астраўная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Філіпі́ны ці Рэспу́бліка Філіпі́ны (па-філіпінску: Republika ng Pilipinas) — дзяржава ў Азіі. Складаецца з мноства астравоў, разьмешчаных у Ціхім акіяне паміж Інданэзіяй і Тайванем. Краіна аточаная Паўднёва-Кітайскім, Філіпінскім морамі і морам Сулавэсі. Сталіцай дзяржавы ёсьць Маніла, але найбуйнейшым горадам Філіпінаў лічыцца Кесан-Сіці. Абодва гарады фармуюць нацыянальны сталічны рэгіён.
Прыбыцьцё партугальскага дасьледніка Фэрнана Магелана, які кіраваў гішпанскім флётам, паклала пачатак гішпанскай калянізацыі. У 1543 годзе гішпанскі дасьледнік Руй Лёпэс дэ Вільлябас назваў архіпэляг у гонар караля Кастыліі Філіпа II. Гішпанская калянізацыя праз Новую Гішпанію пачалася ў 1565 годзе. Агулам Філіпіны былі часткай Гішпанскай імпэрыі ажно 300 гадоў. Каталіцтва стала дамінуючай рэлігіяй, а Маніла стала заходнім цэнтрам ціхаакіянскага гандлю. Філіпінская рэвалюцыя пачалася ў 1896 годзе і пераплялася з Гішпана-амэрыканскай вайной 1898 году. У выніку Гішпанія саступіла гэтую тэрыторыю ЗША, а філіпінскія рэвалюцыянэры абвесьцілі аб стварэньні Першай Філіпінскай рэспублікі, якая доўга не пратрывалася. Філіпінска-амэрыканская вайна скончылася тым, што ЗША працягнулі кантраляваць тэрыторыю да японскага ўварваньня на астравы за часам Другой сусьветнай вайны. У 1946 годзе Філіпінцы здабылі незалежнасьць.
Філіпіны — новая індустрыялізаваная разьвіваная краіна, эканоміка якой пераходзіць трансфармацыю ад сельскагаспадарчай арыентацыі да наданьня паслугаў і разьвіцьця вытворчасьці. Краіна ўваходзіць у розныя палітычныя і эканамічныя арганізацыі, як то ААН, Сусьветная гандлёвая арганізацыя, АСЭАН, форум Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы і саміт Усходняй Азіі. Філіпіны ёсьць сябрам Руху недалучэньня і галоўным хаўрасьнікам ЗША па-за блёкам Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы. Ейнае месцазнаходжаньне як астраўной краіны на Ціхаакіянскім вогненным колцы блізу роўніка робіць краіну схільнай да частых землятрусаў і тайфунаў. Філіпіны валодаюць разнастайнымі прыроднымі рэсурсамі і высокім узроўнем біяразнастайнасьці.
Карэннае насельніцтва астравоў — нэгрыты і аэты. Пазьней праз востраў Тайвань на архіпэляг трапілі аўстранэзійскамоўныя перасяленцы з Паўднёвага Кітаю прыкладна каля 2200 году да н. э. Яны засялілі пераважна астравы Батанэс[17] і паўночны Люсон. Нэфрытавыя артэфакты, знойдзеныя там, былі датаваныя 2000 годам да н. э.[18][19], а сыравіна нэфрытавых прадметаў, зробленых на Люсоне, выявілася з Тайваню[20]. Да 1000 году да н. э. жыхары архіпэлягу стварылі чатыры грамадзкія ўклады, якія ўлучалі плямёны паляўнічых-зьбіральнікаў, грамадзтва ваяроў, горныя плютакратыі і партовыя княствы[21].
Самым раньнім вядомым захаваным пісьмовым запісам на Філіпінах ёсьць Лягунскі надпіс на меднай пласьціне пачатку X стагодзьдзя нашай эры, які быў напісаны на старамалайскай мове з выкарыстаньнем раньняга пісьма каві з шэрагам словаў на санскрыце і стараяванскіх або старатагальскіх ганаровых тытулаў[22]. У VIII стагодзьдзі на астравах зьявіліся кітайскія купцы. Да XIV стагодзьдзя некалькі буйных прыбярэжных паселішчаў сталі буйнымі гандлёвымі цэнтрамі і месцамі грамадзкіх зьменаў[23]. Некаторыя дзяржавы на Філіпінах мелі абмен зь іншымі дзяржавамі ва ўсёй Азіі[24][25]. Мяркуецца, што гандаль з Кітаем пачаўся за часам дынастыі Тан і пашырыўся падчас дынастыі Сун[26]. Некаторыя зь іх былі даньнікамі Кітаю[27].
Індыйская культура, як то лінгвістычныя тэрміны і рэлігійныя практыкі, пачалі распаўсюджвацца на Філіпінах у XIV стагодзьдзі, верагодна, праз індуісцкую імпэрыю Маджапагіт[28][29]. Да XV стагодзьдзя іслам усталяваўся на архіпэлягу Сулу і адтуль распаўсюдзіўся далей на іншыя астравы[23]. Да часу прыбыцьця першых эўрапейцаў на поўначы астравоў (на тэрыторыі цяперашняй Манілы) уладарылі раджы, якія з гістарычных умоваў плацілі даніну дзяржавам паўднёва-ўсходняй Азіі, а менавіта каралеўству Шрывіджая.
Раньнія дзяржаўныя структуры звычайна мелі трохузроўневую сацыяльную структуру, якая складалася з шляхты, вольных людзей і служкаў[24][30]. Сярод шляхты вылучаліся кіраўнікі невялікіх групаў, якія адказвалі за кіраваньне імі[31]. Зь цягам росту паселішчаў і пашырэньнем дзяржаваў з шляхты вылучаўся галоўны кіраўнік, вядомы як раджа або султан[32]. Лічыцца, што шчыльнасьць насельніцтва на астравах была нізкай цягам XIV—XVI стагодзьдзяў[33] пераважна праз частасьць тайфунаў і разьмяшчэньню Філіпінаў на Ціхаакіянскім вогненным колцы[34].
