манахі жабрацкага каталіцкага ордэна братоў-прапаведнікаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Дамініканцы ў Беларусі ― манахі жабрацкага каталіцкага ордэна братоў-прапаведнікаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі з XIII стагоддзя.
Поўная назва | Ордэн Прапаведнікаў |
---|---|
Лацінская назва | Ordo fratrum praedicatorum |
Скарачэнне | «O.P.» |
Царква | Каталіцкая Царква |
Дэвіз | Laudare, Benedicere, Praedicare (Усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць) |
Заснавальнік | Святы Дамінік |
Дата заснавання | 1214 |
Год зацвярджэння | 1216 |
Афіцыйны сайт |
У польскіх землях дамініканцы з’явіліся з Балонні ў 1222 годзе па запрашэнні кракаўскага біскупа Іва Адрованжа . Сярод іх быў і сваяк біскупа Яцак Адрованж, абвешчаны ў 1594 годзе святым каталіцкай царквы. Біскуп перадаў дамініканцам касцёл Св. Троіцы , з якога потым вырас кляштар[1]. У 1524 годзе Мікалай Гусоўскі напісаў паэму «Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» (1525), — да дня ўшанавання Яцака Адрованжа[2].
Пранікнавенне ордэна на ўсход пачалося з Кіева. Пры князі Уладзіміры ў Кіеве адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і дзейнічала створаная ў 1233 годзе Яцакам Адрованжам дамініканская місія для заходніх купцоў-католікаў, якія пражывалі ў Кіеве ці прыезджалі туды для гандлю[3][4]. Першым, вядомым дакументальна дамініканцам, які з’явіўся на беларускіх землях, быў манах Віт (Vitus), вучань Яцака Адрованжа (св. Гіяцынта), тагачаснага кіраўніка ордэна дамініканцаў у Польшчы. Гісторык віленскай дыяцэзыі святар Ян Курчэўскі піша пра дзейнасць Віта: «Па слядах святога Яцэка прыходзіць у Літву ягоны вучань, блаславёны Віт, паляк, каралеўскі прэлат, і як сапраўдны дамініканец стварае касцёл і літоўска-рускае біскупства ў Любчы, ― мястэчку, якое належала баярыну Міндоўга Андрэю Кіяну»[5]. Дамініканскі кляштар у Любчы заснаваны ў 1250 годзе.
У 1251 годзе дамініканскі правінцыял[заўв. 1][6] на прускіх землях, які пазней стаў біскупам хэлмінскім, Гайдэнрык (Heidenreich von Culm / Chełmno) атрымаў наказ ад папы Інакенція IV каранаваць Міндоўга і знайсці кандыдатуру ў біскупы для літоўскага княства. Выбар паў на Віта, і ў 1253 годзе ён быў рукапаложаны ў «episcopus Lubozanus» (біскупа Любчанскага) і «episcopus Lithoviensis» (біскупа Літовіі)[7]. Але Віт не стаў першым літоўскім біскупам, паколькі Тэўтонскі ордэн вылучыў свайго кандыдата, і Міндоўг пагадзіўся з гэтай кандыдатурай. Замест Віта першым легітымным біскупам княства стаў у 1252 годзе прэсвітар ордэна мечаносцаў немец Крысціян (Christian von Preußen)[8]. Менавіта з дамініканцамі звязваецца афіцыйнае прыняцце Літвой хрысціянства.
Каранацыя Міндоўга з жонкай адбылася летам 1253 года. Мяркуецца, што гэта адбылося ў Наваградку, Вільні або Анікштах[9][10]. Кароны ўсклаў біскуп Гайдэнрык у прысутнасці магістра Лівонскага ордэна Андрэаса фон Вельвена , лівонскага архібіскупа Альберта Зуербера , прадстаўнікоў каталіцкіх ордэнаў і літоўскага баярства[11][12][13].
