Уінстан Чэрчыль
62-і і 64-ы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сэр Уінстан Леанард Спэнсэр-Чэрчыль (англ.: Sir Winston Leonard Spenser-Churchill; 30 лістапада 1874, Вудстак, Оксфардшыр, Англія — 24 студзеня 1965, Лондан, Англія) — брытанскі палітычны дзеяч, які быў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі з 1940 па 1945, а потым зноў з 1951 па 1955. Шырока вядомы як адзін з найвялікшых лідараў ваеннага часу ў 20-м стагоддзі. Апрача таго, Чэрчыль быў афіцэрам Брытанскай арміі, гісторыкам, пісьменнікам і мастаком. З’яўляецца адзіным брытанскім прэм’ер-міністрам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, і першым чалавекам, які атрымаў статус ганаровага грамадзяніна Злучаных Штатаў Амерыкі.
Уінстан Чэрчыль нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і герцагаў Мальбара. Яго бацька, лорд Рэндальф Чэрчыль, быў харызматычным палітыкам, які займаў пасаду канцлера казначэйства, а маці, Джэні Джэром, была дачкой багатага амерыканскага бізнэсмэна. У якасці маладога афіцэра Чэрчыль прысутнічаў пры ваенных дзеяннях у Брытанскай Індыі, Судане, на Другой англа-бурскай вайне. Ён атрымаў вядомасць будучы ваенным карэспандэнтам, а таксама апісаў свае кампаніі ў кнігах.
На працягу 50-ці гадоў у авангардзе палітыкі Чэрчыль змяніў мноства розных палітычных і міністэрскіх пастоў. Да Першай сусветнай вайны ён займаў пасады міністра гандлю, міністра ўнутраных спраў, а таксама першага лорда адміралцейства ў складзе ліберальнага ўраду Герберта Эсквіта. Правал кампаніі ў Галіполі, ініцыяванай Чэрчылем, пацягнуў за сабой яго сыход з урада. Ён аднавіў сваю службу ў войсках на Заходнім фронце ў якасці камандзіра 6-га батальёну Каралеўскіх шатландскіх стралкоў. Ён вярнуўся ва ўрад, дзе стаў міністрам па ўзбраенні і пазней міністрам авіяцыі. Пасля вайны Чэрчыль быў канцлерам казначэйства з 1924 па 1929 у кансерватыўным урадзе Стэнлі Болдуіна, дзе кіраваў няўдалым вяртаннем фунта стэрлінгаў да залатога стандарту і павышэннем яго вартасці да даваеннага ўзроўню, што прывяло да дэфляцыі брытанскай эканомікі. Апроч таго, Чэрчыль выступаў супраць надання незалежнасці і нават статусу дамініёна Індыі.
Знаходзячыся ў палітычнай ізаляцыі ў 1930-х гадах, Чэрчыль узяў на сябе ініцыятыву ў папярэджанні аб пагрозе Нацысцкай Германіі і ў кампаніі па пераўзбраенні войск. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ён зноў заняў пасаду першага лорда адміралцейства. Пасля адстаўкі Невіла Чэмберлена 10 мая 1940 году, Уінстан Чэрчыль заняў пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі. Яго катэгарычная адмова разгляду варыянтаў паражэння, капітуляцыі або кампраміснага міру змаглі натхніць брытанскі супраціў, асабліва ў першыя дні вайны, калі Брытанія была адзінай краінай, якая актыўна супрацьстаяла Адольфу Гітлеру. Чэрчыль быў вядомы сваімі прамовамі і выступамі на радыё, якія натхнялі брытанскі народ. Ён займаў пасаду прэм’ер-міністра да таго часу, пакуль перамога над Нацысцкай Германіяй не была забяспечаная.
Пасля таго, як кансерватыўная партыя прайграла выбары ў 1945 годзе, Чэрчыль стаў лідарам апазіцыі лейбарыстскаму ўраду. Пасля перамогі ў 1951 годзе, ён зноў стаў прэм’ер-міністрам да выхаду на пенсію ў 1955. Пасля яго смерці, па распараджэнні каралевы, Елізаветы II, яму былі зладжаныя праводзіны па вышэйшым дзяржаўным разрадзе ў Саборы св. Паўла. Названы найвялікшым брытанцам усіх часоў па апытаннях 2002 году, Чэрчыль шырока разглядаецца сярод самых уплывовых людзей у гісторыі Вялікабрытаніі.