From Wikipedia, the free encyclopedia
Тама Санкарэ (фр.: Thomas Sankara, поўнае імя — Тама Ісідор Наэль Санкара, фр.: Thomas Isidore Noël Sankara, таксама Томас Санкара[5]; 21 снежня 1949 — 15 кастрычніка 1987) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Буркіна-Фасо, прэзідэнт краіны ў 1983—1987 гадах. Прытрымліваўся рэвалюцыйных марксісцкіх поглядаў і быў адным з тэарэтыкаў панафрыканізму. За свае левыя перакананні, рэвалюцыйную дзейнасць і амбітнасць празваны «афрыканскім Чэ Геварам».
Тама Санкара | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Thomas Sankara | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | пасада заснавана | ||||||
Пераемнік | пасада скасавана | ||||||
Нараджэнне |
21 снежня 1949[1][2][…] |
||||||
Смерць |
15 кастрычніка 1987[1][3] (37 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Імя пры нараджэнні | фр.: Thomas Isidore Noël Sankara | ||||||
Жонка | Марыям Санкара[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | рэвалюцыянер[d], палітык, паэт і кампазітар | ||||||
Аўтограф | |||||||
Гады службы | |||||||
Прыналежнасць | Буркіна-Фасо | ||||||
Род войскаў | Сухапутныя войскі Буркіна-Фасо[d] | ||||||
Званне | капітан | ||||||
Бітвы | |||||||
Узнагароды | |||||||
Сайт | thomassankara.net (фр.) (англ.) (ням.) (італ.) (парт.) (руск.) (ісп.) | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бацькі Тама Санкара былі выхадцамі з розных племянных груп: бацька, Самба Жазеф Санкара (памёр у 2006 г.), — з народу мосі, а маці Маргрэтэ (памерла ў 2000 г.) — з фульбэ. Такім чынам, у саслоўнай сістэме народа мосі іх сын лічыўся «сілмі-мосі», якіх адносілі да людзей «трэцяга гатунку». Аднак бацька Томаса Санкара служыў у французскай жандармерыі, удзельнічаў у Другой сусветнай вайне і перажыў інтэрнаванне нацысцкімі войскамі[6].
Томас наведваў пачатковую школу ў Гаві і працягнуў навучанне ў другім па велічыні горадзе краіны — Боба-Дыуласа. Сям’я хацела, каб ён стаў каталіцкім святаром, але з-за рэлігійнай спецыфікі Верхняй Вольты, дзе большасць насельніцтва вызнавалі іслам, Санкара быў вымушаны пазнаёміцца з Каранам.
Ва ўзросце 19 гадоў Санкара паступіў на ваенную службу, а праз год яго адправілі на Мадагаскар у школу афіцэраў. Там малады вайсковец стаў сведкам двух народных паўстанняў супраць аўтарытарнай палітыкі (1971 і 1972), а таксама вывучаў працы Маркса і Леніна, што спрыяла фармаванню яго рэвалюцыйнага светапогляду.
Вярнуўшыся на радзіму ў 1972 годзе, Санкара адзначыўся ў памежнай вайне 1974 года супраць Малі, хоць у далейшым ён узгадваў пра канфлікт як пра «бескарысны і несправядлівы». Росту папулярнасці афіцэра ў сталіцы краіны Уагадугу спрыялі нетыповыя для ваеннага рысы — ён граў на гітары ў джаз-гурце «Tout-à-Coup Jazz» і кіраваў матацыклам.
У 1976 годз Санкара ўзначаліў трэніровачны цэнтр армейскіх камандас у По на поўдні краіны і ў далейшым камандаваў падраздзяленнямі дэсантнікаў. Даслужыўся да звання капітана.
На службе Санкара пазнаёміўся з аднадумцамі, радыкальнымі малодшымі афіцэрамі, у прыватнасці, Блезам Кампаарэ, якога сустрэў у Марока, а таксама з Анры Зонгам і Жанам-Батыстам Букары Лінгані. Ва ўмовах ваеннай дыктатуры палкоўніка Сея Зерба, Санкара і яго паплечнікі стварылі таемную арганізацыю «Група афіцэраў-камуністаў» (Regroupement des officiers communistes), якая з пачатку 1980-х гадоў пачала прымаць удзел у палітычным жыцці.
