Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Фры́дэрык Франсуа́ Шапе́н (фр.: Frédéric François Chopin [ʃɔpɛ̃][10]; польск.: Fryderyk Franciszek Chopin [ˈʂɔpɛn̪], Фрыдэ́рык Франці́шэк Шо́пен[11], англ.: Frédéric François Chopin [`ʃopæn, ʃo`pæn; ˋʃoupæŋ, ˋʃɒpæ:][12]; 1 сакавіка 1810 (паводле некаторых крыніц — 22 лютага 1810, вёска Жэлязова-Воля, каля Варшавы — 17 кастрычніка 1849, Парыж) — польскі кампазітар , піяніст -віртуоз, педагог. Аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Найбуйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва.
Фрэдэрык Шапен | |
---|---|
Fryderyk Chopin[1] Frédéric Chopin | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 1 сакавіка 1810[2][3] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 кастрычніка 1849[5][6][…] (39 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Бацька | Нікаля Шапен[d][9][7] |
Маці | Тэкля Юсціна Шапен[d][9][7] |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Wojciech Żywny[d], Юзаф Эльснер[9] і Wilhelm Würfel[d] |
Прафесіі | кампазітар, піяніст, музычны педагог, віртуоз, музыкант, педагог |
Інструменты | фартэпіяна |
Выхаванцы | Carl Filtsch[d], Charlotte de Rothschild[d], Josephine Camille O'Meara[d] і Emilie Timm[d] |
Аўтограф | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Бацька Шапена — Нікаля Шапен, француз, сын латарынскага селяніна, эміграваў у Польшчу ў 1787 годзе ва ўзросце шаснаццаці год. У Францыі ён быў ахрышчаны як «Нікаля», але, жывучы ў Польшчы, ён карыстаўся польскай формай свайго імя — «Мікалай». Цяжка сказаць, што вымусіла яго пакінуць Францыю, але ў Польшчы ён знайшоў новую бацькаўшчыну і прымаў актыўны ўдзел у яе гістарычным лёсе. Нікаля Шапен разам з польскімі патрыётамі прымаў удзел у барацьбе за незалежнасць Польшчы. Пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкі і канчатковага падзела Рэчы Паспалітай (1795) Нікаля Шапен, капітан войска Касцюшкі, нягледзячы на хісткасць свайго палажэння, вырашыў застацца ў Польшчы. Чалавек шырокага разумовага далягляду і адукацыі, ён займаўся педагагічнай дзейнасцю, навучаючы дзяцей з арыстакратычных сем'яў, і ўрэшце заваяваў рэпутацыю аднаго з найлепшых педагогаў Варшавы. Аднымі з такіх дзяцей, былі дзеці графа Скарбка, да якога Нікаля Шапен быў запрошаны ў 1802 годзе ў маёнтак Скарбкаў Жэлязова-Воля. Там ён сустрэўся з далёкай сваячкай Скарбкаў, — Юстынай Кшыжаноўскай, з якой пазней пабраўся шлюбам[13]. Вяселле адбылося 2 чэрвеня 1806 года ў прыхадской царкве XVI ст. у Брохаве. Паводле захаваных звестак, маці кампазітара была надзвычай музыкальнай, выдатна іграла на фартэпіяна, была надзелена прыгожым голасам. Сваёй маці Фрыдэрык абавязаны першымі музычнымі ўражаннямі, прывітай з дзяцінскіх гадоў прыязнасцю да народных песняў. Інтэлігентнасць і чуласць бацькоў злітавалі ўсіх членаў сям'і любоўю і дабратворна адбівалася на развіцці даравітых дзяцей.
Фрыдэрык Шапен нарадзіўся ў маёнтку Жэлязова-Воля за 46 км на захад ад Варшавы ў тагачасным Варшаўскім герцагстве. Запіс у метрычнай кнізе (знойдзены ў 1892) падае 22 лютага 1810 года за дату нараджэння кампазітара[14], але на іншую дату, 1 сакавіка, прыходзілася святкаванне яго нараджэння сярод шчыльнага сямейнага кола[15]; і, паводле пісьма самога Шапена, якое ён адрасаваў 16 студзеня 1833 года старшыні польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы[16], ён «нарадзіўся 1 сакавіка 1810 у вёсцы Жэлязова-Воля ў правінцыі Мазовія»[17]. Ён быў другім дзіцёнкам і адзіным сынам у сям'і. Ён быў ахрышчаны 23 красавіка 1810 года ў той жа царкве ў Брохаве, дзе калісьці ажаніліся яго бацькі. Метрычная кніга падае яго асабістае імя пасля хрышчэння як «Fridericus Franciscus»[14]; па-польску яго імя гучала «Fryderyk Franciszek».
