Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Уральскія горы — горная сістэма на мяжы Еўропы і Азіі. Тэрыторыя паміж Усходне-Еўрапейскай і Заходне-Сібірскай раўнінамі, у Расіі. Даўжыня 2100 км. Найвышэйшы пункт — гара Нарадная (1895 м)[1].
Уральская горная сістэма цягнецца ад Карскага мора на поўначы да ракі Урал на поўдні больш як на 2 тыс. км, шырыня ад 40 да 150 км. Уздоўж усходняга падножжа Урала звычайна праводзяць граніцу паміж Еўропай і Азіяй. Складаецца з нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў, большасць якіх мае мерыдыянальны напрамак, часта парэзана шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі.
Вылучаюць Палярны, Прыпалярны, Паўночны, Сярэдні і Паўднёвы Урал. Палярны Урал мае моцна расчлянёны рэльеф з вышынямі 1000—1300 м (гара Паер, 1499 м). Найбольш высокі Прыпалярны Урал (гара Нарадная, 1895 м). На Палярным і Прыпалярным Урале ёсць сляды плейстацэнавых горна-далінных зледзяненняў (кары, трогі, марэна), развіта сучаснае зледзяненне (больш за 140 невялікіх ледавікоў, плошча 25 км²); шматгадовая мерзлата. Паўночны Урал мае сярэднія вышыні хрыбтоў (800—1000 м) з плоскімі вяршынямі; верхнія часткі найбольш высокіх гор (гара Тэльпасіз, 1617 м) расчлянёныя. Сярэдні Урал — самая нізкая частка горнай сістэмы (300—500 м, гара Сярэдні Басег, 994 м) са згладжаным рэльефам. Паўднёвы Урал — сярэднягорны раён (максімальная вышыня 1640 м, гара Ямантау) са шматлікімі хрыбтамі і глыбокімі міжгорнымі катлавінамі. Уздоўж заходніх схілаў Урала і ў Перадураллі пашыраны карст. Шмат пячор (Дзівава пячора, Капава пячора, Кунгурская пячора, Сумганская пячора), карставых варонак, правалаў, падземных рэчак.
Урал — эпіплатформавыя адроджаныя горы герцынскай складкавасці Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Складзены з дакембрыйскіх крышталічных (гнейсы, амфібаліты, кварцыты), палеазойскіх асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі, кангламераты) і разнастайных паводле ўзросту магматычных (граніты, дыябазы, габра, розныя эфузіўныя) парод.
Урал багаты карыснымі выкапнямі: медныя, нікелевыя, хромавыя, жалезныя руды, каменны і буры вугаль, нафта, газ, калійныя і каменная солі, азбест, золата, плаціна, каштоўныя і вырабныя камяні.
Сярэдняя тэмпература студзеня ад −22 °C на поўначы да −15 °C на поўдні, ліпеня адпаведна 9 °C і 20 °C. Ападкаў на заходніх схілах 600—840 мм (на Прыпалярным Урале да 1000 мм на ўсходзе 300—500 мм за год).
Рэкі басейна Паўночнага Ледавітага акіяна (Пячора, прытокі ракі Об — Табол, Ісець, Тура, Сосьва), Каспійскага мора (Кама з Чусавой і Белай; Урал). Шмат азёр, пераважна на ўсходніх схілах (Таватуй, Увільды, Аргазі і інш.).
Большая частка Урала пад лясамі на горна-падзолістых і шэрых лясных глебах (верхняя мяжа лесу ад 300 м на поўначы 1200 м на поўдні). Заходнія схілы ўкрыты цёмнахвойнымі (елка, піхта, кедр), усходнія — хваёвымі, месцамі лістоўнічнымі і бярозавымі лясамі. У перадгор’ях Паўднёвага Урала лесастэп з астраўнымі шыракалістымі лясамі (на захадзе) і бярозавымі гаямі (на ўсходзе) на чарназёмных і шэрых лясных глебах. На крайнім паўднёвым усходзе кавыльна-разнатраўныя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Палярным і Прыпалярным, часткова Паўночным і на вяршынях Паўднёвага Урала мохава-лішайнікая тундра і каменныя россыпы. Жывёльны свет: у тундры — паўночны алень, пясцы, лемінгі, белая і тундравая курапаткі; лясной — лось, буры мядзведзь, расамаха, лясная куніца; у стэпах — суслікі, хамякі, тушканчыкі і інш.
У межах Урала — Пячора-Ілыцкі запаведнік, Ільменскі, Башкірскі, Вісімскі запаведнікі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.