Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прапага́нда ў Белару́сі — адзін са сродкаў рэпрэсіўнага ажыцьцяўленьня ўлады рэжымам Лукашэнкі. Для прапаганды выкарыстоўваюцца дзяржаўныя СМІ, такія як тэлеканал «Беларусь 1», які належыць Белтэлерадыёкампаніі, а таксама навучальныя ўстановы.
Паводле 5-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «забараняецца стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў, а таксама іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці»[1]. Крымінальны кодэкс Беларусі зьмяшчаў артыкулы: 123 «Прапаганда вайны», 341-1 «Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб і распаўсюд нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» і 342-1 «Прапаганда самагубства». Гэтыя артыкулы Крымінальнага кодэксу прадугледжвалі пазбаўленьне волі на тэрмін да 5, 4-х і 6 гадоў адпаведна[2].
Нягледзячы на ўстанаўленьне свабоды слова(be) ў артыкуле 33 Канстытуцыі Беларусі 1996 году, рэжым Лукашэнкі абмяжоўвае яе іншымі законамі й рэпрэсіямі(uk)[3]. Урад падтрымлівае дзяржаўныя СМІ, такія як тэлеканал «Беларусь 1», якія здаўна выкарыстоўваюцца для прапаганды[4], і, дзякуючы іх шырокай прысутнасьці ў інфармацыйнае прасторы, ажыцьцяўляе непасрэдны кантроль над мэдыя-ландшафтам і распаўсюджваньнем інфармацыі адпаведна[5]. Гэта робіць людзей у Беларусі ўразьлівымі для дзяржаўнае прапаганды, бо ў іх мала доступу да альтэрнатыўных і незалежных СМІ[6][5]. Асноўная мэта прапаганды — захаваньне ўлады, распаўсюджваньне ідэалёгіі й папулярызацыя Аляксандара Лукашэнкі[3][7]. У прыватнасьці, прапаганда намагаецца стварыць адчуваньне, што дзяржава, урад і Лукашэнка — гэта адно цэлае[3][7]. Фокус на пэрсоне Лукашэнкі мацнейшы, чым быў на кіраўніках дзяржавы пры СССР[7].
Характар прапагандысцкай сыстэмы бярэ пачатак з савецкіх часоў. Лукашэнка паказваецца як незаменны бацька нацыі й гарант стабільнасьці. Спорт(uk) гуляе важную ролю ў асьвятленьні падзеяў як крыніца патрыятызму[3].
У школах, каледжах і ўнівэрсытэтах працягвае адбывацца значная індактрынацыя(uk): навучэнцы атрымліваюць аднабаковыя паведамленьні пра гісторыю й бягучую палітычную сытуацыю[8][9]. З-за боязі Лукашэнкі, што прафэсары распаўсюджваюць крамольныя ідэі пра плюралізм(be), дэмакратыю й лібэралізм, у 2003 годзе ў ВНУ быў уведзены прарасейскі й прасавецкі абавязковы курс «Асновы ідэялёгіі беларускае дзяржавы»[10]. У прапагандзе, у прыватнасьці, заходнія дзяржавы і іх аб’яднаньні, такія як ЗША, НАТО, але таксама Польшча і ўвесь Эўрапэйскі Зьвяз, разглядаюцца як варожы бок[3]. Каб мець магчымасьць працаваць у дзяржаўным апараце, трэба прайсьці ідэалягічныя выпрабаваньні[11].
Падчас пандэміі COVID-19 на Беларусі Лукашэнка прынізіў небясьпечнасьць сытуацыі[12], а паведамляць пра эпідэмію першапачаткова не дазвалялася[13].
Дзяржаўныя СМІ на фоне пратэстаў з 2020 году ня толькі ў аўтарскіх перадачах, але ўжо й ў навінах сталі актыўна зьвяртацца да містыфікацыяў(uk), выкарыстоўваць стылістычна зьніжаную лексіку(ru) й наважваць цэтлікі — вынік інтаксыкацыі(uk) іх супрацоўнікаў уласнаю прапагандаю, на думку журналіста Паўлюка Быкоўскага[14]. Усходняя апэрацыйная група стратэгічных зносін зазначыла як прыклад перадачы Рыгора Азаронка на канале «СТБ», у якіх дэзынфармацыя суправаджаецца моваю нянавісьці(uk).[15]
У прадстаўленьні беларускае прапаганды масавыя акцыі пратэсту ў 2020 годзе — гэта акцыі, кантраляваныя Захадам. Сам Лукашэнка заявіў у жніўні 2020 году, што Захад ставіў мэтаю анэксію Гарадзенскае вобласьці. Паводле яго словаў, у рэгіёне ўжо разьвявалі польскія сьцягі.[16]
Прапаганда ў Беларусі фальсыфікуе гвалт міліцыі ў дачыненьні да дэманстрантаў[17] і, між іншым, спрабуе аслабіць пратэставы рух пры дапамозе дэзынфармацыі; акрамя таго, мэтанакіравана выкарыстоўваюцца і іншыя мэтады, такія як арышты прадстаўнікоў апазыцыі, напрыклад, чальцоў Каардынацыйнае рады.
19 й 20 верасьня 2020 году пасьля затрыманьня 15 верасьня Сьцяпана Латыпава па «Беларусь 1» паказалі сюжэт, у якім са спасылкаю на Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сьцьвярджалася, што жыхар «Плошчы Пераменаў(be)» зьбіраўся выкарыстаць супраць сілавікоў атруту[18]. Аднак у канчатковым паведамленьні Сьледчага камітэту пра завяршэньне расьсьледаваньня гэтая вэрсія адсутнічала.[19]
Напрыканцы верасьня 2020 году ў этэры каналу «Беларусь 1» былі паказаны прызнальныя паказаньні ад групы людзей, якім нібыта заплацілі каардынатары за ўдзел у пратэстах[20]. Паводле сьведчаньняў аднаго з пацярпелых, 29 верасня 2020 году ў РУУС Першамайскага раёну Менску Мікалай Карпянкоў здымаў відэаролікі, пасьля й паказаныя па «Беларусь 1», асабіста й камандаваў групаю сілавікоў, якая выбівала ілжывыя паказаньні ад групы людзей, схопленых ГУБАЗіКам, якіх зьбіцьцём і пагрозамі прымушалі сказаць на камэру, што ім заплацілі каардынатары[20].
