Кітай
дзяржава ва Ўсходняй Азіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Кіта́й, часам Кіта́йшчына[3][4][5], (поўная назва: Кіта́йская Наро́дная Рэспу́бліка; па-кітайску: 中国 ці 中华人民共和国 Zh-Zhonghua renmin gongheguo.ogg (зьвесткі)) — краіна ў паўночна-ўсходняй Азіі, Мяжуе з 14 краінамі — Аўганістанам, Бутанам, Віетнамам, Індыяй, Казахстанам, КНДР, Кыргыстанам, Лаосам, Манголіяй, М’янмай, Нэпалам, Пакістанам, Расеяй, Таджыкістанам.
- Гэта артыкул пра краіну ў паўночна-ўсходняй Азіі. Калі вам патрэбны артыкул пра астраўную краіну ва Ўсходняй Азіі, глядзіце артыкул Рэспубліка Кітай.
Кітай 中华人民共和国 | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Марш добраахвотнікаў» | |||||
Афіцыйная мова | кітайская (на большасьці тэрыторыі — путунхуа, у Ганконгу і Макао выкарыстоўваецца кантонскі дыялект) | ||||
Сталіца | Пэкін | ||||
Найбуйнейшы горад | Шанхай | ||||
Форма кіраваньня | сацыялістычная рэспубліка[1] Сі Цьзіньпін | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
4-е месца ў сьвеце 9 640 821 км² 2,8 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2016) • шчыльнасьць |
1-е месца ў сьвеце 1,426,000,000[2] 139,6/км² | ||||
СУП • агульны (2018) • на душу насельніцтва |
2 месца ў сьвеце $14,092 трыльёну $ 10 087 | ||||
Валюта | юань рэнмінбі (RMB¥) | ||||
Часавы пас • улетку |
+8 +8 | ||||
Незалежнасьць — ад Японіі |
1946 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .cn | ||||
Тэлефонны код | +86 | ||||
Кітай займае другое месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва, якое складае каля 1,426 млрд чалавек[2]. Агульная плошча краіны складае каля 9,6 млн км², то бок краіна па гэтаму паказчыку займае пяты радок у сьвеце[6]. Дзяржава кіруецца Камуністычнай партыяй Кітаю і падзяляецца на 22 правінцыі, 5 аўтаномных рагіёнаў, 4 прамыя кантраляваныя муніцыпалітэты (Пэкін, Цяньцьзінь, Шанхай і Чунцін), а таксама спэцыяльныя адміністрацыйныя раёны Ганконг і Макао.
Кітай зьяўляецца адной зь першых сусьветных цывілізацыяй, якая паўстала на ўрадлівай зямлі ў басэйне рэкі Хуанхэ на Паўночна-кітайскай раўніне. На працягу тысячагодзьдзяў палітычная сыстэма Кітаю была заснаваная на спадчыннай манархіі ці дынастыі, пачынаючы з паўлегендарнай дынастыі Ся ў XXI стагодзьдзі да н. э. З тых часоў Кітай значна пашыраўся, распадаўся і зноўку павялічваўся шмат разоў. У III стагодзьдзі да н. э. дынастыя Цынь аб’яднала Кітай і стварыла першую кітайскую імпэрыю. За часам наступнай дынастыі Хань, якая кіравала краінай з 206 году да н. э. да 220 году н. э., пабачылі сьвет некаторыя з самых перадавых тэхналёгіяў і вынаходзтваў на той час, у тым ліку вытворчасьці паперы і вынаходзтва компасу, а таксама інавацыі ў сфэры сельскай гаспадаркі і мэдыцыны. Вынаходзтва пораху і ручнога набору ў часы панаваньня дынастыі Тан (618—907 гады) і дынастыі Сун (960—1127 гадоў) завяршылі зьяўленьне чатырох вялікіх вынаходак. Культура Кітаю дынастыі Тан шырока распаўсюдзілася ў Азіі разам з разьвіцьцём новага марскога шаўковага шляху да Мэсапатаміі і Афрыканскага рогу[7]. Дынастычныя пэрыяды скончыліся ў 1912 годзе разам з Сыньхайскай рэвалюцыяй, якая паклала канец дынастыя Цынь і пераўтварыла краіну ў рэспубліку. Кітайская грамадзянская вайна прывяла да падзелу тэрыторыі ў 1949 годзе, калі Камуністычная партыя Кітаю ўтварыла Кітайскую Народную Рэспубліку, унітарную аднапартыйную сувэрэнную дзяржаву на мацерыковай частцы Кітаю, у той час як Гаміньдан пад кіраўніцтвам ураду адступілі на востраў Тайвань. Палітычны статус Тайваня на сёньня застаецца спрэчным. Рэспубліка Беларусь афіцыйна падтрымлівае палітыку адзінага Кітаю і мае дыпляматычныя дачыненьні толькі з КНР.
Нацыянальнай валютай краіны зьяўляецца юань рэнмінбі, а ў спэцыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг выкарыстоўваецца ганконскі даляр. З моманту прасоўваньня эканамічных рэформаў у 1978 годзе, эканоміка Кітаю расьце найхутчэй за астатнія краіны сьвету. Ейны рост ў 2022 годзе склаў 3 працэнты[8]. Па стане на 2016 год, гэта другая паводле велічыні эканомікі ў сьвеце паводле намінальнага СУП і самая вялікая паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці[9]. Кітай таксама зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспартэрам і другім паводле велічыні імпартэрам тавараў[10]. Акрамя таго, Кітай мае ў сваім арсэнале ядзерную зброю і самае вялікае сталае войска ў сьвеце. Абаронны бюджэт зьяўляецца другім паводле велічыні ў сьвеце[11][12]. КНР зьяўляецца сталым чальцом Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Кітай таксама зьяўляецца вядучым чальцом шматлікіх фармальных і нефармальных шматбаковых арганізацыяў, як то Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Сусьветная гандлёвая арганізацыя, Азіяцка-тыхаакіянскае эканамічнае супрацоўніцтва, БРІКС і G20. Зьяўляючыся адной зь вядучых рэгіянальных дзяржаваў Азіі, краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава[13][14].