Remove ads
звод заканадаўства Беларусі аб падставах і ўмовах крымінальнай адказнасьці за злачынствы From Wikipedia, the free encyclopedia
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь — звод заканадаўства Беларусі аб падставах і ўмовах крымінальнай адказнасьці за злачынствы, які набыў моц у студзені 2001 году.
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 275-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 2 чэрвеня 1999 (25 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 (25 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 9 ліпеня 1999 (25 гадоў таму)[1] |
Уступ у сілу | 1 студзеня 2001 (23 гады таму) |
Першая публікацыя | 15 кастрычніка 1999 (24 гады таму) Ведамасьці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 24, ст. 420[2] |
Поўны тэкст у Вікікрыніцах? . |
Паводле 1-га артыкула, «вызначае, якія небясьпечныя грамадзтву дзеяньні ёсьць злачынствамі, замацоўвае падставы і ўмовы крымінальнай адказнасьці, усталёўвае пакараньні і іншыя захады крымінальнай адказнасьці, што могуць быць прымененыя да асобаў, якія ўчынілі злачынствы, а таксама прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня ў дачыненьні асобаў, якія ўчынілі небясьпечныя грамадзтву дзеяньні». На 2023 год налічваў 446 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку зь 5 разьдзелаў і Асаблівую частку зь 10 разьдзелаў[1]. Замяніў сабой Крымінальны кодэкс Беларускай ССР ад 29 сьнежня 1960 году[3]. На 2023 год Крымінальны кодэкс Беларусі дзейнічаў з 82-ма штогадовымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, за выняткам 2020 году. 11 кастрычніка 2022 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі, ухваліла Пратаколам № 3 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 13 траўня 2022 г. № 165-З[1].
Агульная частка Крымінальнага кодэксу Беларусі налічвала 121 артыкул у складзе 5 разьдзелаў: 1) «Крымінальны закон», 2) «Падставы і ўмовы крымінальнай адказнасьці», 3) «Крымінальная адказнасьць», 4) «Прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня», 5) «Асаблівасьці крымінальнай адказнасьці асобаў, якія ўчынілі злачынствы ў веку да 18 гадоў». Найбольшым быў 3-і разьдзел зь 56 артыкулаў (44—99). Паводле 2-га артыкула, Крымінальны кодэкс Беларусі мае задачай ахову міру і бясьпекі чалавецтва, чалавека, яго правоў і свабодаў, уласнасьці, правоў юрыдычных асобаў, прыроднага асяродзьдзя, грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, а таксама ўсталяванага правапарадку ад злачынных замахаў. Сярод іншага, Крымінальны кодэкс Беларусі мае дапамагаць прадухіленьню злачынных замахаў і выхаваньню грамадзянаў у духу выкананьня заканадаўства Беларусі[1].
Згодна з 3-м артыкулам крымінальная адказнасьць у Беларусі грунтуецца на прынцыпах законнасьці, роўнасьці грамадзян перад законам, непазьбежнасьці адказнасці, асабістай вінаватай адказнасьці, справядлівасьці і гуманізму. Адпаведна «ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым ва ўчыненьні злачынства і падвергнуты крымінальнай адказнасьці інакш як паводле выраку суда і ў адпаведнасьці з законам». Пры гэтым «прымяненьне крымінальнага закону паводле аналёгіі не дапускаецца». Злачынцы «падлягаюць крымінальнай адказнасьці незалежна ад плоці, расы, нацыянальнасьці, мовы, паходжаньня, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, стаўленьня да рэлігіі, перакананьняў, прыналежнасьці да грамадзкіх аб’яднаньняў». Пры гэтым «асоба падлягае крымінальнай адказнасьці толькі за тыя ўчыненыя ёй небясьпечныя грамадзтву дзеяньні і небясьпечныя грамадзтву наступствы, што надышлі», у дачыненьні якіх выяўлена яе віна, гэта значыць намер або неасьцярожнасць. Не дарускаецца крымінальная адказнасьць за бязьвіннае прычыненьне шкоды. Сярод іншага, «ніхто ня можа несьці крымінальную адказнасьць двойчы за адно і тое самае злачынства». Крымінальны кодэкс служыць забесьпячэньню цялеснай і душэўнай, матэрыяльнай і экалягічнай бясьпекі чалавека. Злачынцу маюць прызначыць патрэбнае і дастатковае для выпраўленьня пакараньне. Урэшце, пакараньне і іншыя захады крымінальнай адказнасьці ня маюць на мэце прычыненьне цялесных пакутаў або зьнявагу чалавечай годнасці[1].
