Рудзенск
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ру́дзенск[3] (трансліт.: Rudziensk, руск.: Руденск) — гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Месціцца за 22 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 41 км ад Мінска, чыгуначная станцыя Рудзенск на лініі Мінск — Гомель. Праходзіць аўтамабільная дарога Р69 Смалявічы — Шацк.
Гарадскі пасёлак
Рудзенск
| ||||||||||||||||||||||||
У аснове назвы слова «руда»[4][5]. Тапонімы і гідронімы з назвай Руда і вытворнымі (Рудаўка, Рудзенка, Рудзея, Рудзец, Рудзішкі і да т. п.) шырока распаўсюджаны на Беларусі.
У канцы XVIII стагоддзя былі двор Рудзенск і аднайменная вёска (цяпер вёска Рудзенск 2) у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Двор, альбо фальварак Рудзенск месціўся ў паўднёва-заходняй частцы цяперашняга Рудзенска, цяпер тэрыторыю займае школа-інтэрнат. Двор належаў да маёнтка Варонічы[6], уласнасць Янішэўскіх[7].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі фальварак належаў Шышкам, у каталіцкай парафіі Блонь. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. Каля 1877 года фальварак быў куплены ўраднікам Губіным[8]. Сустракаецца назва фальварка Рудзенец (ці Рудзянец, руск.: Руденец)[9]. У 1889 годзе тытулярны саветнік Іван Фёдаравіч Губін, праваслаўны, валодаў фальваркам і меў 544 дзесяціны землі[9]. Як згадваў краязнавец Аляксандр Ельскі, Губін аднавіў занядбаную невялікую сядзібу, а таксама заклаў фруктовы сад, паспрыяў адкрыццю паштовага аддзялення пры чыгуначнай станцыі. Фальварак меў добры даход за кошт арэнды і права прапінацыі (вырабу і продажу алкаголю)[9].
У 1873 годзе была адкрыта чыгуначная станцыя на Лібава-Роменскай чыгунцы, вакол якой у далейшым вырастае пасёлак. Паводле перапісу 1897 года на чыгуначнай станцыі быў буфет, таксама было аднайменнае ўрочышча каля станцыі, дзе былі лаўка і піцейны дом. У пачатку XX стагоддзя з чыгуначнай станцыі штогод адпраўлялася каля 1 млн. пудоў грузаў, пераважна дровы, піламатэрыялы, будаўнічы лес.
У Першую сусветную вайну прыфрантавая тэрыторыя, адбылося хваляванне салдат Заходняга фронту, у першай палове жніўня 1915 года адбыўся яўрэйскі пагром, учыненымі навабранцамі расійскага войска, да якіх далучыліся чыгуначныя служачыя. У лістападзе 1917 года тэрыторыя была пад кантролем бальшавікоў.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 1918 года працавала школа, якая за савецкім часам мела статус школы 1-й ступені, у 1922 годзе займалася каля 30 вучняў. 12 лютага 1935 годзе быў утвораны Рудзенскі раён з цэнтрам у Рудзенску. 6 ліпеня 1935 года раён перайменаваны ў Смілавіцкі, 11 лютага 1938 года атрымаў ранейшую назву.
У пачатку 1930-х гадоў былі паравы і вадзяны млын, кузня. 27 верасня 1938 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Рудзенску прысвоены статус гарадскога пасёлка.
У Другую сусветную вайну з 30 чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У канцы жніўня нямецкай адміністрацыяй арганізавана яўрэйскае гета, месцілася на Дукорскай вуліцы[10]. У лістападзе[10] 1941 года было забіта каля 300 (370[11]) яўрэяў з гета, яны былі расстраляныя на захад ад чыгункі. У Рудзенскім раёне дзейнічала савецкае падполле і партызанская брыгада «Беларусь».
20 студзеня 1960 года Рудзенскі раён быў скасаваны, Рудзенск увайшоў у склад Пухавіцкага раёна.
29 чэрвеня 2010 года Савет Міністраў прыняў пастанову № 976 «Аб дзяржаўнай праграме будаўніцтва буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і вынасу (пераносу) са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі некаторых вытворчых аб’ектаў», паводле якой гарадскі пасёлак прэтэндэнт на статус горада-спадарожніка горада Мінска[12].
У гарадскім пасёлку дзейнічае Рудзенская сярэдняя школа і дзіцячы сад[19], бібліятэка імя Міхася Чарота. Ёсць бальніца, аптэка.
Дзейнічае касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўная царква прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Царква Благадаць хрысціян веры евангельскай, царква евангельскіх хрысціян баптыстаў. Да 1920-х гадоў дзейнічала сінагога.
Ёсць прадпрыемствы харчовай прамысловасці, дзейнічае ААТ «Рудзенск». Праз тэрыторыю гарадскога пасёлка праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель, месціцца станцыя Рудзенск.
У Рудзенску быў зарэгістраваны беларускі футбольны клуб «Рудзенск». У сезоне 2012 клуб меў істотныя фінансавыя праблемы, у выніку чаго вылецеў з Першай лігі і спыніў існаванне.
Рудзенск не мае афіцыйнага герба, аднак часам выкарыстоўваецца герб з выявай балотнай руды[20].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.