From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя сучаснай Грэцыі ахоплівае гісторыю Грэцыі з прызнання яе незалежнасці ад Асманскай імперыі вялікімі дзяржавамі (Вялікабрытаніяй, Францыяй і Расійскай імперыяй) пасля вайны за незалежнасць у 1828 годзе да сённяшняга дня.
Дагістарычная Грэцыя (да XXX ст. да н. э.) | |||
Эгейская культура (XXX—XII да н. э.) | |||
Заходнеанаталійская цывілізацыя | |||
Мінойская цывілізацыя | |||
Кікладская культура | |||
Эладская цывілізацыя | |||
Мікенская цывілізацыя | |||
Старажытная Грэцыя (XI — 146 да н. э.) | |||
Цёмныя стагоддзі (XI—IX) | |||
Архаічны перыяд (VIII—VI) | |||
Класічны перыяд (V—IV) | |||
Эліністычны перыяд (IV — 146) | |||
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы | |||
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.) | |||
Сярэднявечча і Новы час (330—1832) | |||
Візантыйская Грэцыя (330—1453) | |||
Франкакратыя (1204—1458) | |||
Асманская Грэцыя (1458—1832) | |||
Сучасная Грэцыя (пасля 1821) | |||
Вайна за незалежнасць (1821—1832) | |||
Каралеўства (1832—1924) | |||
Другая Рэспубліка (1924—1935) | |||
Рэжым 4 жніўня (1936—1941) | |||
Другая сусветная вайна (1941—1944) | |||
Грамадзянская вайна (1944—1949) | |||
Пасляваенны час (1950—1967) | |||
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974) | |||
Трэцяя Рэспубліка (з 1974) | |||
Тэматычныя артыкулы | |||
Ваенная гісторыя | |||
Грэчаскія імёны | |||
Грэчаская мова | |||
Грэчаская літаратура
|
У 16 і 17 стагоддзях у Грэцыі пачалі з'яўляцца ідэі і перспектывы для звяржэння асманскага валадарства. У 18 стагоддзі грэчаскія купцы сталі дамінаваць у гандлі Асманскай Імперыі, ствараць супольнасці па ўсім Міжземнамор'і, на Балканах і ў Заходняй Еўропе. Нягледзячы на тое, што асманскае заваяванне пазбавіла Грэцыю значных еўрапейскіх інтэлектуальных рухаў, такіх як Рэфармацыя і Асветніцтва, гэтыя ідэі разам з ідэаламі Французскай рэвалюцыі і рамантычнага нацыяналізму пачалі пранікаць у Грэцыю з дапамогай гандлёвай дыяспары. У канцы 18 стагоддзя найбольш уплывовы грэчаскі пісьменнік і інтэлектуал Рыгас Ферэас арганізаваў комплексны нацыянальны рух, накіраваны на вызваленне ўсіх балканскіх народаў і стварэнне «Балканскай рэспублікі». У 1797 годзе ён быў арыштаваны аўстрыйскімі чыноўнікамі ў Трыесце і разам з сябрамі быў дэпартаваны ў Белград і перададзены ўладам Асманскай Імперыі, пасля чаго ў чэрвені 1798 года яны былі задушаныя, а іх целы скінутыя ў Дунай. Іншы грэчаскі інтэлектуал Адамантыяс Караіс быў сведкам Французскай рэвалюцыі, пасля чаго пераконваў заможных грэкаў будаваць школы і бібліятэкі для далейшай адукацыі грэчаскага насельніцтва, лічыўшы, што паглыбленне адукацыі неабходна для працвітання грэчаскага народа і краіны. Яго мэтай было стварэнне дэмакратычнай Грэцыі, як у Залаты век Пярыкла, але ён не дажыў да канца вайны за незалежнасць.