У далейшым місіянерская дзейнасць дамініканцаў працягвалася, з канца XIII стагоддзя яны нават служылі пры велікакняжацкім двары і ў Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічалі ў стварэнні Віленскага каталіцкага біскупства. Цэнтрам дамініканцаў у Вялікім Княстве Літоўскім стаў касцёл Святога Духа у Вільні (1501)[14].
Пасля Берасцейскай уніі колькасць кляштараў павялічваецца, яны ўваходзяць у Польскую правінцыю, затым у 1647 годзе створана Літоўская правінцыя, якая займала тэрыторыі сучаснай Літвы, паўночнай і заходняй Беларусі[15]. У першай палове XVII стагоддзя заснавана 10 дамініканскіх кляштараў, у другой палове ― 25, у XVIII стагоддзі ― 6, у XIX ― 1. Кляштары паўднёвай, усходняй і цэнтральнай Беларусі уваходзілі ў склад Рускай правінцыі[16]. У кожнай правінцыі ў 1766 годзе налічвалася каля 600 манахаў, у Наваградку знаходзіўся кляштар сясцёр-дамініканак. Правінцыі ўзначальвалі правінцыялы, кляштары ― прыёры[17][18]. У кляштарах збіраліся бібліятэкі, напрыклад, у Гародні налічвалася больш за 15 тысяч тамоў, у мінскім кляштары Св. Тамаша Аквінскага — крыху менш[19][20]. Пры наваградскім і гарадзенскім кляштарах працавалі друкарні, якія выдавалі кнігі і паштоўкі[21].
Сярод заснавальнікаў былі прадстаўнікі багатай шляхты і духавенства. Гэта Сапегі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Слушкі. Напрыклад, Крыштаф Слушка заснаваў у 1605 годзе касцёл св. Тамаша Аквінскага і кляштар у Мінску, луцкі біскуп М. Шышкоўскі — у Брэсце (1605), кашталян мсціслаўскі К. Палубінскі — у Дзярэчыне (1618), Аляксандр Слушка ― кляштары ў Рэчыцы і Слупках, Станіслаў Радзівіл ― кляштар у Клецку (1683), віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч ― у Наваградку (1624), стараста ашмянскі Адам Саковіч ― у Зембіне, графіня Марыя Строццы ― у Пінску (1667), падстолі смаленскі Базыль Баканоўскі ― кляштар у Нясвіжы (1672), віленскі канонік Ф. Гарскі ― касцёл Маці Божай у Полацку (1672), Жыгімонт Адам Слушка ― касцёл у Чашніках (каля 1674), ― каля 1816 года Вінсэнтам Лейндорфам там выкананы алтарныя карціны; харунжы надворны Канстанцін Пац ― у Княжыцах (1681), князь Павел Караль Сангушка ― у Кублічах (1748) і г. д. 1621 годам датуецца фундуш Аляксандра Хадкевіча, у якім ён «з мэтай распаўсюджвання каталіцкай веры ў горадзе яго графства Шклове» даў згоду дамініканцам на будаўніцтва касцёла і кляштара і на надзяленне манахаў гэтага ордэна рознымі ўгоддзямі. У 1623 годзе на месцы даўняга кальвінісцкага храма дамініканцамі былі закладзены касцёл і кляштар. На тэрыторыі кляштара знаходзіліся драўляная кляштарная пабудова з гаспадарчымі пабудовамі (клець, ледавік, дзве стайні, вазоўня, каменная браварня, старая драўляная лазня, калодзеж з драўляным колам) і вялікі сад. Пры кляштары была створана бібліятэка, дзе манахам чыталі курсы філасофіі і тэалогіі. У першай палове XVII стагоддзя фарнаму касцёлу належалі тры вёскі, а кляштару, які знаходзіўся пры касцёле, — тры фальваркі і восем вёсак. У пачатку XVIII стагоддзя манахі-дамініканцы штогод атрымлівалі ад уладальнікаў маёнтка 50 злотых, пуд воску, тры вёдры рыбы (з кожнага спуску) і палову злоўленай рыбы ў замкавым возеры[22].