Першы разьдзел Крымінальнага кодэксу Беларусі ўлучаў 9 артыкулаў у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Дзеяньне крымінальнага закону ў прасторы і часе». Большай была 2-я глава зь 5 артыкулаў. Паводле 5-га артыкула, злачынства прызнаецца ўчыненым на тэрыторыі Беларусі, калі яно пачата, працягвалася, або было скончана на яе тэрыторыі, або ўчынена ў межах Беларусі ў саўдзеле з асобай, якая ўчыніла злачынства на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Згодна з 6-м артыкулам грамадзянін Беларусі або асоба без грамадзянства, што пастаянна пражывае ў краіне, якія ўчынілі злачынствы па-за межамі Беларусі, падлягаюць адказнасьці паводле гэтага Кодэксу, калі ўчыненыя імі дзеяньні прызналі злачынствамі ў дзяржаве, на тэрыторыі якой іх ўчынілі, і калі яны не панесьлі крымінальнай адказнасьці ў гэтай дзяржаве. У 7-м артыкуле згадвалася, што грамадзянін Беларусі ня можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дамовамі Беларусі[1].
Паводле 9-га артыкула, злачыннасьць і каральнасьць дзеяньня вызначаюцца законам, які дзейнічаў падчас учыненьня гэтага дзеяньня. Часам учыненьня дзеяньня прызнаецца час ажыцьцяўленьня небясьпечнага грамадзтву дзеяньня незалежна ад часу надыходу наступстваў. Пры гэтым закон, што ліквідуе злачыннасьць дзеяньня, зьмякчае пакаранне або іншым чынам паляпшае становішча злачынцы, мае адваротную сілу. Гэта значыць, што ён распаўсюджваецца на асобаў, якія ўчынілі адпаведнае дзеяньне да набыцьця чыннасьці такім законам, у тым ліку на асобаў, якія адбываюць пакараньне або адбылі пакаранне, але маюць судзімасьць. З дня набыцьця моцы законам, што ліквідуе злачыннасьць дзеяньня, адпаведнае дзеяньне, учыненае да яго ўступленьня ў сілу, не лічыцца злачынным. Калі новы крымінальны закон зьмякчае каральнасьць дзеяньня, за якое асоба адбывае пакараньне, суд прызначае пакараньне ў адпаведнасьці з умовамі новага крымінальнага закону. І наадварот, закон, што усталёўвае злачыннасьць дзеяньня, узмацняе пакараньне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла гэтае дзеяньне, адваротнай сілы ня мае[1].
Другі разьдзел Крымінальнага кодэксу зьмяшчаў 34 артыкулы ў складзе 5 главаў: 1) «Злачыннае дзеяньне», 2) «Віна», 3) «Умовы крымінальнай адказнасьці», 4) «Акалічнасьці, якія выключаюць злачыннасьць дзеяньня», 5) «Множнасьць злачынстваў». Найбольшай была першая глава з 11 артыкулаў (10—20) пра: злачынства як падстава крымінальнай адказнасьці, паняцьце і катэгорыі злачынства, падрыхтоўку да і замах на злачынства, добраахвотную адмову ад злачынства і саўдзел у ім, учыненьне злачынства групай і арганізаваную групу, злачынную арганізацыю і вызваленьне ад адказнасьці ўдзельніка банды. Паводле 10-га артыкула, падставай для адказнасьці ёсьць ўчыненьне: 1) скончанага злачынства; 2) падрыхтоўкі да ўчыненьня злачынства; 3) замаху на ўчыненьне злачынства; 4) саўдзелу ва ўчыненьні злачынства. Згодна з 11-м артыкулам злачынствы ў залежнасці ад характару і ступені грамадзкай небясьпекі падраздзяляюцца на злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, менш цяжкія, цяжкія і асабліва цяжкія. Да злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, адносяцца наўмысныя злачынствы і злачынствы, учыненыя паводле неасьцярожнасьці, за якія законам прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 2-х гадоў. Менш цяжкія злачынствы прадугледжваюць зьняволеньне да 6 гадоў, цяжкія — да 20 гадоў, а асабліва цяжкія — звыш 20 гадоў[1].