У 1521 годзе гішпанская экспэдыцыя на чале з Фэрнанам Магеланам высадзілася на астравах. З 1543 году астравы сталі звацца Філіпінамі ў гонар гішпанскага караля Філіпа II. Шырокае распаўсюджваньне атрымалі гішпанская мова і каталіцтва, за выключэньнем паўднёвых мяцежных астравоў, населеных мусульманамі. 27 красавіка 1565 году гішпанскі канкістадор Мігель Лёпэс дэ Лягасьпі ў суправаджэньні чатырохсот узброеных жаўнераў прыбыў у Сэбу і заснаваў першае гішпанскае паселішча на тэрыторыі астравоў[35][36][37].
Многія філіпінцы былі пад прымусам прывезеныя ў Новую Гішпанію ў якасьці рабоў ці працаўнікоў[38]. Гішпанская Маніла стала сталіцай каляніяльных уладаў у 1571 годзе[39][40]. Быў усталяваны марскі шлях зносінаў паміж Акапулька і Манілай. Гішпанцы захоплівалі мясцовыя дзяржавы, кіруючыся прынцыпам «падзяляй і валадар»[41], улучыўшы большую частку сучасных Філіпінаў пад адзіную адміністрацыю[42][43]. Паселішча наўмысна аб’ядноўваліся ў гарады, дзе каталіцкія місіянэры маглі лягчэй навярнуць жыхароў у хрысьціянства[44][45]. Тэрыторыя падпарадкоўвалася віцэ-каралю Новай Гішпаніі, сядзіба якога месьцілася ў Мэхіка. Аднак, з 1821 году па вайне за незалежнасьць Мэксыкі[46], кіраваньне тэрыторыямі перамясьцілася ў Мадрыд. Маніла стала заходнім цэнтрам ціхаакіянскага гандлю[47], а манільскія караблі будаваліся ў Біколі і Кавітэ[48][49].
Кіраваньне Філіпінамі лічылася адным з чыньнікаў зьнясіленьня эканомікі Новай Гішпаніі[50]. Нават абмяркоўвалася магчымасьць адмовы ад калёніі або ейнага абмену на іншую тэрыторыю. Аднак, такім прапановам супрацьстаялі дзеячы, якія бачылі эканамічны патэнцыял астравоў, лічылі рэгіён ключавым з пункту гледжаньня забесьпячэньня бясьпекі і жадалі працягнуць навяртаньне ў хрысьціянства жыхароў гэтага рэгіёну[51][52]. Калёнія выжывала за кошт штогадовых субсыдыяў з боку гішпанскай кароны[50].
У 1762 годзе пасьля жорсткай бітвы Манілу захапілі каляніяльныя войскі Вялікабрытаніі з Усходняй Індыі, аднак на наступны год яны былі вернутыя Гішпаніі паводле ўмоваў Парыскай дамовы[53]. Ворагі Гішпаніі інсьпіравалі нацыянальна-вызваленчы рух. Антыгішпанскія настроі мелі мусульмане і мясцовая кітайская дыяспара. Гішпанцы лічылі сваю вайну з мусульманамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі працягам Рэканкісты[54][55]. Гішпана-мароўскі канфлікт доўжыўся некалькі сотняў гадоў, за час якога Гішпанія часткова захапіла астравы Мінданао і Халё ў апошняй чвэрці XIX стагодзьдзя[56], а мусульмане маро з султанату Сулу вызналі гішпанскі сувэрэнітэт[57][58]. Да XIX стагодзьдзя зьявілася саслоўе з гішпанамоўных каталікоў-філіпінцаў, крэолаў і мэтысаў, якія сталі лідэрамі барацьбы за незалежнасьць.
У той жа час з разьвіцьцём сусьветнага гандлю і міжнародным значэньнем Манілы пачало зьмяняцца і мясцовае грамадзтва[59][60]. Паступова зьмянілася сацыяльная ідэнтычнасьць мясцовых жыхароў. У гэты час тэрмін «філіпінец» ахапіў усіх жыхароў архіпэлягу, калі ў папярэднія часы ён адносіўся толькі да этнічных гішпанцаў, якія нарадзіліся на Філіпінах[61][62]. Рэвалюцыйныя настроі ўзрасьлі ў 1872 годзе пасьля таго, як тры каталіцкія сьвятары былі пакараныя сьмерцю на сумнеўных падставах[63][64]. Гэта натхніла і парадзіла Прапагандысцкі рух, арганізаваны Марсэлё дэль Пілярам, Хасэ Рысалем, Грасіяна Лёпэсам Хаэнам і Марыяна Понсэ, які выступалі за палітычныя рэформы ў Філіпінах[65]. Рысаль быў арыштаваны і пакараны сьмерцю 30 сьнежня 1896 году за паўстаньне, але ягоная сьмерць радыкалізавала рух і тых, хто раней быў ляяльны да гішпанскай кароны[66]. Спробы рэформаў сустрэлі супраціў. У 1892 годзе Андрэс Баніфасьё заснаваў таемнае рэвалюцыйнае таварыства Катыпунан, пазьней ачоленае Эміліё Агінальда. Група дамагалася незалежнасьці ад Гішпаніі шляхам узброенага паўстаньня[67]. У рэвалюцыянэраў амаль атрымалася выгнаць гішпанцаў да 1898 году.