У 1814 годзе ў Адэсе, якая была важным цэнтрам грэчаскай гандлёвай дыяспары, маладыя купцы Нікалаас Скуфас, Эмануіл Ксантас і Афанасій Цакалаў заснавалі таварыства «Філікі Этэрыя» (грэч. Φιλική Εταιρεία — Саюз сяброў) і пры падтрымцы заможных грэчаскіх суполак у Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах Амерыкі яны пачалі планаваць паўстанне. Таварыства планавала пачаць паўстанне на тэрыторях Пелапанеса, Дунайскіх княтваў і Канстанцінопаля. 6 сакавіка 1821 года ў Дунайскіх княствах успыхнула паўстанне на чале з Александрасам Іпсіланты, але неўзабаве яно было задушана туркамі. Падзеі на поўначы стымулявалі грэкаў Пелапанеса да дзеянняў і 17 сакавіка маніёты абвясцілі вайну Асманскай Імперыі. Лічыцца, што рэвалюцыя была абвешчана 25 сакавіка[1] мітрапалітам Германам, які ўзняў сцяг з крыжом у манастыры Агія-Лаўра, але некаторыя гісторыкі сумняваюцца ў сапраўднасці гэтай падзеі. У канцы месяца Пелапанес пачаў адкрытае паўстанне і да кастрычніка 1821 года грэкі на чале з Тэадорасам Калакатронісам захапілі горад Трыпалі. Першымі рэгіёнамі, якія паўсталі на тэрыторыі Цэнтральнай Грэцыі былі Фалкіда (24 сакавіка) і Салона (27 сакавіка), і да канца 1821 года рэвалюцыянеры замацавалі свае пазіцыі ў гэтай частцы краіны. Рэвалюцыйныя дзеянні былі распачатыя на Крыце, на Кіпры, у Македоніі і іншых рэгіёнах, але яны хутка былі задушаныя. Новаўтвораны грэчаскі флот меў поспехі ў барацьбе супраць Асманскага флоту ў Эгейскім моры і прадухіліў прыбыццё асманскага падмацавання на мацярык. У снежні 1821 года адбылося першае пасяджэнне Грэчаскай нацыянальнай асамблеі, рэпрэзентатыўнага рэвалюцыйнага палітычнага органа, які складаўся амаль выключна з прадстаўнікоў пелапанескай шляхты. На пасяджэнні былі прыняты першыя мясцовыя статуты. Рэвалюцыйная дзейнасць была раздроблена з-за адсутнасці моцнага цэнтральнага кіраўніцтва. У 1822 і 1824 гадах туркі і егіпцяне атакавалі астравы, у тым ліку Хіёс і Псару, здзяйсняючы масавыя забойствы мясцовага насельніцтва. Гэта паўплывала на змену меркавання грамадства Заходняй Еўропы на карысць грэчаскіх паўстанцаў. Напружанасць, якая ўзнікла паміж рознымі грэчаскімі групамі, прывяла да дзвюх запар грамадзянскіх войнаў. Між тым, асманскі султан вёў перамовы з Мухамедам Алі Егіпецкім, які пагадзіўся адправіць свайго сына Ібрагіма-пашу ў Грэцыю з арміяй для падаўлення рэвалюцыі і вяртання тэрыторый. Ібрагім прыбыў на Пелапанес у лютым 1825 года і адразу дабіўся поспеху: к канцу 1825 года большая частка Пелапанеса знаходзілася пад егіпецкім кантролем, а горад Месалангіён, які знаходзіўся ў асманскай аблозе з красавіка 1825 года, паў у красавіку 1826 года. Нягледзячы на тое, што Ібрагім быў пераможаны на паўвостраве Мані, ён паспяхова задушыў паўстанні на Пелапанесе і ў Афінах. Пасля некалькіх гадоў перагавораў тры вялікія дзяржавы, Расійская Імперыя, Вялікабрытанія і Францыя, вырашылі ўмяшацца у канфлікт і накіравалі флот у Грэцыю. Пасля навіны пра тое, што асманскі-егіпецкі флот збіраецца атакаваць востраў Ідра, саюзны флот перахапіў яго каля горада Піласа і пасля тыднёвага супрацьстаяння атрымаў перамогу. У 1828 годзе пад кіраўніцтвам французскага экспедыцыйнага корпуса егіпецкія войскі былі эвакуяваныя з Пелапанеса. У кастрычніку 1828 года грэкі сфарміравалі новы ўрад, кіраўніком якога стаў Іаан Кападыстрыя, пасля чаго пачалі захоп Цэнтральнай Грэцыі, у тым ліку Афін і Фіваў. Апошняй вялікай падзеяй вайны стала бітва пры Петры, якая адбылася 12 верасня 1829 года на поўначы ад Атыкі і ў якой грэчаскія войскі пад кіраўніцтвам Дэметрыяса Іпсіланты ўпершыню былі падрыхтаваныя, як еўрапейская армія, а не як партызанскія атрады. Яны перамаглі асманскія войскі, якія здалі ўсе землі ад Лівадыі да ракі Сперхеёс за магчымасць бяспечнага адыходу з Цэнтральнай Грэцыі. У 1830 годзе Вялікабрытаніяй, Францыяй і Расійскай Імперыяй быў складзены Лонданскі пратакол, які прадугледжваў стварэнне незалежнай Грэчаскай дзяржавы пад уладай манарха, а ў 1831 годзе прадстаўніком варожага клану быў забіты губернатар Іаан Кападыстрыя. У 1832 годзе дзяржавы прапанавалі на трон баварскага князя Отана, пасля чаго Пятая нацыянальная асамблея ў Нафпліёне прыняла прапанову і стварыла канстытуцыю 1832 года. Межы Каралеўства Грэцыя былі пацверджаны Лонданскім пратаколам ад 30 жніўня 1832 года, падпісаным прадстаўнікамі трох дзяржаў.
