дзяржаўны марскі порт Летувы From Wikipedia, the free encyclopedia
Клайпедзкі порт — дзяржаўны марскі порт Летувы, заснаваны ў ліпені 1252 году.
лет. Klaipėdos valstybinio jūrų uosto direkcija | |
Тып | дзяржаўнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 29 ліпеня 1252 (772 гады таму) |
Заснавальнікі | Ганзейскія купцы зь Любэка |
Краіна | Летува |
Разьмяшчэньне | Клайпеда |
Адрас | вул. Яноніё, д. 24 |
Ключавыя фігуры | Арвідас Вайткус[1], Адомас Алекна[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | арэнда зямлі порта, кіраваньне суднаходзтвам у порце |
Матчына кампанія | Міністэрства шляхоў зносін Летувы(lt)[3] |
На 2019 год быў самым паўночным незамярзальным портам на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора. У Клайпедзкім порце на ўласных прычалах працавала 14 перавозчыкаў і вэрф. Гадавая магутнасьць порта складала 65 млн тонаў грузаў. Клайпедзкі порт мог прымаць караблі даўжынёй да 400 мэтраў, шырынёй да 59 мэтраў і ўляганьнем(en) да 13,8 мэтру. Звыш 800 прадпрыемстваў, якія працавалі ў порце, наймалі звыш 58 000 работнікаў і стварылі ў 2018 годзе 6,13 % сукупнага ўнутранага прадукту Летувы. Глыбіня ўваходнага канала порта складала 15,5 мэтру, унутранага канала — 14,5 мэтру. Клайпедзкі порт мог прымаць танкеры грузападымальнасьцю да 170 000 тонаў, сухагрузы(be) — да 100 000 тонаў і кантэйнэравозы — да 15 000 20-футавых кантэйнэраў абсягам па 33,1 м³ кожны. У 2018 годзе быў найбольшым портам Прыбалтыкі паводле пагрузкі кантэйнэраў[4].
Плошча дзялянак сушы пад Клайпедзкім портам складала 552,4619 гектару (5,5 км²). Плошча воднай дзялянкі — 884,9 га (8,8 км²). Агульная даўжыня прычалаў(en) порта без паўднёвага і ўсходняга молаў складала 24,7 км. Даўжыня чыгункі ў порце — 102 км. Даўжыня паўночнага мола — 733 мэтры, паўднёвага мола — 1374 мэтры. Плошча крытых складоў для звычайных грузаў складала 99 380 м² (9,9 га), адкрытых складзкіх пляцовак — 1 045 879 м² (104,5 га). Зьмяшчальнасьць складоў для сыпкіх грузаў складала 933 700 тонаў, для замарожаных грузаў — 66 000 тонаў. Рэзэрвуары для наліўных грузаў мелі абсяг 749 000 м³[5].
На 2019 год у тэрміналах Клайпедзкага порта працавалі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, АТ «Заходняя верф» (прычалы 129—140) і 14 прадпрыемстваў перавозак на ўласных прычалах:
На 2019 год у Клайпедзкім порце працавалі прадстаўніцтвы 19 кантэйнэрных лініяў з 15 дзяржаваў:
На 2019 год пасажырскае параходзтва з Клайпедзкага порта ажыцьцяўлялі тры прадпрыемствы:
Ад красавіка да кастрычніка 2018 году ў Клайпедзкі порт зайшло 58 круізных караблёў пад сьцягамі 10 краінаў:
На 2019 год кантэнэрныя перавозкі з Клайпедзкага порта ажыцьцяўляліся чыгункай 7-ю цягнікамі у 2 краіны Азіі і 5 краінаў Эўропы:
29 ліпеня 1252 году куршаўскі япіскап і намесьнік Лівонскага ордэну падпісалі Дамову аб пабудове Мэмэльскага замку. Пры замку ганзейскія купцы зь Любэка (цяпер Нямеччына) абсталявалі порт. Пазьней у порце сталі спыняцца караблі купцоў з Брэмэну. У 1550-я гады купцы з Гданьску завалілі мэмэльскі порт камянямі, што абмежавала заход у порт караблямі малой грузападымальнасьці. У 1743 годзе ў Мэмэлі (Прусія) адчынілі кантору гандлю драўнінай, што зрабіла порт найбольшым у гандлі драўнінай у Прыбалтыцы. За 1797 год у рачным порце прынялі звыш 300 караблёў для пагрузкі драўніны. У 1820 годзе порт ачысьцілі ад камянёў, што зноў даволіла прымаць вялікагрузныя караблі да 1850-х гадоў. Паводле Вэрсальскай мірнай дамовы 1919 году порт перадалі дзяржавам Антанты. У 1920 годзе ў Мэмэлі разьмясьцілі францускі гарнізон. 15 студзеня 1923 году 1090 летувіскіх вайскоўцаў занялі Мэмэль(be). 24 студзеня 1923 году Сойм Летувы ухваліў далучэньне Клайпедзкага краю(be). 8 траўня 1924 году ў Парыжы 4 дзяржавы Антанты (Брытанія, Францыя, Італія і Японія) падпісалі з урадам Летувы Пагадненьне аб Мэмэльскім краі(en), які прызналі за апошнім разам з портам[11].