Больш за ўсё дамініканскіх кляштараў будавалася ў 1660―1680 гг[23][24][25][26]. Касцёл дамініканцаў у Гародні быў закладзены на падставе прывілея Жыгімонта III ў 1632 годзе, а ў 1633 годзе ўжо пабудаваны на фундацыю Фрыдэрыка і Хрысціны Сапегаў. Пасля маёмасць гарадзенскіх дамініканцаў займала цэлы гарадскі квартал[27]. У Наваградку захаваўся Міхайлаўскі касцёл, пабудаваны ў 1624 годзе як дамініканскі[28][29]. З’явіліся фундатарамі кляштара ў Коўне (1631 і 1641 гг.) Д. Наркевіч, Ю. Белазор і Ю. Варлоўскі.
Сойм 1658 года зацвердзіў фундацыю дамініканцаў у Васілішках, дзе неўзабаве, дзякуючы намаганням земскага суддзі Марціна Дамініка Лімонта, з’явіліся драўляныя касцёл і кляштар. Перабудаваны ў 1832 годзе ў мураваны, кляштар захаваўся. Канстытуцыя ВКЛ 1659 года пацвярджае фундацыю дамініканцаў у Расонах, сойм 1662 года дазваляе будаўніцтва ў Харашках Гарадзенскага павета[30]. Пінскі кляштар дамініканаў заснаваны ў 1667 годзе маркграфіняй Марыяй Строцы, сваячкай польскай каралевы Цэцыліі Рэнаты. Фундатарка была замужам за ваяводам полацкім Янам Копацем. Да канца XVIII стагоддзя касцёл кляштара заставаўся драўляным. Пры кляштары ў 1726 годзе адкрылася Вышэйшая школа (Генеральная студыя) Рускай дамініканскай правінцыі, якая мела права прысваення вучоных ступеняў сваім гадаванцам. Вышэйшая школа змяшчала двух прафесараў багаслоўя і прафесара філасофіі. Пры гэтай навучальнай установе існавала бібліятэка ў 889 тамоў[31]. У 1667 годзе па хадайніцтве ашмянскага пісара земскага Андрэя Пачобута і яго жонкі Дароты ў Новыя Ашмяны былі запрошаны манахі ордэна дамініканцаў (падзея згадваецца ў інвентары горада 1668 года), якія пабудавалі ў мястэчку драўляны храм Святой Тройцы і жылыя памяшканні кляштара. Гэтаму кляштару належалі землі ў саміх Ашмянах, а таксама тры фальваркі ў павеце. Пры касцёле дамініканцаў была сабрана няблагая бібліятэка. У 1785 годзе пачалося будаўніцтва мураваных касцёла і кляштара ў Астраўцы[32].
У Полацку манахі-дамініканцы з’явіліся ў 1670 годзе па запрашэнню віленскага каноніка Казіміра Гурскага[33].
У Навагрудку ў 1654—1864 гадах існаваў адзіны жаночы кляштар ордэна ў Беларусі. Па адных звестках кляштар быў заснаваны ў 1654 годзе Міхаілам Дамброўскім, кавалерам мальтыйскім, па іншых звестках — у 1678 годзе Аленай Пратасевічавай з Бухавецкіх, жонкай земскага наваградскага натарыуса.
