(1528—1583) рускі арыстакрат, военачальнік, пісьменнік From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэй Міхайлавіч Курбскі (~1528 — 1583) — рускі арыстакрат, военачальнік, пісьменнік, публіцыст і перакладчык.
Андрэй Міхайлавіч Курбскі | |
---|---|
руск.: Андрей Курбский | |
Род дзейнасці | пісьменнік, палкаводзец, публіцыст |
Дата нараджэння | 1528[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | май 1583 ці 1583[1] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Міхаіл Міхайлавіч Курбскі[d] |
Маці | Q124335004? |
Жонка | Марыя Юр’еўна Гальшанская[d] |
Дзеці | Дзмітрый Курбскі[d] |
Бітвы/войны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходзіў роду яраслаўскіх князёў — галіны Рурыкавічаў. Пра пачатак жыцця не захавалася пэўных звестак, аднак вядома, што ўжо ў 1549 г. ён быў стольнікам і ў званні есаула ўдзельнічаў у Казанскім паходзе. З гэтага часу ён на ваеннай і дзяржаўнай службе. А. Курбскі ўдзельнічаў у правядзенні палітыкі «Выбранай рады» — ураду ліберальных дзяржаўных рэформ, якія праводзіліся ў пачатковы перыяд уладарства Івана IV. Удзельнічаў у заваёве Казані (1552), дзе вызначыўся. У 1556 г., ва ўзросце 28 гадоў, атрымаў чын баярына. Да пачатку Лівонскай вайны, у студзені 1558 г., А. Курбскі камандаваў старажавым палком, а ў красавіку 1563 г. быў прызначаны ваяводай у Дэрпт. Праз год, у красавіку 1564 г., уцёк з Дэрпта ў ВКЛ.
Прычынай уцёкаў магчыма была парамена да яго Івана IV і неспакой за свой лёс з-за распачатых царом ганенняў, прызначэнне ў Дэрпт А. Курбскі, мабыць, палічыў за царскую няміласць — раней туды быў сасланы апальны А. Ф. Адашаў. У ВКЛ А. Курбскі атрымаў багатыя зямельныя наданні, у т.л. Ковель на Валыні, якая да 1569 г. у Княстве, а затым перайшла да Кароны.
Верагодна, у маладосці А. Курбскі атрымаў добрую для свайго часу адукацыю, быў звязаны з маскоўскімі кніжнікамі. Дзядзька А. Курбскага па кудзелі, Васіль Тучкоў — адзін з найадукаванейшых людзей свайго часу, літаратурная дзейнасць якога была ўхваленая Максімам Грэкам. М. Грэк аказаў вырашальны ўплыў і на А. Курбскага, які шматкроць і з вялікай павагай згадваў яго ў сваіх сачыненнях, назаваючы настаўнікам. Адзіная засведчаная сустрэча А. Курбскага з М. Грэкам адбылася вясною 1553 г., у Троіца-Сергіевым манастыры, калі князь суправаджаў цара з сям’ёй на багамолле ў Кірыла-Белазерскі манастыр. Сярод найбольш аўтарытэтных для А. Курбскага людзей быў і яго духоўны айцец Феадарыт Кольскі. Да маскоўскага перыяду літаратурнай дзейнасці А. Курбскага належыць яго пасланне старцу Пскова-Пячэрскага манастыра Васіяну Мурамцаву, а таксама невялікае палемічнае антыпратэстанцкае сачыненне «Ответ о правой вере Ивану многоученному». Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, А. Курбскі — аўтар двух Жыцій Аўгусціна Гіпонскага.