У 13-м артыкуле прадугледжвалася, што падрыхтоўкай да злачынства прызнаюцца пошукі або прыстасоўваньне сродкаў або прыладаў ці іншае наўмыснае стварэньне ўмоваў для ўчыненьня канкрэтнага злачынства. Пры гэтым крымінальнай адказнасьці ня цягне падрыхтоўка да злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі. Паводле 14-га артыкула, замахам на злачынства прызнаюцца наўмыснае дзеяньне або бязьдзейнасьць асобы, непасрэдна накіраваныя на ўчыненьне злачынства, калі пры гэтым злачынства не было даведзена да канца паводле незалежных ад гэтай асобы акалічнасьцяў. Згодна зь 15-м артыкулам добраахвотнай адмовай ад злачынства прызнаецца спыненне асобай падрыхтоўчых дзеяньняў або спыненьне дзеяньня ці бязьдзейнасьці, непасрэдна накіраваных на ўчыненьне злачынства, калі асоба ўсьведамляла магчымасьць давядзеньня злачынства да канца. Пры гэтым дзеяньне, у дачыненьні якога ажыцьцёўлена добраахвотная адмова, ня цягне крымінальнай адказнасьці. У 16-м артыкуле згадвалася, што саўдзельнікамі злачынства разам з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Паводле 17-га артыкулам злачынства прызнаецца ўчыненым групай асобаў, калі хоць бы 2 асобы сумесна ўдзельнічалі ва ўчыненьні гэтага злачынства ў якасьці яго выканаўцаў[1].
Згодна з 18-м артыкулам злачынства прызнаецца ўчыненым арганізаванай групай, калі яно ўчынена 2-ма або больш асобамі, якія спачатку аб’ядналіся ў кіраваную ўстойлівую групу для сумеснай злачыннай дзейнасьці. Кіраўнікі арганізаванай групы нясуць адказнасць за ўсе ўчыненыя групай злачынствы, калі гэтыя злачынствы ахопліваліся іх намерам. Іншыя ўдзельнікі арганізаванай групы нясуць адказнасць толькі за злачынствы, у падрыхтоўцы або ўчыненьні якіх яны ўдзельнічалі. У 19-м артыкуле вызначалася, што злачыннай арганізацыяй прызнаецца аб’яднаньне арганізаваных групаў або іх кіраўнікоў, іншых удзельнікаў для распрацоўкі або ажыцьцяўленьні злачыннай дзейнасьці ці стварэньні ўмоваў для яе падтрыманьня і разьвіцьця. Пры гэтым злачынства прызнаецца ўчыненым злачыннай арганізацыяй, калі яно ўчынена ўдзельнікам такой арганізацыі для выкананьня яе злачынных мэтаў або паводле заданьня злачыннай арганізацыі асобай, якая не бярэ ўдзелу ў гэтай арганізацыі. Паводле 20-га артыкула, удзельнік злачыннай арганізацыі, які добраахвотна заявіў пра яе існаваньне і садзейнічаў яе выкрыцьцю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці за ўдзел у ёй і ўчыненыя ім у яе складзе злачынствы, за выняткам асабліва цяжкіх або цяжкіх злачынстваў, зьвязаных з замахам на жыцьцё ці здароўе чалавека[1].
Трэці разьдзел Кодэксу налічваў 56 артыкулаў (44—99) у складзе 6 главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб крымінальнай адказнасьці», 2) «Пакараньне і яго віды», 3) «Прызначэньне пакараньня», 4) «Іншыя захады крымінальнай адказнасьці», 5) «Вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня», 6) «Пагашэньне і зьняцьце судзімасьці». Найбольшай была пятая глава зь 15 артыкулаў (82—96). Паводе 82-га артыкула, калі ў якасьці ўмовы вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці прадугледжана выплата крымінальна-прававой кампэнсацыі, рашэньне аб вызваленьні асобы прымаецца пасьля яе ўнясеньня на дэпазытны рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс. Выплата кампэнсацыі не вызваляе асобу ад абавязку пакрыць прычыненую злачынствам шкоду і заплаціць даход, атрыманы злачынным шляхам, калі згаданыя ўмовы прадугледжаныя ў якасьці такіх для прыняцьця рашэньня аб вызваленьні. У выпадку вызваленьня асобыгрошы, унесеныя на дэпазытны рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс, перадаюцца ў даход дзяржавы. У выпадку адхіленьня хадайніцтва аб вызваленьні грошы вяртаюцца асобе, якая іх унесла. Згодна з 83-м артыкулам тэрмін даўнасьці вылічваецца з дня ўчыненьня злачынства да дня ўступленьня ў законную сілу выраку суда. Цячэньне тэрмінаў даўнасьці прыпыняецца, калі асоба, якая ўчыніла злачынства, зьнікне ад органа крымінальнага перасьледу або суду. Асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі з дня ўчыненьня злачынства мінула:
