From Wikipedia, the free encyclopedia
Мікіта Сярге́евіч Хрушчоў (5 (17) кастрычніка 1894, Калінаўка, Курская губерня — 11 верасня 1971, Масква) — савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч, Першы сакратар ЦК КПСС (1953—1964), Старшыня Савета Міністраў СССР (1958—1964). Герой Савецкага Саюза, Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы.
3 1909 слесар на заводах і шахтах Данбаса. Член Камуністычнай партыі з 1918 года. Удзельнік грамадзянскай вайны. З пачатку 1920-х гадоў на кіроўнай партыйнай рабоце ва Украіне (у 1924 удзельнік трацкісцкай апазіцыі). Вучыўся ў Прамысловай акадэміі (Масква, 1929—30).
З 1931 — у Маскве; з 1935 1-ы сакратар Маскоўскіх гарадскога і абласнога камітэтаў партыі. У 1938 — сакавіку 1947 і снежні 1947—49 1-ы сакратар ЦК кампартыі Украіны, адначасова ў 1944—47 старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) Украіны. Член ЦК ВКП(б)/КПСС (1934—66), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1939—64). Меў дачыненне да палітычных рэпрэсій у Маскве і ва Украіне.
У 2-ю сусветную вайну член ваеннага саветаў шэрагу франтоў. Генерал-лейтэнант (1943).
3 1949 сакратар ЦК і 1-ы сакратар Маскоўскага камітэта ВКП(б).
З верасня 1953 1-ы сакратар ЦК КПСС, адначасова з 1958 года старшыня Савета Міністраў СССР. Вынікам незадаволенасці партыйнага і дзяржаўнага апарату палітыкай і валюнтарысцкім стылем кіраўніцтва М. Xрушчова стала яго вызваленне («па стане здароўя») ад усіх пасад на кастрычніцкім пленуме ЦК КПСС у 1964 годзе.
Аўтар мемуараў.
М. Хрушчоў быў адным з ініцыятараў рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х гадоў; на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС выступіў з рэзкай крытыкай культу асобы і дзейнасці І. Сталіна. Імкнуўся мадэрнізаваць партыйна-дзяржаўную сістэму, абмежаваць прывілеі партыйнага і дзяржаўнага апарату, палепшыць матэрыяльнае становішча насельніцтва, зрабіць савецкае грамадства больш адкрытым. У перыяд яго знаходжання на вышэйшых дзяржаўных і партыйных пасадах вялося масавае асваенне цалінных і абложных зямель (1954—60), будаўніцтва добраўпарадкаванага жылля для працоўных, пачалося асваенне космасу (1957).
У знешняй палітыцы праводзіўся курс на пашырэнне адносін з капіталістычнымі і новымі незалежнымі краінамі, змякчэнне наступстваў гонкі ядзерных узбраенняў (Маскоўскі Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі, 1963), рабіліся захады па раззбраенні (скарачэнне ўзброеных сіл СССР у 1955 — пачатку 1960-х гадоў больш як на 3 млн чал., прапанаваны ў 1962 годзе савецкі праект дагавора пра ўсеагульнае і поўнае раззбраенне), значна пашырыліся міжнародныя культурныя сувязі. Аднак некаторыя рашэнні М. Xрушчова часам прыводзілі да рэзкага абвастрэння міжнародных адносін (крызіс вакол Заходняга Берліна ў 1961 годзе, Карыбскі крызіс 1962 года).
Часовае аслабленне ідэалагічнага і адміністрацыйнага націску на творчую інтэлігенцыю пасля 1953 года («адліга») спрыяла значным дасягненням у галіне культуры, аднак з пачатку 1960-х яго культурная палітыка стала больш жорсткай. Ініцыятар антырэлігійнай кампаніі. У выніку шэрагу непрадуманых рашэнняў М. Xрушчова ў галіне кіраўніцтва сельскай гаспадаркай пагоршылася забеспячэнне гарадскога насельніцтва прадуктамі харчавання. Неабгрунтаванымі былі яго заклікі «дагнаць і перагнаць Амерыку» і абяцанні пабудаваць камунізм да 1980 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.