краіна ў Цэнтральнай Эўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Слава́ччына (па-славацку: Slovensko, Slovenská republika) — дзяржава на ўсходзе Цэнтральнай Эўропы. Мяжуе з Чэхіяй (252 км) і Аўстрыяй (91 км) на захадзе, Вугоршчынай (677 км) на поўдні, Украінай (97 км) на ўсходзе і Польшчай (444 км) на поўначы. Славаччына зьяўляецца краінай-чальцом Эўразьвязу (з 2004 году) і эўразоны (зь 1 студзеня 2009).
Славаччына лац. Słavaččyna славац. Slovenská republika | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Nad Tatrou sa blýska» | |||||
Афіцыйная мова | славацкая | ||||
Сталіца | Браціслава | ||||
Найбуйнейшы горад | Браціслава | ||||
Форма кіраваньня | Парлямэнцкая рэспубліка Зузана Чапутава Пэтэр Пэлегрыні | ||||
Гісторыя • ад Аўстра-Вугоршчыны |
28 кастрычніка 1918 | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
129-е месца ў сьвеце 49 035 км² 1,9% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2013) • шчыльнасьць |
115-е месца ў сьвеце 5 415 459[1] 111/км² | ||||
Этнічны склад | 80,7% славакі
| ||||
СУП • агульны (2012) • на душу насельніцтва |
Сьпіс краінаў паводле СУП $91,186 млрд $24 284 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) СEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць Падзел Чэхаславаччыны |
1 студзеня 1993 | ||||
Аўтамабільны знак | SK | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .sk | ||||
Тэлефонны код | +421 |
Назва Славаччыны ў разуменьні краіна, заселеная славакамі ўпершыню адзінкава сустракаецца ў 1029 р. у словазлучэньні «dux Sclavonie», а пазьней часта ў розных варыянтах і мовах з XV стагодзьдзя. Аднак дакладна незразумела, ці маецца на ўвазе ў цэлым «славянская», ці канкрэтна «славацкая» тэрыторыя, як гэта часта бывало і з «славенскімі» тапонімамі. Славацкая гістарыяграфія часта сыходзіць з таго, што тэрмін «славен» або «славэн», «славенскі» ці «славэнскі» яшчэ з часоў Вялікамаравіі паказвае на генэтычных продкаў славакаў.
Сучасная славацкая форма — Slovensko — упершыню зафіксаваная ў 1675 у дакумэнце броўмаўскай шляхты, накіраванай гетману краю ва Ўгерскім Градішці[2]. Часьцей гэтую назву пачалі ўжываць на пачатку XIX стагодзьдзя. Для пазначэньня тэрыторыі ў гістарычных дакумэнтах часта карысталіся варыянтам «Верхневугорская славацкая ваколіца» (славац. Hornouhorské slovenské okolie), напрыклад у «Мэмарандуме славацкай нацыі» або «Венскім мэмарандуме(sk)», у якіх прадстаўнікі славацкага народу дамагаліся пэўнай аўтаноміі на ўласнай этнічнай тэрыторыі.
На пачатку новай эры Славаччыну, дагэтуль заселеную кельтамі, апанавалі германскія квады, у другой палове II стагодзьдзя паўднёва-заходнюю частку занялі рымляне, у V — VI стагодзьдзях тэрыторыю засялілі славяне.
Славаччына была часткай цэнтру імпэрыі Сама VII стагодзьдзя, у IX стагодзьдзі на тэрыторыі заходняй і цэнтральнай Славаччыны паўстала Нітранскае княства з Прыбінаю на чале (тады пачалася хрысьціянізацыя Славаччыны).
Найвышэйшага разьвіцьця прота-славацкая дзяржава, вядомае як Вялікая Маравія, дасягнула ў IX стагодзьдзі з прыходам Кірылы і Мяфодзія і экспансіяй пад правадырствам князя Сватаплука. У канчатковым выніку Славаччына стала часткай каралеўства Вугоршчына ў XI—XIV стагодзьдзях, а пазьней апынулася ў складзе Аўстра-Вугоршчыны да яе распаду ў 1918 годзе. У гэтым годзе Славаччына аб’ядналася з Чэхіяй і Падкарпацкай Русьсю, тым самым утварыўшы Чэхаславаччыну.
З прычыны распаду гэтай краіны пасьля Мюнхэнскай дамовы 1938 году, Славаччына стала асобнай рэспублікай, якая кантралявалася Нацысцкай Нямеччынай.