У 1898 годзе адбылася Гішпанска-амэрыканская вайна, якая ў тым ліку пашырылася на Філіпіны. Гэтым скарыстаўся лідэр барацьбы за незалежнасьць Агінальда, які да таго быў вымушаны зьбегчы ў Ганконг. Рэвалюцыянэры працягнулі сваё паўстаньне і агалосілі незалежнасьць Філіпінаў ад Гішпаніі 12 чэрвеня 1898 году[68]. Аднак, у сьнежні таго ж году Гішпанія перадала Філіпіны, Кубу, Гуам і Пуэрта-Рыка ЗША за 20 мільёнаў даляраў у адпаведнасьці з Парыскай мірнай дамовай 1898 году.
Першая Філіпінская рэспубліка была абвешчаная 21 студзеня 1899 году[69]. Брак вызнаньня стварэньня незалежнай краіны з боку ЗША прывёў да аднаўленьня баявых дзеяў на архіпэлягу, якія па адмове вайсковага камандзіра ЗША ад прапановы аб спыненьні агню і аб’явы вайны новай рэспублікі перарасьлі ў Філіпінска-амэрыканскую вайну[70][71][72]. Вайна прывяла да загібелі ад 250 тысяч да 1 мільёна цывільных жыхароў пераважна праз голад і хваробы[73]. Многія філіпінцы трымаліся амэрыканцамі ў канцэнтрацыйных лягерах[74][75]. Пасьля зрынаньня Першай Філіпінскай рэспублікі ў 1902 годзе быў створаны амэрыканскі грамадзянскі ўрад адмысловым актам[76]. Амэрыканскія войскі працягвалі забясьпечваць і пашыраць свой кантроль над астравамі, здушыўшы спробу стварэньня Тагальскай рэспублікі[77][78] ды ўсталяваўшы кантролю над унутранымі горнымі рэгіёнамі[79]. Новая адміністрацыя заахвочвала вялікае перасяленьне хрысьціянаў на некалі пераважна мусульманскі востраў Мінданао[80][81]. Вайна афіцыйна скончылася ў 1901 годзе, але адзінкавыя сутыкненьні трывалі яшчэ да 1913 году.
Разьвіцьцё культуры ўмацавала нацыянальную ідэнтычнасьць[82][83], а тагальская мова пачала пераважаць над іншымі мясцовымі мовамі[84]. У 1935 годзе ім быў нададзены статус аўтаноміі ЗША. У той час калі Філіпіны былі аўтаноміяй, яны мелі свайго невыбарнага прадстаўніка ў ніжняй палаце Кангрэсу ЗША, накшталт як іх цяпер маюць акруг Калюмбія, Гуам, Пуэрта-Рыка і Віргінскія астравы. Закон Тайдынгса-Макдафі 1934 году забясьпечыў дзесяцігадовы пераход да незалежнасьці шляхам стварэньня ў наступным годзе Садружнасьці Філіпінаў[85], ачоленай прэзыдэнтам Мануэлем Кесонам і віцэ-прэзыдэнтам Сэрхіё Асмэньня[86]. Прыярытэтамі Кесона было ўмацаваньне абароны, сацыяльная справядлівасьць, барацьба супраць няроўнасьці, эканамічная дывэрсыфікацыя і нацыянальнае разьвіцьцё[87][88]. Стандартная тагальская мова, вядомая як філіпінская мова, набыла статус нацыянальнай мовы[89]. Жанчынам былі наданыя выбарчыя правы[90][91].
Японская імпэрыя ўварвалася на Філіпіны ў сьнежні 1941 году за часам Другой сусьветнай вайны[92]. Імі было ўхваленае стварэньня Другой Філіпінскай рэспублікі, якая фактычна была марыянеткавай дзяржавай пад кіраўніцтвам Хасэ Лаўрэля[93][94]. Пачынаючы з 1942 году японскай акупацыі краіны супрацьстаяла шырокамаштабная падпольная партызанская дзейнасьць[95][96][97]. У адказ японцы ўчынілі зьверскі гвалт, як то Батаанскі марш сьмерці і Манільскую рэзаніну[98][99]. Войскі хаўрусьнікаў разграмілі японцаў у 1945 годзе, і, паводле ацэнак, пры сканэньні вайны колькасьць забітых філіпінцаў перавысіла мільён чалавек[100][101]. 11 кастрычніка 1945 году Філіпіны сталі сябрам-заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў[102][103]. 4 ліпеня 1946 году за час прэзыдэнцтва Мануэля Роксаса, незалежнасьць краіны была ўхваленая ЗША паводле Манільскага дагавору[103][104].
Намаганьні паваеннай адбудовы і здушэньне паўстаньня Народнай антыяпонскай арміі мелі посьпех за часам прэзыдэнцтва Рамона Магсайсая[105], але спарадычныя камуністычныя паўстаньні працягвалі ўспыхваць яшчэ доўга пасьля гэтага[106]. Пры пераемніку Мэгсайсая, Карлясе Гарсіі, урад ініцыяваў палітыку «Філіпінцы перад усім», якая спрыяла росквіту філіпінскага бізнэсу[107]. Зьмяніўшы на пасадзе Гарсію, Дыясдада Макапагаль перанёс Дзень незалежнасьці з 4 ліпеня на 12 чэрвеня, на тую дату, калі незалежнасьць краіны агалосіў быў Эміліё Агінальда[108] ды прад’явіў прэтэнзіі на ўсходнюю частку Паўночнага Барнэо[109].