У кастрычніку 1810 года, калі Шапену было сем месяцаў, сям'я пераехала ў Варшаву з-за таго, што яго бацька прыняў прапанову знакамітага лексікографа Самюэля Ліндэ выкладаць французскую мову ў Варшаўскім ліцэі. Школа размяшчалася ў Саксонскім палацы і з гэтага часу сям'я Шапенаў пражывала на яго прымежнай тэрыторыі. У 1817 годзе вялікі князь Канстанцін Паўлавіч рэквізаваў Саксонскі палац для ваенных мэтаў і Варшаўскі ліцэй перамясціўся ў Казіміраўскі палац[18], які тады належаў да новазаснаванага Варшаўскага ўніверсітэта. Сям'я жыла ў шырокім пакоі на другім паверсе сумежнага дома. Шапен наведваў Варшаўскі ліцэй з 1823 па 1826 год.
Польскі дух, культура і мова запоўнілі дом Шапена і ў выніку ён ніколі, нават у Парыжы, не быў здольны ў поўнай меры авалодаць французскай мовай[19][20]. Біёграф Льюіс Энолт пазычыў фразу Жорж Санд, каб апісаць Шапена «больш польскім, чым Польшча»[21].
Іншыя ў сям'і Шапенаў былі гэтаксама схільныя да музыкі. Бацька Фрыдэрыка іграў на флейце і скрыпцы; яго маці іграла на піяніна і давала дзецям урокі ў элітным пансыянаце, які падтрымліваўся сям'ёй маладога кампазітара. У выніку Фрыдэрык ужо ў малым узросце стаў добра знаёмым з музыкай у яе самых разнастайных формах[19].
Ужо ў дзіцячыя гады Шапен праявіў незвычайныя музычныя здольнасці. Ён быў аточаны асаблівай увагай і клопатам. Падобна Моцарту, ён захапляў усіх навакольных сваёй музычнай «апантанасцю», незнікаемай фантазіяй у імправізацыях, прыраджоным піянізмам. Яго ўспрымальнасць і музычная ўражлівасць выявіліся бурна і незвычайна. Ён мог плакаць, слухаючы музыку, ускокваць ноччу, каб падабраць на фартэпіяна мелодыю ці акорд, які запомніў. Музыкант і сучаснік Шапена Юзаф Сікорскі ўзгадвае ў сваіх «Успамінах пра Шапена» (польск.: Wspomnienie Chopina) што, яшчэ дзяцём, Шапен плакаў падчас ігры сваёй маці на фартэпіяна. У шасцігадовым узросце, ён ужо спрабаваў паўтараць, тое што ён чуў, і ствараць свае ўласныя мелодыі[22]. Ён атрымаў свае першыя фартэпіянныя ўрокі не ад сваёй маці, а ад сваёй старэйшай сястры Людвікі[19].
Першым прафесіянальным настаўнікам Шапена па фартэпіяна, з 1816 па 1822 гг., быў чэх Войцех Жыўні[23]. Хоць музычнае майстэрства юнага музыканта хутка пераўзыйшло майстэрства яго настаўніка, Шапен пазней выказваўся пра Жыўнага з вялікай прыязнасцю. Сямігадовы «маленькі Шапен» (Szopenek) пачаў даваць публічныя канцэрты, якія пазней выклікалі параўнанні маладога піяніста з Моцартам, у дзіцячым узросце, і Бетховенам[19].
Сёлета, сямігадовы Шапен напісаў два паланэзы, у соль міноры і сі-бемоль мажоры. Першы быў апублікаваны ў гравюрнай майстэрні айца Ізідора Юзафа Цыбульскага (кампазітара, гравёра, дырэктара арганнай школы і аднаго з нешматлікіх выдаўцоў тагачаснай Польшчы); другі паланэз захаваўся ў форме рукапіса, падрыхтаванага Нікаля Шапенам. Казалася, што гэтых два невялікіх творы супернічалі не толькі з папулярнымі паланэзамі вядучых польскіх кампазітараў, але і са знакамітымі паланэзамі Міхала Клеафаса Агінскага. Істотнае развіццё меладычных і гарманічных інвенцый і фартэпіяннай тэхнікі адлюстравалася ў наступным вядомым паланэзе Шапена ў ля-бемоль мажоры, які юны музыкант прэзентаваў на імяніны Войцеха Жыўнага ў 1821 годзе ў якасці падарунка[19].
У адцінаццацігадовым узросце Шапен выступаў у прысутнасці расійскага імператара Аляксандра I, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве, каб адкрыць Сейм (польскі парламент)[22].