Валадаранне Отана прыпала на трывожныя часы, аднак яму ўдалося ўтрымацца на троне на працягу 30 гадоў перш чым ён з жонкай Амаліяй пакінулі Грэцыю на борце брытанскага ваеннага карабля. У першыя гады кіравання ад яго імя правілі баварскія рэгенты і былі вельмі непапулярнымі сярод грэкаў, спрабуючы навязаць ім нямецкія ідэі жорсткай іерархічнай улады і не пускаючы іх на найбольш значныя дзяржаўныя пасады. Тым не менш, яны заклалі асновы грэчаскай адміністрацыі, арміі, судовай сістэмы і сістэмы адукацыі. Отан шчыра жадаў стварыць у Грэцыі добры ўрад, аднак пакутаваў ад двух галоўных перашкод: рымска-каталіцкай веры і бяздзетнага шлюбу з каралевай Амаліяй. Гэта азнчала, што ён не мог быць каранаваны як кароль Грэцыі паводле праваслаўнага абраду і не мог стварыць дынастыю.
Баварскія рэгенты правілі да 1937 года, калі былі адкліканы па патрабаванню Брытаніі і Францыі, і Отан прызначыў грэчаскіх міністраў, але чыноўнікі з Баварыі па-ранейшаму складалі большасць адміністрацыі і арміі Грэцыі. Расла незадаволенасць грэкаў тым, што ў краіне адсутнічалі заканадаўчая ўлада і канстытуцыя, у выніку чаго ў верасні 1843 года ў Афінах успыхнула паўстанне, пасля якога была створана Нацыянальная асамблея і канстытуцыя. Паводле канстытуцыі, быў створаны двухпалатны парламент, які складаўся з Асамблеі і Сената. Улада перайшла да палітыкаў, большасць якіх складалі камандзіры ў вайне за незалежнасць супраць Асманскай Імперыі.
У грэчаскай палітыцы 19 стагоддзя пераважала нацыянальнае пытанне. Большасць грэкаў працягвала жыць пад уладай Асманскай імперыі, і грэкі марылі пра іх вызваленне і аднаўленне дзяржавы, якая будзе ахопліваць усе грэчаскія землі са сталіцай у Канстанцінопалі. Гэтыя планы мелі назву «Вялікая ідэя» (грэч. Μεγάλη Ιδέα). Яна падтрымлівалася амаль бесперапыннымі паўстаннямі супраць асманаў на ўсіх грэкамоўных тэрыторыях, уключаючы Крыт, Фесалію і Македонію.