У верасні 1981 Санкара быў прызначаны ваенным урадам Дзяржаўным сакратаром па інфармацыі. На першае пасяджэнне кабінета ён прыехаў на ровары. Ужо 21 красавіка 1982 Санкара падаў у адстаўку і адкрыта перайшоў у апазіцыю, абвінаваціўшы вайскоўцаў у прыгнятанні працоўных і прафсаюзаў са словамі «Гора тым, хто закрывае народу рот!».
Пасля чарговага ваеннага перавароту 7 лістапада 1982 абвешчаны прэзідэнтам доктар Жан Батыст Уэдраага, які ў студзені 1983 года прызначыў Санкара прэм’ер-міністрам Верхняй Вольты. Аднак пад уплывам візіту ў краіну французскага прэзідэнцкага саветніка па справах Афрыкі (па сумяшчальніцтве сына прэзідэнта Мітэрана) Жана-Крыстофа Мітэрана 17 мая 1983 «занадта радыкальны» Санкара быў адхілены ад займанай пасады за крайне левыя погляды. Экс-прэм’ер быў неадкладна ўзяты пад дамашні арышт; блізкія да яго Зонг і Лінгані таксама былі арыштаваны. Арышт папулярнага кіраўніка ўрада выклікаў паўстанне жыхароў бедных раёнаў Уагадугу. Хоць яно было падаўленае, становішча ўлады стала вельмі хісткім.
Праз два месяцы пасля арышту Санкара, 4 жніўня 1983 апальны 33-гадовы афіцэр прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту — паўстанне сталічнага гарнізона, арганізаванага яго сябрам, капітанам Блезам Кампаарэ, і стаў старшынём Нацыянальнага савета рэвалюцыі. 9 жніўня Санкара здушыў спробу контраперавароту, ажыццёўленую правым крылом афіцэрскага корпуса.
Санкара праводзіў палітыку шырокіх рэформаў, якія ён дэклараваў як накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця ў краіне. Ён чэрпаў натхненне з прыкладу Кубінскай рэвалюцыі (сам Фідэль Кастра наведаў Санкара ў 1987 годзе) і шукаў збліжэння з незалежнымі лідарамі суседніх краін накшталт Джэры Ролінгса ў Гане. Прынцыпы абвешчанай Санкара «дэмакратычнай і народнай рэвалюцыі» (Révolution démocratique et populaire) былі акрэслены ў прамове ад 2 кастрычніка 1983 як антыімпералістычныя. Прамова напісанй адным з яго ідэолагаў Валерыем Сомэ.
У 1984, праз год пасля прыходу да ўлады Санкара, краіна адмовілася ад каланіяльнай назвы «Верхняя Вольта», якая была замененая на «Буркіна-Фасо». У перакладзе з мовы племені мосі «Буркіна» азначае «сумленныя людзі», а слова «фасо» з мовы племені дыула — «зямля продкаў», што разам гучыць як «краіна сумленных людзей». Была прынята таксама новая сімволіка Буркіна-Фасо, у тым ліку сцяг (чырвона-зялёны, з залатой зоркай) і герб, у распрацоўцы якіх прымаў удзел сам прэзідэнт.
Найважнейшым для прасоўвання рэвалюцыі Тама Санкара, які быў харызматычным лідарам, лічыў асабісты прыклад. Прэзідэнт жыў на заробак армейскага капітана, які складаў $450 у месяц, а прэзідэнцкі аклад у $2000 пералічваў у сіроцкі фонд (пасля ліквідацыі і забойства Санкара аказалася, што яго асабістая маёмасць складалася са старога аўтамабіля «Пежо», набытага яшчэ да прыходу да ўлады, халадзільніка са зламаным маразільнікам, трох гітар і чатырох ровараў). Адным з першых новаўвядзенняў яго ўрада стала абнародаванне даходаў і рахункаў усіх дзяржслужбоўцаў.