Адкрываліся дамініканскія кляштары і на Валыні, якая ўваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае. Так, у трэцяй чвэрці XIV стагоддзя заснаваны Луцкі кляштар , да сярэдзіны XVIII стагоддзя ён налічваў больш за 50 манахаў. Гэта быў самы багаты кляштар у ВКЛ. Падчас з’езда еўрапейскіх манархаў у Луцку дамініканцы былі сярод гаспадароў, што сустракалі высокіх гасцей[заўв. 2][34][35]. У 1497 годзе кароль Аляксандр Ягелончык даў сродкі на будаўніцтва дамініканскага кляштара Св. Тройцы ў горадзе Уладзіміры-Валынскім, які таксама ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Кляштар меў права трымаць карчму, варыць і прадаваць мёд, піва і віно. З дакументаў вядома, што кляштар меў званіцу з пяццю званамі, 22 вокнамі, 12 люстрамі[36][заўв. 3]
Першыя дамініканскія кляштары ў Беларусі звычайна адносяць да гатычнай храмавай архітэктуры[37]. Зыходзячы з дойлідства цысцэрцыянцаў, спачатку ствараліся будынкі спрошчанай планіроўкі без вежаў, з выходзіўшай алтарнай часткай без апсіды. Выкарыстовалася цэгла. Вышыня храма не перавышала 11,4 метра. Характэрным для дамініканскіх кляштараў быў фрыз у верхняй частцы сцяны з перакрыжаванымі арачкамі і керамічным дэкорам. Перакрывалася скляпеннямі толькі алтарная частка, асноўная частка царквы была пакрыта драўлянымі кроквамі. Ва ўсходняй сцяне алтарнай часткі было тры вокны з хрысціянскай сімволікай. З сярэдзіны XVIII стагоддзя ўзнікае так званае «віленскае барока», у стылі якога быў пабудаваны кляштар дамініканцаў у Вільні (1700―1767), які адрозніваецца вытанчанасцю прапорцый, пластычнасцю фасадаў, шмат’ярусныя вежамі на фасадзе і фігурнымі франтонамі. Касцёл і сам кляштар будаваліся асобна, але злучаліся калідорам, ― характэрная пабудова гэтага часу ― дамініканскія кляштары ў Брэсце і Оршы (1694). Некаторыя кляштарныя келлі мелі ацяпленне. Кляштар у Стоўбцах меў вялікі агарод і сад[38][39]. У мастацтвазнаўчай літаратуры вядомы архітэктар-дамініканец Людвік Грынцэвіч, які пабудаваў касцёлы дамініканцаў у Друі, Нясвіжы, Вярбілаве. Генуэзец Антоній Параца спраектаваў дамініканскія касцёлы ў Друі і Забелах[40]. У 1716 годзе падваявода полацкі Геранім Жаба разам з жонкай заснавалі Касцёл Святога Лаўрэна ва Ушачах. Потым яго разбурылі, і зноў пабудавалі ў 1913 годзе.
Да нашых часоў захаваліся будынкі дамініканскіх касцёлаў у Ружанах, Васілішках, Ушачах, Клецку, Дунілавічах, Заслаўі, Смальянах, Валеўцы, Княжыцах, Навагрудку, руіны ў Зембіне. Некаторыя перабудаваны пад праваслаўныя храмы.
У 1772 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, да Расійскай імперыі адышлі землі з сям’ю кляштарамі Літоўскай і дзевяццю кляштарамі Рускай дамініканскай правінцыі. На мяжы 1782 і 1783 гэтыя кляштары былі вылучаныя ў асобную беларускую правінцыю, якая праіснавала каля трынаццаці гадоў[41]. Пасля другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай лічба дамініканцаў у Расійскай імперыі павялічылася. Пасля выгнання езуітаў (1815) дамініканцам адышлі іх касцёлы.
Кожны каталіцкі ордэн меў папскія прывілеі на арганізацыю і дзейнасць брацтваў. Пры кляштарах дамініканскага ордэна дзейнічалі брацтвы святога Разарыя. Першапачаткова брацтвы ўзнікалі па прафесіях. Кожны гарадскі цэх выступаў своеасаблівым братэрствам і меў у касцёле сваю харугву і свайго святога-абаронцу. Да XIX стагоддзя прадстаўнікі кожнай прафесіі збіраліся ў спецыяльна абазначанае для іх свята і ўдзельнічалі ў працэсіях кожны пад сваёй харугвай. У Мазыры да сярэдзіны XIX стагоддзя «братэрскіх» харугваў налічвалася 15. У красавіку 1868 года выйшла распараджэнне аб закрыцці ўсіх брацтваў пры касцёлах[42].