У 84-м артыкуле згадвалася, што асоба вызваляецца ад асноўнага і дадатковага пакараньняў, калі абвінаваўчы вырак ня быў прыведзены ў выкананьне ў наступныя тэрміны, лічачы з дня ўступленьня яго ў законную сілу:
Паводле 86-га артыкула, асоба, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства і пакрыла шкоду, або заплаціла даход, атрыманы злачынным шляхам, або іншым чынам загладзіла нанесеную злачынствам шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці, калі будзе прызнана, што для яе выпраўленьня дастаткова прымяненьня захадаў адміністрацыйнага спагнаньня. Такімі захадамі служаць: 1) штраф ад 5 да 30 базавых велічыняў; 2) адміністрацыйны арышт да 15 содняў; 3) пазбаўленьне адмысловага права ад 3-х месяцаў да 3-х гадоў. Згодна з 87-м артыкулам ад адказнасьці за менш цяжкае злачынства могуць вызваліць, «калі будзе прызнана, што з прычыны зьмяненьня абстаноўкі ажыцьцёўленае ёй дзеяньне страціла характар небяспечнага грамадзтву або гэта асоба перастала быць небясьпечнай грамадству». У 88-м артыкуле прадугледжвалася, што пры першым учыненьні менш цяжкага злачынства ад адказнасьці маглі вызваліць, калі злачынец пасьля ўчыненьня злачынства добраахвотна зьявіўся з пакаяньнем або дзейна садзейнічаў выяўленьню і раскрыцьцю злачынства, пакрыў прычыненую злачынствам шкоду, вярнуў беспадстаўнае абагачэньне, заплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам, і ўнёс на дэпазытны рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс, крымінальна-прававую кампэнсацыю ў памеры 50 % прычыненай злачынствам шкоды, але ня менш за 15 базавых велічыняў[1].
Згодна зь 90-м артыкулам да асобаў, якія адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, папраўчых працаў, абмежаваньня па вайсковай службе, абмежаваньня свабоды або пазбаўленьня волі, можа быць прыменена ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ад пакараньня. Пры гэтым асоба можа быць вызвалена і ад дадатковага пакараньня. Пры гэтым умоўна-датэрміновае вызваленьне могуць прымяніць да асуджанага толькі пры яго узорных паводзінах, якія даказваюць выпраўленьне асобы, пасьля адбыцьця прынамсі:
Пры гэтым тэрмін фактычна адбытага асобай пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі ня можа быць меншы за 6 месяцаў. Пагатоў, суд можа ўскласьці на асуджанага выкананьне на працягу неадбытай часткі пакараньня наступных абавязкаў:
Чацьверты разьдзел Крымінальнага кодэксу ўлучаў 8 артыкулаў (100—107), якія акрэсьлівалі: прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня да душэўна хворых, падставы іх прызначэньня, іх зьмяненьне і спыненьне; прыцягненьне да адказнасьці і пакараньня пасьля такіх захадаў, залік часу прымяненьня такіх захадаў, прымяненьне адпаведных захадаў да асобаў са зьменшанай наяўнасьцю сьвядомасьці, а таксама да хворых на алькагалізм, нарказалежнасьць і таксікаманію. Паводле 101-га артыкула, асобам, якія ўчынілі небясьпечныя грамадзтву дзеяньні ў стане бесьсьвядомасьці або ўчынілі злачынствы, але захварэлі да пастановы выраку або падчас адбываньня пакараньня на душэўны разлад, што пазбаўляе іх магчымасьці ўсведамляць значэньне сваіх дзеяньняў або кіраваць імі, калі гэтыя асобы паводле свайго душўнага стану і з улікам характару ўчыненага імі дзеяньня ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва, судом прызначаюцца: прымусовае амбуляторнае назіраньне і лячэньне ў псыхіятра або прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары са звычайным, узмоцненым ці строгім назіраньнем. Згодна са 105-м артыкулам дзень прымусовых захадаў адпавядае аднаму дню пазбаўленьня волі[1].
Пяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 14 (108—121) артыкулаў у складзе 2-х главаў: 1) «Пакараньне і яго прызначэньне асобам, якія ўчынілі злачынства ў веку да 18 гадоў», 2) «Вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня асобаў, якія ўчынілі злачынства ў веку да 18 гадоў». Большай была першая глава зь 10 артыкулаў. У 109-м артыкуле прадугледжвалася, што да непаўналетніх злачынцаў маглі прымяніць: 1) грамадзкія працы; 2) штраф; 3) пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю; 4) папраўчыя працы; 5) арышт; 6) абмежаваньне волі; 6) пазбаўленьне волі. Згодна са 110-м артыкулам грамадзкія працы прызначалі асуджанаму, які дасягнуў 16 гадоў да дня пастановы выраку, на тэрмін ад 30 да 180 гадзінаў і заключаліся ў выкананьні пасільных для такой асобы працаў. Працягласьць грамадзкіх працаў магла складаць да 3-х гадзінаў на дзень і да 3-х дзён на тыдзень. Пры гэтым асуджаныя, якія атрымлівалі адукацыю або мелі пастаяннае месца працы, адбывалі грамадзкія працы ў вольны ад навучаньня або асноўнай працы час. Паводле 111-га артыкула, штраф прызначаўся за злачынства ў веку да 18 гадоў у памеры ад 5 да 50 базавых велічыняў, калі злачынец меў самастойны заробак або маёмасьць[1].
Згодна са 112-м артыкулам права займацца пэўнай дзейнасьцю маглі пазбавіць на тэрмін ад году да 3-х гадоў пры дасягненьні 16 гадоў да дня пастановы выраку. У 113-м артыкуле згадвалася магчымасьць папраўчых працаў з 16 гадоў паводле месца працы на тэрмін ад 2-х месяцаў да году. Пры гэтым з заробку асуджанага маглі вылічыць у даход дзяржавы ад 5 да 15 % згодна з выракам суду. Паводле 114-га артыкула, з 16 гадоў арышт мог складаць ад аднаго да 2-х месяцаў. Згодна артыкулам 114-1 абмежаваньне волі да 18 гадоў магло скласьці ад 6 месяцаў ад 3-х гадоў без накіраваньня ў адкрытую папраўчую ўстанову. Паводле 115 артыкула, пазбаўленьне волі не прызначалі да 18 гадоў за злачынства безь вялікай грамадзкай небясьпекі. За менш цяжкае злачынства тэрмін пазбаўленьня волі мог складаць да 3-х гадоў, за цяжкае — да 7 гадоў, за асабліва цяжкае — да 10 гадоў, а за асабліва цяжкае ў спалучэньні з наўмысным замахам на жыцьцё чалавека або зь незаконным абаротам дурманаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналягаў — да 12 гадоў. Пры гэтым да 18 гадоў пазбаўленьне волі прызначалі ў выхаваўчай калёніі, а пазьней — у папраўчай калёніі агульнага рэжыму[1].
Паводле 117-га артыкула, суд можа прымяніць да непаўналетняй асобы прымусовыя захады выхаваўчага кшталту, калі выявіць магчымасьць выпраўленьня без пакараньня за злачынства безь вялікай грамадзкай небясьпекі або першае ўчыненьне менш цяжкага злачынства. Такімі захадамі выхаваньня могуць служыць:
Асаблівая частка Крымінальнага кодэксу Беларусі налічвала 325 (73 %) артыкулаў у складзе 10 разьдзелаў: 1) «Злачынствы супраць міру, бясьпекі чалавецтва і ваенныя злачынствы», 2) «Злачынствы супраць чалавека», 3) «Злачынствы супраць уласнасьці і парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці», 4) «Злачынствы супраць экалягічнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і парадку прыродакарыстаньня», 5) «Злачынствы супраць грамадзкай бясьпекі і здароўя насельніцтва», 6) «Злачынствы супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці», 7) «Злачынствы супраць кампутарнай бясьпекі», 8) «Злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня», 9) «Злачынствы супраць парадку выкананьня вайсковага абавязку, накіраваньня і праходжаньня альтэрнатыўнай службы», 10) «Заключныя палажэньні». Найбольшым быў 8-ы разьдзел зь 78 артыкулаў (356—433).
