Remove ads
наўмыснае пазбаўленьне сябе жыцьця From Wikipedia, the free encyclopedia
Самазабо́йства (суіцы́д; ад лац. sui caedere — забіваць сябе) — мэтанакіраванае пазбаўленьне сябе жыцьця, прычыненьне сваей уласнае сьмерці. Учыняецца пры адчуваньні стану безнадзейнасьці тут і цяпер з адначаснай думкай аб уласнай вінаватасьці[1]. Часта зьдзяйсьняецца ад адчаю, ці растлумачваецца наяўнасьцю некаторых асноўных псыхічных разладаў, як то дэпрэсія, біпалярны разлад, шызафрэнія, алькагалізм і наркаманія[2]. Чыньнікамі могуць быць ціск альбо няшчасьці, як то фінансавыя цяжкасьці ці праблемы ў міжасабовых адносінах, якія таксама могуць граць значную ролю[3].
Больш за мільён чалавек сканчаюць жыцьцё самагубствам кожны год. Сусьветная арґанізацыя аховы здароўя лічыць, што гэта трынаццатая па значнасьці прычына сьмерці ўва ўсім сьвеце[4]. Гэта асноўная прычына сьмерці сярод падлеткаў і дарослых да 35 гадоў[5]. Узровень самагубстваў вышэй сярод мужчынаў, чым сярод жанчынаў[6]. Паводле некаторых ацэнак ад 10 да 20 млн не сьмяротных спробаў самагубства робіцца кожны год ува ўсім сьвеце[7]. Да краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў належаць тыя, дзе паказальнік самагубстваў складае вышэй за 20 выпадкаў на 100 тысячаў жыхароў.
Погляды на самагубства робяцца пад уплывам больш шырокіх культурных поглядаў на экзыстэнцыяльным тэмы, як рэлігія, гонар і сэнс жыцьця. Аўраамічныя рэлігіі лічаць самагубства злачынствам у адносінах да Бога праз рэлігійную веру ў сьвятасьць жыцьця. На Захадзе яно часта разглядаецца як сур’ёзнае злачынства. Наадварот, падчас эпохі самураяў у Японіі, рытуал сэпуку паважалі як сродак адкупленьня ад нявыкананае працы альбо як форма пратэсту. У XX стагодзьдзі самагубства ў форме самаспаленьня выкарыстоўвалася ў якасьці сродку пратэсту, у той час калі дзейнасьць камікадзэ й выбухі тэрарыстаў-сьмяротнікаў былі формай ваеннае альбо тэрарыстычнае тактыкі. Практыка саці падчас індуісцкага пахаваньня, у час якога ўдава прыносіць сябе ў ахвяру на пахавальным вогнішчы мужа, альбо добраахвотна, альбо пад ціскам сям’і й ягоных сваякоў[8].
Самагубства ў якасьці мэдычнай дапамогі, як то эўтаназія, у цяперашні час ёсьць даволі спрэчнае пытаньне этыкі з удзелам хворых людзей, якіх немагчыма вылечыць, альбо якія пачуваюць моцны боль ці вымушаны праводзіць вельмі абмежаванае жыцьцё праз траўмы ці хваробы. Самаахвяраваньне для іншых не заўсёды разглядаецца як самагубства, бо мэтай ставіцца не забіць сябе, а выратаваць іншых.
Папярэджаньне самагубстваў выкарыстоўваецца для апісаньня калектыўных намаганьняў з мэтай зьніжэньня выпадкаў самагубстваў шляхам рэалізацыі прафіляктычных імпрэзаў. Абмежаваньне доступу да пэўных спосабаў, як то пальная зброя альбо таксіны, зьніжае рызыку зьдзяйсьненьня самагубства[9]. Іншыя імпрэзы ўключаюць у сябе абмежаваньне доступу да драўнянага вугалю й адкрытых парапетаў на мостах, а таксама плятформаў на станцыях мэтрапалітэну. Лекаваньне наркаманіі й алькагалізму, дэпрэсіі, таксама можа быць эфэктыўным[9].
За 2000 год, паводле Дзяржаўнае службы судова-мэдычнае экспэртызы Беларусі, у краіне ўчынілі звыш 3000 самагубстваў (30,6 выпадкаў на 100 000 насельніцтва)[10].
Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па колькасьці самагубстваў[11]. За 2012 год у краіне адбылося 1949 самагубстваў[12]. За 2010 год у Беларусі больш за 77% самагубстваў учынілі працаздольныя людзі. Мужчыны склалі 3/4 ад агульнае колькасьці самагубцаў і найчасьцей ішлі на самагубства ў веку 40—59 гадоў. Пры гэтым сярод самагубцаў пераважалі жыхары сельскае мясцовасьці[13]. 60% самагубцаў скончылі жыцьцё ў стане алькагольнага ап'яненьня[14]. Найбольш распаўсюджаным спосабам зьдзяйсьненьня самагубства было павешаньне (82,6%)[15]. Для каля 80% самагубцаў спроба скончыць жыцьцё была паўторнай, найчасьцей у першыя 2 месяцы пасьля папярэдняе спробы[16].
У 2000 г. дэпрэсія й шызафрэнія паслужылі прычынамі 60% самагубстваў у сьвеце[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.