У 1965 годзе Макапагаль атрымаў паразу на прэзыдэнцкіх выбарах, на якіх перамог Фэрдынанд Маркас. На пачатку сваёй кадэнцыі Маркас пачаў інфраструктурныя праекты, якія фінансаваліся пераважна за кошт замежных крэдытаў. Гэта палепшыла эканоміку і паспрыяла ягонаму пераабраньню ў 1969 годзе[110][111]. Бліжэй да сканчэньня свайго апошняга дазволенага канстытуцыяй тэрміну Маркас абвесьціў ваеннае становішча 21 верасьня 1972 году[112], спасылаючыся на загрозу камунізму[113][114]. Гэты пэрыяд характарызаваўся палітычнымі рэпрэсіямі, цэнзурай і парушэньнямі правоў чалавека[115][116]. Манаполіі, якія кантраляваліся прыяцелямі Маркаса, былі створаныя ў ключавых галінах[117][118][119], уключаючы лесанарыхтоўку[120] і тэлевяшчаньне[121]. Дзейнасьць цукровай манаполіі спрычыніла голад на востраве Нэграс[122]. Сам Маркас поруч з жонкай быў зьвінавачаны ў карупцыі і растрачаньні мільярдаў даляраў дзяржаўных сродкаў[123][124]. Вялікія запазычаньні Маркаса на пачатку ягонага кіраваньня прывялі да эканамічнага банкруцтва, пагоршанага рэцэсіяй пачатку 1980-х гадоў, калі эканоміка штогод скарачалася на 7,3 адсоткаў у 1984 і 1985 гадах[125].
21 жніўня 1983 году лідэр апазыцыі Бэнігна Акіна-малодшы быў забіты ў міжнародным аэрапорце Манілы[126]. Маркас абвесьціў пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары ў 1986 годзе[127], на якіх ён быў абвешчаны пераможцам, але вынікі былі расцэненыя як сфальшаваныя. У краіне пачаліся пратэсты, якія скончыліся рэвалюцыяй[128][129], якая вымусіла Маркаса і ягоных памагатых зьбегчы на Гаваі. Прэзыдэнткай краіны стала ўдава забітага палітыка Карасон Акіна[128].
Вяртаньне дэмакратыі і ўрадавыя рэформы, якія пачаліся ў 1986 годзе, мелі пэўныя перашкоды. Заміналі дзяржаўная пазыка, карупцыя ва ўрадзе і спробаы дзяржаўнага перавароту[130]. Працягваліся камуністычныя пракітайскія паўстаньні[131][132] ды трываў ваенны канфлікт з сэпаратыстамі-мусульманамі[133]. Акіну зьмяніў Фідэль Рамас, які лібэралізаваў нацыянальную эканоміку шляхам прыватызацыі і дэрэгуляцыі[134][135]. Эканамічныя дасягненьні Рамаса былі азмрочаныя пачаткам азіяцкага фінансавага крызісу 1997 году[136][137]. Ягоны пераемнік Джозэф Эстрада аддаваў перавагу будаўніцтву дзяржаўнага жыльля[138], але сутыкнуўся з абвінавачваньнямі ў карупцыі[139], што прывяло да ягонага зрынаньня ў выніку рэвалюцыі 2001 году. Новай кіраўніцай дзяржавы стала віцэ-прэзыдэнтка Глёрыя Макапагаль-Ароё[140]. Ейнае дзевяцігадовае кіраваньне адзначанае эканамічным ростам, але было заплямленае карупцыяй і палітычнымі скандаламі[141][142], у тым ліку абвінавачаньнямі ў фальсыфікацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году[143]. Эканамічны рост працягваўся за часам адміністрацыі наступніка Бэнігна Акіны III, які выступаў за належнае кіраваньне і празрыстасьць[144]. За Акінам скончылася вайна супраць Ісламскага фронта вызваленьня маро, у выніку чаго мусульманскія суполкі атрымалі аўтаномію.
Радрыга Дутэртэ быў абраны прэзыдэнтам краіны ў 2016 годзе[145]. Ён запачаткаваў інфраструктурную праграму[146][147] і кампанію па барацьбе з наркотыкамі[148][149], якія далі плён[150], але таксама прывялі да пазасудовых забойстваў[151][152]. Сын былога дыктатара Бонгбонг Маркас перамог на прэзыдэнцкіх выбарах 2022 году, а дачка папярэдніка Сара Дутэртэ заняла пасаду віцэ-прэзыдэнта[153].
Філіпіны разьмешчаныя ў заходняй частцы Ціхага акіяну на архіпэлягу, які налічвае блізу 7641 востраў[155][156]. Агульная плошча, улучна з ўнутранымі вадаёмамі, складае каля 300 тысяч км². Працягласьць краіны з поўначы на поўдзень складае 1850 км[157] ад Паўднёва-Кітайскага мора да мора Сулавэсі[158]. З усходу краіны месцьціцца Філіпінскае мора[159], а з паўднёвага захаду абмываецца морам Сулу. 95 адсоткаў агульнай сушы Філіпінаў прыпадае на 11 найбуйнейшых астравоў, як то Люсон, Мінданао, Нэгрос, Ліцэ, Панай, Міндора, Паляван, Самар[160]. Берагавая лінія Філіпінаў сягае 36 289 км, што ставіць іх на пяты радок у сьвеце паводле даўжыні. Выключная эканамічная зона краіны ахоплівае 2 263 816 км²[161].
Найвышэйшым пунктам Філіпінаў ёсьць гара Апа на востраве Мінданао. Ейная вышыня складае 2954 мэтраў над узроўнем мора. Самая доўгая рака Філіпінаў Кагаян на поўначы Люсону мае даўжынёю каля 520 км[162]. Манільская затока, на беразе якой месьціцца сталіца Маніла[163], злучаная найбуйнейшым возерам краіны Бай праз раку Пасіг[164].
Месьцячыся на заходнім ускрайку Ціхаакіянскага вогненнага колца, на Філіпінах фіксуецца частая сэйсьмічная і вульканічная актыўнасьць[165]. Гэта павязанае з тым, што ў рэгіёне сыходзяцца тэктанічныя пліты[166][167]. Штодня на астравах рэгіструецца каля пяці землятрусаў, але большасьць зь іх занадта досыць слабыя, каб адчуць іх[168]. Апошнія буйныя землятрусы фіксаваліся ў 1976 годзе ў затоцы Маро і ў 1990 годзе на Люсоне[169]. У дадатак на Філіпінах маюцца 23 дзейныя вульканы, зь іх Маён, Тааль, Канляон і Булюзан маюць найбольшую колькасьць зарэгістраваных вывяржэньняў[170][171]. На востраве Люсон знаходзіца дзейны вулькан Пінатуба.