Калі ў 1853 годзе ўспыхнула Крымская вайна, Грэцыя ўбачыла магчымасць атрымаць грэчаскія тэрыторыі, якія знаходзіліся пад кантролем Асманскай імперыі. Грэкі мелі значную падтрымку ў Расійскай імперыі, але расійскі ўрад лічыў занадта небяспечным дапамагаць Грэцыі пашыраць свае ўладанні. Калі расіяне атакавалі асманаў, грэчаскія войскі ўварваліся ў Фесалію і Эпір. Для таго, каб блакаваць далейшы грэчаскі наступ, англічане і французы, якія ваявалі ў саюзе з Асманскай імперыяй, занялі галоўны грэчаскі порт Пірэй з красавіка 1854 года па люты 1857 года. Грэкі, спадзяючыся на перамогу Расійскай імперыі, падбухторвалі бунты на Эпіры і Крыце, але расіяне прайгралі вайну, і Грэцыя не зрабіла ніякіх поспехаў паводле яе вынікаў.
Новае пакаленне грэчаскіх палітыкаў усё больш нецярпіма ставілася да ўмяшання караля Отана ў справы Урада. У 1862 годзе кароль адхіліў прэм'ер-міністра, былога адмірала Канстантынаса Канарыса, найбольш уплывовага палітыка таго перыяду. Гэта выклікала ваенны мяцеж, які вымусіў Отана прыняць непазбежнае рашэнне пакінуць краіну.
Грэкі прапанавалі Вялікабрытаніі зрабіць сына каралевы Вікторыі прынца Альфрэда новым грэчаскім каралём, але на гэта рашэнне было накладзена вета з боку іншых дзяржаў. Замест гэтага новым каралём Грэцыі стаў малады дацкі прынц Георг. Ён быў вельмі папулярным сярод грэкаў і пагадзіўся, каб яго сыны прынялі грэчаскую праваслаўную веру. У якасці ўзнагароды за прыняцце прабрытанскага караля Англія саступіла Грэцыі Іанічныя астравы.
Па патрабаванню Англіі і караля Георга Грэцыя прыняла больш дэмакратычную канстытуцыю ў 1864 годзе. Паўнамоцтвы караля былі скарочаны, сенат адменены, а права голасу атрымалі ўсе дарослыя мужчыны. Тым не менш, грэчаская палітыка па-ранейшаму заставалася вельмі дынастычнай. Асобы з такімі прозвішчамі, як Заіміс, Раліс і Трыкупіс, неаднаразова станавіліся прэм'ер-міністрамі.
Нягледзячы на тое, што партыі, у асноўным, канцэнтраваліся вакол асобных лідараў, існавалі дзве шырокія палітычныя тэндэнцыі: лібералы на чале з Харылаасам Трыкупісам, а пазней Элефтэрыясам Венізеласам, і кансерватары на чале з Тэадорасам Дэліянісам, а пазней Фрасівуласам Заімісам. Трыкупіс і Дэліяніс дамінавалі ў грэчаскай палітыцы канца 19 стагоддзя, па некалькі разоў займаючы пасаду прэм'ер-міністра. Трыкупіс выступаў за супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй у замежных справах, стварэнне інфраструктуры і карэннай прамысловасці, павышэнне ахоўных тарыфаў і прагрэсіўнае сацыяльнае заканадаўства. Дэліяніс падтрымліваў грэчаскі нацыяналізм і прасоўваў вялікую грэчаскую ідэю.
На працягу ўсяго 19 стагоддзя Грэцыя заставалася вельмі беднай краінай. У краіне не хапала сыравіны і матэрыялаў, інфраструктуры і капіталу. Сельская гаспадарка знаходзілася на нізкім узроўні, а асноўнымі экспартнымі таварамі былі парэчка, разынкі і тытунь. Некаторыя грэчаскія купцы і землеўладальнікі багацелі, і Пірэй стаў буйным портам, але сялянства заставалася за мяжой беднасці. Грэцыя заставалася ў даўгах перад Лонданскімі фінансавымі дамамі.
У 1890-м годзе Грэцыя была практычна банкрутам. Беднасць панавала ў сельскай мясцовасці і на астравах і паслаблялася толькі маштабнай эміграцыяй у ЗША. Тым не менш, у будаўніцтве камунікацый і інфраструктуры быў дасягнуты прагрэс і ў Афіных былі ўзведзены вялікія грамадскія будынкі. Нягледзячы на дрэнную фінансавую сітуацыю, Афіны арганізавалі адраджэнне Алімпійскіх гульняў у 1896 годзе, якія сталі вялікім поспехам.