Шосты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 17 артыкулаў (122—138) у складзе 2-х главаў: 1) «Злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва», 2) «Ваенныя злачынствы і іншыя парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны». Большай была першая глава зь 10 артыкулаў (122—131), дзе апісваліся падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, прапаганда вайны, акт тэрарызму ў дачыненьні прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі, напад на ўстановы пад міжнароднай аховай, акт міжнароднага тэрарызму; генацыд, злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва; вытворчасьць, назапашваньне або распаўсюд забароненых сродкаў вядзеньня вайны; распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або разладу; рэабілітацыя нацызму, адмаўленьне генацыду беларускага народу і экацыд. Паводле 122-га артыкула планаваньне і падрыхтоўка агрэсіўнай вайны мелі карацца зьняволеньнем ад 5 да 15 гадоў, а разьвязваньне і вядзеньне агрэсіўнай вайны — зьняволеньнем ад 7 да 25 гадоў, або пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі, ці сьмяротнай карай. Згодна са 123-м артыкулам распаўсюд поглядаў і заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай прадугледжваў штраф або зьняволеньне да 3-х гадоў. Такая самая прапаганда вайны найвышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі мела карацца зьняволеньнем ад 2-х да 5 гадоў. У 124-м артыкуле за гвалт да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі, яго захоп і ўтрыманьне ў якасьці закладніка, выкраданьне і зьняволеньне дзеля выкліку міжнародных ускладненьняў або вайны ці разладу грамадзкага парадку ў замежнай дзяржаве прадугледжвалася зьняволеньне ад 8 да 15 гадоў. Забойства такога прадстаўніка мела карацца зьняволеньнем ад 10 да 25 гадоў, або пажыцьцёвым зьняволеньнем, ці сьмяротнай карай[1].
Паводле 125-га артыкула, за напад на службовыя і жылыя памяшканьні ўстановаў пад міжнароднай аховай, або на транспартныя сродкі гэтых установаў дзеля выкліку міжнародных ускладненьняў або вайны мелі караць абмежаваньнем волі ад 3-х да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі ад 3-х да 7 гадоў. Калі такое дзеяньне выклікала паводле неасьцярожнасьці сьмерць чалавека, або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, ці спалучалася з наўмысным зьнішчэньнем маёмасьці або важных дакумэнтаў, мела карацца зьняволеньнем ад 3-х да 13 гадоў. Згодна са 126-м артыкулам зьняволеньне ад 8 да 15 гадоў прадугледжвалі за выбух, падпал і затапленьне ў замежнай дзяржаве або ў яе амбасадзе ці консульстве ў Беларусі, якія стваралі пагрозу згубы людзей і прычыненьня ім цялесных пашкоджаньняў дзеля выкліку вышэйзгаданых міжнародных наступстваў. Ад 8 да 20 гадоў зьняволеньня пагражала за паўторны міжнародны тэрарызм, або ўчынены групай асобаў паводле папярэдняй змовы, ці ў спалучэньні з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Ад 10 да 25 гадоў зьняволеньня, або пажыцьцёвае зьняволеньне, ці сьмяротная кара мелі прымяняцца за забойства замежнага грамадзкага або дзяржаўнага дзеяча, а таксама за міжнародны тэракт арганізаванай групы, або з выкарыстаньнем атамнай электрастанцыі, радыёактыўных рэчываў ці ядзерных матэрыялаў, атрутных хімічных або біялягічных рэчываў ці ў спалучэньні з забойствам чалавека[1].
Сёмы разьдзел Кодэксу налічваў 66 артыкулаў (139—204) у складзе 5 главаў: 1) «Злачынствы супраць жыцьця і здароўя», 2) «Злачынствы супраць плоцевай недатыкальнасьці або плоцевай свабоды», 3) «Злачынствы супраць укладу сямейных адносін і інтарэсаў непаўналетніх», 4) «Злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасьці», 5) «Злачынствы супраць канстытуцыйных правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна». Найбольшай была першая глава з 27 артыкулаў (139—165), дзе згадваліся: забойства, у тым ліку мацерай нованароджанага дзіцяці, учыненае ў стане жарсьці, пры перавышэньні захадаў для затрыманьня злачынца і межаў патрэбнай абароны; прычыненьне сьмерці паводле неасьцярожнасьці, давядзеньне і схіленьне да самагубства; наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня, у тым ліку ў стане жарсьці і пры перавышэньні захадаў для затрыманьня злачынца ды межаў патрэбнай абароны; наўмыснае пазбаўленьне прафэсійнай працаздольнасьці, катаваньне, прычыненьне цялеснага пашкоджаньня паводле неасьцярожнасьці, незаконны спарон, заражэньне плоцевай хваробай, у тым ліку вірусам імунадэфіцыту чалавека; пакіданьне ў небясьпецы, неаказаньне капітанам судна дапамогі пацярпелым бедзтва, неаказаньне лекавай дапамогі хворай асобе, неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдычным працаўніком; прымус да дачы органаў і тканак для перасадкі, парушэньне ўмоваў і парадку забору і перасадкі органаў і тканак чалавека; невыкананьне або неналежнае выкананьне абавязкаў захаваньня бясьпекі жыцьця малалетняга[1].
