From Wikipedia, the free encyclopedia
Ваенная аперацыя Расіі ў Сірыі — удзел Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў баявых дзеяннях супраць тэрарыстычных фарміраванняў «Ісламскай дзяржавы» і «Фронт аль-Нусра» на баку ўрадавых войскаў і праўрадавых ваенізаваных фарміраванняў у ходзе грамадзянскай вайны ў Сірыі з верасня 2015 года па цяперашні час[9]. За гэты перыяд Расія тройчы аб’яўляла пра згортванне ваеннай аперацыі і свайго кантынгенту ў Сірыі, але і пасля працягвала ўдзел у баявых дзеяннях[10].
Ваенная аперацыя Расіі ў Сірыі | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Сірыі, Ваенная аперацыя супраць Ісламскай дзяржавы | |||
| |||
Дата | з 30 верасня 2015 года | ||
Месца | Сірыя | ||
Прычына | імкненне Расіі ліквідаваць тэрарыстычныя фарміраванні на тэрыторыі Сірыі, аднавіць цэласнасць сірыйскай дзяржавы і падтрымаць урад Башара Асада ў грамадзянскай вайне | ||
Вынік | разгром Ісламскай дзяржавы, аднаўленне сірыйскім урадам кантролю над большай часткай краіны, пачатак працэсу мірнага ўрэгулявання | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асноўныя мэты — барацьба з тэрарыстамі, стабілізацыя законнай улады ў краіне і стварэнне ўмоў для пошуку палітычнага кампрамісу[11][12].
22 жніўня 2018 года Мінабароны РФ апублікавала відэасправаздачу па выніках аперацыі УС РФ у Сірыі пад назвай «Вынікі ў лічбах». У ёй гаворыцца, што баявы вопыт у Сірыі атрымалі 63 012 расійскіх вайскоўцаў, з іх амаль палова (25 738 чалавек) — афіцэры. Таксама ў аперацыі ў Сірыі ўдзельнічалі 434 генералы. Праз групоўку войскаў у Сірыі прайшлі ўсе камандуючыя войскамі ваенных акруг, агульнавайсковых армій і армій ВПС і СПА, камандзіры дывізій, а таксама 95 % камандзіраў агульнавайсковых брыгад і палкоў. За час аперацыі быў апрабаваны 231 узор зброі, авіяцыя здзейсніла больш за 39 тыс. баявых вылетаў, сілы ВМФ — 189 баявых паходаў[13]. Поўныя даныя пра сілы, якія прыцягваліся для вядзення баявых дзеянняў у Сірыі, кіраўніцтва УС РФ не раскрывала. Пэўна не вядомы як поўны склад расійскіх войскаў на тэрыторыі Сірыі, так і поўны пералік злучэнняў і вайсковых часцей, падраздзяленні якіх накіроўвалі ў «гарачую кропку»[14].
У аперацыі на тэрыторыі САР задзейнічаны падраздзяленні ВПС, ССА, ВМФ, СПА, марской пяхоты, матастралковых і інжынерных войскаў.
На пачатак лета 2015 года ваенная сітуацыя ў Сірыі да моманту пачатку аперацыі для ўрада Башара Асада была катастрафічнай, пагражаючы яму паразай і захопам Дамаска, што прывяло б да крушэння сірыйскай дзяржаўнасці. Тэрарыстычныя групоўкі і фарміраванні ўзброенай апазіцыі ажыццяўлялі атакі пераважна ўздоўж буйных транспартных магістраляў у напрамку буйных і густанаселеных гарадоў і знаходзіліся на подступах да Хамы, Дамаска, Латакіі, Эль-Хасакі, Эс-Сувейды, што давала ім стратэгічную перавагу і кантроль над цэлымі правінцыямі. Радыкальныя групоўкі да гэтага часу таксама ўзялі кантроль над большасцю нафтавых радовішчаў. Найбуйнейшыя нафтавыя запасы, размешчаныя на тэрыторыі ад Ракі да Пальміры і паблізу Дэйр-эз-Зора, трапілі пад кантроль ісламістаў. Урадавыя сілы былі фактычна прыціснуты да заходняй мяжы Сірыі, а на поўначы краіны ўчастак лініі фронту ўтрымлівалі курды[15].
Каб пазбегнуць паразы сірыйскія ўлады звярнуліся па дапамогу да Расіі. Ужо 26 жніўня 2015 года паміж Расіяй і Сірыяй было заключана Пагадненне пра размяшчэнне авіяцыйнай групы Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на сірыйскай тэрыторыі. Паводле яго авіягрупа па просьбе ўрада Сірыі размешчана на тэрыторыі краіны бестэрмінова, аэрадром Хмеймім перадаваўся расійскаму боку бязвыплатна. Усё ўзбраенне, боепрыпасы, абсталяванне і матэрыялы для расійскіх сіл увозіліся на тэрыторыю Сірыі без збораў, пошлін і любога дагляду. Асабісты склад авіягрупы атрымліваў дыпламатычны статус. Пагадненнем вызначана, што прысутнасць расійскай авіяцыі ў Сірыі «не скіравана супраць іншых дзяржаў»[16][17].
У жніўні—верасні 2015 года ў СМІ з’явіліся паведамленні пра павелічэнне расійскага кантынгенту, уключна з адпраўкай значнай колькасці ваеннай тэхнікі і асабістага складу, у 720-м пункце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расіі[18][19] і пра магчымасць санкцыянавання Саветам Федэрацыі выкарыстання расійскіх войскаў у Сірыі — нават калі ЗША адмовяцца ад прапановы аб’яднання сіл[20]. Расійскае кіраўніцтва наяўнасць такіх планаў адмаўляла[21][22]. Па даных Reuters, важную ролю ў прыняцці Расіяй рашэння пра ўдзел у канфлікце ў Сірыі сыграў таемны візіт у Маскву генерала Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані, які знаходзіўся пад санкцыямі ААН, і яго перамовы з расійскім кіраўніцтвам[23]. Па даных выдання Bloomberg, ініцыятарамі пачатку ваенных дзеянняў у Сірыі сталі міністр абароны Сяргей Шайгу, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Іваноў. Магчымасць ваеннага ўмяшання ў грамадзянскую вайну ў Сірыі расійскае кіраўніцтва пачало разглядаць у жніўні 2015 года[24].
Дзейнічаючы адпаведна з Дагаворам «Пра дружбу і супрацоўніцтва паміж СССР і Сірыйскай Арабскай Рэспублікай» ад 8 кастрычніка 1980 года[25][26], прэзідэнт Сірыі Башар Асад звярнуўся да Расіі з афіцыйнай просьбай пра аказанне ваеннай дапамогі, на падставе чаго 30 верасня Савет Федэрацыі даў прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну згоду на выкарыстанне Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Сірыі. Пры гэтым гаворка ішла толькі пра прымяненне ваенна-паветраных сіл для аказання авіяцыйнай падтрымкі сухапутным войскам Сірыі, без правядзення наземнай аперацыі[27][28].