Падчас кіравання Георга I у Грэцыі была распрацавана парламенцкая сістэма. Першапачаткова заставалася і не спрыяла нестабільнасці каралеўская прэрагатыва ў выбары прэм'ер-міністра да ўвядзення прынцыпу парламенцкага даверу ў 1875 годзе рэфармістам Харылаасам Трыкупісам. Кліентызм і частыя выбарчыя ўзрушэнні заставаліся нормай у грэчаскай палітыцы і тармазілі развіццё краіны.
Карупцыя і павелічэнне падаткаў Трыкупіса (для стварэння неабходнай інфраструктуры, такой як Карынфскі канал), перагружаныя слабой эканомікай краіны, прымусілі Грэцыю прыняць дэкларацыю дзяржаўную неплацежаздольнасці і накладанне органа Міжнароднага фінансавага кантролю, каб расплаціцца з крэдыторамі краіны.
Іншым палітычным пытаннем у 19 стагоддзі была грэчаская мова. Грэчаскі народ размаўляў на мове, якую называлі «дымотыка», аднак адукаваная эліта лічыла яе сялянскім дыялектам і была поўная рашучасці аднавіць веліч старажытнагрэчаскай мовы. Такім чынам, урадавыя дакументы і газеты публікаваліся на «катарэвусе», якую не магла зразумець большасць простых грэкаў. Лібералы выступалі за прызнанне дымотыкі нацыянальнай мовай, але кансерватары і Царква супрацівіліся гэтаму. Калі Новы Запавет быў перакладзены на дымотыку ў 1901 годзе, у Афінах успыхнулі беспарадкі, якія прывялі да падзення ўраду. Гэтае пытанне заставалася актуальным у Грэцыі да 1970-х гадоў.
Таксама востра стаяла пытанне пра вызваленне грэкамоўных правінцый Асманскай імперыі. Крыцкае паўстанне (1866–1869) моцна ўзняло нацыяналістычныя настроі. Такім чынам, падчас вайны Расійскай імперыі і Асманскай імперыі (1877–1878) грэкі спачувалі расійскаму боку, аднак краіна была занадта бедная, каб афіцыйна ўступіць у вайну. Тым не менш, у 1881 годзе ў рамках Берлінскага дагавора Грэцыі былі перададзеныя Фесалія і невялікая частка Эпіра.
Бунты на Крыце рэгулярна працягваліся, а ў 1897 годзе ўрад Тэадораса Дэліяніса пад ціскам грамадства абвясціў вайну Асманскай імперыі, аднак дрэнна навучаная і абсталяваная грэчаская армія была разбіта туркамі. Дзякуючы ўмяшанню вялікіх дзяржаў, Грэцыя страціла толькі невялікія тэрыторыі на мяжы з асманскай імперыяй, а на Крыце была створана аўтаномная Крыцкая дзяржава на чале з Георгам I.
Нацыяналістычныя настроі сярод грэкаў у асманскай імперыі працягвалі расці, у выніку чаго ў 1890-я гады пастаянныя ўзрушэнні адбываліся ў Македоніі, дзе грэкі супрацьстаялі не толькі асманам, але і балгарам у «змаганні за Македонію».
У 1908 годзе ў Асманскай імперыі ўспыхнула Младатурэцкая рэвалюцыя. Скарыстаўшыся ўнутранымі беспарадкамі, Аўстра-Венгрыя анексавала тэрыторыю Босніі і Герцагавіны, а Балгарыя абвясціла сваю незалежнасць. На Крыце мясцовае насельніцтва на чале з маладым палітыкам Элефтэрыясам Венізеласам абвясціла Саюз з Грэцыяй, правакуючы чарговы канфлікт. Тое, што грэчаскі ўрад на чале з Дымітрыясам Ралісам быў не ў стане выкарыстаць сітуацыю і прыяднаць Крыт да Грэцыі, раздражняла многіх грэкаў, асабліва маладых афіцэраў, якія ўтварылі таемнае таварыства «Ваенная ліга».
