comburendos hostes), напісанай каля 1250 года[3] або ў канцы XIII стагоддзя[4] Маркам Грэкам, пры апісанні пэўнага складу грэчаскага агню прыводзіцца цалкам пэўнае апісанне спосабу кідання: «1 частка каніфолі, 1 частка серы, 6 частак салетры ў тонка здробненым выглядзе растварыць у ільняным або лаўровым алеі, затым пакласці ў трубу або ў драўляны ствол і запаліць. Зарад адразу ляціць у любым кірунку і ўсё знішчае агнём»[5]. Відаць, стрэл здзяйсняўся менавіта спосабам, характэрным для агнястрэльнай зброі (за кошт гарэння кідальнага рэчыва), і пры гэтым далёкасць прымянення грэчаскага агню значна перасягала кітайскую вогненную дзіду пры высокай эфектыўнасці.

Ручніца. Музей арміі, Парыж

Афіцыйна лічыцца, што ў Еўропе агнястрэльная зброя з’явілася ў пачатку XIV стагоддзя, калі развіццё тэхнікі дазволіла выкарыстоўваць энергію пораху. Каля 1300 года ў Еўропе з'явілася першая агнястрэльная зброя – гарматы. Самая ранняя вядомая выява гарматы змешчана ў дакуменце 1327 года, а першае зафіксаванае выкарыстанне гарматы ў баі вядома ў бітве пры Крэсі ў 1346 годзе, адной з найважнейшых бітваў Стогадовай вайны паміж Англіяй і Францыяй.

Гэта азначала новую эру ў ваеннай справе — з’яўленне артылерыі, у тым ліку асобнай галіны артылерыі — ручной артылерыі.

Кулеўрына XV ст.

Першыя ўзоры ручной агнястрэльнай зброі ўяўлялі сабой параўнальна кароткія жалезныя або бронзавыя трубы, глуха запаяныя з аднаго канца, які часам заканчваўся стрыжнем (стрыжань быў цалкам металічным або пераходзіў у дрэўка). Трубы без стрыжняў прымацоўваліся да ложаў, якія прадстаўлялі сабой груба апрацаваныя драўляныя калоды.

Для зарадкі зброі ў канал засыпаўся зарад пораху, а затым туды ўводзілася жалезная або свінцовая куля. Зброю стралок заціскаў пад пахай або ўпіраў у плячо (зрэшты, часам упорам служыла і зямля). Запал зарада ажыццяўляўся шляхам паднясення кнота, які тлеў да невялікай адтуліны ў сценцы ствала.

Ужо ў першай чвэрці XV стагоддзя ў канструкцыі ручной агнястрэльнай зброі з’явіліся першыя ўдасканаленні — ствалы сталі даўжэйшымі, прыклады выгнутымі, а на самім ствале з’явіліся прыцэльныя прыстасаванні. Такая зброя ў Заходняй Еўропе называлася кулеўрынамі[ru]. Эфектыўнасць стральбы падобных узораў заставалася даволі нізкай, а працэс зарадкі займаў некалькі хвілін. Вялікую нязручнасць уяўляў сабой спосаб узгарання зарада — тлеючы кнот адцягваў стралка ад прыцэльвання.

Гл. таксама

Крыніцы

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.