беларуская пісьменьніца From Wikipedia, the free encyclopedia
Маргары́та Ю́р’еўна Латышке́віч (нар. 1989, Берасьце, цяпер Беларусь) — беларуская пісьменьніца.
Маргарыта Латышкевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 19 студзеня 1989 (35 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | рэдактарка, пісьменьніца, бібліятэкарка, паэтка |
Кірунак | фэнтэзі |
Жанр | апавяданьне, верш, гумарэска, навэла, нарыс, эсэ[1] |
Дэбют | 2007 год[2] («Берасьцейская газэта») |
Значныя творы | раман «Век людзей» (2019) |
Узнагароды |
Выдала кнігу вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігу прозы «Яблыкі» (2016), кнігі вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кнігі аповесьцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022). У 2020 годзе ў часопісе «Маладосьць» выйшаў яе першы фэнтэзійны раман «Век людзей». Ляўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы дэбют» (2017) за кнігу «Яблыкі»[3]. Сяброўка Менскага гарадзкога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі[4].
Улетку 2007 году скончыла гімназію № 1 у Берасьці і паступіла на філялягічны факультэт БДУ. У лютым 2010 году рэктар БДУ прызначыў ёй стыпэндыю імя Кандрата Крапівы на 2-м сэмэстры 4-га курсу[5]. У 2011 годзе скончыла Філялягічны факультэт БДУ[6]. У 2012 годзе скончыла магістратуру ў галіне філялёгіі і працаўладкавалася ў Вучэбна-навуковую лябараторыю беларускага фальклёру пры Філфаку БДУ[7]. Адначасна паступіла ў асьпірантуру БДУ, дзе на катэдры тэорыі літаратуры стала пісаць кандыдацкую дысэртацыю на тэму паданьняў у фантастыцы і казках, а таксама наадварот згадкі казак у фэнтэзі[8]. Адна зь яе публікацыяў тычылася граняў эстэтызацыі жорсткасьці ў рамансе і фэнтэзі[9]. У 2015 годзе скончыла асьпірантуру БДУ і ўладкавалася рэдактаркай аддзелу прозы ў часопіс «Маладосьць»[10].
3 сакавіка 2020 году стала вядоўцай відэачасопісу «Бярозка»[11]. 27 ліпеня 2020 году стварыла «Блог прафэсійнага чытача» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[12]. На 2022 год жыла ў Полацку (Віцебская вобласьць), дзе працавала ў галіне распрацоўкі мабільных гульняў. Выйшла замуж за перакладчыка Яўгена Папакуля[13].
У сакавіку 2007 году ў 18-гадовым узросьце зьмясьціла ў часопісе «Маладосьць» нізку легендаў «З народнай міталёгіі»[14]. У лістападзе 2007 году абнародавала тамсама вершы[15]. На фэстывалі «Лунінская восень» перамагла на конкурсе творчых і літаратурна-дасьледчых працаў[16]. У 2009 годзе стала дыпляманткай літаратурнага конкурсу «Паглядзі на Берасьце над Бугам, колькі хараства», які ладзіла Берасьцейскае абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі[17]. У лістападзе 2010 году ў часопісе «Маладосьць» выйшла нізка яе вершаў «Трымаць руку на пульсе навальніц». На лістапад 2010 году друкавалася ў «Берасьцейскай газэце» і часопісах «Бярозка», «Маладосьць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»[18]. У 2011 годзе часопіс «Маладосьць» зьмясьціў фота Маргарыты Латышкевіч на сваю вокладку пры выданьні чарговай нізкі яе вершаў[19]. У 2012 годзе выдала кнігу паэзіі «Пульс навальніц»[20] і яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мы — маладыя» (2012).
У жніўні 2013 году зьмясьціла ў часопісе «Маладосьць» нізку вершаў «Рэха магутнага пачуцьця»[21]. У верасьні 2013 году яе творы ўвайшлі ў беларуска-расейскі літаратурны альманах «Мост дружбы»[22]. 23 кастрычніка 2013 году перамагла на 1-м міжнародным конкурсе маладых пісьменьнікаў «Мост дружбы»[23]. 25 кастрычніка пераможцаў узнагародзілі дыплёмамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[24]. У 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Кахаць і верыць». 16 красавіка 2014 году стала ляўрэаткай у намінацыі «Паэзія» на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які ладзілі Саюз пісьменьнікаў Беларусі і Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва[25]. У красавіку 2014 году ў часопісе «Маладосьць» выйшла яе апавяданьне «Радыёмаўчаньне»[20].
