вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Кабы́льнік (з 1964 году — На́рач[1]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы, за 4 км ад возера Нарачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2581 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 км на паўночны захад ад курортнага мястэчка Нарачы.
Кабыльнік лац. Kabylnik | |
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала | |
Першыя згадкі: | 15 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Мядзельскі |
Сельсавет: | Кабыльніцкі |
Вышыня: | 196 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 2581 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1797 |
Паштовы індэкс: | 222395 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°56′4.99″ пн. ш. 26°41′10.00″ у. д. |
± Кабыльнік | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захавалася драўляная касьцельная званіца ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XIX ст., спалены савецкімі партызанамі ў Другую сусьветную вайну.
Тапонім Кабыльнік, магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога, 12 сьнежня 1522 году набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары, у Людвіка Сьвірскага — «зямлю пустаўскую на імя Трухаўшчыну» (Труханкі) і ў Пятра Сьвірскага «зямлю пустаўскую на імя Якубоўшчыну на Едупе» (Рэдупля)[2]. У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва Кабыльнішкі[3] — вёска за 36 км на захад ад Паставаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтупаў. Назва паходзіць, відаць, ад славянскай асновы кобь — 'чары, чараўніцтва'. Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні 'чараўнік, калдун'. Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае 'конскае шчаўе'.
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Кабельнікі[4], Кабыльнікі.
У 1964 годзе савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з аднайменных курортным мястэчкам або самім возерам Нараччу. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік[5] і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай[6].
Паводле некаторых зьвестак[7], упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor, польск. Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Аднак у наш час не атрымалася знайсьці дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму. Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа[8]. Дасьледнік сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакштаў разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Сьвірскага (сярэдзіна XV ст.).
У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касьцёл[9] (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам»[10]. У 1579 «имением Кабыльникъ и дварцом Жары у Ошмянским павете» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае их «июля 19» у вечнае уладанне «малжонку миламу, Кнежати Стефану Карибутовичу Збаражскому, воеводе Троцкому, Державцэ Смилишскому, Жослинскому, Дорсунишскому»[11]. Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.)[12]. Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданьне Антонія Сьвентажэцкага.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555—1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіка Левэнгаўпта[13] ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня[14]). Па друім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе стаў цэнтрам памежнай парафіі Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.
У час паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завялейскага палку паўстанцаў (генэрал-маёр Ксавэры Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завялейскага палку ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак па начной атацы войскам генэрала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішак[15].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году ў мястэчка 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.
На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у красавіку 1863 году каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня зь Сьвянцянаў паводле маршруту Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі[16].
У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльніку і двух аднайменных фальварках налічвалася 33 дамоў. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзеялі касьцёл, царква і сынагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. У 1892 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку[17].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Кабыльнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі[18], нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генэрала Аскара фон Гуцьера(ru), у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лынтупамі, Паставамі і Мядзельскім возерам. Каля мястэчка дзеяў нямецкі вайсковы аэрадром.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[19].
У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 году мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 году Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. На 1931 год у мястэчку дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузьні, 2—3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліцаў[12].
У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.
У Другую сусьветную вайну ў чэрвені 1941 году Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга Райху. У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф. Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі[20][21]. У час нападу спалілі палац Сьвентажэцкіх[22]. Савецкія партызаны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 годзе забілі тутэйшага ксяндза Паўловіча.
У 1947 годзе ў Кабыльніку зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Перамога». У гэты час у вёсцы працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня. З 20 студзеня 1961 году Кабыльнік знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 году савецкія ўлады перайменавалі паселішча ў Нарач.
На 1997 год у Кабыльніку было 1009 двароў, на 1999 год — 800. У 2000-я гады Кабыльнік атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
За 2 км на поўдзень і паўднёвы захад ад Кабыльніку разьмяшчаецца радовішча пяскова-жвіровага матэрыялу.
У Кабыльніку працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя і музычная школы, лякарня, пункт хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, бібліятэка, дом культуры, пошта, банку, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, сталоўка, крамы. Таксама ў вёсцы разьмяшчаюцца адміністрацыя сельсавету і ўправа сельскагаспадарчана прадпрыемства.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Заводзкая вуліца | Мельніцкая вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Партызанская вуліца | Купская вуліца | |
Першамайская вуліца | Віленская вуліца (частка) Кусеўская вуліца (частка) Мядзельская вуліца (частка) | 3 траўня вуліца |
Піянэрская вуліца | Шэметаўская вуліца | Францішка Жвіркі і Станіслава Вігуры вуліца |
Савецкая вуліца | Канцылярская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Кабыльніку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Пастаўская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.
Гаспадарчы двор з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, жывёлагадоўчая фэрма, Нарачанскі масласырзавод, Нарачанскі завод напояў, мясакамбінат, будаўніча-вытворчая ўправа «Нарач-прафбуд», склады курортнага каапэратыву, лінейны ўчастак.
У Кабыльніку працуе аўтастанцыя.
У 1969 годзе ў Кабыльніку паставілі помнік 20 землякам, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны, таксама тут знаходзіцца магіла 80 ахвяраў нацысцкіх захопнікаў. На паўночнай ускраіне сучаснай вёскі — пахаваньні 4 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баёх ліпеня 1920 году.
Непадалёк ад вуліцы Пастаўскай знаходзіцца кіркут — жыдоўскія могілкі з памятнай дошкай ахвярам вайны. Далей на правым баку вуліцы Пастаўскай стаіць безыменны абэліск, які мясцовыя называюць магілай польскіх уланаў, што загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. На каталіцкіх магілках знаходзіцца вялікі помнік з узыходзячым арлом, прысьвечаны нямецкім жаўнерам, якія загінулі ў часы І Сусьветнай вайны, а побач стаяць крыжы іх магілаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.