From Wikipedia, the free encyclopedia
Санта́лы (хіндзі: सांथाल जनजाति, бенг.: সাঁওতাল) — аўстраазіяцкі народ у Паўднёвай Азіі. Насяляе ўсход Індыі, поўдзень Бутана і Непала, Бангладэш. Агульная колькасць (2016 г.) - 9 261 тысяч чал.[1]
Продкі санталаў мігрыравалі ў Паўднёвую Азію ў каменным веку з усходу і маглі быць заснавальнікамі энеалітычнай культуры медных скарбаў на ўсходзе паўвострава Індастан і пласкагор'я Дэкан. У санталаў доўгі час не было пісьмовай гісторыі. Згодна вусным паданням, яны паходзяць з яек птушак, што прыляцелі з-за мора.
Першасным месцам рассялення санталаў лічаць плато Чхота-Нагпур на ўсходзе Індыі. У 1 тысячагоддзі н. э. плямёны мунда, што насялялі гэту мясцовасць, былі аб'яднаны дынастыяй раджаў Нагбансі. У 1585 г. яна трапіла ў залежнасць ад Вялікіх Маголаў, у 1772 г. — ад Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Землі санталаў кіраваліся дынастыяй індуісцкага паходжання, якая атрымала аўтаномію ў межах Брытанскай Індыі. Аднак прыгнёт мясцовых феадалаў і ліхвяроў стаў прычынай міграцый на пагорыстыя землі поўначы і ў дэльту Ганга. Брытанскія ўлады прадстаўлялі ім лясістыя тэрыторыі ў арэнду для далейшай апрацоўкі. Акрамя таго, санталы актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях мунда. Асабліва кровапралітным было паўстанне 1854 - 1856 гг. У 1914 г. прадстаўнікі санталаў прынялі ўдзел у руху племянных супольнасцяў Тана-Бхагатс. У 1925 г. была распрацавана арыгінальная пісьмовасць на мове санталі, пачала выдавацца сантальская літаратура.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Індыі сантальскія нацыяналісты ўдзельнічалі ў руху за абвяшчэнне асобнага штата Джаркханд, у палітычным жыцці якога адыгрываюць важную ролю. У нашы дні санталы Індыі і Бангладэш маюць афіцыйны статус племянной супольнасці, які гарантуе асобныя правы і прывілегіі ў карыстанні зямлёй, выплаце падаткаў, атрыманні адукацыі.
Асноўны гаспадарчы занятак — сельская гаспадарка, хаця ў мінулым важную ролю адыгрывалі паляванне і збіральніцтва. Да пачатку XX ст. дамінавала падсечнае земляробства, але скарачэнне лясоў і пераход да вырошчвання рысу прывялі да сталага землекарыстання на абваднённых тэрыторыях. Санталы вырошчваюць рыс, некалькі відаў проса, бабовыя, гарчыцу, тытунь, бавоўнік, гародніну і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Трымаюць свойскую птушку, кароў, коз, свінняў. Апрацоўка зямлі лічыцца мужчынскім заняткам, нагляд за свойскай жывёлай — жаночым або дзіцячым. Жанчыны таксама займаюцца забеспячэннем гаспадаркі палівам, вадой, угнаеннямі. Традыцыйныя рамёствы — пляценне вяровак, апрацоўка драўніны і жалеза. Развіта адыходніцтва — сезонная праца ў прамысловасці, на плантацыях і шахтах.
Асноўны від паселішча — вёска. У нашы дні сантальскія вёскі ўключаюць 400 - 1000 жыхароў. У буйных змяшаных паселішчах санталы селяцца паасобку. Хаціны будуюць з гліны або гліністай зямлі, дах крыюць чарапіцай. У цэнтральнай частцы хаціны кхунты знаходзіцца сямейны алтар.
Традыцыйная вопратка — саронг панчы. У дзяцей і мужчын ён нагадвае насцегнавую повязь, у жанчын складаецца з ніжняй часткі да кален і з верхняй у выглядзе зморшчыннай абгорткі. Але ў нашы дні носяць сучаснае адзенне. Жанчыны аддаюць перавагу сары з баваўняных тканін без галаўной накідкі.
Кухня санталаў надзвычай разнастайная. Асноўная паўседзённая ежа — вараны рыс, пшанічны або прасяны хлеб, напоі з проса. Ужываюць усе віды мяса, казурак, чарвякоў, вусеняў, змеяў. Ядуць тры разы на дзень.
У сельскай мясцовасці пераважаюць вялікія пашыраныя сем'і на чале бацькі або старэйшага брата. Антраполагі налічваюць у санталаў 18 формаў шлюбных адносін, аднак найбольш распаўсюджаны выкуп нявесты. Санталы практыкуюць палігінію, сярод іх ня рэдкія разводы і паўторныя шлюбы. Большая частка маёмасці і зямля ўспадкоўваюцца мужчынамі. Адлік сваяцтва толькі па мужчынскай лініі. Старыя чальцы сям'і карыстаюцца павагай. Менавіта яны займаюцца выхаваннем і сацыялізацыяй дзяцей. Ва ўзросце 8 - 10 гадоў хлопчыкі праходзяць абрад прысвячэння ў мужчынскі свет. Ім на скуру ставіцца знак рода. Дзяўчынкі лічацца дарослымі і годнымі да шлюба пасля першай менструацыі. Яны таксама атрымоўваюць ўпрыгожванні ў выглядзе татуіроўкі.
Усе санталы падзяляюцца на 12 буйных і 164 малых родаў, кожны з якіх мае свой сацыяльны статус. У мінулым таксама існавала прафесійная спецыялізацыя некаторых родавых груп. У мінулым мужчынскія родавыя зборы мелі важную судовую функцыю, у нашы дні — рытуальную. Вялікую ролю сярод санталаў адыгрываюць харызматычныя лідары. Санталы традыцыйна пазбягаюць цесных узаемаадносін з несанталамі. У народным фальклоры "іншаземцы" звычайна малююцца як пагроза.
Санталы маюць багатую вусную спадчыну — міфы, казкі, легенды, генеалагічныя паданні. Песні выконваюцца ў гонар багоў, але таксама развіты рамантычныя спевы. Вылучаюцца мужчынскія і жаночыя танцы. Святы суправаджаюцца тэатральнымі відовішчамі.
Традыцыйная рэлігія санталаў політэістычная. Налічваецца каля 150 багоў. Рэлігійныя цырымоніі арганізуюцца вяскомымі святарамі наеке.
З XIX ст. актыўна распаўсюджваецца хрысціянства. Большасць хрысціян-санталаў належаць да розных плыняў пратэстантызму.
Санталі стала пісьмовай мовай толькі ў XIX ст. Большая частка сантальскай літаратуры складаецца з рэлігійных тэкстаў і запісаў фальклору.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.