Першыя авіяўдары па сірыйскай тэрыторыі самалёты ПКС Расіі нанеслі 30 верасня 2015 года. Дзеянні расійскай авіяцыі дазволілі пераламіць сітуацыю на карысць сірыйскага ўрада і пацясніць узброеную апазіцыю і ісламарадыкалаў[15]. Ужо праз тыдзень армія Башара Асада разгарнула наступленне на антыўрадавыя фарміраванні[29]. 15 кастрычніка УС САР і праўрадавыя фарміраванні пры падтрымцы расійскай авіяцыі пачалі наступленне на стратэгічна важны горад Алепа.
З 17 лістапада ўдары ПКС Расіі значна ўзмацніліся, да бамбардзіровак пазіцый баевікоў падключыліся бамбардзіроўшчыкі далёкай авіяцыі.
7 кастрычніка караблі каспійскай флатыліі зрабілі 26 пускаў крылатых ракет з акваторыі Каспійскага мора, знішчыўшы 11 цэляў на тэрыторыі Сірыі[30][31]. 20 лістапада караблі каспійскай флатыліі зрабілі 18 пускаў крылатых ракет, паразіўшы 7 цэляў[32]. 8 снежня ўдары крылатымі ракетамі па цэлях у Сірыі зрабіла падводная лодка «Растоў-на-Доне» Чарнаморскага флоту, якая знаходзілася ў акваторыі Міжземнага мора[33][34].
Да 25 снежня расійская авіяцыя здзейсніла 5240 вылетаў, у тым ліку 145 вылетаў самалётаў стратэгічнай ракетаноснай і далёкай бамбардзіровачнай авіяцыі[35].
У ходзе сірыйскай аперацыі былі ўпершыню ўжыты крылатыя ракеты марскога базіравання «Калібр»[36] і крылатыя ракеты паветранага базавання Х-101[37][38].
У пачатку 2016 года сустаршыні Міжнароднай групы падтрымкі Сірыі — Расія і ЗША — сталі ініцыятарамі пагаднення пра перамір’е з групоўкамі ўзброенай апазіцыі[39], галоўнай мэтай якога стаў падзел «умеранай апазіцыі» і тэрарыстаў[40].
23 лютага МА РФ адкрыла на тэрыторыі авіябазы Хмеймім Каардынацыйны цэнтр па прымірэнні варагуючых бакоў на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі[41]
27 лютага рэжым спынення агню паміж урадавымі сіламі і фарміраваннямі ўзброенай апазіцыі ў Сірыі ўступіў у сілу. Рэжым спынення агню не распаўсюджваўся на «Ісламскую дзяржаву», «Джэбхат ан-Нусра» і шэраг іншых тэрарыстычных арганізацый, прызнаных такімі ААН. Прымірэнне варагуючых бакоў забяспечвалі расійскі Каардынацыйны цэнтр, амерыканскі цэнтр па прымірэнні ў Амане (Іарданія) і рабочая група ў Жэневе[42]. Да перамір’я далучыліся сотні населеных пунктаў.
14 сакавіка прэзідэнт Пуцін распарадзіўся пачаць вывад «асноўнай часці» расійскай ваеннай групоўкі з тэрыторыі Сірыі, бо «задача, пастаўленая перад Міністэрствам абароны і Узброеных Сіламі, у цэлым выканана». Разам з тым, ПКС Расіі працягнулі нанясенне ўдараў на тэрыторыі Сірыі[43][44][45]. Рашэнне пра вывад асноўных сіл РФ з Сірыі было прынята прэзідэнтам Пуціным па ўзгадненні з сірыйскім бокам. Для маніторынгу рэжыму спынення агню «ў каардынацыі з замежнымі партнёрамі» ў Сірыі працягвалі функцыянаваць дзве расійскія базы — Хмеймім і Тартус[46].
Падпісанне пагаднення дазволіла сірыйскай арміі сканцэнтравацца на барацьбе з фарміраваннямі «Ісламскай дзяржавы» ў цэнтральнай Сірыі. 6 сакавіка пачалася аперацыя па вызваленні Пальміры, у распрацоўцы якой прымалі актыўны ўдзел расійскія ваенныя саветнікі. Была арганізавана магутная авіяцыйная і артылерыйская падтрымка наступлення войскаў. Нягледзячы на распачаты частковы вывад расійскай групоўкі, у раёне Пальміры працягвалі дзейнічаць вайскоўцы расійскіх Сіл спецыяльных аперацый, а на пазіцыях сірыйскіх войскаў знаходзіліся расійскія ваенныя саветнікі. 27 сакавіка было абвешчана пра вызваленне Пальміры, пасля чаго сюды па просьбе прэзідэнта Сірыі Башара Асада быў накіраваны зводны атрад Міжнароднага супрацьміннага цэнтра ВС РФ для дапамогі ў размініраванні горада і аб’ектаў гістарычнай спадчыны[39].
Да канца красавіка, аднак, працэс мірнага ўрэгулявання ў Сірыі быў спынены, і рэжым спынення агню разваліўся[40][47].
Наступныя падзеі паказалі, што размовы пра разгром радыкальных ісламістаў і пераход ад ваеннай кампаніі да палітычнага ўрэгулявання заўчасныя. Асноўнай праблемай стала размежаванне «ўмеранай апазіцыі», якую падтрымлівалі ЗША, Турцыя і шэраг арабскіх краін, і тэрарыстычных арганізацый («Ісламская дзяржава» і «Джэбхат ан-Нусра»)[48]. Атрады ІД і «Джэбхат ан-Нусры» на працягу года не толькі ўтрымлівалі свае пазіцыі, але і наступалі на ключавых кірунках. Сірыйскім войскам не толькі ўдавалася атакаваць, але і даводзілася абараняцца пры падтрымцы расійскай авіяцыі і афіцэраў расійскіх сухапутных войскаў і спецыяльных падраздзяленняў. Пры гэтым Расія падвяргалася шматлікім абвінавачванням краін Захада ў падтрымцы «крывавага рэжыму» Башара Асада, а расійскія і сірыйскія ВПС — у бамбардзіраванні мірных жыхароў і ўжыванні хімічнай зброі. Расійскае кіраўніцтва, аднак, працягвала трымацца абранага курсу[49].
У чэрвені Турцыя і Расія распачалі крокі па аднаўленні адносін, пагоршаных праз з інцыдэнт з расійскім бамбардзіроўшчыкам Су-24, збітым 24 лістапада 2015 года турэцкімі ВПС у раёне сірыйска-турэцкай мяжы. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган выбачыўся, пасля чаго расійскі бок пайшоў на аднаўленне супрацоўніцтва.
У жніўні паміж ваеннымі ведамствамі Расіі і Турцыі пачаліся актыўныя перамовы, якія завяршыліся падпісаннем у студзені 2017 года мемарандума пра прадухіленне інцыдэнтаў і забеспячэнне бяспекі палётаў авіяцыі ў ходзе аперацыі ў Сірыі. У сярэдзіне снежня 2016 года турэцкія войскі, якія ўдзельнічалі ў аперацыі «Шчыт Еўфрата» супраць баевікоў ІД, распачалі няўдалую спробу наступлення на горад Эль-Баб і панеслі страты ў жывой сіле і тэхніцы, былі вымушаны спыніць наступленне і звярнуцца да Расіі за падтрымкай[50].
