From Wikipedia, the free encyclopedia
Усходне-Еўрапейская раўніна (састарэлае Руская раўніна) — раўніна ва Усходняй Еўропе, адна з найбольшых на зямным шары. Плошча 3,8 млн. км².
Распасціраецца на 2750 км з поўначы на поўдзень і на 3000 км з захада на ўсход. На поўначы выходзіць да Белага і Баранцава мораў, на поўдні — да Чорнага, Азоўскага і Каспійскага мораў. На паўночным захадзе абмежавана Скандынаўскімі гарамі, на захадзе і паўднёвым захадзе — гарамі Цэнтральнай Еўропы (Гарц, Судэты, Карпаты), на паўночным усходзе — Крымскімі гарамі і Каўказам, на ўсходзе — Уральскімі гарамі і Мугаджарамі.
Геаструктурная аснова раўніны — дакембрыйскі крышталічны фундамент Усходне-Еўрапейскай платформы, перакрыты асадкавымі адкладамі рознага ўзросту. Няроўнасці фундамента абумоўліваюць наяўнасць асноўных форм рэльефу.
Найбольшыя вышыні на Кольскім паўвостраве, у Хібінах (да 1191 м), найменшая — на ўзбярэжжы Каспійскага мора (28 м ніжэй узр. м.). Асноўныя формы рэльефу — узвышшы і нізіны (Валына-Падольскае ўзвышша, Прыволжскае ўзвышша, Прыдняпроўскае ўзвышша, Сярэднярускае ўзвышша, Ціманскі краж, Палеская нізіна, Прыдняпроўская нізіна, Прыкаспійская нізіна, Прычарнаморская нізіна, Пячорская нізіна і інш.).
На рэльеф паўночнай і паўночна-заходняй часткі вялікі ўплыў зрабілі зледзяненні — характэрны плоскія міжрэччы з участкамі марэнна-ўзгорыстага рэльефу. На поўдні ад мяжы зледзянення — рэльеф парэзаны ярамі і лагчынамі, якія далей змяняюцца марскімі акумуляцыйнымі раўнінамі.
Большая частка раўніны адносіцца да вобласці ўмеранага пояса, дзе назіраецца паступовы пераход ад марскога клімату да кантынентальнага. Сярэднія тэмпературыры студзеня ад -3, -5 °С на захадзе да -22 °С на паўночным усходзе; ліпеня ад 9 °С на поўначы да 25 °С на паўднёвым усходзе. Ападкаў за год 600 мм і больш на захадзе, 400 мм на ўсходзе, да 200 мм на поўначы, 150 мм на паўднёвым усходзе.
Рэкі паўночнай часткі належаць да басейна Паўночнага Ледавітага акіяна (Анега, Мязень, Паўночная Дзвіна, Пячора), заходняй і паўднёвай часткі да Балтыйскага (Вісла, Заходняя Дзвіна, Нёман і інш.), Чорнага (Днестр, Дняпро, Паўднёвы Буг) і Азоўскага мора (Дон); Волга і Урал упадаюць у Каспійскае мора.
Буйныя азёры — Анежскае возера, Ладажскае возера і інш.
Характэрна выразная гарызантальная занальнасць з поўначы на поўдзень. Мохава-лішайнікавыя тундры ўзбярэжжа Баранцава мора на поўдні змяняюцца лесатундрай, далей лясная зона — цёмнахваёвая тайга і мяшаныя лясы, якія паступова пераходзяць на поўдні ў лесастэпавую і стэпавую зоны. На Прыкаспійскай нізіне — паўпустыні і пустыні.
У межах раўніны Астраханскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Асканія-Нова, нацыянальны парк Белавежская пушча і інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.