Краіна мае радовішчы карысных выкапняў праз сваю складаную геалягічнай структуру[172][173]. Мяркуецца, што Філіпіны маюць другія ў сьвеце радовішчы золата пасьля Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, а таксама багата пакладаў медзі[174], паляду[175], хрому, нікелю, малібдэну, плятыны і цынку[176].
На Філіпінах трапічны марскі клімат, які звычайна гарачы і вільготны. Вылучаюць тры сэзоны, як то гарачы сухі сэзон з сакавіка па травень, дажджлівы сэзон з чэрвеня па лістапад і прахалодны сухі сэзон зь сьнежня па люты[177]. Паўднёва-заходнія мусоны, вядомыя як габагат, дзьмуць з траўня па кастрычнік, а паўночна-ўсходнія мусоны, вядомыя як аміган, дзьмуць зь лістапада па красавік[178]. Самым прахалодным месяцам ёсьць студзень, а самым цёплым — травень. Тэмпэратура на Філіпінах, як правіла, не перашзыходзіць вызначаны дыяпазон, незалежна ад шыраты. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае каля 26,6 °C, але складае 18,3 °C у Багіё, які месьціцца на вышыні 1500 мэтраў над узроўнем мора[179]. Сярэдняя вільготнасьць па краіне сягае 82%[178]. Гадавая колькасьць ападкаў дасягае 5000 мілімэтраў на горным усходнім узьбярэжжы, але не пераўзыходзіць 1000 мілімэтраў у некаторых аточаных гарамі і ўзвышшамі далінах[177].
У краіну ўлучна зь дзяржаўнымі водамі штогод звычайна заходзяць 19 тайфунаў[180], пераважна зь ліпеня па кастрычнік[177]. Толькі 8 ці 9 зь іх сягаюць сушы[181]. Краіна ўваходзіць у дзесятку найбольш уразьлівых да зьмены клімату дзяржаваў[182].
Філіпіны ёсьць краінай зь вялікім біяразнастайнасьцю[183][184], маючы адзін з найвышэйшых у сьвеце паказьнікаў эндэмічных відаў[185][186]. У краіне налічваецца блізу 13 500 відаў расьлінаў, зь якіх 3500 ёсьць эндэмічнымі[187]. Філіпінскія трапічныя лясы складаюцца з блізу 3500 відаў дрэваў[188], 8000 відаў кветкавых расьлінаў, 1100 відаў папараці і 998 відаў архідных[189]. Гэта толькі тыя віды, якія былі выяўленыя[190]. На архіпэлягу налічваецца 167 відаў наземных сысуноў, зь якіх 102 эндэмічныя, а таксама 235 відаў паўзуноў, зь якіх 160 эндэмічныя, 99 відаў земнаводных, зь якіх 74 эндэмічныя, 686 відаў птушак, зь якіх 224 эндэмічныя[191], ды больш за 20 000 відаў вусякоў[190].
Філіпінскія воды ёсьць важнай часткай экарэгіёну Каралявага трохкутніка[192][193] і маюць унікальную разнастайнасьць у марскім жыцьці[194] ды найбольшую ў сьвеце разнастайнасьць відаў берагавых рыбаў[195]. У краіне налічваюцца больш за 3200 відаў рыбаў, зь іх 121 эндэмічныя[196]. Філіпінскія воды багатыя на рыбу, ракападобных, вустрыцы ды марскіх водарасьцяў[197].
На ўсёй тэрыторым Філіпінаў вылучаюць восем асноўных тыпаў лясоў, як то дыптэракарпавыя лясы, пляжныя лясы[198], хваёвыя лясы, малававыя лясы, ніжнягорныя лясы, высокагорныя лясы (або імшыстыя лясы), мангравыя зарасьнікі і лясы ўльтраасноўных пародаў глебы[199]. Паводле афіцыйных ацэнак, у 2023 годзе на Філіпінах было 7 млн гектараў ляснога покрыва[200]. Высечка лесу набыла сыстэмны характар яшчэ ў амэрыканскі каляніяльны пэрыяд[201], аднак яна працягвалася па атрыманьні незалежнасьці, паскорыўшыся пры Маркасе празь нерэгулюемыя канцэсіі на высечку[202][203]. Лясістасьць скарацілася з 70% агульнай плошчы сушы Філіпінаў у 1900 годзе да прыкладна 18,3% у 1999 годзе[204]. Урад, які спрабаваў аднавіць адсотак ляснога покрыва, ня даў рады[205].
На Філіпінах робяць высілкі дзеля захаваньня існай біяразнастайнасьці[206]. Гэтак на астравах налічваецца больш за 200 ахоўных зонаў[207]. Тры аб’екты былі ўключаныя ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, як то рыф Тубатага ў моры Сулу[208], нацыянальны парк падземнай ракі Пуэрта-Прынсэса[209] і запаведнік дзікай прыроды на гары Амігітан[210].
Філіпінамі кіруе дэмакратычны ўрад, а палітычны лад палягае на канстытуцыйную рэспубліку з прэзыдэнцкай сыстэмай[211]. Прэзыдэнт выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы і ўрада[212], а таксама ёсьць галоўнакамандуючым узброенымі сіламі[211]. Ён абіраецца шляхам прамых выбараў грамадзянамі Філіпінаў на шасьцігадовы тэрмін[213]. Кіраўнік дзяржавы ачольвае кабінэт міністраў, а таксама прызначае службовых асобаў розных дзяржаўных інстытуцыяў і установаў[214]. Дзьвюхпалатны Кангрэс складаецца з Сэнату, якая ўяўляе сабой верхнюю палату, сябры якой абіраюцца на шасьцігадовы тэрмін, ды з Палаты прадстаўнікоў, то бок ніжняй палаты, сябры якой абіраюцца на трохгадовы тэрмін[215]. У палітыцы Філіпінаў, як правіла, дамінуюць вядомыя сем’і, як то палітычныя дынастыі або знакамітасьці[216][217].
