кашталян віленскі, кампазітар From Wikipedia, the free encyclopedia
Мацей Радзівіл (10 лістапада 1749 — 2 верасня 1800) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург.
Мацей Радзівіл | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Міхал Геранім Радзівіл | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Геранім Вінцэнт Радзівіл | ||||||
Пераемнік | Станіслаў Солтан | ||||||
Нараджэнне |
10 лістапада 1749 |
||||||
Смерць |
2 верасня 1800[1] (50 гадоў) |
||||||
Род | Радзівілы | ||||||
Бацька | Леан Міхал Радзівіл[2] | ||||||
Маці | Ганна Людвіка з Мыцельскіх | ||||||
Жонка | Альжбета з Хадкевічаў[2] | ||||||
Дзеці | Канстанцін Радзівіл[2] і Антаніна з Радзівілаў[d][2] | ||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мацей Радзівіл нарадзіўся ў сям’і Л. М. Радзівіла. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. З канца 1770-х зблізіўся з віленскім ваяводам К. С. Радзівілам «Пане Каханку».
Вялікі падкаморы літоўскі ў 1786—1790, кашталян віленскі з 1790; пасол на сойм 1780. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1792) перадаў у распараджэнне вялікалітоўскага войска замкі, арсеналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Д. Г. Радзівіла, за што атрымаў спецыяльную падзяку ад Чатырохгадовага сойма 1788—1792. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (член дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні. У кастрычніку 1794, занепакоены радыкалізацыяй паўстання, выехаў у Галічыну. Апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнтку Паланечка (Навагрудскае ваяв.), які на пэўны час стаў культурным асяродкам у краі.
Валодаў маёнткамі ў Літве і Польшчы, на Беларусі — Паланечкай, Крошынам і інш.
У шлюбе з Альжбетай Хадкевіч меў дачку і сына Канстанціна.
Як драматург, Мацей Радзівіл дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта М. Радзівіла, музыка Я. Д. Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі над назвай «Добры пан — бацька для падданых» і карысталася папулярнасцю да канца 1820-х г. У оперы апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблягчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сялянская праца з’яўляецца асновай усеагульнага дабрабыту.
У 1786 да імянін К. С. Радзівіла ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Мацея Радзівіла), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі.
Аб паэтычных здольнасцях М. Радзівіла сведчыць і шэраг вершаў, што захоўваюцца ў Варшаўскім архіве.
З яго музычных твораў захаваліся Дывертысмент, Шэсць паланэзаў для камернага аркестра, Серэнада для струннага квартэта, Саната для скрыпкі і фартэпіяна, Тры паланэзы для фартэпіяна. Напісаныя ў 1788—1797 гадах, гэтыя кампазіцыі маюць прысвячэнне саксонскаму курфюрсту Антонію і прынцэсе Ганне, з якімі Радзівіл падтрымліваў сяброўскія сувязі.
Шэсць паланэзаў для камернага аркестра датуюцца 1788 годам і адносяцца да самых ранніх аркестравых узораў гэтага танца, вельмі папулярнага ў той час у Еўропе. Усе паланэзы разлічаны на невялікі састаў аркестра: 1-2 флейты, фагот, 2 валторны, 2 скрыпкі і віяланчэль. У некаторых творах выкарыстоўваюцца таксама па 2 кларнеты, а ў першым паланэзе («Паляванне») уведзены яшчэ альт, паляўнічы рог і барабан. Гэты паланэз увогуле вылучаецца сярод іншых арыгінальнасцю свайго вобразнага зместу і яго ўвасаблення.
Мацей Радзівіл упершыню ўвасобіў тэму палявання ў жанры паланэза. Каб зрабіць сваю задуму больш зразумелай, ён уводзіць у партытуру падрабязныя рэмаркі, якія «каменціруюць» ход падзей: ад галопу гарэзлівай лані і сцэны палявання на мядзведзя, якая завяршаецца аглушальным выбухам, да трыумфу паляўнічых. Асаблівую дакладнасць надаюць твору сігналы валторнаў і паляўнічага рога, якія то склікаюць на паляванне, то абвяшчаюць, што ў лесе з’явіўся мядзведзь, то інфармуюць, што той паранены, і г. д. Пры ўсёй яркасці гукавыяўленчых сродкаў, якія ператвараюць паланэз у маляўнічую сцэнку, ён захоўвае радавыя сувязі з жанравым першавытокам (у прыватнасці, характэрныя для паланэза метрарытмавыя клішэ). У цэлым жа твор стаў адным з першых сведчанняў пераасэнсавання жанру паланэза шляхам узбагачэння яго новым зместам і каларытам.
