From Wikipedia, the free encyclopedia
Талій (лат. Thallium), Tl — хімічны элемент ІІІ групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 81, атамная маса 204,38. Прыродны талій — сумесь стабільных ізатопаў 203Tl (29,5%) і 209Tl (70,5%). Сустракаюцца радыёактыўныя ізатопы 207Tl—210Tl . На свежым разрэзе — шэры бліскучы метал. Рассеяны элемент, у зямной кары 3•10−4% па масе. Адкрыты ў 1861 спектральным метадам англічанінам У.Круксам і незалежна ад яго французам К.А.Лямі, які атрымаў металічны талій. Названы па колеры (ярка-зялёны) характэрнай спектральнай лініі (ад грэч. thallos — маладая зялёная галінка).
Талій — мяккі метал, на паветры лёкка акісляецца і хутка тускнее, узаемадзейнічае з кіслародам і галагенамі ўжо пры пакаёвай тэмпературы, з серай і фосфарам — пры награванні. Раствараецца добра ў азотнай, горш у сернай кіслотах, не раствараецца ў галагенвадародных, мурашынай, воцатнай кіслотах. Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў; свежаперагнаная вада, што не ўтрымлівае кіслароду, не дзейнічае на талій.
У прыродзе сустракаюцца пераважна злучэнні аднавалентнага і радзей трохвалентнага талія. Вядома сем мінералаў талія (круксіт, ларандыт і інш.), усе яны крайне рэдкія. Найбольшую геахімічную сходнасць талій мае з каліем, рубідыем, цэзіем, а таксама са свінцом, серабром, вісмутам.
У прамысловых маштабах тэхнічны талій атрымліваюць папутна пры перапрацоўцы сульфідных руд каляровых металаў і жалеза. Яго здабываюць з паўпрадуктаў свінцовай, цынкавай, кадміевай і меднай вытворчасці.
Выкарыстоўваецца як кампанент падшыпнікавых і кіслотатрывалых сплаваў на аснове свінцу і волава, амальгама талія (вадкасць з тэмпературай застывання -59оС) — для нізкатэмпературных тэрмометраў, штучны радыёнуклід 204Tl (перыяд паўраспады 3,56 года) — у якасці крыніцы ß-выпраменьвання, галагеніды (хларыд і брамід) — для вырабу лінзаў і іншых дэталей прыбораў інфрачырвонай тэхнікі, фотаэлементаў высокай адчувальнасці, люмінесцэнтных лямпаў. Водны раствор сумесі мурашына- і малонавакіслага талія прымяняюць для раздзялення мінералаў па шчыльнасці.
Талій і яго злучэнні выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі (для выдалення валасоў), а таксама як інсектыцыды і радэнтыцыды (сродкі супраць насякомых, мышэй і пацукоў).
Талій і яго злучэнні — моцныя яды, які паражаюць цэнтральную нервовую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, ныркі, а таксама выклікаюць выпадзенне валасоў (пілатропны эфект). Талій пранікае ў арганізм праз органы дыхання, непашкоджаную скуру і стрававальны тракт. Выводзіцца з арганізма на працягу доўгага часу.
Талій і яго злучэнні па ступені ўздзеяння на арганізм чалавека адносяцца да надзвычай небяспечных рэчываў (1-ы клас небяспекі). З усіх вывучаных арганічных злучэнняў талія найбольш таксічным з'яўляецца мурашынамалонавакіслы талій.
Такія характарыстыкі талія сталі прычынай павышаных патрабаванняў да памяшканняў, абсталявання, тэхналагічных працэсаў і стану паветранага асяроддзя. Усе работы з ім выконваюцца ў асобных ізаліраваных памяшканнях, абсталяваных механічнай прыточна-выцяжной вентыляцыяй з адмоўным паветраным балансам. Рэцыркуляцыя паветра ў такіх памяшканнях не дапускаецца. Сцены, столь, падлога такіх памяшканняў выконваецца з матэрыялаў, якія мала сарбіруюць і лёгка мыюцца. Абсталяванне і мэбля вырабляюцца з матэрыялаў з гладкім пакрыцём, якое лёгка паддаецца ачыстцы (можа выкарыстоўвацца абсталяванне, што прымяняецца для работы з радыёактыўнымі ізатопамі).
Атручэнне таліем і яго злучэннямі пры пападанні ў арганізм чалавека праз рот працягваецца некалькі тыдняў (2—3 тыдні), прычым праз 3—4 сутак пасля прыёму яду наступае ўяўнае добрае самаадчуванне. Па гэтай прычыне хуткая дыягностыка, ажыццяўленне неадкладных лячэбных мерапрыемстваў у многім вызначаюць зыход атручання. Найбольшая пранікальная здольнасць (у тым ліку праз скуру) — у хларыда талія, сульфата талія і ацэтата талія. Летальная доза пры пападанні сульфата талія ў арганізм чалавека праз рот складае каля 1 г.
Вострае атручэнне: галаўны боль, агульнае недамаганне, сутаргі, бяссонніца, атактычная паходка, выпадзенне валасоў; развіваюцца полінеўрыты з растройствам адчувальнасці; у далейшым наступаюць парэзы, паралічы. Адсутнасць апетыту, болі пры глытанні, рвота, крывавы панос, болі ў жываце. Прыклеты паражэння печані і нырак.
Хранічнае атручэнне: болі ў суставах ног, слабасць у канечнасцях, сутаргі ў мышцах, знікненне сухажыльных рэфлексаў, дрыжанне павек, полінеўрыты, выпадзенне валасоў, слінацячэнне, страта апетыту, рвота, панос, пахудненне, дэпрэсія, павышэнне стамляльнасці. Назіраюцца таксама паражэнні печані і нырак, паражэнне вачэй і расстройствы зроку, дэрматыты.
Лячэнне атручэння:
У гісторыі вядомыя факты наўмыснага атручэння таліем. Адзін з апошніх выпадкаў (са смяротным вынікам) адбыўся ў лістападзе 2006 ў Лондане, ахвяра — палітычны бежанец, былы супрацоўнік ФСБ РФ А.Літвіненка (паводле другой версіі быў выкарыстаны радыёактыўны ізатоп палонія Po210). Існавалі планы амерыканскіх спецслужб атруціць таліем кубінскага лідара Ф.Кастра (не рэалізаваныя).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.