Антыўрадавае паўстанне ў Гудзі 15 жніўня 1909 года стала пераломным у сучаснай грэчаскай гісторыі. Паколькі ваенныя не мелі досведу ў палітыцы, яны запрасілі ў якасці палітычнага дарадцы Элефтэрыяса Венізеласа. Ён хутка зарэкамендаваў сябе ў якасці магутнага палітычнага дзеяча, а яго саюзнікі перамаглі на выбарах у жніўні 1910 года. У кастрычніку 1910 года Венізелас стаў прэм'ер-міністрам, пасля чаго дамінаваў у грэчаскай палітыцы на працягу наступных 25 гадоў.
Вясной 1912 года шэраг пагадненняў паміж балканскімі краінамі (Грэцыяй, Балгарыяй, Чарнагорыяй і Сербіяй) утварыў «Балканскую лігу», якая абвясціла вайну Асманскай імперыі ў кастрычніку 1912 года. Асманы пацярпелі паразу на ўсіх франтах у Першай балканскай вайне, у выніку чаго саюзнікі намагаліся хутка захапіць як мага больш тэрыторый. Грэкі занялі Фесалонікі, вялікія часткі Эпіра і Яніны, а таксама Крыт і астравы Эгейскага мора.
Лонданскі дагавор (1913), які паклаў канец вайне, не задаволіў нікога, у выніку чаго ваенныя дзеянні не скончыліся. У чэрвені 1913 года Балгарыя напала на Грэцыю і Сербію, пачаўшы Другую балканскую вайну, але яе атака была адбіта. Бухарэсцкі дагавор (1913), які завяршыў Другую балканскую вайну, пакінуў Грэцыю з паўднёвым Эпірам, паўднёвай паловай Македоніі (вядомай як Грэчаская Македонія), Крытам і астравамі Эгейскага мора, за выключэннем Дадэканеса, які быў акупаваны Італіяй з 1911 года. Такім чынам, Грэцыя амаль у два разы павялічыла сваю плошчу і колькасць насельніцтва.
У сакавіку 1913 года анархіст Аляксандрас Шынас забіў караля Георга ў Фесалоніках, і прастол заняў яго сын Канстанцін I, які быў першым каралём, які нарадзіўся ў Грэцыі і быў праваслаўным. Улічваючы яго ролю галоўнакамандуючага грэчаскай арміі падчас Балканскіх войнаў, яго папулярнасць была велізарнай і канкуравала толькі з прэм'ер-міністрам Венізеласам.
Калі ў 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна і кароль і прэм'ер-міністр палічылі за лепшае захаваць нейтральную пазіцыю, нягледзячы на дамову Грэцыі аб саюзе з Сербіяй, якая падзверглася нападу Аўстра-Венгрыі. Але калі Саюзнікі папрасілі грэчаскай дапамогі ў Дарданельскай кампаніі 1915 года, прапаноўваючы за гэта тэрыторыю Кіпра, стала відавочна іх разыходжанне ў пунктах гледжання: Канстанцін атрымаў адукацыю ў Германіі, быў жанаты на Сафіі Прускай, сястры кайзера Вільгельма і быў перакананы ў перамозе Цэнтральных дзяржаў, а Венізелас падтрымліваў Англію і верыў у перамогу Саюзнікаў.
Паколькі Грэцыя, марская краіна, не магла супрацьстаяць магутнаму брытанскаму флоту, кароль Канстанцін, спасылаючыся на неабходнасць перадышкі пасля дзвюх балканскіх войнаў, выступаў за працяг нейтралітэту. Венізелас, у сваю чаргу, актыўна агітаваў уступленне Грэцыі ў вайну на баку Саюзнікаў. Ён быў адхілены ад пасады, але перамог на выбарах 1915 года і зноў сфармаваў урад. Калі ў кастрычніку 1915 года Балгарыя ўступіла ў вайну ў якасці саюзніка Германіі, Венізелас запрасіў Саюзныя войскі ў Грэцыю (Фесалонікскі фронт), з-за чаго быў зноў звольнены Канстанцінам.