Літоўскі перыяд жыцця А. Курбскага прадстаўлены больш значнай колькасцю сачыненняў, з якіх найбольш вядомая яго перапіска з Іванам IV, што ўключае ў сябе тры пасланні цару. У ёй А. Курбскі падвяргае крытыцы цара, які адвярнуўся ад ідэалаў часоў «Выбранай рады», кінуў краіну ў жахі Апрыччыны, таксама А. Курбскі ў лістах апраўдвае свае ўцёкі. Тая ж тэма гучыць і ў найбольш значным творы А. Курбскага — «Истории о великом князе московском». Існуе меркаванне, што «История…», напісаная да 1573 г., падчас безкаралеўя ў Рэчы Паспалітай, мела сваёй мэтай дыскрэдытаваць Івана IV, як прэтэндэнта на сталец, у вачах праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Яркі помнік публіцыстыкі, «История…» таксама з’яўляецца сачыненнем этапным у рускай гістарыяграфіі. «История…» у шэрагу тых гістарычных твораў 16 ст., дзе замест пагадовага падзелу апавядання, як напр. у летапісах, ужыты тэматычны падзел. З гэтага боку «История…» А. Курбскага з’яўляецца болей наватарскім творам, чым інш. сачыненні гэтага тыпу 16 ст. (напр. Летописец начала царства, Казанская история) — А. Курбскі не толькі прысвяціў сваё сачыненне адной тэме і не толькі напісаў гісторыю ўладарства Івана IV, але і паспрабаваў тлумачыць прычыны ператварэння Івана з «прежде доброго и нарочитого государя» ў крывавага, паводле А. Курбскага, тырана.
У ВКЛ вакол А. Курбскага стварыўся адзін з гурткоў праваслаўнай інтэлігенцыі неабыякавай да лёсу праваслаўнай культуры ва ўмовах моцнага ўплыву заходняй культуры і каталіцтва, калі праваслаўнае духоўнае саслоўе не спраўлялася з роляй духоўнага лідара. А. Курбскі быў у перапісцы з многімі дзеячамі, у т.л. з інш. праваслаўных гурткоў, сярод яго карэспандэнтаў — магнат і сенатар, кн. К. К. Астрожскі, кашталян троцкі А. Валовіч, кнг. Чартарыйская, уладальнік віленскай друкарні К. Мамоніч, валынскія шляхцічы Кадыян Чапліч, Фёдар Бокей Печыхвастоўскі, пан Дрэвінскі, мяшчанін львоўскі Сямён Сядлар і інш., з прадстаўнікамі гуртка Юрыя Слуцкага — таксама ўцекачом з Масквы старцам Арцеміям — прадстаўніком рацыяналізму ў праваслаўі, перакладчыкам Маркам. Перапіска А. Курбскага гэтага перыяду мае яркі палемічны характар, уяўляе сабой апалогію праваслаўю часоў Стаглавага сабора. Асноўны пафас пасланняў накіраваны супраць разнастайных ідэалагічных плыняў пратэстанцкага кірунку, якія атрымалі шырокі распаўсюджанне у 2-й пал. 16 ст., паводле А. Курбскага — ерасяў. Антыкаталіцкая тэма гучыць значна слабей, а каталіцызм разглядаецца ім як скажоная, але ўсёжткі праўдзівая вера. Пра гэта ён кажа і ў сваім невялікім кампілятыўным сачыненні — «Истории о осьмом соборе».