22 верасня сірыйская ўрадавая армія пры падтрымцы расійскай авіяцыі пачала штурм раёнаў Алепа, якія знаходзіліся пад кантролем апазіцыі. Да сярэдзіны снежня Алепа цалкам перайшоў пад кантроль урадавых сіл. Скарыстаўшыся тым, што асноўныя сірыйскія ўрадавыя сілы былі адцягнуты на аблогу Алепа, фарміраванні ІД у пачатку снежня здолелі адбіць Пальміру і прылеглыя тэрыторыі.
У рамках перамоўнага працэсу ў Астане, ініцыяванага ў студзені 2017 года Расіяй, Іранам і Турцыяй, былі выпрацаваны дамоўленасці аб стварэнні трох так званых зон дээскалацыі[51] — у правінцыі Ідліб, у раёне Дамаска (Усходняя Гута) і на мяжы правінцый Хомс і Хама.
6 студзеня 2017 года Мінабароны РФ абвясціла аб сыходзе з Сірыі караблёў Паўночнага флоту на чале з цяжкім авіяносным крэйсерам «Адмірал Кузняцоў», у адпаведнасці з рашэннем прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб скарачэнні групоўкі войск у САР[52]. За час знаходжання авіяносца «Адмірал Кузняцоў» у Міжземным моры небаявыя страты склалі два знішчальнікі: МіГ-29КР (14.11.16) і Су-33 (5.12.16).
18 студзеня пачалася першая сумесная аперацыя ПКС Расіі і Турцыі ў Сірыі супраць групоўкі «Ісламская дзяржава», у ваколіцах горада Эль-Баб, у якой былі задзейнічаны франтавыя бамбардзіроўшчыкі Су-24М і Су-34, а таксама штурмавікі Су-25СМ у звязку з экіпажамі F-16 і F-4 ВПС Турцыі[53].
Летам—восенню 2017 года сірыйская армія пры падтрымцы ПКС Расіі, у тым ліку далёкай авіяцыі, нанесла баевікам «Ісламскай дзяржавы» шэраг вырашальных паражэнняў у цэнтральнай і ўсходняй Сірыі, вызваліўшы значную тэрыторыю, у тым ліку трасу Дамаск — Дэйр-эз-Зор, а таксама заходні бераг Еўфрата, і выйшла да мяжы з Іракам[54][55][56].
У чэрвені былі распрацаваны амерыкана-расійскія пагадненні аб перамір’і паміж урадавымі войскамі і ўмеранай апазіцыяй і стварэнні зон дээскалацыі ў паўднёвых раёнах Сірыі (правінцыі Дэр’а, Эль-Кунейтра і Эс-Сувейда). Тады ж, ва ўмовах шырокамаштабнага наступлення праамерыканскіх «Сірыйскіх дэмакратычных сіл» і ўрадавай Сірыйскай арабскай арміі (САА) супраць «Ісламскай дзяржавы», паміж Расіяй і ЗША была дасягнута дамоўленасць аб усталяванні ракі Еўфрат у якасці падзяляльнай лініі паміж СДС (заставаліся на левым беразе ракі) і САА[57].
6 снежня начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі — першы намеснік Міністра абароны Расіі генерал арміі Валерый Герасімаў заявіў, што тэрыторыя Сірыі цалкам вызвалена ад тэрарыстаў, а ўсе бандфарміраванні ІД знішчаны[58].
Нягледзячы на разгром фарміраванняў «Ісламскай дзяржавы» да канца 2017 года і іх фактычную ліквідацыю, іншыя групоўкі радыкальных ісламістаў усё яшчэ захоўвалі значны патэнцыял для супраціву ўрадавым сілам. Аперацыі па ліквідацыі анклаваў тэрарыстычных арганізацый і радыкальных груповак, падчас якіх расійскія ПКС аказвалі паветраную падтрымку ўрадавай арміі, працягваліся і ў далейшым.
11 снежня прэзідэнт Уладзімір Пуцін падчас наведвання авіябазы Хмеймім абвясціў аб завяршэнні баявых дзеянняў і вывадзе расійскіх войск з Сірыі і ў той жа дзень аддаў загад міністру абароны Сяргею Шайгу аб вывадзе асноўнай часткі сіл і сродкаў расійскай групоўкі[59].
У пачатку 2018 года ўрадавыя войскі правялі паспяховую аперацыю на паўночным захадзе Сірыі, у ходзе якой ад баевікоў «Хаят Тахрыр-аш Шам» і ІД была вызвалена значная тэрыторыя на стыку правінцый Алепа, Хама і Ідліб, а таксама занятая стратэгічная авіябаза «Ат Духур». Да канца лета 2018 года сірыйскія ўрадавыя войскі пры дапамозе Расіі і Ірана ўсталявалі кантроль над трыма з чатырох створаных у 2017 годзе зон дээскалацыі: на паўднёвым захадзе Сірыі (частка тэрыторыі правінцый Эс-Сувейда, Дэр’а і Эль-Кунейтра), вакол Дамаска (Усходняя Гута) і на мяжы правінцый Хомс і Хама. Упершыню з 2012 года сталіца краіны перастала падвяргацца абстрэлам з боку ўзброенай апазіцыі і джыхадзістаў. За выключэннем двух кантраляваных «Ісламскай дзяржавай» участкаў тэрыторыі ў Сірыйскай пустыні і на ўсходнім беразе ракі Еўфрат, сірыйскія ўлады змаглі вярнуць сабе ўсе тэрыторыі, акрамя тых, якія знаходзіліся пад апекай Турцыі (зона дээскалацыі Ідліб на паўночным захадзе краіны) і ЗША (паўночны ўсход)[60].
У жніўні — пачатку верасня ЗША ўзмацнілі ваенны ціск на Сірыю ў сувязі з падрыхтоўкай сірыйскай арміі і праўрадавых фарміраванняў да буйнамаштабнага наступлення на правінцыю Ідліб — апошні на тэрыторыі Сірыі буйны анклаў антыўрадавых узброеных фарміраванняў[61][62][63]. Вашынгтон засяродзіў у Міжземным моры і Персідскім заліве групоўку носьбітаў крылатых ракет, дастатковую для нанясення масіраванага ўдару па Сірыі[64][65]. Расійскія ВМС, са свайго боку, разгарнулі ля міжземнаморскага ўзбярэжжа Сірыі самую магутную групоўку за ўвесь час канфлікту[66][67] ў сувязі з пагрозамі міжнароднай кааліцыі нанесці ўдары па пазіцыях сірыйскіх урадавых сіл[68]. Пра намер далучыцца да ЗША ў нанясенні ўдару па Сірыі заявілі Вялікабрытанія, Францыя і Германія[69][70]. Напружанасць была знята пасля таго, як 17 верасня па выніках перамоў паміж прэзідэнтамі Расіі і Турцыі быў падпісаны мемарандум аб стабілізацыі становішча ў правінцыі Ідліб і стварэнні дэмілітарызаванай зоны ўздоўж лініі судакранання сірыйскіх войскаў і ўзброенай апазіцыі[71][72].
