From Wikipedia, the free encyclopedia
Я́дзерная збро́я (а́тамная зброя) — від зброі масавага паражэньня, дзеяньне якой заснавана на выкарыстаньні энэргіі радыяактыўнасьці.
Прыклады і апісаньне ў гэтым артыкуле могуць не прадстаўляць глябальны ахоп тэмы. |
Упершыню ўжытая ў якасьці зброі ў 1945 годзе ЗША супраць Японіі. Асноўныя паражаючыя фактары ядзернае зброі: ударная хваля, пранікальная радыяцыя, электрамагнітны імпульс, сьветлавое выпраменьваньне. Выкарыстаньне ядзернае зброі выклікае моцнае радыяактыўнае забруджваньне мясцовасьці. Магутнасьць ядзернае зброі вымяраецца тратылавым эквівалентам — колькасьцю трынітраталуолу, які забясьпечвае выбух з той жа энэргіяй. Сродкам дастаўкі ядзернае зброі могуць служыць артылерыйскія снарады, авіяцыйныя бомбы, тарпэды, ракеты.
У аснову ядзернае зброі пакладзеная некіравальная ланцуговая рэакцыя дзяленьня ядра. Для ажыцьцяўленьня ланцуговай рэакцыі выкарыстоўваюцца ізатопы ўран-235, плутоній-239 і (у асобных выпадках) уран-233. Існуюць дзьве асноўныя схемы: «гарматная», так званая балістычная, і імплязыўная.
Магутнасьць ядзернага зарада, які працуе выключна на прынцыпах дзяленьня цяжкіх элемэнтаў, абмяжоўваецца сотнямі кілятонаў. Стварыць больш магутны зарад, заснаваны толькі на дзяленьні ядраў, магчыма, але вельмі цяжка: павелічэньне масы рэчыва, якое дзеліцца не вырашае праблемаў, бо распачаты выбух распыляе частку паліва, яно не пасьпявае прарэагаваць цалкам і, такім чынам, апыняецца бескарысным, павялічваць масу баяваго прыпасу і радыяактыўнае забруджваньне мясцовасьці. Самы магутны ў сьвеце баявы прыпас, заснаваны толькі на дзяленьні ядраў, быў выпрабаваны ў ЗША 15 лістапада 1952 году, магутнасьць выбуху склала 500 кт.
15 траўня 1960 г. у Беларускай ССР на баявое дзяжурства заступілі першыя ракетныя дывізіёны 4 палкоў з 4 шахтавымі пускавымі ўстаноўкамі (ПУ) «Дзьвіна» ў кожнага дывізіёна і балістычнымі ракетамі Р-12 (дальнасьць 2080 км; 1 мэгатона). Абодва 1-ы і 2-і ракетныя дывізіёны 638-га ракетнага палка (в/ч 25585) заступілі на баявое дзяжурства пад вёскамі Акунінава Слонімскага раёну (Гарадзенская вобласьць) і Коханава Івацэвіцкага раёну (Берасьцейская вобласьць) адпаведна[1]. Адначасна на баявое дзяжурства заступілі асобныя дывізіёны 3 іншых ракетных палкоў: 85-га (Пінск), 142-га (Наваградак), 378-га (Гезгалы, Зьдзецельскі раён).
1 ліпеня 1960 г. у Беларускай ССР стварылі 3 ракетныя дывізіі: 31-ю гвардзейскую ў Пінску (Берасьцейская вобл.; в/ч 18288), 32-ю ў Паставах (Віцебская вобласьць; в/ч 14153) і 33-ю гвардзейскую ў Мазыры (Гомельская вобласьць; в/ч 14225). Іх утварылі на аснове 83-й гвардзейскай авіяцыйнай дывізіі, 12-й інжынэрнай брыгады (вёска М́ышанка, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобл.) і 15-й гвардзейскай інжынэрнай брыгады (в. Мышанка) адпаведна. Усе 3 ракетныя дывізіі ўвайшлі ў склад 50-й ракетнай арміі (Смаленск, Расейская СФСР; в/ч 55135) Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня СССР, якую адначасна стварылі на аснове 50-й паветранай арміі дальняй авіяцыі. 5 кастрычніка 1962 г. з Омску (Расейская СФСР) ў Ліду (Гарадзенская вобл., БССР) перамясьцілі 49-ю гвардзейскую ракетную дывізію (в/ч 34154), якую таксама падпарадкавалі 50-й ракетнай арміі. На канец 1962 г. на ўзбраеньні 16 з 17 палкоў 4 ракетных дывізіяў стаялі шахтавыя пускавыя ўстаноўкі (ПУ) «Дзьвіна» з балістычнымі ракетамі Р-12 (дальнасьць 2080 км). Толькі 428-ы ракетны полк (Смаргонь, Гарадзенская вобл.; в/ч 44197) 32-й дывізіі меў шахтавыя ПУ «Чусовая» з ракетамі Р-14 (дальнасьць 4500 км)[2]. У 31-ю ракетную дывізію ўваходзіла 5 палкоў. У 32-ю, 33-ю і 49-ю ракетныя дывізіі — па 4.