У жніўні 1916 года пасля некалькіх інцыдэнтаў, падчас якіх абодва бакі ўварваліся на яшчэ тэарэтычна нейтральную тэрыторыю Грэцыі, Венізелас стварыў асобны ўрад у Фесалоніках, кантраляваных Саюзнікамі, у выніку так званага Руху нацыянальнай абароны. Пасля гэтага Канстанцін кіраваў толькі тэрыторыяй, якая належала Грэцыі да Балканскіх войнаў («Старая Грэцыя»), а яго ўрад неаднаразова падвяргаўся зневажанням з боку Саюзнікаў. У лістападзе 1916 года французы занялі Пірэй, разбамбілі Афіны і прымусілі грэчаскі флот здацца. Раялісцкія войскі атакавалі іх, што прывяло да бітвы паміж французскімі і грэчаскімі войскамі. Апроч таго, у Афінах праходзілі бунты супраць прыхільнікаў Венізеласа («Лістападаўскія падзеі»).
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі ў 1917 годзе падтрымка Канстанціна яго стрыечным братам расійскім імператарам была ліквідавана, і ён быў вымушаны пакінуць краіну ў чэрвені 1917 года, фактычна не адракаючыся. Яго другі сын Аляксандр стаў каралём у той час, як астатняя частка каралеўскай сям'і і большасць раялістаў рушылі ў выгнанне. Пасля гэтага Венізелас узначаліў фактычна адзіную Грэцыю ў вайне на баку Саюзнікаў, але падзел грэчаскага грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў Венізеласа, так званы Нацыянальны раскол, усё больш укараняўся.
У лістападзе 1918 года пасля заканчэння вайны, у выніку якой распалася Асманская імперыя, яе тэрыторыя гатова была быць падзеленай паміж дзяржавамі-пераможцамі, і Грэцыя чакала, што Саюзнікі выканаюць свае абацанні. У пэўнай ступені дзякуючы дыпламатычным намаганням Венізеласа, Грэцыя атрымала Заходнюю Фракію паводле Нёіскага дагавора 1919 года і Усходнюю Фракію, а таксама зону паміж Смірнай і заходняй Анатоліяй (Акупацыя Смірны) паводле Сеўрскага дагавора 1920 года. Будучыня Канстанцінопаля таксама магла быць вызначанай на карысць Грэцыі. Але ў той жа час у Турцыі мацней Турэцкі нацыянальны рух на чале з Фустафом Кемалем (пазней Кемалем Атацюркам), які ўсталяваў альтэрнатыўны ўрад у Анкары і займаўся барацьбой з грэчаскай арміяй.
Выкананне Вялікай грэчаскай ідэі здавалася блізкім. Тым не менш, глыбокі разлом у грэчаскім грамадстве прывёў да спробы замаху на Венізаласа двума былымі раялісцкімі афіцэрамі. У лістападзе 1920 года ліберальная партыя прайграла на выбарах, а грэчаскі народ прагаласаваў на рэферэндуме за вяртанне караля Канстанціна з выгнання пасля раптоўнай смерці Аляксандра.
Аб'яднаная апазіцыя, якая праводзіла кампанію з лозунгам пакласці канец грэчаскай ваеннай кампаніі ў Анатоліі, а не актывізаваць яе. Аднак аднаўленне раялістаў мела цяжкія наступствы для краіны. Многія ветэраны войска Венізеліса былі звольненыя ці пакінулі армію. Італія і Францыя выкарысталі вяртанне ненавіснага ім Канстанціна ў якасці падставы для падтрымкі Кемаля. У жніўні 1922 года турэцкая армія разбурыла грэчаскі фронт і ўзяла Смірну ў аперацыі, якая прывяла да катастрафічнай разні ў Смірне.
У адпаведнасці з Лазанскім дагаворам 1923 года грэчаская армія пакінула не толькі Анатолію, але і Усходнюю Фракію і астравы Імбрас і Тэнедас (зараз Гёкчэада і Базджаада). Паміж дзвюма краінамі была дасягнута дамоўленасць па абмену насельніцтвам, у выніку якой паўтара мільёна хрысціян і паўмільёна мусульман былі вымушаны пакінуць свае дамы. Гэтая катастрофа паклала канец вялікай ідэі і пакінула Грэцыю фінансава вычарпанай і дэмаралізаванай.
У 1941-44 акупіравана італьянска-нямецкімі войскамі.
У 1944-49 у Грэцыі ідзе грамадзянская вайна паміж камуністамі і раялістамі.
Манархія была скасавана толькі ў 1973 сіламі ваенных.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.