У ноч на 18 верасня чатыры знішчальнікі F-16 ВПС Ізраіля нанеслі ўдар кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі па сірыйскіх аб’ектах у раёне горада Латакія. Сірыйскія падраздзяленні СПА, спрабуючы нейтралізаваць удары з дапамогай ЗРК С-200, збілі расійскі самалёт радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы Іл-20, які заходзіў у гэты час на пасадку на авіябазе Хмеймім. Усе 15 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Мінабароны РФ у сваёй заяве ўсклала адказнасць за гібель расійскага самалёта на ізраільскія самалёты, якія ажыццяўлялі заход на мэты на малой вышыні з боку Міжземнага мора, фактычна прыкрываючыся расійскім самалётам, і падставілі яго пад агонь сірыйскай СПА. У сувязі з катастрофай расійскае кіраўніцтва прыняло рашэнне ў самыя кароткія тэрміны паставіць Сірыі зенітныя ракетныя комплексы С-300 і ўсталяваць на камандных пунктах сірыйскіх злучэнняў СПА расійскія аўтаматызаваныя сістэмы кіравання для забеспячэння цэнтралізаванага кіравання ўсімі сіламі і сродкамі СПА Сірыі, вядзення маніторынгу паветранага становішча і аператыўнага цэлеўказання. Акрамя таго, было заяўлена, што ў прылеглых да Сірыі раёнах над акваторыяй Міжземнага мора будзе ўжывацца радыёэлектроннае падаўленне спадарожнікавай навігацыі, бартавых РЛС і сістэм сувязі баявой авіяцыі замежных дзяржаў, якія атакавалі аб’екты на сірыйскай тэрыторыі. 3 кастрычніка міністр абароны РФ Сяргей Шайгу даклаў Савету бяспекі Расіі аб завяршэнні дастаўкі ў Сірыю зенітных комплексаў С-300. Сяргей Шайгу таксама даклаў аб ажыццяўленні работ па стварэнні адзінай сістэмы кіравання СПА ў Сірыі.
18 снежня 2018 года міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў аб завяршэнні вываду асноўнай расійскай групоўкі з Сірыі: «На тэрыторыю Расіі выведзены тэхніка і ўзбраенне, якія не ўваходзяць у склад нашых баз у Хмейміме і Тартусе. Колькасны склад групоўкі скарочаны і даведзены да ўстаноўленага штата, дастатковага для выканання задач». Палёты расійскай авіяцыі ў Сірыі скарочаныя са 100 у дзень да двух-чатырох у тыдзень, у асноўным для даразведкі абстаноўкі. Шайгу ўдакладніў, што склад групоўкі, якая заставалася ў Сірыі, тыпавы, супастаўны з расійскімі ваеннымі базамі ў Кыргызстане, Таджыкістане і Арменіі. На тэрыторыі Сірыі працягваў функцыянаванне расійскі Цэнтр па прымірэнні варагуючых бакоў, у Сірыі пачалася рэалізацыя праграмы па аднаўленні мірнага жыцця і вяртанні бежанцаў, для каардынацыі якой у Расіі, Сірыі, Ліване і Іарданіі створаны міжведамасныя каардынацыйныя штабы.
У студзені расійская ваенная паліцыя пачала патруляванні зоны бяспекі ўздоўж сірыйска-турэцкай мяжы ў раёне населенага пункта Манбідж (поўнач правінцыі Алепа, 85 км ад цэнтра правінцыі) з задачай забеспячэння бяспекі і кантролю за становішчам і перамяшчэннем узброеных фарміраванняў. У снежні 2018 года сірыйская армія ўвайшла ў горад Манбідж пасля вываду з яго курдскіх фарміраванняў і ўзняла над горадам сірыйскі сцяг. Курды пагадзіліся перадаць яго сірыйскім уладам у абмен на гарантыю абароны горада ад турэцкага ўварвання[73].
У лютым расійскі Цэнтр па прымірэнні варагуючых бакоў сумесна з урадам Сірыі адкрыў у раёнах Джлеб і Джэбэль-эль-Гураб гуманітарныя калідоры і разгарнуў пункты пропуску для выхаду бежанцаў з лагера Эр-Рукбан[74][75]. У пачатку сакавіка ў адпаведнасці з рашэннем, прынятым на пасяджэнні міжведамасных каардынацыйных штабоў Расіі і Сірыі па вяртанні бежанцаў на тэрыторыю САР, у мэтах прадухілення гуманітарнай катастрофы ў лагеры бежанцаў Эр-Рукбан былі сфарміраваны і накіраваны да пункта пропуску Джлеб шэсць атобусных калон для добраахвотнага і бесперашкоднага вяртання жыхароў лагера Эр-Рукбан да месцаў сталага пражывання. Амерыканскі бок, аднак, адмовіўся прадаставіць гарантыі бяспекі перамяшчэння гуманітарных калон у межах 55-кіламетровай зоны вакол амерыканскай базы ў Эт-Танафе[76], што фактычна сарвала гуманітарную аперацыю па выратаванні сірыйскіх грамадзян.
У лютым міністры абароны Расіі і Турцыі Сяргей Шайгу і Хулусі Акар падпісалі мемарандум, які рэгламентаваў дзеянні расійскіх і турэцкіх вайскоўцаў пры сумесным патруляванні зоны Ідліб[77]. Патруляванне было пачата ў сакавіку.
У сакавіку расійская авіяцыя на авіябазе Хмеймім пачала нанясенне кропкавых удараў па раёнах, адкуль ажыццяўляліся абстрэлы мяжуючых з ідлібскай зонай населеных пунктаў і самой авіябазы[78][79].
З канца сакавіка сітуацыя вакол зоны дээскалацыі Ідліб пачала пагаршацца. Пачасціліся абстрэлы населеных пунктаў у раёнах, прылеглых да Ідліба, а таксама ўдары па авіябазе Хмеймім[80].
З 11 красавіка ўздоўж лініі судакранання супрацьлеглых бакоў на ўчастку паміж турэцкімі пунктамі Баркум і Сурман павінна было пачацца скаардынаванае патруляванне сумеснымі калонамі расійскіх і турэцкіх вайскоўцаў. Было заяўлена, што ў выпадку поспеху пасля 20 красавіка ваеннаслужачыя дзвюх краін пачнуць сумеснае патруляванне паўночна-ўсходняй частцы зоны дээскалацыі[77]. Па дамоўленасці паміж Расіяй і Турцыяй па перыметры зоны дээскалацыі Ідліб былі размешчаны наглядальныя пасты расійскай ваеннай паліцыі, якія сумесна з турэцкім бокам кантралявалі выкананне рэжыму спынення агню[81].
У сакавіку—красавіку баевікі ІД, якія перайшлі да партызанскіх метадаў барацьбы, наладзілі некалькі засад на камунікацыях урадавых сіл, у выніку чаго загінулі некалькі сірыйскіх і расійскіх вайскоўцаў[82].
20 красавіка расійскі віцэ-прэм’ер Юрый Барысаў па выніках сустрэчы з сірыйскім прэзідэнтам Башарам Асадам заявіў, што Расія мае намер падпісаць дамову аб арэндзе на 49 гадоў порта Тартус — аднаго з двух асноўных партоў Сірыі на Міжземным моры. Там жа знаходзіцца адзіная замежная база расійскага флоту. У пачатку 2017 года Расія і Сірыя падпісалі пагадненне аб размяшчэнні расійскага Ваенна-марскога флоту ў порце Тартус на 49 гадоў[83].