Будучы дзіцём, Шапену была ўласцівая кемлівасць, якая, як казалі, паглынала і выкарыстоўвала ўсё дзеля яе развіцця. Ён рана паказаў выдатныя здольнасці ў назіранні і красленні, праніклівую дасціпнасць, пачуццё гумару і незвычайны талент да пераймання[19]. Гісторыя з яго школьных гадоў распавядае, як настаўнік быў прыемна здзіўлены цудоўным партрэтам, які Шапен намаляваў са свайго кіраўніка ў класе.
У гэтыя гады Шапен быў некалькі разоў запрошаны ў Бельведэрскі палац у Варшаве ў якасці музычнага партнёра вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, неўзабаве ачараваўшы зласлівага князя сваёй фартэпіяннай ігрой[19] (праз некалькі гадоў, вялікі князь збгаў з Бельведэра адразу пасля пачатку лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў, уцякаючы ад польскіх кадэтаў, якія, з мэтай захапіць яго, пераследвалі князя цераз Лазенскоўскі парк да сваіх баракаў).
У 1820-я гг., калі дзесяцігадовы Шапен наведваў Варшаўскі ліцэй і Варшаўскую кансерваторыю, кожныя вакацыі ён праводзіў далёка ад Варшавы: у Шафраніі (1824 — напэўна яго першае ўласнае падарожжа — і 1825), Душнікі (1826), Памеранія (1827) і Саннікі (1828)[24].
У вёсцы Шафранія (дзе ён знаходзіўся ў якасці госця Юльюша Дзеваноўскага, бацькі ліцэйскага таварыша Дамініка Дзеваноўскага)[25] і ў іншых месцах яго адпачынку Шапен пазнаёміўся з народнымі мелодыямі, якія ён пазней пераўтварыў у арыгінальныя кампазіцыі. Яго лісты з Шафраніі (так званыя лісты «Шафранскага кур'ера»), наўмысна напісаныя ў афіцыёзным стылі, з'яўляліся ўзорам вельмі сучаснай і жывой польскай мовы, якія пазабавілі яго сям'ю сваёй парадыйнасцю на варшаўскія газеты і выявілі літаратурны талент юнага Шапена.
Шапен, які адукоўваўся дома да трынаццаці год, стаў вучнем Варшаўскага ліцэя ў 1823 годзе, працягваючы аднак фартэпіянныя ўрокі пад кіраўніцтвам Жыўнага. У 1825 годзе, падчас прадстаўлення твора Ігнацы Машэлеса, ён выступіў перад аўдыторыяй са сваёй вольнай імправізацыяй і быў абвешчаны «найлепшым піяністам Варшавы»[19].
Увосені 1826 года Шапен распачаў трохгадовы курс адукацыі з сілескім кампазітарам Юзафам Эльснерам у Варшаўскай кансерваторыі, якая з'яўлялася філіяй Варшаўскага ўніверсітэта. Першая сустрэча Шапена з Эльснерам мусіла мець месца не раней за 1822 год; дакладна вядома, што на працягу 1823 года Шапен быў пад нефармальным кіраўніцтвам Эльснера і ў 1826 годзе Шапен афіцыйна пачаў вывучаць з Эльснерам музычную тэорыю, генерал-бас і музычную кампазіцыю.
На першым гадавым іспыце Эльснер заўважыў выбітны талент і музычны геній Шапена. Як і Жыўны, Эльснер толькі назіраў, не ўплываючы і не выпраўляючы, развіццё квітнеючага талента маладога Фрыдэрыка. Эльснеравы вучэбны стыль быў заснаваны на яго нежаданні «утрымліваць» Шапена «вузкімі, акадэмічнымі, састарэўшымі» правіламі і на яго рашэнні дазволіць маладому артысту пасталець «згодна з законамі яго ўласнай прыроды».
У 1827 годзе сям'я Шапенаў пераехала на кватэру ўздоўж вуліцы ля Варшаўскага ўніверсітэта, якую яны здымалі ў палацы Чапскіх у Кракаўскім прадмесці (дзе зараз размяшчаецца Варшаўская акадэмія мастацтваў). Тут бацькі Шапена ізноў пачалі трымаць свой элітны пансыянат для студэнтаў-хлопчыкаў. Юны Шапен будзе жыць тут да 1830 года, пакуль не з'едзе ў Варшаву. У 1837—1839 артыст і паэт Цыпрыян Норвід будзе жыць тут падчас навучання маляванню ў Акадэміі прыгожых мастацтваў; пазней ён напіша свой знакаміты верш «Фартэпіяна Шапена», які распавядае пра выпадак яго знішчэння расійскімі войскамі ў 1863 годзе[26]. Салон сям'і Шапенаў (salonik Chopinów) на дадзены момант з'яўляецца адчыненым для любой аўдыторыі музеем; гэта быў менавіта гэты салон, дзе Шапен упершыню сыграў большасць сваіх ранніх твораў.