Пры брэсцкім кляштары быў свой навіцыят — месца, дзе выхоўваліся толькі браты, якія ўступілі ў ордэн. Кляштарны храм аказаўся апошнім з закрытых (1857) пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці. Да гэтага ён заставаўся парафіяльным. Менавіта ў дамініканскім касцёле захоўваўся абраз Маці Божай Брэсцкай, — копія абраза з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Абраз цяпер знаходзіцца ў парафіяльным касцёлы на плошчы Леніна[43].
Становішча дамініканаў змянілася пасля паўстання 1830―1831 гадоў ― былі аб’яднаны Літоўская і Руская правінцыі, з 1842 года пачалася канфіскацыя кляштараў і пераўтварэнне іх у праваслаўныя[44]. Рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў, які праязджаў праз Пінск, пісаў: «Касцёл дамініканаў, таксама скасаваны цяпер, аздабляецца для праваслаўнай царквы. З яго збіваюць каланаду і праломваюць плафон для пабудовы званіцы. І тут, кажуць, быў добры сценапіс, але цяпер і слядоў яго непрыкметна, праз тое, што пасля ліквідацыі дамініканскага касцёла каля сямі гадоў таму, ён быў здадзены габрэю Арэнборгу пад склад воўны. У келлях дамініканаў жывуць цяпер двое праваслаўных святароў, і змяшчаецца гарадская аптэка»[45].
У 1840 годзе разглядалася справа «пра супрацьзаконныя ўчынкі забельскіх ксяндзоў дамінікан». Складалася яна ў тым, што частка свальнянскіх вернікаў, былых уніятаў, не жадала пераходзіць у праваслаўе, а перайшла ў каталіцтва. На ўсе звароты праваслаўнага духавенства прыхаджане заяўлялі, што «вера наша ёсць толькі адна… і мы яе ніколі не пакінем…», «бо вера ваша руская ўсё роўна як жыдоўская». У гэтай сітуацыі былі абвінавачаны дамінікане Забельскага кляштара, а таксама мясцовыя ксёндзы і шляхта[46].
З сярэдзіны XIX стагоддзя колькасць дамініканцаў у Расійскай імперыі змяншалася, і ў 1881 годзе засталося 48 манахаў[47]. Паколькі польская мова пасля паўстання набыла семантыку «сувязі са старой эпохаю», у Беларусі ксяндзоў, што вялі імшу польскай мовай, у асноўным адпраўлялі ў Нясвіжскі дамініканскі кляштар; з 32, якія засталіся да 1871 года, 2 былі зняволеныя ў 1867 годзе, 8 — у 1870 годзе, астатнія — у 1871. Некаторыя ксяндзы былі сасланыя ў будынак ліквідаванага віленскага кляштара кармелітаў, астатнія — у Сібір[48][49]. У 1864 годзе дамініканцаў у Беларусі не засталася.
Яшчэ падчас IV Латэранскага сабора ў 1215 годзе была прынята канстытуцыя «De magistris scholasticis» («Пра школьных настаўнікаў»), у якой загадвалася пры кожным кафедральным касцёле мець настаўнікаў і вучыць бясплатна, «адкрываючы дарогу да ведаў». Таксама кафедральны касцёл павінен быў мець тэолага, які б вучыў ксяндзоў[50]. У тым жа годзе папа Інакенцій III зацвердзіў ордэн св. Дамініка. Гэты ордэн стварыў магутную тэалагічна-філасофскую школу на чале са знакамітым Тамашам Аквінскім. Дамініканцы спрабавалі прыстасаваць перыпатэтычную філасофію для выкарыстання яе ў школах. Гэта было пачаткам доўгага працэсу стварэння асноў новай сістэмы адукацыі і адначасова працэс умацавання сувязей усходняй часткі Еўропы з Захадам, працэс уключэння яе ў заходнееўрапейскую цывілізацыю[51].
