From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусы ў Кіеве складаюць усяго 0,64 % ад агульнага нацыянальнага складу горада. Беларусы мелі сувязі з Кіевам яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Сёння ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Украіны ў Кіеве можна знайсці шмат беларускіх выданняў[1].
Раней каля Кіева было сяло Прадславіна, якое стала часткаю горада (паміж вуліцамі Фізкультуры, Вялікай Васількоўскай і Дзімітрава). Назва паселішча паходзіць ад імя дачкі Рагнеды і Уладзіміра. Як лічыцца, Рагнеда атрымала сяло ў падарунак па нараджэнні Прадславы[1].
У 1187 годзе мошчы Ефрасінні Полацкай былі перанесеныя ў Кіева-Пячорскую лаўру, дзе знаходзіліся да 1910 года, пакуль не былі вернутыя на Радзіму, у Полацк[1].
У 1640-я гады Сімяон Полацкі навучаўся ў Кіева-магілянскім калегіюме. У апошнія месяцы жыцця Полацкі рыхтаваў да адкрыцця вышэйшую школу ў Маскве на ўзор гэтага калегіюма[1].
У 1852 годзе малы Альгерд Абуховіч перанёс у Кіеве складаную на той час хірургічную аперацыю. У 1878 годзе Абуховіч зноў наведаў Кіеў[2].
У Кіеве вучыўся на інжынера-механіка Рамуальд Зянкевіч[2].
З 1879 года Дзмітрый Лапо вучыўся ў Кіеўскай гімназіі, некаторы час з’яўляўся старшынёй аб’яднанага камітэта рэвалюцыйных груп сярэдніх навучальных устаноў Кіева. Пазней паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1885 годзе быў арыштаваны і сасланы[2].
У 1889 годзе Мітрафан Доўнар-Запольскі здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці і паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт. Скончыў яго ў 1894 годзе. У 1888 годзе ў Кіеве ўбачыла свет першая кніга М. Доўнар-Запольскага «Белорусская свадьба и свадебные песни: Этнографический этюд»[2].
У 1904 годзе Зоська Верас паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У вучылішчы на шапірографе выдаваўся літаратурны часопіс «Подснежник», дзе і быў надрукаваны першы твор будучай пісьменніцы — прыродазнаўчы абразок «Каляндар вясны» (1907)[2].
У 1908 годзе беларускі дзеяч Сяргей Палуян пераехаў у Кіеў, дзе таксама супрацоўнічаў з тутэйшымі выданнямі[1]. У 1910 годзе, паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам. Быў пахаваны на Байкаўскіх могілках, але ягоная магіла была знішчаная ў міжваенны час, пайшоўшы пад забудову[1].
У 1908 годзе быў заснаваны Кіеўскі камерцыйны інстытут (бульвар Шаўчэнкі, 22/24). Сярод заснавальнікаў быў беларус Мітрафан Доўнар-Запольскі, які стаў кіраўніком інстытуту (1906; 1908—1917)[1]. Пераемнікам гэтай установы лічыцца Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт[1].
У 1913 годзе бібліятэка Храптовічаў была накіраваная на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта. Паводле жадання спадчынніка, бібліятэка з адкрыццём ВНУ на Радзіме павінная была быць вернутая туды, але гэтага так і не адбылося[1].
У 1917 годзе працавала ў Кіеве ў Саюзе гарадоў Паўліна Мядзёлка[2].
18 красавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР звярнуўся з радыёграмай у Міністэрства замежных спраў УНР з прапановай найхутчэй стварыць камісію, сумесна з якой дэлегацыя па справах знешніх перамоў БНР змагла б дакладна ўстанавіць межы і замацаваць у асобнай дамове межы Рэспублік[3].
24 красавіка 1918 года Народны сакратарыят зацвердзіў статут і асабісты склад Беларускай гандлёвай палаты на Украіне, якую ўзначаліў Мітрафан Доўнар-Запольскі. Арганізацыя ўдзельнічала ў тавараабмене паміж БНР і УНР[3].
26 мая 1918 года Раман Скірмунт прыехаў у Кіеў у якасці надзвычайнага ўпаўнаважанага Рады БНР, каб пачаць перамовы з гетманам Скарападскім. 29 мая генеральнае консульства БНР у Кіеве ўзначаліў П. В. Трамповіч[3].
19 верасня надзвычайная беларуская дэлегацыя прыехала ў Кіеў дзеля развязання пытання аб афіцыйным прызнанні незалежнасці беларускай дзяржавы і стварэнні беларускага войска. 9 кастрычніка дэлегацыя была прынятая гетманам Скарападскім, які запэўніў яе ў хуткім прызнанні ім БНР. 4 лістапада беларускія дыпламаты, не дачакаўшыся прызнання, вярнуліся безвынікова ў Менск[3].
У 1919 годзе Кіеўскі ўніверсітэт скончыў будучы акадэмік АН БССР Сямён Вальфсон[2].
З 16 снежня 1926 года да 1930 года ў Кіеве існавала Беларускае зямляцтва пралетарскага студэнцтва.
У 1928 годзе Янка Купала ўпершыню наведаў Кіеў. Пазней ён там быў у сакавіку і маі 1939 года[2].
У 1939 годзе будучы беларускі пісьменнік Мікола Лобан паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт.
У 1944 годзе літаратуразнаўца Павел Ахрыменка закончыў Кіеўскі ўніверсітэт[2]. У тым жа годзе ў Кіеве (Багдана Хмяльніцкага, 52.) некалькі месяцаў жыў 13-гадовы Уладзімір Караткевіч з маці. У 1949 годзе ён вярнуўся ў Кіеў як студэнт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта[1]. Таксама ў баях пад Кіевам удзельнічаў беларускі літаратурны крытык Рыгор Бярозкін[2].
У маі 2000 года на I-м з’ездзе ў г. Кіеве быў створаны Усеўкраінскі саюз беларусаў (УСБ)[4].
У 2009 годзе ў межах афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну быў адкрыты з ягоным удзелам Цэнтр беларускай мовы і культуры. У чэрвені 2013 года Цэнтру прысвоенае імя Уладзіміра Караткевіча[5].
У 2011 годзе ў Кіеве каля Пасольства Рэспублікі Беларусь па вуліцы Міхаіла Кацюбінскага быў усталяваны помнік Уладзіміру Караткевічу[5]. 29 сакавіка 2016 года быў адкрыты помнік беларусам, загінулым за Украіну ў вайне на Усходзе (Беларуская, 22). Афіцыйны беларускі бок на адкрыцці не быў прадстаўлены[6].
Падчас расійска-ўкраінскай вайны 2022 года для абароны незалежнасці Украіны, у прыватнасці абароны Кіева быў заснаваны Батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней быў ператвораны ў полк. 13 сакавіка 2022 года у баях пад Кіевам загінуў намеснік камандзіра батальёна Аляксей Скобля.[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.