Шапен прыехаў у Парыж пад канец верасня 1831 года, у нявызначаным стане адносна сваёй будучыні тут. У Парыжы Шапен займеў добрыя стасункі з вядомымі польскімі эмігрантамі, уключна з прынцам Адамам Ежы Чартарыйскім і паэтам Адамам Міцкевічам. Кола знаёмстваў Шапена ўзбагацілася такімі постацямі як пісьменнік Генрых Гейнэ, мастак Эжэн Дэлакруа, найбуйнейшыя піяністы таго часу Фрыдрых Калькбрэнер, Фердынанд Гілер і Франц Ліст, кампазітары Гектор Берліёз, Фелікс Мендэльсон, Шарль-Валентын Алькан і Вінчэнца Беліні.
Жорж Санд (Занд) — псеўданім французскай пісьменніцы Аўроры Дудэван (Амандын-Аўрора-Люсіль Дупен, баранеса Дудэван), з якой Шапен пазнаёміўся ў 1836 годзе. Нягледзячы на першапачатковае адмоўнае ўражанне, трохі пазней кампазітар распачаў з ёй рамантычныя стасункі. У 1845 годзе Жорж Санд выдала кнігу Лукрэцыя Фларыяні, галоўныя героі ў якой — заможная актрыса і балесны прынц, якіх можна інтэрпрэтаваць як Санд і Шапена.
У 1848 годзе Шапен вярнуўся ў Парыж. Не ў змозе больш даваць урокі, Шапен вымушаны быў прыняць шчодрую дапамогу ад сваёй шатландскай прыхільніцы Джэйн Стырлінг (па-англійску: Jane Stirling). Даглядаць хворага прыехала з Польшчы сястра кампазітара, Людвіка; не абыходзілі яго ўвагай і французскія сябры. Шапен памёр у сваёй парыжскай кватэры на Вандомскай плошцы. Паводле яго жадання на адпяванні ў царкве Св. Мадлен прагучалі фрагменты Рэквіему Моцарта.
Шапен пахаваны на парыжскіх могілках Пер-Лашэз. Сэрца Шапена паводле яго тэстаменту было перавезенае на радзіму і спачывае ў Базіліцы святога Крыжа ў Варшаве
Аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Буйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва. Па-новаму вытлумачыў многія жанры, адрадзіў на рамантычнай аснове прэлюдыю, стварыў фартэпіянную баладу, апаэтызаваў і драматызаваў танцы — мазурку, паланэз, вальс; пераўтварыў скерца ў самастойны твор. Абагаціў гармонію і фартэпіянную фактуру, спалучаў класічнасць формы з меладычным багаццем і фантазіяй.
Сярод яго твораў 2 канцэрты (1822, 1830), 3 санаты (1822—1844), фантазія (1841), 4 балады (1835—1842), 4 скерца (1832—1842), экспромты, накцюрны, эцюды і іншыя творы для фартэпіяна; песні. У яго фартэпіянным выкананні глыбіня і шчырасць пачуццяў спалучаліся з вытанчанасцю, тэхнічнай дасканаласцю.
Шапен — кампазітар, надзвычай папулярны для выканання сярод піяністаў. Кожны, хто мае хоць нейкае дачыненне да ігры на фартэпіяна, сутыкаецца з праблемай інтэрпрэтацыі твораў Шапена.
Раз на пяць гадоў у Варшаве адбываецца Міжнародны конкурс піяністаў імя Шапена, на якім выконваюцца выключна творы гэтага кампазітара, адзін з найпрэстыжнейшых у свеце. За доўгую гісторыю гэты конкурс адкрыў імёны найвыбітнейшых піяністаў, такіх як Марта Аргерыч, Маўрыцыа Паліні (англ.: Maurizio Pollini), Крысціян Цымерман (англ.: Krystian Zimerman), Іва Пагарэліч (англ.: Ivo Pogorelić), Фу Ц'Онг (англ.: Fou Ts'ong).
Ува ўсіх творах Шапена выкарыстоўваецца фартэпіяна. Большасць кампазіцый напісаныя для фартэпіяна сола, маюцца таксама творы для фартэпіяна з скрыпкай, віяланчэллю і з аркестрам. Захавалася каля 230 твораў Фрыдэрыка Шапена, некаторыя юнацкія творы загубленыя.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.