20 сакавіка 1939 году міністар замежных справаў Ёахім Рыбэнтроп вусна перадаў нямецкі ўльтыматум Летуве, згодна зь якім 22 сакавіка ўрад Летувы вярнуў Нямецкай дзяржаве Мэмэльскі край разам з портам. 28 студзеня 1945 году Чырвоная армія заняла Мэмэль, дзе пасьля эвакуацыі Ўсходняй Прусіі(be) засталося 50 жыхароў. 2 жніўня 1945 году на Патсдамскай канфэрэнцыі старшыні ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР зацьвердзілі перадачу Мэмэля Савецкаму Саюзу, дзе таму вярнулі назву Клайпеда ў складзе Летувіскай СССР. Са савецкім часам Клайпедзкі порт стаў найбольшым рыбалоўным у эўрапейскай частцы СССР. У 1986 годзе ў порце пабудавалі міжнародную марскую паромную пераправу. У 1991 годзе Міністэрства шляхоў зносін Летувы(lt) зацьвердзіла Пастанову аб стварэньні дзяржаўнага прадпрыемства «Дырэкцыя марскіх портаў Летувы». Адначасна заснавалі Кіраўніцтва капітана Клайпедзкага порта, якому ў 1992 годзе надалі статус дзяржаўнага марскога порта. У 1993 годзе ўрад Летувы перайменаваў «Дырэкцыю марскіх портаў Летувы» ў «Дырэкцыю Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», да якой далучылі Кіраўніцтва капітана Клайпедзкага порта. 16 траўня 1996 году зацьвердзілі Закон Летувіскай Рэспублікі № I-1340 «Аб Клайпедзкім марскім дзяржаўным порце», паводле якога ў порце забаранілі прыватызаваць марскія і наземныя дзялянкі, прычалы і водныя збудаваньні, водныя шляхі і каналы. Давернае кіраваньне ўсклалі на Дырэкцыю порта. У 2001 годзе міністар шляхоў зносінаў Летувы падпісаў Загад аб стварэньні Адміністрацыі бясьпечнага суднаходзтва Летувы ў якасьці аддзяленьня Дырэкцыі порта, якую ў 2002 годзе вылучылі ў самастойную ўстанову[11]. У 2003 годзе ў Клайпедзкім порце пабудавалі круізны тэрмінал плошчай 1,2 гектары, якім кіруе АТ «Клайпедзкі суднарамонт». Каля прычалаў круізнага тэрміналу (№ 28—33) маглі швартавацца караблі даўжынёй да 330 мэтраў, шырынёй да 45 мэтраў і ўляганьнем да 8,6 мэтру[12].
У 2003 годзе запусьцілі кантэйнэрны цягнік «Вікінг», які злучыў парты Клайпеды і Адэсы (Ільчэўск). Пры канцы 2011 году цягнік «Сонца» злучыў Летуву з Кітаем. У 2011 годзе беларускія транзытныя грузы склалі 30,5 % (каля 11 млн тонаў) абароту Клайпедзкага порта. Увесну 2013 году суднаходны канал Клайпедзкага порта паглыбілі з 13 да 14,5 мэтру, што дазволіла на 50 % павялічыць колькасьць грузу, што зьмяшчаецца ў адзін сухагруз[13]. У 2013 годзе асноўнымі кліентамі Клайпедзкага порта былі беларускія сыравінныя прадпрыемствы: «Беларуськалій» (Салігорск), «Беларуская нафтавая кампанія», «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць) і «Нафтан» (Наваполацак)[14]. У 2016 годзе грузаабарот Клейпедзкага порту вырас на 4,2 % да 40,139 млн тонаў. Зь іх перавалілі 16,617 млн тонаў сыпкіх грузаў (41,4 %), 12,35 млн тонаў звычайных грузаў (30,8 %) і 11,172 млн тонаў вадкіх грузаў (27,8 %). У порт зайшло 6898 караблёў. Пасажырапаток вырас на 3 % да 350 623 чалавек[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.