У 2015 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ліпені 2016 году часопіс «Маладосьць» абнародаваў нізку яе вершаў «Люстра сну». Тамсама выйшла пара апавяданьняў Леаніда Левіна ў яе перакладзе на беларускую[10]. Таксама ў ліпені 2016 году яе апавяданьні ўпершыню выйшлі ў часопісе «Полымя»[26]. У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». 18 лютага 2017 году заняла 2-е месца на літаратурным конкурсе ў газэце «Зьвязда» за 2016 год з апавяданьнем «У.» ад 6 кастрычніка 2016 году[27]. У траўні 2017 году выдала нізку апавяданьняў у часопісе «Полымя»[28]. 3 верасьня 2017 году атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют» за зборнік «Яблыкі» 2016 году[29].
У кастрычніку 2017 году абнародавала ў часопісе «Полымя» нізку вершаў «Пад 300 кіль уражаньняў»[30]. У 2017 годзе яе творы ўвайшлі ў альманах пераможцаў конкурсу «Першацьвет»[31]. У 2018 годзе шэраг яе вершаў на сэрбскую пераклала Даяна Лазаравіч[32]. У траўні 2018 году абнародавала ў часопісе «Маладосьць» аповесьць «Вараціш-гара»[33], а таксама выпусьціла зборнік «Менск назаўжды» супольна зь 19 пісьменьніцамі і пісьменьнікамі ў межах фэстывалю «Горад і кнігі»[34]. У зборніку Латышкевіч пераклала з расейскай апавяданьні Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра менскага Герадота», а таксама Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны». Сама ж зьмясьціла ў зборніку апавяданьне «Тры месяцы да вясны»[35].
У 2018 годзе выдала зборнік прозы «Наш дом»[36], які 23 студзеня 2019 году прадставіла ў Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Менску[37]. 9 лютага 2019 году прадставіла кнігу «Наш дом» на 28-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы[38]. 16 сакавіка 2019 году выступіла на тэлеканале «Беларусь 3» у перадачы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы»[39]. У красавіку 2019 году перамагла на біяграфічным конкурсе «Слаўная кампанія: рэанімацыя» з жыцьцяпісам Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах» і атрымала прэмію «За багатую вобразнасьць у паказе жыцьця героя на фоне часу»[40].
12 верасьня 2019 году перамагла на конкурсе апавяданьняў газэты «Зьвязда» з «Казкай пра ваўка»[41]. У 2020 годзе абнародавала аповесьць «Першая песьня» ў некалькіх нумарах часопісу «Бярозка»[42]. У красавіку—лістападзе 2020 году ў часопісе «Маладосьць» (№ 4—11) выйшаў першы фэнтэзійны раман Латышкевіч «Век людзей». Яго аздобіла мастачка Валерыя Дзяткова, якая працуе пад псэўданімам «Бестрамвайнасьць»[43]. Памерам раман перавысіў 1,5 млн знакаў[44].
14 кастрычніка 2011 году галоўная рэдактарка часопісу «Маладосьць» Тацяна Сівец адзначыла: «Як 50 гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сёньняшніх клясыкаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сёньняшняя „Маладосьць“, калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў»[45]. У траўні 2014 году ў часопісе «Маладосьць» Ірына Шаўлякова падкрэсьліла: «У аповедзе Маргарыты Латышкевіч „Радыёмаўчаньне“… маем справу з „касьмічнай опэрай“ практычна ў чыстым выглядзе, калі быць больш дакладным — з эпізодам патэнцыяльнай касьмічнай — лёгіі. Тэматычная адметнасьць твору зьвязаная з канцэнтраванай авантурнасьцю фабулы: гэта своеасаблівы абразок з жыцьця працоўных будняў касьмічных кантрабандыстаў, што спэцыялізуюцца на акарскім шоўку, сіліронскіх спэцыях». Пры гэтым Шаўлякова адзначыла: «Фантастычна-авантурны аповед з амаль дасканалай кальцавой кампазыцыяй фінішуе як лірычна-мэдытацыйны абразок»[46].
