Каталіцкая Царква
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рыма-Каталіцкая Царква або Рыма-Каталіцкі Касьцёл — прыняты з канца XVII стагодзьдзя неафіцыйны тэрмін для абазначэньня той часткі Заходняй Царквы, якая засталася ў камунікацыі з Рымскім біскупам пасьля Рэфармацыі XVI стагодзьдзя. Каталіцтва зьяўляецца найбольш распаўсюджанай хрысьціянскай канфэсіяй, разам з пратэстанцтвам і праваслаўем. На 2017 год налічвалася прыблізна 1,3 мільярдаў ахрышчаных каталікоў у сьвеце. Як найстарэйшая й найбуйнейшая ў сьвеце міжнародная ўстанова, з усіх функцыяваных на сёньня[1], яна згуляла прыкметную ролю ў гісторыі й разьвіцьці Заходняе цывілізацыі. Касьцёл узначальвае біскуп Рыму, вядомы як Папа. Ягоная цэнтральная адміністрацыя мае назоў Сьвяты Пасад.
Каталіцкая Царква | |
лац. Ecclesia Catholica | |
Базыліка Сьвятога Пятра ў Ватыкане. | |
Юрыдычны статус | рэлігійнае аб’яднаньне |
---|---|
Мэта | пашырэньне каталіцкае хрысьціянскай веры |
Штаб-кватэра | Ватыкан |
Дзейнічае ў рэгіёнах | увесь сьвет |
Папа Рымскі | Францішак |
Кіроўны орган | рымская курыя |
Сайт | vatican.va |
Каталікі прытрымліваюцца нікейскага сымбалю веры. Каталіцкая царква абвяшчае, што яна ёсьць адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай царквой, заснаванай Ісусам Хрыстом згодна зь ягоным Вялікім даручэньнем[2][3], а біскупы царквы зьяўляюцца пераемнікамі апосталаў Хрыста, а таксама, што Папа Рымскі ёсьць прамым пераемнікам Сьвятога Пятра, галоўнага апостала, прызначанага самім Ісусам Хрыстом. Царква сьцьвярджае, што яна прытрымліваецца першапачатковай хрысьціянскай веры, захоўваючы непахіснасьць, перададзеныя сакральныя традыцыі[4]. Лацінская царква, дваццаць тры ўсходнія каталіцкія цэрквы й такія інстытуцыі, як то жабрацкія ордэны, закрытыя манаскія ордэны й трэція ордэны адлюстроўваюць розныя тэалягічныя й духоўныя акцэнты, якія сфармаваліся ў рамках Каталіцкае Царквы[5]. Каталіцкая Царква яднаецца на адзінстве дагматыкі, але можа дапушчаць рознасьць у літургіі.
Зь сямі сакрамэнтаў эўхарыстыя зьяўляецца галоўнай, якая літургічна адзначаецца падчас імшы. Касьцёл вучыць, што пры пасьвячэньні сьвятара ахвярны хлеб і віно становяцца целам і крывёю Хрыста. Панна Марыя шануецца ў Каталіцкім Касьцёле як Маці Боская й Каралева Нябесная, ушаноўваецца ў догмах і адданасьцях[6]. Царкоўнае вучэньне ўключае ў сабе Боскую Міласэрнасьць, асьвячэньне празь веру й эвангелізацыю Дабравесьця, а таксама каталіцкае сацыяльнае вучэньне, якое падкрэсьлівае добраахвотную падтрымку хворых, бедных і пацярпелых празь цялесныя й духоўныя справы міласэрнасьці. Каталіцкая царква зьяўляецца найбуйнейшым няўрадавым арганізатарам адукацыі й аховы здароўя ў сьвеце[7].
Каталіцкая царква аказала значны ўплыў на заходнюю філязофію, культуру, мастацтва й навуку. Каталікі жывуць па ўсім сьвеце, пашырыўшы сваю прысутнасьць празь місіі, дыяспару й хрышчэньні. З XX стагодзьдзя большасьць вернікаў насяляюць паўднёвае паўшар’е праз сэкулярызацыю ў Эўропе й узмацненьне перасьледу на Блізкім Усходзе. З канца XX стагодзьдзя Каталіцкая царква ёсьць аб’ектам крытыцы праз свае падыходы да вучэньняў датычнае сэксуальнасьці, няздольнасьць да вырашэньня пытаньня з жанчынамі сьвятарамі, а таксама праз справу з сжксуальным гвалтам з удзелам духавенства.