У сваім маёнтку Міланавічы А. Курбскі арганізаваў скрыпторый, дзе перапісваліся рукапісы і пісаліся розныя сачыненні. Ёсць падставы меркаваць, што там была складзеная Тлумачальная Псалтыр антыіўдзейскай і антысацыніянскай скіраванасці. Палемічныя мэты вызначылі і характар перакладніцкай дзейнасці А. Курбскага. Ён слушна лічыў, што якасць перакладаў сачыненняў святых айцоў царквы, якія былі ў распараджэнні праваслаўных была далёкай ад дасканаласці — гэтыя сачыненні былі ў вельмі старых, няпоўных і недакладных перакладах, ці істотна сапсаваныя пры неаднаразовым перапісванні. Невядома, як вялікі быў непасрэдны ўдзел А. Курбскага ў перакладніцкай працы: ён сам пісаў, што вывучыў лаціну ўжо ў старэчым узросце і не можа прэтэндаваць на дасканалае яе веданне. Але, бясспрэчна, вялікая была яго дзейнасць па арганізацыі перакладніцкай справы. Для гэтага ён пасылаў вучыцца ў Кракаў, а затым у Італію ўцёкшага разам з ім з Масквы кн. Міхаіла Андрэевіча Абаленскага. Таксама супрацоўнічаў з «нейкім юнаком імем Амброжый», ад якога спасцігаў «знешнюю», т.б. свецкую філасофію. Тэма важнасці «знешніх» ведаў і свецкай адукаванасці гучыць у шматлікіх творах А. Курбскага, і найперш у яго прадмовах да перакладаў, што ў корані адрознівае яго гледжанні на адукацыю ад традыцыйных маскоўскіх ідэолагаў. Перакладніцкая праграма А. Курбскага, сфармуляваная ім таксама ў прадмовах і лістах, носіць на сабе сляды непасрэднага ўплыву ідэй Максіма Грэка. Пад уплывам гэтых ідэй А. Курбскі склаў зборнік пад назваю «Новы Маргарыт», які амаль цалкам складаецца з твораў Іаана Залатавуста, да гэтага невядомых у славянскім перакладзе ці, як меркаваў А. Курбскі, блага перакладзеных. Некаторыя пераклады з гэтага зборніку былі скарыстаныя пазней складальнікамі зборнікаў сачыненняў Іаана Залатавуста для папаўнення адсутных перакладаў. Кіруючыся тымі ж прынцыпамі, А. Курбскі звярнуўся да філасофскага твору Іаана Дамаскіна «Крыніца ведаў», які да гэтага быў у няпоўным перакладзе 10 ст. Іаана экзарха Балгарскага пад назвай «Нябёсы». У рукапіснай традыцыі гэта сачыненне звычайна суправаджаецца іншымі, драбнейшымі сачыненнямі гэтага ж аўтара. Але атрыбуцыя гэтых перакладаў А. Курбскаму некалькі праблематычная. Цёмнае і пытанне пра дачыненне яго да перакладу і складання зборніка сачыненняў Сімяона Метафраста, які захаваўся ў адзіным спісе і з’яўляецца адзінай у рускай літаратуры спробаю перакладу гэтага аўтара. Ёсць сведчанне таго, што А. Курбскі займаўся перакладамі з Васіля Вялікага і Рыгора Багаслова, але спісы гэтых перакладаў невядомыя. А. Курбскаму таксама прыпісваецца пераклад невялікіх урыўкаў з сачыненняў Епіфанія Кіпрскага і Яўсевія Кесарыйскага.
Таксама А. Курбскі пераклаў трактат «Пра сіллагізм», напісаны яго ідэалагічным супернікам — пратэстанцкім пісьменнікам І. Спангенбергам. Пераклад гэтага сачынення яшчэ ў большай меры сведчыць пра адкрытасць А. Курбскага чужой для афіцыйнай праваслаўнай культуры свецкай адукацыі. Гэты пераклад ён адрасаваў тым, хто палемізаваў з пратэстантамі, бо лічыў, што такую палеміку можна весці толькі ўзброіўшыся неабходнай падрыхтоўкай, вывучыўшы законы логікі і рыторыкі. Пра значэнне якое А. Курбскі надаваў свецкай адукацыі, сведчыць і факт, што ў свае 3-е пасланне цару ён уключыў два ўрыўкі з «Парадоксаў» Цыцэрона — магчыма, ва ўласным перакладзе. Выкарыстанне твораў антычных аўтараў было характэрнае для гуманістычнай эстэтыкі, з прынцыпамі якой А. Курбскі пазнаёміўся далучыўшыся да заходняй адукаванасці. Спалучэнне гэтае адукаванасці і своеасаблівасць таленту А. Курбскага абумовіла яго адмысловае месца ў гісторыі рускай літаратуры.
Падчас аднаго з паходаў Лівонскай вайны ў 1581 г. А. Курбскі па дарозе захварэў, вярнуўся ў свой маёнтак Мілянавічы пад Ковелем, дзе праз 2 гады і памёр.
У Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай князя Андрэя Курбскага, як і яго нашчадкаў, часта памылкова запісвалі як Крупскага[2][3][4][5], блытаючы з іншым родам. Нашчадкі перайшлі ў каталіцтва[6], жылі у т.л. на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.