Астатнія аркестравыя паланэзы больш традыцыйныя па сваім музычным вырашэнні, хоць і ў іх відавочна набліжэнне да лірычнай замалёўкі. Можна нават разглядаць усе шэсць твораў як своеасаблівы цыкл, дзе першы паланэз аказваецца як бы інтрадай, тры наступныя — лірычным цэнтрам, пяты — дансантным інтэрмецца, шосты — аптымістычным фіналам. Прыметна таксама і пэўная танальная логіка (D — G — F — G — G — D), якая выдае імкненне кампазітара да аб’яднання твораў у кампазіцыйнае цэлае з дапамогай «абрамляючых» танальнасцей. Зрэшты, М. Радзівіл, магчыма, і не ставіў перад сабой задачу стварэння цыклічнай кампазіцыі, аднак у цэлым відавочна творчае імкненне кампазітара пераасэнсаваць жанравы канон апулярнага танца і нават прадугледзець яго далейшы рух да якаснай змястоўнай трансфармацыі.
Параўнальна з аркестравымі, фартэпіянныя паланэзы адкрываюцца зусім іншымі гранямі папулярнага жанру. Летуценна-скерцозныя, мініяцюрныя і нескладаныя па выканальніцкіх сродках, яны не страцілі прымет салоннай п’есы для аматарскага музіцыравання.
У Серэнадзе для струннага квартэта і Санаце для скрыпкі з відавочнасцю выяўляюцца рысы «лёгкай музыкі» еўрапейскага класіцызму. Кампазітар стварае сваю Серэнаду не ў агульнапрынятай у свой час шматчасткавай форме, а ў форме варыяцый. Разам з тым змястоўна-вобразнае напаўненне гэтага твора выяўляе яго арганічную еднасць са шматлікімі касацыямі, накцюрнамі, дывертысментамі, серэнадамі, якімі літаральна поўніўся тагачасны музычны свет.
У Санаце (у выданні — Санаціна) для скрыпкі і фартэпіяна аўтар таксама крыху аддаляецца ад ужо складзеных на той час жанравых канонаў. Яе вобразны строй характэрны для дывертысментных кампазіцый, а пабудова далёка адыходзіць ад уласна санатнага цыкла. Разам з тым твор мае выразную сувязь з раннекласічнымі ўзорамі санаты-санаціны, якія яшчэ не закрануў працэс псіхалагізацыі жанру.
Дывертысмент для камернага аркестра (1797) складаецца з трох частак (Allegro moderato — Adagio — Allegro scherzando), у якіх захоўваецца характэрны для класіцызму прынцып кантрасту ў межах адной вобразнай сферы. У гэтым творы кампазітар праяўляе сябе як даволі сталы майстар, чый густ, талент і прафесійныя навыкі выявіліся ў багацці меладызму, арганічнасці гарманійнай мовы, прадуманасці інструментоўкі, заснаванай на выдатным веданні магчымасцей кожнага інструмента. У Дывертысменце выразна праяўляецца адзінства з мастацкімі асновамі класіцысцкага стылю. Гэта прыметна і ў змястоўным напаўненні твора, адзначанага арганічнасцю светаадлюстравання, і ў адпаведных зместу сродках музычнай выразнасці, якія захоўваюць асноўныя мелодыка-гарманійныя, фактурныя і формаўтваральныя прынцыпы класіцысцкай стылістыкі.
У творчасці Мацея Радзівіла сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамантычнымі тэндэнцыямі. Ён аказваецца як быццам у пачатку таго працэсу, што вёў да перадрамантычных паланэзаў-п’ес Міхала Клеафаса Агінскага, паланэзаў-драм Восіпа Казлоўскага і рамантычных паланэзаў-карцін і фантазій Фрыдэрыка Шапэна. А ў цэлым музычная спадчына М. Радзівіла ўяўляецца цікавым прыкладам творчага авалодання кампазітарам-аматарам асноўнымі прыёмамі вядучага еўрапейскага стылю і пошукаў сваіх, часам далёкіх ад нарматыўнасці, арыгінальных шляхоў увасаблення характэрных для яго з’яў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.