Пасьля Другой сусьветнай вайны Чэхаславаччына ізноў была адноўленая і патрапіла пад уплыў Савецкага Зьвязу і Арганізацыі Варшаўскай дамовы з 1945 году.
Канец камуністычнай Чэхаславаччыны ў 1989 падчас мірнай Аксамітнай рэвалюцыі азначаў таксама канец для Чэхаславаччыны як цэлага і стварэньне дзьвюх асобных дзяржаваў: Славаччыны і Чэхіі — ідучых сваімі ўласнымі шляхамі пасьля 1 студзеня 1993. Славаччына стала сябрам Эўразьвязу 1 траўня 2004, а 21 сьнежня 2007 увайшла ў Шэнгенскую зону.
Славаччына разьмешчаная на ўсходзе Цэнтральнай Эўропы ў паўднёва-заходняй частцы Карпатаў, у сьцёку сярэдняга Дунаю, між Польшчаю на поўначы і Вугоршчынаю на поўдні, Чэхіяю (Маравіяю) ды Аўстрыяю на захадзе і Ўкраінаю (Закарпацьцем) на ўсходзе. Працягласьць граніцы складае 1652,6 км, зь із з Вугоршчынаю 654,8 км, з Польшчаю — 541,1 км, з Чэхіяю 251,8 км, з Аўстрыяю 107,1 км, з Украінаю — 97,8 км.
Плошча краіны складае 49 035 км² — 129 месца ў сьвеце. Тэрыторыя краіны распасьціраецца з захаду на ўсход на 428,8 км, з поўначы на поўдзень на 77,6 км.
Галоўнымі рэкамі Славаччыны, акрамя Дунаю, зьяўляюцца таксама Ваг і Грон.
Для славацкага ляндшафту характэрная гарыстая прырода, з Карпацкімі горамі, якія праходзяць праз большую палову паўночнай часткі краіны. Найвышэйшыя горныя масівы — Высокія і Нізкія Татры, якія зьяўляюцца папулярнымі лыжнымі курортамі, з мноствам маляўнічых азёраў і далін. Найвышэйшы пункт Славаччыны і ўсіх Карпат — Герлахаўскі-Шціт (2655 м), найніжэйшы — рака Бодраг (94 м) ля вёскі Стрэда над Бодрагам.
Паўднёва-заходнюю (уздоўж Дунаю) і паўднёва-ўсходнюю часткі Славаччыны займаюць Сярэднедунайская і Патыская нізіны. Даліны і сярэднегорскія катлавіны густанаселеныя, а горныя масівы — заселеныя бедна альбо нават бязьлюдныя.
З 1996 году Славаччына падзеленая на 8 краёў (у дужках — адміністрацыйны цэнтар краю):
Кожны край дзеліцца на некалькі раёнаў (славац. okresy, адз. л. okres). Усяго ў Славаччыне цяпер 79 раёнаў.
Колькасьць насельніцтва — 5,38 млн чал. Большасьць жыхароў Славаччыны зьяўляюцца этнічнымі славакамі (86%). Вугорцы — найбольшая меншасьць (10%), пражываюць у асноўным у паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах краіны. Іншыя этнічныя групы ўключаюць цыган, чэхаў, русінаў, украінцаў, немцаў і палякаў.
Афіцыйная дзяржаўная мова — славацкая, прыналежыць да групы славянскіх моў. Але ў паўднёвай Славаччыне разам з славацкай распаўсюджаная яшчэ й вугорская мова.
Паводле дасьледаваньня нямецкай Гандлёвай палаты, праведзенага ў сакавіку 2004 году, каля паловы нямецкіх фундатараў разглядаюць Славаччыну як лепшае месца для інвэстыцый.
Славаччына пераадолела вялікую частку складанага пераходу ад цэнтралізаванай плянавай эканомікі да сучаснай рынкавай. Урад краіны дамогся ў 2001 істотнага прагрэсу ў макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформах. У асноўным завершаная прыватызацыя, банкаўскі сэктар амаль цалкам знаходзіцца ў руках замежнікаў і замежныя інвэстыцыі растуць. Славацкая эканоміка перасягнула чаканьні раньніх 2000-х, за выключэньнем спаду ў экспарце. Ажыўленьне ўнутранага попыту ў 2002, часткова дзякуючы росту прыбыткаў, кампэнсуе запаволеньне росту экспарту, дапамагаючы эканоміцы ісьці да яе найбольшага росту з 1998.