Пасля 20 красавіка рэзка пачасціліся бамбардзіроўкі сірыйскай і расійскай авіяцыі ў зоне дээскалацыі Ідліб. Пры гэтым, нягледзячы на невыкананне ўмоў вераснёўскага пагаднення па зоне Ідліб і жаданне сірыйскіх уладаў вярнуць кантроль над гэтым раёнам, расійскія прадстаўнікі працягвалі сцвярджаць, што час для маштабнай аперацыі яшчэ не прыйшоў. У канцы красавіка ў інтэрв’ю ТАСС спецпрадстаўнік прэзідэнта РФ па Сірыі Аляксандр Лаўрэнцьеў заяўляў: «На дадзеным этапе мы не проста не вітаем, а нават выступаем супраць якіх-небудзь буйнамаштабных наступальных аперацый, там вельмі шмат мірнага насельніцтва, якое можа быць выкарыстана баевікамі ў якасці жывога шчыта, дапусціць чаго ні ў якім разе нельга». Прэзідэнт Уладзімір Пуцін тады ж заявіў, што на любую вылазку тэрарыстаў рушыць услед зваротны ўдар з расійскага боку, але «шырокамаштабная аперацыя зараз немэтазгодна»[84].
Як патлумачыў 29 ліпеня начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ генерал-палкоўнік Сяргей Рудскіх, расійскія ПКС ва ўзаемадзеянні з турэцкім бокам займаюцца выяўленнем і кропкавым знішчэннем агнявых сродкаў тэрарыстаў, іх тэхнікі, узбраення і складоў з боепрыпасамі ў зоне дээскалацыі Ідліб. У прыватнасці, за чэрвень—ліпень у паўднёва-заходняй частцы зоны дээскалацыі Ідліб «кропкавымі ўдарамі было знішчана 11 танкаў, 17 БМП, 12 рэактыўных сістэм залпавага агню, 29 пікапаў з буйнакалібернымі кулямётамі, а таксама тры склады, на якіх знаходзіліся больш за 40 беспілотных лятальных апаратаў». Расійскія ПКС таксама ва ўзаемадзеянні з сірыйскімі ВПС адбілі атакі баевікоў на пазіцыі ўрадавых сіл[85].
Да канца жніўня сірыйская армія пры падтрымцы ПКС Расіі ліквідавала Латамінскі выступ баевікоў на поўначы правінцыі Хама, а таксама заняла стратэгічны горад Хан-Шэйхун, на трасе Дамаск—Алепа і такім чынам вызваліла ад баевікоў правінцыю Хама, за выключэннем горных раёнаў.
22 кастрычніка прэзідэнты Расіі і Турцыі Уладзімір Пуцін і Рэджэп Эрдаган па выніках шасцігадзінных перамоў падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні з дзесяці пунктаў. Дакумент прадугледжваў, у прыватнасці, увод на сірыйскі бок мяжы з Турцыяй за межамі зоны аперацыі «Крыніца міру» падраздзяленняў расійскай ваеннай паліцыі і сірыйскай пагранслужбы. Яны садзейнічалі вываду курдскіх атрадаў і іх узбраення на 30 кіламетраў ад сірыйска-турэцкай мяжы, а таксама ажыццяўлялі патруляванне сумесна з туркамі[86].
Такім чынам, па выніках пагадненняў сірыйская армія і падраздзяленні расійскай ваеннай паліцыі занялі гарады Манбідж і Табка на захад ад Еўфрата, усталявалі сумесны з турэцкімі сіламі кантроль над сірыйска-турэцкай мяжой (у прыватнасці, расійская ваенная паліцыя ўвайшла ў горад Кабані), пачалі сумесныя патруляванні мяжы ад Кабані да Камышлы. У той жа час курдскія падраздзяленні былі адведзены на 30 км ад мяжы, а падраздзяленні арміі ЗША былі цалкам выведзены з раёна.
У лістападзе сілы ваеннай паліцыі Расіі ў рамках патрулявання сірыйска-турэцкай мяжы занялі некалькі апорных баз, пакінутых арміяй ЗША. 14 лістапада МА РФ абвясціла аб стварэнні апорнай авіябазы ў горадзе Эль-Камышлы на паўночным усходзе Сірыі паблізу межаў з Турцыяй і Іракам. Авіябаза выкарыстоўвалася для базавання верталётаў ПКС РФ, якія ажыццяўлялі падтрымку ваеннай паліцыі РФ у гэтым раёне[87].
На працягу студзеня амерыканскія вайскоўцы некалькі разоў блакавалі перамяшчэнні расійскіх вайскоўцаў на паўночным усходзе Сірыі, па стратэгічнай аўтатрасе М4 (Алепа — Рака — Хасаке). 15 студзеня расійская калона з 60 транспартных сродкаў, якія вылучылі з базы ў раёне Тэль-Тамра, была спынена на шляху да аднаго з нафтавых радовішчаў у раёне Румейлан, дзе размешчана авіябаза ЗША. У задачу расійскіх вайскоўцаў уваходзіла стварэнне блокпаста ў дадзеным раёне. 21 студзеня амерыканцы заблакавалі рух двух расійскіх аўтакалон на кантрольна-прапускных пунктах, якія знаходзіліся пад кантролем урадавых войскаў Сірыі. Першая калона была заблакавана на скрыжаванні ля населенага пункта Тэль-Байдара ў паўночнай частцы правінцыі Хасаке, недалёка ад горада Камышлы. Другая была блакавана ля горада Малікія ў той жа правінцыі[88].
1 лютага падчас атакі шахідмабіляў на ўскраінах Алепа загінулі чацвёра снайпераў ФСБ Расіі[89].
У пачатку сакавіка па выніках расійска-турэцкіх перамоў у Маскве было складзена перамір’е і ўстаноўлены новыя зоны бяспекі, з сумесным расійска-турэцкім патруляваннем.
29 мая прэзідэнт Уладзімір Пуцін даручыў Мінабароны і МЗС правесці перамовы з Сірыяй аб перадачы дадатковай нерухомай маёмасці і акваторыі ў раёне сірыйскага ўзбярэжжа. Згодна з распараджэннем, па дасягненні дамоўленасці Мінабароны і МЗС маюць права падпісаць ад імя дзяржавы названы пратакол, «дазволіўшы ўносіць у яго праект, ухвалены урадам РФ, змены, якія не маюць прынцыповага характару»[90].
У чэрвені з’явіліся чарговыя паведамленні аб тым, што амерыканскія і расійскія войскі сутыкнуліся адзін з адным у супрацьстаянні на паўночным усходзе Сірыі[91]
З 18 па 24 жніўня расійская і сірыйская авіяцыя пры падтрымцы артылерыі і спецназа знішчыла 327 баевікоў у Сірыі. Удары былі нанесены ў раёне гібелі расійскага ваеннага саветніка генерал-маёра Вячаслава Гладкіх[92].
26 кастрычніка расійскія ПКС нанеслі авіяўдар па лагеры пратурэцкіх баевікоў групоўкі «Файлак аш-Шам», які знаходзіцца побач з турэцкай мяжой непадалёк ад населенага пункта Харым. У выніку нападу былі знішчаны каля 80 баевікоў[93][94].
5 лютага СУ-24М ПКС Расіі нанеслі авіяўдары па пазіцыях групоўкі «Аджнад аль-Каўказ», якая складаецца з выхадцаў з Паўночнага Каўказа. У выніку ўдараў былі знішчаны дзясяткі баевікоў, склад з баепрыпасамі і ваеннай тэхнікай. Авіяўдары былі нанесены ў гадавіну гібелі лётчыка Рамана Філіпава[95].
