![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0c/Chor%25C4%2585giew_kr%25C3%25B3lewska_kr%25C3%25B3la_Zygmunta_III_Wazy.svg/langbe-tarask-640px-Chor%25C4%2585giew_kr%25C3%25B3lewska_kr%25C3%25B3la_Zygmunta_III_Wazy.svg.png&w=640&q=50)
Рэч Паспалітая
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэч Паспалі́тая (польск. Rzeczpospolita Obojga Narodów, рус. Рѣч Посполита, лац. Res Publica Serenissima) — канфэдэрацыя[3][4][5] Кароны каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якая ўзьнікла ў выніку Люблінскай уніі ў 1569 годзе і была ліквідаваная ў 1795 годзе з канчатковым падзелам дзяржавы паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Новае палітычнае аб’яднаньне стала найбуйнейшай і адной з самых густа населеных краінаў Эўропы XVI і XVII стагодзьдзяў[6][7][8][9].
Новаму зьвязу былі ўласьцівыя ўнікальныя рысы для тагачасных дзяржаваў: палітычная сыстэма Рэчы Паспалітай (вядомая пад альтэрнатыўнай назвай «шляхецкая дэмакратыя» альбо «Залатыя вольнасьці») характарызавалася моцным абмежаваньнем манархічнай улады. Гэтыя абмежаваньні ўводзіліся заканадаўчым чынам у Сойме, які кантраляваўся шляхтай. Гэтая ўнікальная сыстэма стала папярэдніцай сучасных канцэпцыяў дэмакратыі[10], канстытуцыйнай манархіі[11][12][13] і фэдэрацыі[14]. Дзьве састаўныя краіны Рэчы Паспалітай фармальна існавалі на раўнапраўнай аснове, але, зрэшты, Польшча зьяўлялася дамінуючым партнэрам[15].
Рэч Паспалітая адзначалася высокай этнічнай разнастайнасьцю і незвычайнай рэлігійнай талерантнасьцю[16][17], але ступень рэлігійнай талерантнасьці зь цягам часу зьмянялася[18].
Пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў велічы і магутнасьці[19][20][21] Рэч Паспалітая ўвайшла ў пэрыяд працяглага палітычнага[13][22], ваеннага і эканамічнага[23] заняпаду. Узрастаючая слабасьць дзяржавы прывяла да яе разьдзелу наймагутнейшымі суседзямі: Аўстрыйскай імпэрыяй, Каралеўствам Прусія і Расейскай імпэрыяй цягам XVIII ст. Незадоўга да свайго зьнікненьня ў Рэчы Паспалітай была праведзеная спроба буйной рэформы, што вылілася ў зацьвярджэньне Канстытуцыі 3 траўня 1791 году, якую апісваюць як другую найстарэйшую кадыфікаваную нацыянальную канстытуцыю ў сучаснай гісторыі[24][25][26][27].