6 студзеня 2017 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» Наста Грышчук зьмясьціла творы Латышкевіч у рэйтынг найлепшых часопісных публікацыяў прозы за 2016 год: «У „Полымі“ спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданьні „Інструкцыя для хворых“, „Муза“, „Піястры“, „Шчасьце“, „Быць Каралевай“ (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы „Яблыкі“. Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасьці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзьняцца над апісанай сытуацыяй, зьмяншае маштаб трагедыі ці шчасьця, але ўсё на карысьць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк»[47]. 20 студзеня 2017 году Наста Грышчук зрабіла разгорнуты агляд яе кнігі: «Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч „Яблыкі“ якраз пра тое — пра сьвет дзяцей. Дзецям гэтым — ад 5 да 50 з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасьцьвердзіцца, быць шчасьлівымі, любімымі, прызнанымі ды прынятымі ў сваёй супольнасьці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам». Грышчук заўважыла, што «паэтычны зборнік… „Пульс навальніц“ і „Яблыкі“ лучыць нязьменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтаркі на сьвет. Аднак рамантычнасьць тут ня тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасьць прымаць чалавечыя слабасьці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасьмяецца разам з аўтаркай». Наста Грышчук таксама адзначыла: «Адметнасьць прозы спадарыні Маргарыты — у дзьвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Сьмех, які часам даходзіць да гіпэрбалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты дасьледуеш зьяву, не такую й заўважную ў штодзённасьці. Гэты ж сьмех вынішчае нэгатыў: пасьмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасьці, ты ўжо ня зможаш усур’ёз абараняць гэтую рысу ў самім сабе. … Другая адметнасьць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасьць сьветаўспрыманьня». Надалей Грышчук падкрэсьліла: «герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелягічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. … супастаўленьне „павінна“ і „ёсьць“ у апавяданьнях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: пэрсанажы чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфэкт ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендэр і г. д. Ёсьць яшчэ адно несупадзеньне поглядаў, якое выклікае і сьмех, і роздум: гэта вайна сьветаў дарослага і дзіцячага». Урэшце Грышчук палічыла апавяданьне «Зямля» за «самае глыбокае і самае „маштабнае“ тэматычна» ў кнізе і патлумачыла: «Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ ня раз дасьць пра сябе ведаць»[48].
7 красавіка 2017 году ў «Літаратуры і мастацтве» Алеся Лапіцкая і Наста Грышчук назвалі паэтычную нізку Латышкевіч «Па лесьвіцы з месяцовых промняў» лепшай публікацыяй у сакавіцкім нумары часопіса «Маладосьць». Яны адзначылі, што «верш пра „кніжных дзяцей“… немінуча мусіць увайсьці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч»[49]. 6 чэрвеня 2017 году ў «ЛіМе» Жанна Капуста заўважыла апавяданьні Латышкевіч ў травеньскім нумары часопіса «Полымя»: «Зьмешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей („Два літры мора“, „Доктар Ціханава“, „Пачатак восені“) і пра дарослых („Званіў“, „Раман з наёмнікам“). Жанна Капуста згадала, што гэтыя „творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псыхалёгіі“[50]. 31 жніўня 2018 году ў газэце „Беларусь сёньня“ зьявіўся агляд на кнігу Латышкевіч „Наш дом“, у якую ўвайшлі апавяданьні і 2 аповесьці ў жанры фэнтэзі. У 1-й аповесьці эльфы „жывуць у пячорах, у лясным краі пад назвай Курганова Поле“. У „Дзікім Гоне“ курганны рыцар вартуе межы. У аглядзе таксама згадвалася разуменьне Латышкевіч у апавяданьнях, што „праблемы дзяцей ня менш важныя, чым у дарослых, бо менавіта цяпер акрэсьліваецца лёс, даюцца вартасьці і заганы“. Аглядальнік выказвае: „Уражаньне, нібы пад адной вокладкай — тры кнігі“[51]. 20 верасьня 2019 году пісьменьніца Станіслава Ўмец у інтэрвію „ЛіМу“ назвала сярод „цудоўных прыкладаў містычных твораў“ у жанры фэнтэзі кнігу Латышкевіч „Наш дом“[52].
У чэрвені 2020 году ў часопісе „Маладосьць“ Алена Кісель адзначыла пра кнігу Латышкевіч „Там, дзе сэрца“: „Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку“. Алена Кісель падкрэсьліла: „Там, дзе сэрца“ сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасьці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексыкі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; клясычны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і слушны „разлом“ вершаванага радка, інтанацыйная „лесьвічка“ — з боку літаратурнага; нечаканасьць і глыбіня сродкаў выразнасьці — з абодвух бакоў. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу жаданьне паэткі ажывіць зьявы і прадметы вакол сябе — з дапамогай мэтафараў, увасабленняў і параўнаньняў»[53].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.