Сукупны ўнутраны прадукт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Суку́пны ўну́траны праду́кт (СУП, ВУП), ці Валавы ўнутраны прадукт — абагульнены эканамічны статыстычны паказчык, што паказвае сукупны кошт усіх тавараў і паслугаў, створаных у межах краіны як рэзыдэнтамі, так і нерэзыдэнтамі. Зьяўляецца адным з базавых паказчыкаў эканамічнага разьвіцьця краіны.
Разьлічваецца трыма мэтадамі: паводле даходаў, паводле выдаткаў і мэтадам даданага кошту. Прымяняецца ў сыстэме нацыянальных рахункаў (СНР). На рахунку «Вытворчасьць» СНК СУП вылічваецца як розьніца між аб’ёмамі сукупнага выпуску і прамежкавага спажываньня, на рахунку «Стварэньне даходаў» — як сума аплаты працы найманых работнікаў, чыстых падаткаў на вытворчасьць і сукупнага прыбытку ў эканоміцы, а на рахунку «Выкарыстаньне даходаў» — як сума выдаткаў на канчатковае спажываньне і ашчаджэньні.
СУП адрозьніваецца ад паказчыка чыстага ўнутранага прадукту на велічыню спажываньня асноўнага капіталу. СУП разьлічваецца ў фактычных асноўных і рынкавых цэнах (намінальны СУП). Для вывучэньня дынамікі СУП прымяняюць сталыя цэны. Рэальны СУП разьлічваецца метадам дэфлятаваньня.
СУП на душу насельніцтва вылічваецца дзяленьнем СУП на колькасьць жыхароў краіны. Для большае якасьці параўнаньня ён часта падаецца з папраўкай на розьніцу цэнаў у розных краінах.
СУП паказвае толькі грашовы эквівалент усяе створанае прадукцыі, а ня якасьць прадукцыі, таму ня можа прымяняцца для параўнаньня дабрабыту і якасьці жыцьця. Для гэтага існуюць іншыя паказчыкі, як Індэкс чалавечага разьвіцьця.