Паводле 139-га артыкула, забойства каралася зьняволеньнем ад 6 да 15 гадоў. Ад 8 да 25 гадоў зьняволеньня, пажыцьцёвае зьняволеньне і сьмяротная кара прадугледжваліся за забойства:
Згодна са 141-м артыкулам абмежаваньне волі да 5 гадоў або зьняволеньне да 4-х гадоў вызначалася за забойства ў стане раптоўнага моцнага душэўнага хваляваньня, выкліканага гвалтам, зьдзекам, цяжкай зьнявагай або іншым незаконным ці грубым амаральным дзеяньнем пацярпелага або працяглымі душэўнатраўмавальнымі абставінамі, узьніклымі ў сувязі з пасьлядоўнымі супрацьпраўнымі або амаральнымі паводзінамі пацярпелага. У 142-м артыкуле абмежаваньне або пазбаўленьне волі да 3-х гадоў прадугледжвалася за забойства пры перавышэньні захадаў затрыманьня злачынца. Паводле 143-га артыкула, да 2-х гадоў папраўчых працаў, абмежаваньня або пазбаўленьня волі прызначалася за забойства пры перавышэньні межаў патрэбнай абароны[1].
Восьмы разьдзел Кодэксу ўлучаў 58 артыкулаў (205—262) у складзе 2-х главаў: 1) «Злачынствы супраць уласнасьці», 2) «Злачынствы супраць парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці». Большай была другая глава з 42-х артыкулаў (221—262), дзе вызначаліся: выраб, захоўваньне і збыт падробленых грошай і каштоўных папераў, незаконны абарот сродкаў аплаты і прыладаў, парушэньне правілаў пра ўгоды з каштоўнымі мэталамі і камянямі; невяртаньне грошай з-за мяжы, незаконны выпуск каштоўных папераў, незаконнае выкарыстаньне і разгалошваньне звестак з Рэестру уладальнікаў каштоўных папераў і пра вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці эмітэнта; незаконныя дзеяньне з простымі і перводнымі вэксэлямі, маніпуляваньне рынкам каштоўных папераў, падлог рашэньня пра выпуск або праспэкта выпуску каштоўных папераў, кантрабанда, незаконнае перамяшчэньне тавараў праз мытную мяжу; незаконны вываз прадметаў нагляду, невяртаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у Беларусь, ухіленьне ад выплаты мытных плацяжоў, прадпрымальніцтва без дазволу, адмываньне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам; набыцьцё і збыт матэрыяльных каштоўнасьцяў, здабытых заведама злачынным шляхам, незаконнае атрыманьне пазыкі або субсідыі, непраўдзівая і наўмысная неплатаздольнасьць, утойваньне неплатаздольнасьці, перашкода пакрыцьцю стратаў крэдытору; ухіленьне ад пагашэньня крэдыторскай запазычанасьці, выплаты падаткаў і выкананьня абавязкаў падатковага агента для пералічэньня падаткаў; падатковае махлярства, ухіленьне ад выплаты страхавых унёскаў, усталяваньне і падтрыманьне манапольных цэнаў, прымус да ўгоды або адмовы ад яе, распаўсюд непраўдзівых зьвестак пра тавар і паслугу, зрыў грамадзкага торгу, камэрцыйны подкуп, подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартовых спаборніцтваў і відовішчных камэрцыйных конкурсаў, камэрцыйны шпіянаж, разгалошваньне камэрцыйнай таямніцы; незаконны выраб, выкарыстаньне і збыт дзяржаўных прабірных клеймаў і падробленых акцызных марак Беларусі[1].
Дзявяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 22 артыкулы (263—284) пра: наўмысныя зьнішчэньне або пашкоджаньне каштоўных прыродных комплексаў або аб'ектаў асабліва ахаваных прыродных тэрыторыяў (ААПТ), парушэньне аховы і выкарыстаньня ААПТ, парушэньне патрабаванняў экалягічнай бясьпекі, прыёмку ў эксплюатацыю пабудовах з заведамым невыкананьнем гэтых патрабаваньняў; неліквідацыю наступстваў парушэньняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяродзьдзя, утойваньне або наўмыснае скажэньне звестак пра забруджаньне навакольнага асяродзьдзя, пашкоджанне земляў, зьнішчэньне або пашкоджаньне тарфянікаў, парушэньне правілаў аховы нетраў; забруджаньне або засьмечаньне водаў, забруджаньне атмасфэрнага паветра, лесу і асяродзьдзя вырастаньня дрэвава-хмызьняковай расьліннасьці, у тым ліку паводле неасьцярожнасьці; незаконную высечку, незаконныя зьнішчэньне, выдаленьне і пашкоджаньне дрэвава-хмызьняковай расьліннасьці, парушэньне правілаў бясьпекі пры абыходжаньні з генна-інжынэрнымі арганізмамі, біялягічнымі і хімічнымі рэчывамі, мікрабіялагічнымі і іншымі біялагічнымі агентамі або таксінамі; парушэньне правілаў барацьбы з пустазельлем, хваробамі і шкоднікамі расьлінаў, незаконную здабыча рыбы і водных жывёлаў, незаконьнае паляваньне; незаконныя перамяшчэньне і разьбіраньне дзікіх жывёл, парушэнне патрабаваньняў у галіне вэтэрынарыі[1].
Дзясяты разьдзел Кодэксу налічваў 54 артыкулы (285—338) у складзе 3-х главаў: 1) «Злачынствы супраць грамадзкай бясьпекі», 2) «Злачынствы супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту», 3) «Злачынствы супраць здароўя насельніцтва». Найбольшай была першая глава з 24-х артыкулаў (285—308), дзе згадваліся: стварэньне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, бандытызм, стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня, прымус асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасьці, акт тэрарызму і пагроза яго ўчыненьня, фінансаваньне і садзейнічаньне тэрарызму, праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстызьме; стварэньне і ладжаньне дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі або ўдзел у ёй, захоп закладніка, будынка і пабудовы, масавы беспарадак; крадзеж і незаконныя дзеяньні ў дачыненьні пальнай зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі, незаконныя дзеяньні з паляўнічнай пальнай гладкарульнай зброяй, падробка і наўмыснае зьнішчэньне маркіроўкі пальнай зброі, незаконныя дзеяньні з гаручымі рэчывамі, халоднай зброяй, газавай, пнэўматычнай і кідальнай зброяй; неналежная ахова зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і прыстасаваньняў, парушэньне правілаў абыходжаньня з пальнай зброяй, выбухованебясьпечных, лёгкаўзагарльнымі, едкімі рэчывамі і піратэхнічнымі вырабамі; неналежнае захоўваньне пальнай зброі, парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі на атамнай электрастанцыі і выбухованебясьпечным прадпрыемстве, у адпаведным цэху і правілаў бясьпекі адпаведнай працы; парушэньне правілаў бясьпекі горнай працы і будаўніцтва, патрабаваньня пажарнай бясьпекі, праектаў для выкананьня тэхнічны нарматыўных прававых актаў пры правядзеньне будаўніча-мантажнай працы; парушэньне правілаў аховы працы, непрыняцьце захадаў ратаваньня людзей і непаведамленьне зьвестак пра пагрозу для жыцьця людзей[1].
Крымінальны кодэкс Беларусі шмат у чым заснаваны на палажэньнях Мадэльнага Крымінальнага кодэксу для дзяржаваў — удзельніц СНД[4]; таксама многія нормы запазычаныя з Крымінальнага кодэксу Расеі 1996 року, хоць у цэлым кодэкс характарызуецца спэцыялістамі як досыць самастойны і тэарэтычна прадуманы.
Першым адметным адрозьненьнем ад кодэксаў іншых дзяржаваў СНД ёсьць наяўнасьць «тэрміналягічнай» часткі (артыкул 4), у якой тлумачацца тэрміны, якія далей выкарыстоўваюцца ў тэксьце кодэксу. Кодэкс улічвае досьвед міжнароднага права, усталёўваючы адказнасьць за злачынствы, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі і канвэнцыямі: гандаль людзьмі; выкраданьне чалавека; вярбоўку людзей для эксплюатацыі; легалізацыю («адмываньне») матэрыяльных каштоўнасьцяў, набытых злачынным шляхам; тэрарызм, захоп закладнікаў.
У адрозьненьне ад іншых краінаў Эўропы й СНД, у Крымінальным кодэксе Беларусі прадугледжанае сьмяротнае пакараньне за асабліва цяжкія злачынствы, зьвязаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця. У Асаблівай частцы Кодэксу ўведзеныя такія спэцыфічныя злачынства, як паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт. 367), абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт. 368) ды інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.