Больш за тое, Санкара забараніў усталёўваць у сваім кабінеце кандыцыянер, паколькі яму «сорамна перад людзьмі, для якіх недаступная такая раскоша», і адмовіўся санкцыянаваць развешванне сваіх партрэтаў у публічных месцах і офісах у сувязі з тым, што «ў нас у краіне такіх, як я, сем мільёнаў». Быў прададзены ўвесь урадавы аўтапарк, які складаўся з «Мэрсэдэсаў», замест якіх для патрэб міністраў былі набыты «Рэно 5» — самыя танныя на той момант аўтамабілі ў краіне. Санкара знізіў заробкі чыноўнікаў, а таксама забараніў ім карыстацца асабістымі кіроўцамі і лётаць першым класам. Ад чыноўнікаў патрабавалася замяніць дарагія заходнія касцюмы на традыцыйную туніку, пашытую мясцовымі жыхарамі. Напярэдадні новага года адміністратараў абавязвалі здаць па месячным акладзе на карысць спецыяльных фондаў. Пазбавіўшыся ад палову кабінета, Санкара адправіў іх на калектыўныя фермы — працаваць на зямлі, «дзе ад іх будзе больш карысці».
Сярод задач, пастаўленых Санкара — ліквідацыя голаду, стварэнне сістэмы бясплатнай адукацыі і аховы здароўя, барацьба з эпідэміямі і карупцыяй, лесааднаўленне ва ўмовах наступлення пустыні (у гады яго прэзідэнцтва было высаджана 10000000 дрэваў, што спыніла распаўсюджванне Сахары на поўдзень). Найбольшай кампаніяй стала вакцынацыя ад інфекцыйных захворванняў 2500000 дзяцей у час «Бітвы за здароўе», праведзенай з дапамогай кубінскіх валанцёраў (была ахопленая не толькі ўся тэрыторыя Буркіна-Фасо, але і памежныя ўчасткі суседніх краін). Як вынік, паказчыкі дзіцячай смяротнасці, якія да гэтага былі самымі высокімі ў свеце (280 смерцяў на 1000 нованароджаных), знізіліся да 145 на 1000[7]. У заслугу Санкара таксама ставяць праграмы па будаўніцтве жылля, спісанне пазык дробным арандатарам, адмена падушнага падатку, «кампанію Альфа» па навучанні пісьменнасці дзевяццю мясцовымі мовамі, праграму развіцця дарожнай інфраструктуры, барацьбу з «рачной слепатой» і іншымі мясцовымі хваробамі.
Адным з першых рашэнняў рэвалюцыйнай улады стала пазбаўленне племянных правадыроў прывілеяў і маёмасці, адмена выплаты ім даніны і абавязковай працы з боку сялян. Падчас аграрнай рэформы надзелы, якія належалі феадальным землеўладальнікам, былі пераразмеркаваны на карысць сялян, якія іх апрацоўвалі. У выніку, за тры гады ўраджайнасць пшаніцы ўзрасла з 1700 да 3800 кілаграмаў на гектар, што дазволіла краіне выйсці на самазабеспячэнне харчаваннем. Замест архаічнай мадэлі племянной улады па кубінскага прыкладу былі створаныя Камітэты абароны рэвалюцыі — масавыя арганізацыі, у рамках якіх ажыццяўлялася ўзбраенне народа. Разам з камітэтам абароны рэвалюцыі, усеўладдзе арміі, якое ўзмацнілася ў Верхняй Вольце ў часы ваенных пераваротаў, было абмежаванае таксама народным апалчэннем SERNAPO (Service National et Populaire). Цэнтральная армейская крама, дзе афіцэрам прадаваліся дэфіцытныя тавары па нізкіх коштах, была рэарганізавана ў першы ў краіне дзяржаўны супермаркет, адкрыты для ўсіх.
Санкара абвяшчаў справу рэвалюцыі неад’емнай ад пытання вызвалення жанчын. У склад яго ўрада ўваходзіла значная колькасць жанчын, што раней было беспрэцэдэнтным для Заходняй Афрыкі. Жанчыны ў Буркіна-Фасо былі нарэшце зраўняны ў правах з мужчынамі і атрымалі доступ да адукацыі. Санкара заахвочваў жанчынуўступаць у шэрагі ўзброеных сіл і стварыў жаночы гвардзейскі атрад на матацыклах. Для забеспячэння правоў жанчын былі забароненыя звычай абразання жаночых геніталій, прымусовыя шлюбы і шматжонства. У першы год рэвалюцыі быў адзначаны «дзень салідарнасці», калі мужчынам было загадана рыхтаваць абед і ісці гандляваць на рынак, каб адчуць усю цяжкасць жаночага лёсу. У Буркіна-Фасо пачалося распаўсюджванне сродкаў кантрацэпцыі, а ўрад Санкара стаў першым у Афрыцы, хто афіцыйна прызнаў эпідэмію СНІДу, лічачы яе сур’ёзнай пагрозай для афрыканскіх народаў.