19 красавіка 2021 года ў выніку удараў ПКС Расіі на паўночны ўсход ад Пальміры былі знішчаны каля 200 баевікоў[96].
28 снежня 2017 года расійскі зенітны ракетна-гарматны комплекс (ЗРГК) «Панцыр-С1», які затуляў расійскую авіябазу Хмеймім, збіў дзве ракеты, запушчаныя з тэрыторыі суседняй правінцыі Ідліб. Яшчэ адна ракета ўзарвалася ў раёне горада Джабла (Латакія).
31 снежня расійскі верталёт Мі-24 пацярпеў крушэнне з-за тэхнічнай няспраўнасці пры выкананні пералёту на аэрадром Хама. Абодва пілоты загінулі. Борттэхнік верталёта атрымаў траўмы і быў аператыўна эвакуіраваны пошукава-выратавальнай групай на аэрадром Хмеймім, дзе яму была аказана неабходная медыцынская дапамога. У той жа дзень баевікі ажыццявілі мінамётны абстрэл базы Хмеймім, у выніку чаго, па заяве Мінабароны, загінулі два чалавекі[97]. У інтэрнэце таксама прайшла інфармацыя аб пашкоджанні або нават знішчэнні сямі самалётаў, якую Мінабароны абвергла, аднак у сетцы неўзабаве з’явіліся фатаграфіі пашкоджанняў асколкамі па меншай меры аднаго самалёта СУ-24М[98].
У ноч з 5 на 6 студзеня 2018 года, як паведамілі ў расійскім міністэрстве абароны, сістэмай забеспячэння бяспекі расійскай авіябазы Хмеймім і пункта матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расіі ў горадзе Тартус была сарвана спроба атакі паўстанцаў з масіраваным выкарыстаннем ударных беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) самалётнага тыпу. З трынаццаці малапамерных паветраных мэтаў невядомай прыналежнасці, выяўленых расійскімі сродкамі СПА на значным аддаленні ад расійскіх вайсковых аб’ектаў, шэсць паветраных мэтаў расійскім падраздзяленням РЭБ удалося ўзяць пад кантроль, перахапіўшы знешняе кіраванне, а сем БПЛА былі знішчаны зенітна-ракетным гарматным комплексам «Панцыр-С»[99]. Як паведамілі ў міністэрстве, у выніку расшыфроўкі даных, перахопленых БПЛА, вызначана дакладнае месца іх запуску на аддаленні больш за 50 км ад мэтаў[100]. Эксперты меркавалі, што да нападу на расійскія ваенныя базы магла быць датычная групоўка «Ахрар аш-Шам» — саюз ісламісцкіх брыгад, якія раней узаемадзейнічалі з «Джэбхат ан-Нусра» ў правінцыях Ідліб і Хама. Пасля расколу і пачатку міжусобнай вайны з «Ан-Нусрай» «Ахрар аш-Шам» перайшла ў рады апазіцыйнага альянсу «Свабодная сірыйская армія» (ССА)[101].
У заяве Міністэрства абароны РФ ад 8 студзеня 2018 года гаварылася:
«Інжынерныя рашэнні, выкарыстаныя тэрарыстамі пры атацы на расійскія аб’екты ў Сірыі, маглі быць атрыманы толькі ад адной з краін, якія валодаюць высокімі тэхналагічнымі магчымасцямі па забеспячэнню спадарожнікавай навігацыі і дыстанцыйным кіраваннем скідам прафесійна сабраных самаробных выбуховых прылад у прызначаных каардынатах».
Афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны ЗША ў гутарцы з карэспандэнтам ТАСС заявіў, што якія б там ні было здагадкі аб тым, што ЗША ці сілы ўзначальванай імі міжнароднай кааліцыі мелі дачыненне да нападу на базы, «не маюць пад сабой факталагічнай асновы і з’яўляюцца вельмі безадказнымі». Пры гэтым ён адмовіўся паведаміць, якія задачы вырашаў разведвальны самалёт ВМС ЗША «Poseidon», які, паводле інфармацыі Мінабароны Расіі, знаходзіўся над акваторыяй Міжземнага мора ў раёне Тартуса і Хмейміма падчас нападу на расійскія ваенныя аб’екты[102][103].
24 кастрычніка 2018 года на пленарным пасяджэнні Сяншаньскага форуму па бяспецы ў Пекіне намеснік міністра абароны Расіі генерал-палкоўнік Аляксандр Фамін заявіў, што кіраванне дронаў, якія атакавалі базы ПКС Расіі, пасля таго, як дроны сутыкнуліся з дзеяннем расійскіх сістэм радыёэлектроннага падаўлення, вялося ў ручным рэжыме з самалёта-разведчыка ЗША «Poseidon-8»[104].
З верасня 2015 года Расія, Сірыя, Іран і Ірак узгадняюць дзеянні праз размешчаны ў Багдадзе «Міжнародны каардынацыйны цэнтр па барацьбе з ІДІЛ»[105][106].
З самага пачатку аперацыі, як заяўлялі афіцыйныя прадстаўнікі Мінабароны Расіі, авіяўдары ў інтарэсах забеспячэння баявых дзеянняў сірыйскай арміі планаваліся ў цеснай каардынацыі з сірыйскімі штабамі і на аснове даных паветранай разведкі.
23 лютага 2016 года Мінабароны Расіі адкрыла на тэрыторыі авіябазы Хмеймім Каардынацыйны цэнтр па прымірэнні варагуючых бакоў на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі (начальнік цэнтра — генерал-лейтэнант Сяргей Кураленка)[107][108][109], у склад якога ўвайшлі групы аналізу і планавання, вядзення перамоў, заключэння пагадненняў і ўзаемадзеяння з замежнымі арганізацыямі, інфармацыйнай падтрымкі, аказання гуманітарнай дапамогі насельніцтву Сірыі[110]. У задачы Цэнтра ўваходзіць садзейнічанне перамоўнаму працэсу аб прымірэнні паміж прадстаўнікамі ўрада Башара Асада і варожымі яму фарміраваннямі (акрамя ІДІЛ, «Фронту ан-Нусра» і іншых арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі Саветам Бяспекі ААН), заключэнне пагадненняў аб спыненні агню, узаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі па пытаннях дастаўкі насельніцтву Сірыі гуманітарнай дапамогі і вяртанні бежанцаў[108].
