(пам. 1623) полацкі ўніяцкі архіепіскап From Wikipedia, the free encyclopedia
Іасафат[4], таксама сустракаецца Іазафат, Іосафат, Іясафат, Язафат, свецкае імя Іван Кунцэвіч (1580, Уладзімір-Валынскі — 12 лістапада 1623, Віцебск) — вялікалітоўскі царкоўны і палітычны дзеяч, прылічаны да святых каталіцкай царквой.
Іасафат Кунцэвіч | |
---|---|
Свецкае імя | Іван Кунцэвіч |
Дата нараджэння | 1580[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 лістапада 1623[2][3][…] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Шануецца | Каталіцкай царквой; Украінскай і Беларускай грэка-каталіцкімі цэрквамі. |
Беатыфікаваны | 16 мая, 1643, у Рыме, Папам Рымскім Урбанам VIII |
Кананізаваны | 1867, у Рыме, Папам Рымскім Піем IX |
У ліку | святы |
Дзень памяці |
12 лістапада (Каталіцкая царква) 25 лістапада (Украінская грэка-каталіцкая царква) |
Падзвіжніцтва | свяшчэннамучанік |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям'і, якая пераехала на Валынь з цэнтральных зямель ВКЛ. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай праваслаўнай школе. З дзяцінства вылучаўся цягай да малебнаў і экзальтаваным настроем. Каля 1599 прыняў унію і пад уплывам езуітаў стаў яе гарачым прыхільнікам. Пасля прыняцця манаства ў 1604 уступіў у Базыльянскі ордэн і накіраваны І. Пацеем у Віленскі Траецкі манастыр. У канцы 1608 ці ў пачатку 1609 пасвечаны ў святары. Блізка сышоўся з Я. Руцкім (пазней віленскім мітрапалітам), разам з якім вёў гарачыя спрэчкі з праваслаўнымі. У 1613 І. Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, таксама да 1617 быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Шмат зрабіў для добраўпарадкавання манастыра, арганізацыі Базыліянскага ордэна. Па рэкамендацыі Я. Руцкага ў 1617 прызначаны епіскапам віцебскім і адначасова каад'ютарам да полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага, чалавека старога і слабага. Пасля смерці Г. Бральніцкага (кан. 1618) І. Кунцэвіч стаў полацкім архіепіскапам.
У Полацк І. Кунцэвіч прыбыў са спецыяльнай місіяй ад мітрапаліта Я. Руцкага — падняць справу уніі ў Полацкай архіепархіі. З запалам выконваў даручаную яму місію, не спыняючыся перад гвалтоўнымі метадамі ўвядзення уніі. Непамяркоўнасць І. Кунцэвіча выклікала пратэст з боку праваслаўных. Уніяты і католікі таксама асуджалі яго метады і перасцерагалі. Канцлер Л. І. Сапега праз Я. Руцкага спрабаваў утаймаваць І. Кунцэвіча, таксама пісаў яму асабіста. У сваім лісце да І. Кунцэвіча ад 22.3.1621 Л. І. Сапега, у прыватнасці, заўважыў: «Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбухторылі і, скажу, прымусілі народ рускі да адпору і зламання ўчыненае яго каралеўскай міласці прысягі». Але І. Кунцэвіч не прыслухваўся да перасцярог — зачыняў праваслаўныя цэрквы, не дазваляў праваслаўным набажэнствы нават у дамах ці ў будынках па-за населенымі месцамі, хапаў і кідаў у турмы праваслаўных святароў, зневажаў праваслаўныя святыні. Жыхары Полацка не супраціўлялася уніі, даволі пакорна прынялі І. Кунцэвіча, арганізавалі яму ўрачыстую сустрэчу. Напачатку спакойна прыняў яго і Віцебск, але вялікай прыхільнасці да уніі тут не было. Жыхары Магілёва, дзе было праваслаўнае брацтва, зачынілі гарадскія брамы, калі Кунцэвіч з атрадам пад'ехаў да горада, і былі гатовыя да абароны. І. Кунцэвіч паскардзіўся каралю Жыгімонту Вазу, які жорстка расправіўся з завадатарамі — кіраўнікоў выступлення пакаралі смерцю, на гараджан налажылі штраф, усе праваслаўныя цэрквы ў Магілёве перадалі ўніятам. Нядобра сустрэлі І. Кунцэвіча і ў Оршы, адкуль ён накіраваўся ў Віцебск, дзе таксама пачаў ганенні на праваслаўных.