Беспрацоўе, якое дасягала 19,8% у канцы 2001, істотна зьнізілася да 2003.
Славаччына ўступіла ў НАТО 29 сакавіка 2004 і ў Эўрапейскі Зьвяз 1 траўня 2004.
Кіраўніком дзяржавы ў Славаччыне зьяўляецца прэзыдэнт Славаччыны, які абіраецца ўсеагульным прамым галасаваньнем на 5-гадовы тэрмін. Вялікая частка выканаўчай улады ўскладзеная на старшыню ўраду, прэм’ер-міністра, які звычайна зьяўляецца лідэрам партыі або кааліцыі, якая атрымала большасьць на выбарах у парлямэнт і прызначаецца прэзыдэнтам. Астатняя частка кабінэту прызначаецца прэзыдэнтам па рэкамэндацыі прэм’ер-міністра.
Найвышэйшым заканадаўчым органам Славаччыны зьяўляецца 150-мясцовая аднапалатная Народная Рада Славацкай Рэспублікі (славац. Narodna Rada Slovenskej Republiky). Дэлегаты абіраюцца на 4-гадовы тэрмін на базе прапарцыйнага прадстаўніцтва.
Парлямэнт можа адправіць прэзыдэнта ў адстаўку, калі за гэта прагаласуюць тры пятых ад усяго ліку дэпутатаў. Прэзыдэнт можа распусьціць парлямэнт, калі ён тройчы на працягу месяца пасьля выбараў ня ўхваліць праграмную заяву ўрада.
Найвышэйшы судовы орган — Канстытуцыйны суд (славац. Ustavny sud). 13 сябраў гэтага суду зацьвярджаюцца прэзыдэнтам зь некалькіх кандыдатаў, прадстаўленых парлямэнтам.
Нягледзячы на наяўнасьць дастатковай колькасьці дасьледчыкаў ды грунтоўнай сыстэмы сярэдняй адукацыі, Славаччына разам з шэрагам іншых пост-камуністычных краінаў, па сёньняшні дзень мае цяжкасьці з эканомікай ведаў. Сацыяльныя ды бізнэс-дасьледаваньні, а таксама выдаткі на разьвіцьцё ніжэйшыя адносна сярэдніх па Эўразьвязе. Пад эгідай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця ў Славаччыне была праведзеная праграма міжнароднай ацэнкі ведаў студэнтаў. Вынікі яе правядзеньня сьцьвярджаюць, што сярэдняя адукацыя ў краіне займае 30-е месца ў сьвеце (акурат ніжэй чым у ЗША ды вышэй, чым у Гішпаніі)[3]. Ні адзін унівэрсытэт Славаччыны не ўваходзіць у сьпіс найлепшых унівэрсытэтаў у сьвеце[4].
На працягу ўсёй гісторыі Вугоршчыны славакі называліся горцамі. Упершыню славакі згадваюцца як нацыя ў XIX стагодзьдзі. Славацкае мастацтва бярэ пачатак яшчэ ў Сярэднявеччы, калі створаныя адны з самых выбітных шэдэўраў у гісторыі краіны. Сярод мноства майстроў гэтай эпохі можна назваць Майстра Паўла зь Левачы ды Майстра М. С. Сярод сучасных мастакоў выдзяляюць Коламана Сокала, Альбіна Бруноўскага, Марціна Бенка, Мікулаша Галанду ды Людовіта Фулу. Слынныя славацкія кампазытары Яўген Сухонь, Ян Цыкер ды Аляксандар Мойзэс, у XXI стагодздьдзі — Уладзімер Гадар ды Пэтэр Махайдзік. Сярод знакамітых славакаў багата вынаходнікаў. Гэта Ёзаф Мургаш — вынаходнік бяздротавага тэлеграфу, Ян Багіль — вынаходнік гэлікоптэра, Штэфан Баніч — вынаходнік парашута, які выкарыстоўваецца па сёньняшні дзень, Аўрэль Стадола — адзін зь першых навукоўкцаў, хто пачынаў ствараць тэрмадынаміку; Джон Доп’ера — бацька сучаснай акустыкі струнных музычных інструмэнтаў. Антон Бэрналак у 1787 годзе ўпершыню аформіў літаратурную славацкую мову.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.