Кантакты паміж ваеннымі ведамствамі Расіі і ЗША былі разарваны ў 2014 годзе ў сувязі з далучэннем Крыма да Расіі[111]. Восенню 2015 года, пасля перамоў на вышэйшым узроўні, гэтыя кантакты былі адноўлены. Прэзідэнты Абама і Пуцін дамовіліся аб кантактах паміж вайскоўцамі, каб пазбегнуць канфліктаў і ўзаемных перашкод у аперацыях у Сірыі[112][113]. Пры гэтым Расія адмовілася далучыцца да дзеючай пад эгідай ЗША міжнароднай кааліцыі, спаслаўшыся на тое, што альянс дзейнічае ў Сірыі без мандата Савета бяспекі ААН і не мае згоды законнага ўрада Сірыі. Разам з тым расійскае кіраўніцтва заявіла, што «як мінімум» імкнецца пазбягаць недаразумення з кааліцыяй, а «як максімум» — супрацоўнічаць, каб «барацьба супраць тэрарызму вялася больш эфектыўна»[114]. 20 кастрычніка ўступіў у сілу Мемарандум аб бяспецы палётаў над Сірыяй[115][116][117]. Дакумент рэгламентуе палёты самалётаў і БПЛА над Сірыяй, вызначае каналы сувязі паміж ваеннымі Расіі і ЗША, а таксама механізм узаемадзеяння пры крызісных сітуацыях, але не прадугледжвае абмену разведданымі і каардынацыі мэтаў удараў[118]. Дасягнуты пагадненні аб мінімальных бяспечных дыстанцыях паміж самалётамі Расіі і ЗША[119][120][121].
17 чэрвеня 2016 года міністр абароны ЗША Эштан Картэр абвінаваціў Расію ў ігнараванні просьбаў не бамбіць атрады сірыйскай апазіцыі, якія дзейнічаюць пры падтрымцы ЗША на поўдні Сірыі. Па даных CNN 16 чэрвеня два знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34 у раёне Эт-Танаф скінулі на пазіцыі баевікоў бомбы і касетныя боепрыпасы[122]. Расійскі бок, каментуючы гэты інцыдэнт, заявіў, што расійскім сілам цяжка адрозніваць атрады ўмеранай апазіцыі, якія падтрымліваюцца ЗША, і атрады «Фронту ан-Нусры», якія лічацца тэрарыстычнымі[123]. Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ генерал-маёр Ігар Канашэнкаў падкрэсліў, што расійскае абароннае ведамства на працягу некалькіх месяцаў беспаспяхова прапаноўвала амерыканскім калегам скласці адзіную карту месцаў размяшчэння апазіцыйных сіл[124].
9 верасня 2016 года ў Швейцарыі міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Джон Керы дасягнулі пагаднення аб шматступенным плане па Сірыі. Яно, у прыватнасці, уключала ў сябе ўвядзенне рэжыму спынення агню, размежаванне апазіцыі і тэрарыстычных груповак, стварэнне дэмілітарызаванай зоны для забеспячэння бесперашкоднага гуманітарнага доступу ў Алепа. Таксама ўзгоднена стварэнне расійска-амерыканскага цэнтра для размежавання апазіцыі і тэрарыстычных груповак. Дасягнутыя дамоўленасці, аднак, былі сарваны з-за шэрагу інцыдэнтаў, якія адбыліся пасля ўступлення ў сілу рэжыму спынення агню. 17 верасня ў выніку авіяўдару, нанесенага па горадзе Дэйр-эз-Зор кааліцыяй на чале з ЗША, загінулі больш за 60 сірыйскіх вайскоўцаў і каля 100 чалавек атрымалі раненні, чым неадкладна скарысталіся фарміраванні ІД, якія аблажылі сірыйскую авіябазу на ўскраіне горада. 19 верасня ў ваколіцах Алепа быў нанесены ўдар па сумесным гуманітарным канвоі ААН і сірыйскай арганізацыі Чырвонага Паўмесяца, у выніку чаго загінулі па меншай меры 18 чалавек. ЗША ўсклалі адказнасць за інцыдэнт на Расію і сірыйскія ўлады. 3 кастрычніка Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб прыпыненні свайго ўдзелу ў двухбаковых каналах сувязі з Расіяй, усталяваных з мэтай падтрымання рэжыму спынення баявых дзеянняў у Сірыі, і прыпыніў перамовы аб імплементацыі мірнага пагаднення ў гэтай краіне. ЗША адклікалі з Сірыі свой персанал, які павінен быў удзельнічаць у стварэнні Сумеснага цэнтра па імплементацыі[125].
14 лістапада 2016 года, падчас першай тэлефоннай размовы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, была дасягнута дамоўленасць «аб неабходнасці аб’яднання намаганняў у барацьбе з агульным ворагам нумар адзін — міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам» і абмяркоўваліся пытанні сумеснага ўрэгулявання крызісу ў Сірыі[126]. Трамп, які ўступіў на пасаду ў студзені 2017 года, абвясціў адной са сваіх задач перамогу над «Ісламскай дзяржавай». У сувязі з гэтым ён заявіў пра гатоўнасць узаемадзейнічаць з Расіяй у барацьбе з ІД, аднак узаемадзеянне дзвюх міжнародных антытэрарыстычных кааліцый, узначаленых Расіяй і ЗША, па большай частцы абмяжоўвалася выкарыстаннем тэлефонных каналаў сувязі для прадухілення магчымых інцыдэнтаў[51].
Каардынацыю таксама атрымалася наладзіць паміж цэнтрам кіравання ПКС РФ у Сірыі і ВПС Ізраіля[46]. Расія, аднак, неаднаразова была вымушана заяўляць пратэсты ў сувязі з авіяўдарамі ВПС Ізраіля па сірыйскай тэрыторыі, якія ставілі пад пагрозу жыццё расійскіх вайскоўцаў. У ноч на 18 верасня 2018 года ў ходзе ізраільскага авіаналёту на сірыйскія аб’екты ў раёне горада Латакія сірыйскія падраздзяленні СПА, спрабуючы адбіць удары з дапамогай ЗРК С-200, збілі расійскі самалёт радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы Іл-20М, які заходзіў у гэты час на пасадку на авіябазе Хмеймім. Усе 15 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Мінабароны РФ усклала адказнасць за гібель расійскага самалёта на ізраільскіх пілотаў, якія ажыццяўлялі заход на мэты на малой вышыні з боку Міжземнага мора, фактычна прыкрываючыся расійскім Іл-20М, і падставілі яго пад агонь сірыйскай СПА[80].
Турцыя, якая нервова адрэагавала на пачатак расійскай ваеннай аперацыі, вінаваціла расійскія ПКС у парушэнні паветранай прасторы Турцыі ў раёне сірыйска-турэцкай мяжы[127][128] і заяўляла аб «небяспечным збліжэнні» расійскай і турэцкай ваеннай авіяцыі[129]. 6 кастрычніка Турцыя прапанавала Расіі стварыць групу па ўзгадненні дзеянняў у Сірыі на ўзроўні міністэрстваў абароны дзвюх краін[130]. 17 кастрычніка прэм’ер-міністр рэспублікі Ахмет Давутаглу заявіў, што турэцкія войскі будуць збіваць самалёты, якія парушылі паветраную прастору краіны[131]. 20 кастрычніка была арганізавана прамая тэлефонная лінія паміж міністэрствамі абароны РФ і Турцыі па пытаннях прадухілення паветраных здарэнняў у небе над Сірыяй[132]. Нягледзячы на гэтыя крокі, 24 лістапада турэцкім знішчальнікам F-16 быў збіты расійскі бамбардзіроўшчык Су-24. Гэты інцыдэнт пацягнуў доўгае пагаршэнне расійска-турэцкіх адносін. Мінабароны РФ абвясціла аб спыненні ваенных кантактаў з Турцыяй[133], сама ж Турцыя адмовілася далучацца да створанай Масквой кааліцыі[134]. У выніку, пасля заканчэння паловы года, канфлікт удалося ўрэгуляваць, і адносіны ў значнай ступені аднавіліся[135].