Санкара заставаўся рэзкім крытыкам «гуманітарнай дапамогі» ад заходніх дзяржаў і міжнародных эканамічных арганізацый неаліберальнага напрамку, разглядаючы яе як форму неакаланіялізму (пра што, у прыватнасці, казаў у прамове перад Генеральнай Асамблеяй ААН). Яшчэ з часоў свайго прэм’ерства ён быў актыўным прыхільнікам Руху недалучэння.
У канца 1985 года абвастрыліся супярэчнасці з Малі вакол багатай карыснымі выкапнямі Агашэрскай паласы. Калі ўрад Буркіна-Фасо арганізаваў перапіс насельніцтва, а перапіснікі памылкова зайшлі ў лагеры племя фульбэ на тэрыторыі Малі, малійскія ўлады скарысталася гэтай нагодай, каб прывесці свае ўзброеныя сілы ў стан поўнай баявой гатоўнасці 25 снежня, у дзень святкавання каталікамі Раства. Пачалася Агашэрская («Калядная») вайна. Вайна працягвалася пяць дзён і забрала жыцці ад 100 да 300 чалавек (большасць з якіх былі грамадзянскімі жыхарамі Буркіна-Фасо, забітымі малійскай авіяцыяй падчас бамбардзіроўкі рынку горада Уахігуя). Малійцы здолелі выбіць сілы Буркіна-Фасо з некалькіх вёсак. Дзве спробы Лівіі і Нігерыі арганізаваць спыненні агню праваліліся, аднак 30 снежня пры пасярэдніцтве прэзідэнта Кот-д’Івуара Фелікса Уфуэ-Буаньі баявыя дзеянні ўсё ж завяршыліся.
Энергічная дзейнасць Санкара выклікала негатыўную рэакцыю суседніх рэжымаў (пазней Кампаарэ ставіў сваяму забітаму папярэдніку ў віну пагаршэнне адносін з імі). Канферэнцыя кіраўнікоў краін-суседзяў Буркіна-Фасо, якая прайшла пад патранатам Францыі ў верасні 1986 года ў сталіцы Кот д’Івуара Ямусукра, запатрабавала ад прэзідэнта-рэвалюцыянера згортвання сацыяльных ініцыятыў. Адначасова былая метраполія — Францыя — рыхтавала глебу для ваеннага перавароту, выкарыстоўваючы людзей з бліжэйшага акружэння Санкара.
Санкара быў забіты 15 кастрычніка 1987 г. падчас дзяржаўнага перавароту, арганізаванага яго сябрам і паплечнікам, міністрам юстыцыі Блезам Кампаарэ. Целы Санкара і дванаццаці бліжэйшых памочнікаў, забітых падчас дзяржаўнага перавароту, былі закапаны ў безназоўнай магіле, а жонка і двое дзяцей забітага прэзідэнта ўцяклі з краіны. Шэраг камітэтаў абароны рэвалюцыі працягвалі аказваць узброены супраціў арміі на працягу некалькіх дзён пасля забойства прэзідэнта.
Першым рашэннем Блэза Кампаарэ як новага прэзідэнта стала купля персанальнага «Боінга». Затым Кампарэ адмяніў ажыццёўленыя Санкара працэсы нацыяналізацыі, аднавіў значныя заробкі чыноўнікам і адмяніў падаткі на мэдыцыну, уведзеныя падчас рэвалюцыі. Пасля выбараў 1991 года, у якіх прынялі ўдзел толькі 7 % выбаршчыкаў, Буркіна-Фасо атрымала пад гарантыі Францыі крэдыт ад МВФ на суму $ 67.000.000.
Санкара — аўтар вершаў і прозы, стваральнік дзяржаўнага гімна краіны. За тыдзень да забойства ён, выступаючы на мітынгу, прысвечаным 20-й гадавіне забойства яго куміра Эрнэста Чэ Гевары, прамовіў фразу, якая стала яго эпітафіяй: «Рэвалюцыянераў можна забіць, ідэі — ніколі»[8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.