Віцебская ратуша
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Віцебская ратуша — будынак другой паловы XVIII ст. ў стылі віленскага барока і класіцызму, сімвал самастойнасці і заможнасці Віцебска.
Славутасць | |
Віцебская гарадская ратуша | |
---|---|
| |
55°11′46″ пн. ш. 30°12′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск |
Тып будынка | Ратуша |
Архітэктурны стыль | віленскае барока і класіцызм |
Будаўніцтва | 1775 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000051 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Па атрыманні Віцебскам Магдэбургскага права ў 1597 на тэрыторыі Узгорскага пасаду пачалося ўзвядзенне першай драўлянай ратушы. Аднак за ўдзел гараджан у паўстанні (1623)[1] 22 студзеня 1624[2] Віцебск пазбавілі Магдэбургскага права, а будынак ратушы разабралі. Па вяртанні гарадскіх правоў у 1644 ратушу адбудавалі. Выява гэтага будынка змяшчаецца на «Чарцяжы горада Віцебска» (1664) часоў маскоўскай акупацыі.
Драўляная ратуша неаднаразова знішчалася пажарамі (1708, 1733, 1752). Пасля апошняга з іх пачалося ўзвядзенне мураванага будынка ў стылі віленскага барока, які скончылі ў 1775.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у будынку ратушы размяшчаліся паліцыя, суд, 2-і дэпартамент, гаўптвахта, пажарны двор. У 1833 улады Расійскай імперыі замянілі высокі шатровы дах вежы на назіральную пляцоўку з невялікай ратондай, адначасна на ёй усталявалі гадзіннік. У 1873—1875 адбылося змяненне ўнутранай планіроўкі будынка ў сувязі з пераездам сюды гарадской думы і паліцэйскай управы.
У 1911 на асноўны аб'ём ратушы надбудавалі трэці паверх (арх. Ціхан Васілевіч Кібардзін), у выніку чаго закрыўся ніжні ярус вежы і парушыліся прапорцыі[3]. У 1984 у будынку праводзіліся рамонтныя працы, зорка на шпілі заменена на вятрак у форме карабля. У выніку праведзеных у гэты час археалагічных даследаванняў на тэрыторыі ратушы выявілі экзэмпляры каляровай кафлі, посуду, курыльныя люлькі, фрагмент пішчалі, мініяцюрную гармату-салютаўку (XVII ст.), выстралам якой суправаджаліся гарадскія ўрачыстасці[4]. У 2005 годзе вежа была адкрыта ад пазнейшых надбудоў на ўзроўні трэцяга паверха. У наш час у будынку ратушы размяшчаецца Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
Першы драўляны будынак ратушы быў закладзены на тэрыторыі Узгорскага пасаду Віцебска перад рыначнай плошчай і выконваў ролю грамадскага цэнтра гандлёва-рамеснага горада. Драўляныя гандлёвыя крамы і гасцінны двор акольвалі рынак і далучаліся да ратушы, галоўны фасад якой быў зарыентаваны ў бок рынка. Драўляны аб’ём ратушы меў мураваны падмурак, якія быў выяўлены ў выніку археалагічных раскопак.[5]. Найбольш ранняя выява ратушы вядома па «Чарцяжы места Віцебска 1664 г.» Гэта двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, пакрыты чатырохсхільным дахам і завершаны васьміграннай назіральнай вежай з купалам і шпілем[6].
Новая мураваная ратуша раздзяліла былую рыначнай плошчу на дзве паловы, у бок якіх былі звернуты адпаведна пярэдні і задні фасады. З боку тыльнага фасада цягам канца XVIII — першай паловы XIX стст. былі дабудаваны двухпавярховыя жылыя дамы з крамамі на першым паверсе.
Стыль віленскага барока праявіўся найперш у аздабленні вежы ратушы, у той час як яго агульная кампазіцыя адпавядае прынцыпам класіцызму.
Герб Беларусі на будынку выкананы ў 1997 годзе скульптарам В. Магучым[7].
Даследаванні на тэрыторыі ратушы праводзіла ў сярэдзіне 1980-х гадоў В. М. Ляўко, архітэктурна-археалагічныя назіранні ў ходзе рамонтных работ помніка — І. М. Чарняўскі і І. А. Цішкін. У падвале ратушы XVIII ст. выяўлены рэшткі муроўкі 2-й паловы XVII ст., якая, верагодна, з'яўляецца фрагментам галоўнага фасада будынка, паказанага на «Чарцяжы...». У муроўцы выкарыстана цэгла-пальчатка памерам 28,5—29х13,5—14,5х5—5,5 см, а таксама невялікія камяні. Ёсць падставы меркаваць, што мураванымі ў будынку былі сцены паўпадвала і 1-га паверха. На фрагменце фасада помніка XVII ст. захаваліся аконныя праёмы паўпадвала шырынёй 0,98 і 0,85 м, аконны (1,03 м) і дзвярны (0,7 м) праёмы 1-га паверха; дзвярны праём шырынёй 1,25 м вёў у памяшканне паўпадвала. Верхні абрэз аконных праёмаў паўпадвала знаходзіўся на вышыні 1,5—1,7 м ад паверхні брукоўкі гандлёвай плошчы. Каля ратушы знойдзены абломкі і цэлыя экзэмпляры зялёнапаліванай кафлі, з якой маглі быць выкладзены печы будынка. У XVIII ст. яны аблямоўваліся «галандскай» кафляй з выявамі расліннага характару ў складанай геаметрычнай рамцы. У малюнку кафлі выкарыстаны ультрамарынавы, зялёны і карычневы колеры[8][9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.