18 студзеня 2017 года ПКС Расіі ўпершыню ў гісторыі нанеслі ўдары па тэрарыстычных групоўках сумесна з ВПС Турцыі, дзяржавы-члена НАТА[136].
22 кастрычніка 2020 года прэзідэнты Расіі і Турцыі Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган правялі ў Сочы перамовы, якія замацавалі новыя зоны ўплыву на паўночным усходзе Сірыі і прыпынілі турэцкую ваенную аперацыю ў рэгіёне[137]. 23 кастрычніка на сірыйскі бок сірыйска-турэцкай мяжы ўводзяцца падраздзяленні расійскай ваеннай паліцыі і сірыйскай памежнай службы. З гэтага моманту пачалося сумеснае расійска-турэцкае патруляванне на глыбіню да 10 км ад мяжы на захад і на ўсход ад раёна аперацыі «Крыніца міру», акрамя горада Эль-Камышлы[138].
У 2015 годзе Урад РФ выдзеліў на аказанне Сірыі гуманітарнай дапамогі 2 млн долараў[139]. У студзені 2016 года Расія паставіла 22 тоны гуманітарнай дапамогі для некалькіх сірыйскіх гарадоў. З сярэдзіны лютага 2016 года сірыйскія ваенна-транспартныя самалёты пры падтрымцы расійскіх знішчальнікаў Су-30 скідалі гуманітарную дапамогу жыхарам у абложаны баевікамі горадзе Дэйр-эз-Зор пры дапамозе грузавых парашутаў[140][141].
Гуманітарная дапамога пастаўлялася таксама гуманітарнымі канвоямі. Дапамога ішла праз Каардынацыйны цэнтр па прымірэнні варагуючых бакоў на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, у складзе якога працавала Група аказання гуманітарнай дапамогі насельніцтву Сірыі[142].
Улетку 2016 года Расія і Сірыя разгарнулі шырокамаштабную гуманітарную аперацыю ў Алепа[143].
Акрамя дзяржавы, дапамога Сірыі аказвалася расійскімі палітычнымі партыямі (КПРФ, ЛДПР, Справядлівая Расія)[144]. Любая арганізацыя мела магчымасць падаць заяўку на аказанне гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву харчовымі таварамі, адзеннем і таварамі для дзяцей, даслаўшы заяўку ў Нацыянальны цэнтр кіравання абаронай Расійскай Федэрацыі на афіцыйным сайце Мінабароны Расіі[145].
Па лініі МНС Расіі гуманітарная дапамога грамадзянам Сірыі аказвалася яшчэ з 2012 года[146][147][148].
Медыкі УС Расіі аказвалі сірыйскім лекарам дапамогу ў лячэнні грамадзянскага насельніцтва. Дзеці, якія пакутавалі цяжкімі захворваннямі, дастаўляліся для лячэння ў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С. М. Кірава[149]. З канца лістапада 2016 года ў Сірыі разгорнуты мабільныя шпіталі Мінабароны Расіі і МНС, накіраваны лекары Центраспаса[150][151].
Пасля вызвалення Пальміры вясной 2016 года ў ёй разгорнуты палявы шпіталь для мясцовых жыхароў і механізаваны хлебазавод[152].
Асабісты склад шпіталя быў разгорнуты з медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння ў колькасці 50 медыкаў-вайскоўцаў, якія прыбылі з Усходняй ваеннай акругі. Ён працаваў у Сірыі з красавіка па чэрвень 2016 года. За гэты час меддапамога была аказана больш чым 200 пацыентам[153].
У канцы лістапада 2016 года ў Сірыю па даручэнні прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна быў перакінуты 697-ы медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння Усходняй ваеннай акругі, дыслакаваны ў Хабараўску. За час работы байцы аказалі медыцынскую дапамогу больш чым 5 тысячам жыхароў Сірыі, 415 чалавек прайшлі лячэнне ў стацыянары, 100 чалавек былі праапераваны. Ваенныя медыкі таксама суправаджалі гуманітарныя калоны і аглядалі хворых у складзе выязных брыгад[154][155][156]. 5 снежня 2016 года ўмераная апазіцыя здзейсніла мінамётны абстрэл разгорнутага для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву шпіталя. У выніку прамога траплення міны ў прыёмнае аддзяленне загінулі дзве медсястры і быў паранены ўрач-педыятр[157][158][159][160].
17 студзеня 2017-га атрад быў выведзены ў Расію. На змену 697-му шпіталю быў накіраваны 35-ы асобны медыцынскі атрад (АМА) ПДВ з Пскова. Далей, на аснове ратацыі, па тры месяцы ў Сірыі працавалі розныя медыцынскія атрады УС Расіі складам каля 100 ваенных лекараў і малодшых медыцынскіх спецыялістаў[161][162].
На снежань 2017 года зводны медыцынскі атрад налічваў 240 ваенных лекараў, якія аказвалі медыцынскую дапамогу мірнаму насельніцтву Сірыі[163].
Гэтая аперацыя стала першай у гісторыі постсавецкай Расіі, калі расійскія вайскоўцы прынялі ўдзел у баявых дзеяннях за межамі былога СССР[164]. Як паказвае аўтарытэтны амерыканскі часопіс «Military Review», уступленне Расіі ў канфлікт супала з правядзеннем мадэрнізацыі і маштабных рэформаў расійскіх узброеных сіл. Ім прыйшлося прыступіць да баявой работы ва ўмовах недастатковага вопыту экспедыцыйных аперацый, абмежаваных магчымасцяў па далёкім забеспячэнні, забеспячэнні і задзейнічанні інфраструктуры аддаленага ТВД. Спачатку было зусім незразумела, ці акажуць тыя сілы, якія Расія зможа вылучыць для Сірыі, значны ўплыў на падзеі. Акрамя гэтага, самі расійскія вайскоўцы былі невысокага меркавання пра баяздольнасць сірыйскай арміі, а ўзаемадзеянне з Іранам і шыіцкім рухам Хезбала значна ўскладняла каардынацыю намаганняў. Больш за тое, расійскае кіраўніцтва зрабіла ўсё, каб мінімізаваць шансы на ўцягванне краіны ў доўгатэрміновую кампанію. Для гэтага ў ходзе баявых дзеянняў падтрымлівалася магчымасць аператыўнага вываду ў любы момант усіх задзейнічаных сіл. Нават пасля сур’ёзных інвестыцый у сірыйскую інфраструктуру расійскі Генеральны штаб працягваў абмяжоўваць склад уведзенага вайсковага кантынгенту зыходзячы з прынцыпу мінімальнай неабходнасці. Як правіла, такая стратэгія грунтаваліся на няўдалым досведзе заходніх краін у ходзе экспедыцыйных войн на Блізкім Усходзе[165].
Тым не менш, як лічаць амерыканскія эксперты, уступленне Расіі ў канфлікт дазволіла радыкальным чынам змяніць накіраванасць і характар ваенных дзеянняў[165]. Уступленне Расіі ў вайну дапамагло сірыйскай урадавай арміі спыніць прасоўванне баевікоў ІД, а затым перайсці ў контрнаступленне, адбіўшы ў тэрарыстаў і апазіцыі большую частку краіны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.