Сэнатары абіраюцца агульным галасаваньнем[215]. Іхная колькасьць сягае да 24 чалавек. Дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў, якіх налічваецца 252 чалавек, абіраюцца праз выбарчыя акругі і партыйныя сьпісы[218]. Судовая ўлада належыць Вярхоўнаму суду, да складу якога ўваходзіць галоўны судзьдзя і чатырнаццаць судзьдзяў[219]. Яны прызначаюцца прэзыдэнтам з кандыдатураў, якіх высунула Судовая і адвакацкая рада[211].
З часоў адміністрацыі Рамаса рабіліся спробы зьмяніць урад на фэдэральны ці аднапалатны, або стварыць парлямэнцкую рэспубліку[220]. На Філіпінах маецца значны ўзровень карупцыі[221][222][223]. На думку гісторыкаў, яна сваімі каранямі сягае ў часы гішпанскага каляніяльнага пэрыяду[224][225]. Рыма-каталіцкая царква мае ўплыў на палітычныя падзеі ў краіне, але ён ужо паслабеў[226]. Тым ня менш, паводле канстытуцыі царква аддзеленая ад дзяржавы[227].
Філіпіны падзеленыя на 17 рэгіёнаў, 82 правінцыі, 146 гарадоў, 1488 грамадаў і 42 036 барангаяў[228]. Усе рэгіёны, акрамя Бангсамора, падзеленыя на больш меншыя адзінкі дзеля адміністрацыйнай зручнасьці[229]. Рэгіён Калябарзон мае найбольшую колькасьць насельніцтва паводле стану на 2020 год, а нацыянальны сталічны рэгіён ёсьць самым густанаселеным[230].
Філіпіны — унітарная дзяржава, за выключэньнем аўтаномнага рэгіёну Бангсамора, дзе пераважная колькасьць населініцтва ёсьць мусульманамі[231]. Не зважаючы на гэта, былі зробленыя пэўныя крокі да дэцэнтралізацыі краіны[232]. Гэтак закон 1991 году перадаў некаторыя паўнамоцтвы мясцовым органам улады[233].
Філіпіны адныя з пачынальнікаў і актыўных сябраў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў[103]. Краіна ўдзельнічае ў міратворчых місіях, у прыватнасьці ва Ўсходнім Тыморы[234][235]. Філіпіны ёсьць адным з фундатараў Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (АСЭАН)[236][237] і сябрам Усходнеазіяцкага саміту[238], Групы 24[239] і Руху недалучэньня[240]. Краіна ёсьць сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі і Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы[241]. Праз АСЭАН краіна мае пагадненьні аб вольным гандлі з Кітаем, Індыяй, Японіяй, Рэспублікай Карэяй, Аўстраліяй і Новай Зэляндыяй. Таксама маюцца двухбаковыя аналягічныя пагадненьні зь Японіяй, Рэспублікай Карэі[242] і чатырма эўрапейскімі дзяржавамі, як то Ісьляндыяй, Ліхтэнштайнам, Нарвэгіяй і Швайцарыяй.
Філіпіны маюць доўгатрывалыя дачыненьні з ЗША, павязаныя як з эканомікай, гэтак і пытаньнямі бясьпекі[243]. Геаграфічнае разьмяшчэньне Філіпінаў адыгрывае важную ролю ў стратэгіі будаваньня ланцуга бясьпекі ЗША ў заходняй частцы Ціхага акіяна[244]. У 1951 годзе паміж дзьвюма краінамі быў падпісаны Дагавор аб узаемнай абароне, які пашыраўся іншымі ўгодамі[245]. Філіпіны актыўна падтрымлівалі амэрыканскую палітыку за часам халоднай вайны, беручы ўдзел у Карэйскай і Віетнамскай войнах[246][247]. У 2003 годзе Філіпіны былі абвешчаныя галоўным хаўрусьнікам НАТО паза блёкам[248]. Пры прэзыдэнце Дутэртэ дачыненьні з ЗША пагоршыліся на карысьць паляпшэньня адносінаў з Кітаем і Расеяй[249][250][251]. Філіпіны ў значнай ступені абапіраюцца на ЗША ў пытаньнях сваёй абароны.
З 1975 году дачыненьні Філіпінаў з Кітаем пашырыліся[252], што прывядо да таго, што Кітай стаў галоўным гандлёвым партнэрам краіны[253]. Дзяржавы разам актыўна супрацоўнічаюць[254][249]. Японія надае найвялікшую колькасьць дапамогі Філіпінам сярод усіх краінаў сьвету[255][256], аднак у дачыненьнях паміж імі назіраецца некаторая напружанасьць праз Другую сусьветную вайну, аднак варожасьць зьнікла[257]. Гістарычныя і культурныя сувязі працягваюць уплываць на дачыненьні з Гішпаніяй[258][259]. Дачыненьні з краінамі Блізкага Ўсходу фармуюцца празь вялікую колькасьць філіпінцаў, якія працуюць у тым рэгіёне[260], а таксама праблемамі, зьвязанымі з мусульманскай меншасьцю на Філіпінах[261].
Філіпіны маюць прэтэнзіі на астравы Спратлі, на якія прэтэндуюць таксама Кітай, Малайзія, Тайвань і Віетнам[262]. У 2013 годзе Філіпіны мелі канфлікт з Кітаем наконт правоў на выкарыстаньня Паўднёва-Кітайскага мора, які вырашаўся ў міжнародным арбітражы[263], які стаў на бок Філіпінаў[264]. Тым ня менш, Кітай праігнараваў вырак[265].