Першая навучальная дамініканская ўстанова ― Забельскі дамініканскі калегіум ― для шляхецкай і мяшчанскай моладзі адкрылася на сродкі мясцовага памешчыка Георгія Шчыта ў 1716 годзе пры кляштар Св. Георгія у фальварку Забелы каля вёскі Валынцы (цяпер Верхнядзвінскі раён). У канцы XVIII стагоддзя ў калегіуме выкладалі драматургі Міхал Цяцерскі і Каятан Марашэўскі. Гэтая школа пасля 1772 года з’яўлялася адзінай неезуіцкай сярэдняй навучальнай установай на ўсходзе Беларусі. У 1787 годзе калегіум меў 5 фальваркаў з 550 дварамі і прыбыткам у дзве з паловай тысячы рублёў штогод. У 1796 годзе па завяшчанні мінскага ваяводы Яна Гільзена калегіум стаў атрымліваць штогод 6 тысяч рублёў. У 1803 годзе калегіум пераўтвораны ў павятовае вучылішча Віленскай навучальнай акругі, а ў 1811 годзе — у гімназію, дзе вучыліся паэт і драматург Арцём Вярыга-Дарэўскі і этнограф і археолаг Канстанцін Тышкевіч. Аўтар камедый прафесар рыторыкі і паэтыцы Міхал Цяцерскі разам з Каятанам Марашэўскім і Ігнацы Юрэвічам стварылі у Забельскім калегіуме школьны тэатр. Вядомыя пастаноўкі «Святы Ксаверый» і «Антоній Падзеўскі». Першая камічная опера на Беларусі Рафала Вардоцкага на лібрэта Цяцерскага «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (1789) увайшла ў курс гісторыі беларускай музыкі[52]. Росквіт забельскай капэлы прыпадае на канец XVIII — пачатак XIX стагоддзяў. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта ёсць шэраг вакальных і інструментальных партый літургічных кампазіцый, якія гучалі ў забельскім кляштары[53].
Выкладаліся латынь, матэматыка, фізіка, маляванне і архітэктура. Маляванне выкладалі Банавентура Хруцкі, Бернард Лютуковіч і інш[54].
Пазней дамініканскі ордэн не атрымаў дазволу адкрываць новыя школы на беларускіх землях. Тым не менш, у 1770-х гадах былі створаны вучылішчы, у іх навучалася да 20 % моладзі. Напрыклад, дамініканская школа ў Чашніках, якая адкрылася ў 1777 годзе, нягледзячы на пратэсты Адукацыйнай камісіі, дзейнічала да пачатку 1790-х гадоў. Наўзамен яе ўлады дазволілі адкрыць 3-класную школу ва Ушачах. У некаторых школах давалася павышаная адукацыя ― «7 свабодных мастацтваў»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія[55]. Праводзіліся тэатралізаваныя дыспуты, дэкламацыі, ставіліся спектаклі школьнага тэатра[56].
У 1797 годзе дамініканцам перадалі свецкія 6-класныя вучылішчы ў Наваградку і Гародні. На базе пераведзенага ў Нясвіж слуцкага павятовага вучылішча адкрыўся калегіум. У 1817 годзе ў шасці дамініканскіх школах ўжо вучылася 705 выхаванцаў[57].
Часам філасофскія прадметы вар’іраваліся, ― у адных кляштарах выкладалі толькі філасофію, у іншых — тэалогію. Былі студыі, дзе маральная тэалогія спалучалася з філасофіяй або выкладалася толькі дагматычная тэалогія альбо маральная. Там вывучаліся лацінская мова, фізіка, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, логіка, астраномія, літургічныя спевы, рыторыка. У перыяд з 1772 да 1830 года ў Беларусі існавала не менш за 31 студыі дамініканцаў: Гародня — генеральная студыя ў 1752―1830 гадах; Дзярэчын — студыя філасофіі ў 1816—1829 гадах; Дунілавічы — студыя маральнай тэалогіі ў першай трэці XIX стагоддзя; Забелы — фармальная студыя ў 1758―1827 гадах; Шклоў — студыя філасофіі і тэалогіі да 1819 года, студыя філасофіі з 1819 г[58].