Віцебляне 13 лістапада 1623 забілі І. Кунцэвіча, а яго цела кінулі ў Заходнюю Дзвіну. За забойства І. Кунцэвіча 19 удзельнікам выступлення адсеклі галовы, каля 100 з тых, што паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць была канфіскавана. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх раней наданых правоў самакіравання, ратуша разбураная, з цэркваў знятыя званы.
Папа Рымскі Урбан VIII ухваліў жорсткія меры караля Жыгімонта Вазы. І. Кунцэвіч быў абвешчаны мучанікам, а ў 1867 Папа Пій IX прылічыў І. Кунцэвіча да святых.
Аўтар палемічных і багаслоўскіх твораў, Іасафат Кунцэвіч пакінуў значную літаратурную спадчыну. Сярод яго твораў найбольш значныя: «Аб фальшаванні славянскіх кніг», «Правілы для прэсвітэраў», «Катэхізіс», шэраг лістоў, а таксама два рукапісныя тамы «Казанняў» на розныя тэмы.
Каштоўнымі для разумення творчага метаду І. Кунцэвіча з'яляюцца «Правілы для прэсвітараў», у якіх аўтар выказвае патрабаванне, каб святары ўласным прыкладам навучалі людзей, служылі для іх добрым узорам: «Священници мают прикладом живота своего побожности людей учити, бо живот побожный священическій — ест казаннем потужным людем простым».
Літаратурным помнікам і адначасна гістарычнай крыніцай з'яўляецца «Ліст да канцлера Л. Сапегі» (21 студзеня 1621 г.). У ім І. Кунцэвіч прапануе канцлеру не ісці на глыбокія і неапраўданыя кампрамісы з «схізматыкамі» (праваслаўнымі) і заклікае ўрадоўцаў прадухіліць рэгулярныя ўмяшанні Масквы ў царкоўныя справы Вялікага Княства Літоўскага: «Тое і не дзіва, бо Масква была б рада, каб мы перадалі ўсе каталіцкія касцёлы схізматыкам». У «Лісце да канцлера Л. Сапегі» І. Кунцэвіч падае насычаны дэталямі гістарычны сюжэт пра пераход у 1460 г. Ноўгарада Вялікага пад уладу князя Казіміра і пра падпарадкаванне ноўгарадскіх уладыкаў духоўнай уладзе кіеўскага мітрапаліта Грыгорыя, прызначанага на пасаду Папам Рымскім. Ён піша пра жорсткую расправу з наўгародцамі, учыненую царом Іванам Васільевічам, «дзедам Тырана», за зроблены імі выбар на карысць дачыненняў з Захадам.
Значнае месца ў творчай спадчыне І. Кунцэвіча займае «Ліст да мітрапаліта Я. В. Руцкага» (1622). У ім аўтар раскрывае характар супрацьстаяння паміж уніятамі і праваслаўнымі, з абурэннем піша пра інтрыгі полацкіх і магілёўскіх гараджан, што не жадалі прызнаваць яго духоўнай улады, ужывалі ўсе даступныя ім сродкі, перадусім, паднашэнні і хабар: «Повезли тых бестый косматых — соболев, рысев, вепров. Уже теж его полочане и могилевцы аж назбыт уславили тыми подарками по всем краю русском, бо што дадут, або мают дати, в чом кажут».
«Казанні і павучанні» І. Кунцэвіча — узор літаратурнага красамоўства і філасофска-рэлігійнай думкі. У іх пісьменнік вучыў пра чатыры фундаментальныя «цноты» сапраўдных хрысціян — мужнасць, справядлівасць, міласць і спраўнасць, сфармуляваў думку пра сем цялесных і сем духоўных грахоў. І. Кунцэвіч дэталёва раскрыў сутнасць сямі дарункаў Святога Духа.
Аўтар 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона адзінства» (1617) і інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.