3 чэрвеня 2021 году на «АНТ» выйшла перадача з удзелам Рамана Пратасевіча й Марата Маркава, кіраўніка тэлеканалу, абазначаная як інтэрвію Пратасевіча[21]. Перадача выклікала шматлікую крытыку й была расцэненая многімі як элэмент катаваньня палітвязьня[22][23][24][25].
Падчас мірных масавых акцый пратэстаў у 2020 годзе супраць, як мяркуецца, сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў журналістаў беларускіх дзяржаўных СМІ, якія адмовіліся падтрымаць афіцыйныя паведамленьні пра перамогу Лукашэнкі і апэрацыі супраць дэманстрантаў, замянілі супрацоўнікі з Расеі, у тым ліку з тэлеканалу «Расея сёньня(be)».[26][27][15] Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што апазыцыя пагражала, што школьныя ўрокі ў хуткім часе будуць праводзіцца толькі на беларускай мове, хаця жыхары Беларусі, паколькі большасьць зь іх двухмоўныя, ня бачылі ў гэтым пагрозы, сьведчыла Ксенія Луцкіна, былая карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі. Паводле нямецкай журналісткі Керстын Хольм(de), маніпуляцыі, прадэманстраваныя ў СМІ, маюць почырк расейскіх экспэртаў. Дзяржаўны вяшчальнік «Беларусь 1» прадэманстраваў здымкі выступу лідэра апазыцыі Марыі Калесьнікавай, які быў акампанаваны хорам галасоў, які крычаў па-расейску: Уходи! (па-беларуску: Сыходзь!). Аднак гэтыя заклікі пратэставага руху былі накіраваны супраць Лукашэнкі. Таксама на «Беларусь 1» зьявіўся рэпартаж пра сям’ю, якая знаходзілася ў машыне падчас акцый пратэсту супраць Лукашэнкі ў Гародне й падверглася нападу АМАПу, падчас якога дзіця было сур’ёзна паранена. Аднак у паведамленьні гаварылася, што сям’я выпадкова трапіла ў аварыю.
Беларускую дзяржаўную прапаганду падтрымаў расейскі прапагандысцкі тэлеканал «Расея сёньня», які паказаў відэазаяву супрацоўніка АМАПу, які сьцьвярджаў, што малады чалавек, зьбіты сіламі АМАПу да непрытомнасьці, нібыта быў п’яны і ў стане наркатычнага ап’яненьня; гэтаму супярэчыў незалежны партал «TUT.BY», які апублікаваў заключэньне лекара з супрацьлеглай інфармацыяй[17].
Лукашэнка падзякаваў тэлеканалу «Расея сёньня» за дапамогу ў асьвятленьні пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў[28].
З моманту першай хвалі пратэстаў у 2020 годзе беларускія дзяржаўныя тэлеканалы пры дапамозе спэцыялістаў у сфэры СМІ з Расіі не толькі ўзгаднілі свае дэзынфармацыйныя наратывы з пракрамлёўскімі СМІ, але таксама прынялі тую ж тактыку, напрыклад, перасьледуючы замежных дыпляматаў.[15]
Пачынаючы з 2006 году кіраўнікі й вядучыя прапагандысты дзяржаўных СМІ (Белтэлерадыёкампанія, Агульнанацыянальнае тэлебачаньне («АНТ»), «СТБ», «СБ. Беларусь сегодня», БелТА) неаднаразова ўносіліся да Чорнага сьпісу Эўразьвязу[29][30][31][32], траплялі ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[30], санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі[33], Швайцарыі[34][35].
З-за дзяржаўнае прапаганды шматлікія журналісты вырашылі летам і восеньню 2020 году пакінуць працу ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Беларусі[13]. Да прыкладу, у гэты перыяд з «АНТ» звольнілася каля чвэрці супрацоўнікаў: ня менш за 80 з 300, нават нягледзячы на пагрозы кіраўніцтва тэлеканалу да звальняючыхся ў выглядзе распачатку крымінальнае справаў ды гвалтоўнае зьнікненняў(ru)[27]. У жніўні большая частка калектыву пакінула радыё «Сталіца»[36][37]. Зыход прадоўжыўся і ў 2021 годзе: у студзені налічвалася больш за 100 адкрытых вакансіяў у Белтэлерадыёкампаніі, а па стане на чэрвень ад Белтэлерадыёкампаніі былі разьмешчаны ўжо 160 вакансіяў, ад выдавецкага дому «Беларусь сёньня» (газэта «СБ. Беларусь сегодня» ды інш.) — 20.[38]
22 сьнежня 2020 году Instagram выдаліў акаўнт Агульнанацыянальнага тэлебачаньня з-за шматлікіх скаргаў карыстальнікаў на агрэсіўную прапаганду, недакладную інфармацыю й зьмесьціва(bg), якое распальвае варожасьць.[39]
10 чэрвеня 2021 году Ўкраіна забараніла рэтрансляцыю тэлеканалу «Беларусь 24», які распальваў нацыянальную варожасьць(uk) і распаўсюджваў дэзынфармацыю.[40]
30 чэрвеня 2021 года Белтэлерадыёкампанію выключылі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу(be)[41].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.