У 1794—1831 гадах пры кляштары дамініканцаў працавала павятовая навагрудская школа, якая мела шэсць класаў і дзве ступені. Ніжнюю ступень утваралі два першыя класы, у якіх вывучалі польскую i лацінскую мовы, арыфметыку i геаграфію. У наступных чатырох класах выкладаліся гісторыя, фізіка, матэматыка, літаратура, права, этыка, французская, нямецкая i руская мовы. У кожным класе з найбольш здольных вучняў выбіралі «аўдытараў», якія дапамагалі выкладчыкам у навучанні і падтрыманні дысцыпліны. Штоквартальна праводзіліся экзамены. Большасць вучняў жыла ў кляштарнай бурсе (інтэрнаце). Выпускнікі школы мелі права паступаць у Віленскі ўніверсітэт. У 1807—1815 гадах у школе вучыліся паэты Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Закрыта пасля пажару 1831 года[59].
Пасля выгнання езуітаў паўстала пытанне пра лёс дамініканскіх навучальных устаноў, якія займаліся паводле езуіцкіх праграм. Кіраўнік Літоўскай правінцыі ордэна Фаўстын Цяцерскі звярнуўся да міністра народнай асветы кн. А. М. Галіцына з прапановай пераўтварэння забельскай гімназіі ў акадэмію, але не знайшоў падтрымкі. Дамініканцам у 1822 годзе аддалі былы езуіцкі калегіум у Оршы, дзе яны адкрылі 4-класнае вучылішча. У 1825 годзе яго закрылі. Пасля паўстання 1830―1831 гадоў дамініканскія навучальныя установы былі пераведзены ў свецкія[60].
Паэт Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх ў навуцы і веры і строга сачылі за маральнасцю ― шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека»[61].
Пасля 1917 года ў Петраградзе заставаўся дамініканец Жан-Батыст Амудру, які да таго часу ўжо 10 гадоў быў пробашчам касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Лурдскай на Ковенскім завулку. З 1934 года Амудру фактычна замяшчаў высланага з СССР апостальскага адміністратара Антонія Малецкага. У 1935 годзе Амудру быў таемна пасвечаны ў біскупы апостальскім адміністратарам Масквы Піем Невё , але яго тады ж выслалі з краіны[62][63].
У 1992 годзе на тэрыторыі былога СССР каталіцкай царквой створаны правінцыйны дамініканскі вікарыят, які падпарадкаваўся польскай ордэнскай правінцыі, і ў яго сістэме ў 1993 годзе створаны Генеральны вікарыят Балтыі і Беларусі святых Анёлаў-Ахоўнікаў. 11 лістапада 1992 года ўсталяваны дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам і створана Нунцыятура Святога Прастола ў Рэспубліцы Беларусь[64]. З мая 2020 года апостальскім нунцыем у Беларусі з’яўляецца Антэ Ёзіч[65]. 11 лютага 1999 года заснавана Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі[66].
Супольнасць дамініканскіх тэрцыарыяў пад тытулам Святой Тройцы ў Беларусі была афіцыйна зацверджана ў снежні 2012 года. Тэрцыарыі — трэцяя (пасля братоў і сясцёр дамініканак) галіна дамініканскага ордэна. Да яе адносяцца свецкія людзі, якія імкнуцца ў жыцці кіравацца дамініканскай духоўнасцю. У 2017 годзе ў Беларусі працавалі шэсць айцоў-дамініканцаў у Віцебску і Магілёве. Да Ордэна належыць таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Казімір Велікаселец. У Мінску дзейнічае абшчына сясцёр-дамініканак (вул. Няжданава, 48).
У беларускай літаратуры манах-дамініканец сустракаецца ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), ― там гэта сімвал цемрашальства і хітрыны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.