Эканоміка Філіпінаў ёсьць 34-й паводле велічыні ў сьвеце з ацэначным намінальным паказьнікам СУП у 435,7 мільярдаў даляраў ЗША ў 2023 годзе[266]. Як новая індустрыяльная краіна[267][268], філіпінская эканоміка пераходзіць ад сельскагаспадарчай базы да эканомікі з большым апірышчам на сфэры паслугаў і вытворчасьці[267][269]. Рабочая сіла краіны складала каля 49 мільёнаў чалавек паводле стану на 2022 год, а ўзровень беспрацоўя складаў 4,3%[270]. Суадносіны запазычанасьці да СУП зьнізіліся да 60,9% ў канцы 2022 году з 17-гадовага максымуму ў 63,7% у канцы трэцяга кварталу таго ж году, што сьведчыць аб устойлівасьці краіны падчас пандэміі каранавірусу[271]. Грашовай адзінкай краіны ёсьць філіпінскі пэса[272].
Філіпіны ёсьць чыстым імпартэрам[273] і краінай-вінавайцай[274]. Паводле стану на 2020 год асноўнымі экспартнымі рынкамі краіны ёсьць Кітай, ЗША, Японія, Ганконг і Сынгапур[275]. Экспарт уключае ў сябе інтэгральныя схемы, офіснае абсталяваньне і дэталі, электрычныя трансфарматары, ізаляваную электраправодку і паўправаднікі[275]. Асноўнымі імпартэрамі краіны ёсьць Кітай, Японія, Рэспубліка Карэя, ЗША і Інданэзія[275]. Асноўныя экспартныя культуры ўлучаюць какосы, бананы і ананасы. Філіпіны ёсьць найбуйнейшым у сьвеце вытворцам абакі[276] і другім у сьвеце экспартэрам нікелевай руды ў 2022 годзе[277], а таксама найбуйнейшым экспартэрам пазалочаных мэталаў і найбуйнейшым імпартэрам копры ў 2020 годзе[275].
Пры сярэднегадавым тэмпе росту ад 6% да 7% прыблізна з 2010 году Філіпіны маюць адну з самых хуткарослых эканомік у сьвеце[278], галоўным чынам дзякуючы разьвіцьцю сэктара паслуг[279]. Рэгіянальнае разьвіцьцё, аднак, нераўнамернае, і большую выгаду атрымлівае, у прыватнасьці, Маніла[280][281]. Значны ўнёсак у эканоміку краіны робяць грашовыя пераводы філіпінцаў з-за мяжы[279][282]. У 2022 годзе яны дасягнулі рэкордных 36,14 мільярдаў даляраў ЗША, што складае 8,9% СУП краіны[283].
Паводле стану на 1 траўня 2020 году насельніцтва Філіпінаў складала 109 035 343 чалавек[284]. У 2020 годзе 54% насельніцтва краіны жылі ў гарадах[285]. Сталіца Маніла і Кесан-Сіці, які ёсьць самым густанаселеным горадам краіны, утвараюць сталічны рэгіён, у якім налічваюцца каля 13,48 мільёнаў жыхароў альбо 12% насельніцтва Філіпінаў[285]. Паміж 1948 і 2010 годам насельніцтва Філіпінаў павялічылася амаль у пяць разоў з 19 мільёнаў да 92 мільёнаў чалавек[286]. Сярэдні ўзрост жыхароў складае 25,3 гады, а 63,9% насельніцтва маюць ад 15 да 64 гадоў[287]. Сярэднегадавы тэмп росту насельніцтва Філіпін зьніжаецца. Гэтаму спрыяюць захады ўраду[288]. На Філіпінах значна скараціўся ўзровень беднасьці з 49,2% у 1985 годзе да 18,1% у 2021 годзе[289], а няроўнасьць у прыбытках пачала зьмяншацца ў 2012 годзе.
Краіна вылучаецца значнай этнічнай разнастайнасьцю[290]. Паводле перапісу насельніцтва 2010 году найбуйнейшымі этнічнымі групамі на Філіпінах былі тагалы (24,4%), высаянцы за выключэньнем сэбуанаў, гілігайнонаў і варайцаў (11,4%), сэбуаны (9,9%), ілёканцы (8,8%), гілігайноны (8,4%), біколі (6,8%) і варайцы (4%)[291]. Карэнныя народы краіны складаюцца з 110 этналінгвістычных супольнасьцяў з агульным насельніцтвам ад 14 да 17 мільёнаў чалавек у 2010 годзе[292].
Мяркуецца, што аднымі зь першых насельнікаў астравоў былі нэгрыты. Гэтыя тубыльцы адносяцца да аўстралёіднай групы. Яны былі рэштай першай міграцыі людзей з Афрыкі ў Аўстралію, якія, верагодна, былі выцесьненыя пазьнейшымі міграцыйнымі хвалямі[293]. Некаторыя філіпінскія нэгрыты маюць у сваім геноме прымешку дзянісаўцаў[294][295] . Этнічныя філіпінцы звычайна належаць да некалькіх этнічных групаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, лінгвістычна клясыфікаваных як аўстранэзійцы, якія размаўляюць на малайска-палінэзійскіх мовах[296]. Паходжаньне аўстранэзійскага насельніцтва невядомае, але сваякі тайваньскіх абарыгенаў, верагодна, прынесьлі сваю мову і зьмяшаліся зь існым насельніцтвам рэгіёну[297][298].