На канец 1962 г. 31-я гвардзейская ракетная дывізія, кіраўніцтва якой да 1 верасьня 1961 г. перамясьцілі зь Пінска ў Пружаны (Берасьцейская вобл.), улучала 44-ы (Маларыта, Берасьцейская вобл.; в/ч 89503), 56-ы (в. Засімавічы, Пружанскі раён; в/ч 75413), 85-ы (в. Жабчыцы, Пінскі раён, Берасьцейская вобл.; в/ч 18279), 403-і (в. Слабудка, Пружанскі раён; в/ч 44121) і 638-ы (Слонім, Гарадзенская вобл.) ракетныя палкі[3]. 32-я ракетная дывізія ўлучала 249-ы (Полацак, Віцебская вобл.; в/ч 23463), 346-ы (Паставы; в/ч 33858), 402-і (пасёлак Ветрына, Полацкі раён; в/ч 34171) і 428-ы (Смаргонь) ракетныя палкі. 33-я гвардзейская ракетная дывізія(uk) ўлучала 369-ы (Жыткавічы, Гомельская вобл.; в/ч 42691), 396-ы (Петрыкаў; в/ч 14248), 398-ы ракетны полк (в. Козенкі, Мазырскі раён; в/ч 14273) і 404-ы (Гомель; в/ч 54140) ракетныя палкі. 49-я гвардзейская ракетная дывізія(ru) ўлучала 142-і (Наваградак, Гарадзенская вобл.; в/ч 34061), 170-ы (в. Мінойты, Лідзкі раён; в/ч 23462), 306-ы (Слуцак, Менская вобласьць; в/ч 23464) і 376-ы (Гезгалы, Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобл.; в/ч 21300) ракетныя палкі[4]. На 1 студзеня 1963 г. у 4 ракетных дывізіях стаялі 155 пускавых установак з балістычнымі ракетамі Р-12 і Р-14 (428-ы полк).
Камандзірамі 31-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
Камандзірамі 32-й ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
Камандзірамі 33-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
Камандзірамі 49-й гвардзейскай ракетнай дывізіі былі генэрал-маёры:
На пачатку 1960-х гадоў у Беларускай ССР зьявіліся 2 паветраныя часткі з атамнымі бомбамі, якія сталіся першымі ў сваім родзе ў складзе Савецкай арміі. Першы полк дальніх бамбавікоў разьмясьцілі на аэрадроме Баўбасаў (Аршанскі гарадзкі савет, Віцебская вобл.). Другі ў Баранавічах (Берасьцейская вобл.)[6]. Цягам 1976—1977 гадоў у 31-ю, 32-ю, 33-ю і 49-ю ракетныя дывізіі ў Пружанах, Паставах, Мазыры і Лідзе адпаведна паступілі самаходныя пускавыя ўстаноўкі (СПУ) «Піянэр» (МАЗ-547В) з балістычнымі ракетамі РСД-10 (дальнасьць 5500 км; 3 баяблёкі па 150 кілятонаў кожны). У 1988—1990 гг. СПУ «Піянэр» з ракетамі РСД-10 замянілі на СПУ «Таполя» (7-восевы МАЗ) з балістычнымі ракетамі РТ-2ПМ (РС-12М; дальнасьць 10 000 км)[7]. Цягам 1986—1990 гг. на 975-й базе захоўваньня балістычных ракетаў «Лясная» (Баранавіцкі раён) разрэзалі састарэлыя ракеты Р-12 з усіх 4 ракетных дывізіяў, якія знаходзіліся ў Беларускай ССР[6]. Да скасаваньня СССР у сьнежні 1991 г. 9 з 14 ракетных палкоў у БССР пасьпелі ўзброіць 81 пускавой устаноўкай «Таполя».
27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР зацьвердзіў Дэклярацыю «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР», у 10-м артыкуле якой абвяшчалася, што: «Беларуская ССР ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай»[8]. 23 траўня 1992 г. у Лісабоне (Партугалія) міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь Пятро Краўчанка падпісаў на беларускай мове Пратакол да Дамовы між ЗША і СССР «Аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў» (ДСНУ) ад 31 ліпеня 1991 году. Паводле 5-га артыкула Лісабонскага пратакола, «Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан і Украіна маюць далучыцца да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ) ад 1 чэрвеня 1968 г. у якасьці дзяржаваў-удзельніцаў, якія не валодаюць ядзернай зброяй»[9]. 22 ліпеня 1993 г. урад Беларусі далучыўся да ДНЯЗ[10], раней за ўрады Казахстану і Ўкраіны.
27 лістапада 1996 г. з чыгуначнай станцыі Яцукі (Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобласьць) выправілі ў Расею апошні эшалён зь міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Таполя»[11], які належаў 170-му ракетнаму палку 49-й гвардзейскай ракетнай дывізіі.
25 траўня 2023 году міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску дакумэнты аб вызначэньні парадку ўтрыманьня расейскай ядзернай зброі ў сховішчы на тэрыторыі Беларусі[12]. 16 чэрвеня 2023 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў на Пецярбурскім эканамічным форуме: «Першыя ядзерныя зарады дастаўленыя ў Беларусь»[13].
23 сьнежня 2013 году Бюджэтная ўправа Кангрэсу ЗША абнародавала справаздачу пра выдаткі ў 2014—2023 гадах на падтрыманьне ў баявым стане ядзернага ўзбраеньня і яго носьбітаў, а таксама на распрацоўку новага ядзернага ўзбраеньня. Гэтыя выдаткі мелі скласьці 355 млрд даляраў або 35,5 млрд $ у сярэднім за год[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.