Не зважаючы на тое, што Філіпіны ёсьць сэкулярнай дзяржавай з свабодай веравызнаньня, пераважная большасьць філіпінцаў лічыць рэлігію важнай часткай жыцьця[299]. Нерэлігійнасьць на архіпэлягу мае вельмі нізкі паказьнік[300][301]. Хрысьціянства ёсьць дамінуючай рэлігіяй[302], якую спавядаюць блізу 89% насельніцтва. Паводле стану на 2013 год краіна займала трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці рыма-каталіцкага вернікаў. Філіпінцы ёсьць найвялікшай хрысьціянскай нацыяй у Азіі[303]. Зьвесткі перапісу 2020 году выявілі, што 78,8% насельніцтва вызнаюць рымска-каталіцкую веру. Іншыя хрысьціянскія канфэсіі ўлучаюць Царкву Хрыста, Філіпінскую незалежную царкву і Царкву адвэнтыстаў сёмага дня[304]. У 2010 годзе пратэстанты фармавалі каля 5-7% насельніцтва[305][306]. Філіпіны выпраўляюць шмат хрысьціянскіх місіянэраў па ўсім сьвеце і ёсьць цэнтрам падрыхтоўкі замежных сьвятароў і манашак[307][308].
Іслам ёсьць другой паводле велічыні рэлігіяй краіны. Яе вызнае 6,4% насельніцтва ў перапісе 2020 году[304]. Большасьць мусульманаў жывуць на востраве Мінданао і найбліжэйшых астравах. Большасьць зь іх прытрымліваецца шафійцкай школы суніцкага ісламу[309].
Філіпіны маюць значную культурную разнастайнасьць, падмацаваную фрагмэнтаванай геаграфіяй краіны[310][311]. Гішпанская і амэрыканская культуры зрабілі глыбокі ўплыў на філіпінскую культуру ў выніку доўгай калянізацыі[290][312]. Культуры Мінданао і архіпэлягу Сулу разьвіваліся выразна асобна, бо тут меўся толькі абмежаваны гішпанскі ўплыў, ды большае пашырэньне мела культура найбліжэйшых ісламскіх рэгіёнаў[313].
Гішпанская спадчына ўключае панаваньне каталіцызму[314][312] і распаўсюд гішпанскіх імёнаў і прозьвішчаў, што стала вынікам указу 1849 году, паводле якога наданьне гішпанскіх імёнаў і прозьвішчаў набыло сыстэматычны характар[315][316]. Назвы многіх месцаў таксама маюць гішпанскае паходжаньне[317]. Амэрыканскі ўплыў на сучасную філіпінскую культуру[290] відавочны праз пашырэньне ангельскай мовы[318]. Большасьць сьвятаў у краіне прывязаныя да хрысьціянства. Амаль кожны горад ці вёска маюць хрысьціянскага сьвятога ў якасьці заступніка.
Мастацтва Філіпінаў спалучае народнае мастацтва карэнных народаў і замежныя ўплывы, у першую чаргу з Гішпаніі і ЗША[319][320]. У гішпанскі каляніяльны пэрыяд мастацтва выкарыстоўвалася дзеля распаўсюду каталіцтва і падтрымкі канцэпцыі расава-найвышэйшых групаў[320]. Клясычны жывапіс быў пераважна рэлігійным[321]. Вядомыя мастакі часоў гішпанскага каляніяльнага панаваньня ўключалі Хуана Люну і Фэлікса Рэсурэсьёна Ідальга, чые працы прыцягнулі ўвагу да Філіпінаў[322]. Мадэрнізм быў прадстаўлены на Філіпінах у 1920-х і 1930-х гадах працамі Вікторыё Эдадэса і папулярнымі пастаральнымі сцэнамі Фэрнанда Амарсолё[323]. З сучасных пісьменьнікаў ды мастакоў можна вылучыць Харкіна Дэксімірэ ды іншых.
Філіпінская літаратура складаецца з твораў, звычайна напісаных на філіпінскай, гішпанскай або ангельскай мовах. Некаторыя з самых раньніх вядомых твораў былі створаныя ў XVII—XIX стагодзьдзях[324]. Адным з самым выбітным творам таго часу ёсьць эпічныя паэма «Птушка Адарна», якая распавядае пра магічную птушку[325]. Таксама шырока вядомая паэма «Флярантэ і Ляўра» працы тагальскага аўтара Франсіска Балягтаса[326][327]. Хасэ Рысаль напісаў раманы «Сацыяльны рак» і «Панаваньне прагнасьці»[328], якія адлюстроўвалі несправядлівасьць гішпанскага каляніяльнага панаваньня[329].
Народная літаратура была адносна некранутая каляніяльным уплывам да XIX стагодзьдзя праз гішпанскую абыякавасьць. Большасьць друкаваных літаратурных твораў у гэты пэрыяд мелі рэлігійны характар, але філіпінскія эліты, якія пазьней вывучылі гішпанскую мову, часам пісалі нацыяналістычную літаратуру[330]. За часам панаваньня ЗША на архіпэлягу запачаткавалася выкарыстаньне ангельскай мовы ў філіпінскай літаратуры[331]. Менавіта праз амэрыканскі ўплыў набыло разьвіцьцё філіпінская індустрыя коміксаў, якая квітнела з 1920-х па 1970-я гады[332][333].
Філіпінская міталёгія перадавалася галоўным чынам праз вусную традыцыю[334]. Заможныя сем’і маглі захоўваць запісы старажытных эпасаў як сямейныя рэліквіі, асабліва на востраве[335].
Баскетбол, у які гуляюць на аматарскім і прафэсійным узроўнях, лічыцца самым папулярным відам спорту ў краіне[336][337]. Іншыя папулярныя віды спорту ўключаюць бокс і більярд, падмацаваныя дасягненьнямі філіпінцкіх спартоўцаў Мэні Пак’яо і Эфрэна Рэеса[338][339]. Нацыянальным баявым мастацтвам ёсьць арніс[340].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.