From Wikipedia, the free encyclopedia
Караль Канстанцінавіч Незабытоўскі (польск.: Karol Niezabytowski; 4 лістапада 1865 — 26 лістапада 1952) — палітычны і дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі і Польшчы, буйны землеўласнік і арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі. Адзін з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Ганаровы міравы суддзя Бабруйскага павета (1897—1917). Дэпутат (1911—1912) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Уваходзіў у палітычную групоўку «краёўцаў», а пазней «віленскіх кансерватараў». Міністр сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей Польшчы (1926—1929), сенатар Польшчы ад Палескага ваяводства (1928—1930). Належаў да кальвінісцка-каталіцкага шляхецкага роду Незабытоўскіх гербу «Любіч». Род належаў да той галіны роду Незабітоўскіх, якая валодала маёнткамі ў Новагародскім ваяводстве і Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і пісала сваё прозвішча як «Незабытоўскія».
Караль Незабытоўскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939) | ||||||
Пераемнік | Рыгор Аляксандравіч Лашкароў (1862—1931) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Аляксандр Рачынскі (1872—1941) | ||||||
Пераемнік | Віктар Ляснеўскі (1886—1963) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | ? | ||||||
Пераемнік | Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939) | ||||||
Нараджэнне |
4 лістапада 1865[1] |
||||||
Смерць |
26 лістапада 1952[1] (87 гадоў)
|
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Незабытоўскія | ||||||
Бацька | Канстанцін Незабытоўскі[d] | ||||||
Маці | Цэлястына (Цэцылія) Каменская | ||||||
Жонка | Сафія (Сафія-Юзэфа-Марыя) Ленская (1878—1962) | ||||||
Дзеці | 1) Крыштаф Незабытоўскі (1900—1920); 2) Міхал Незабытоўскі (1901—1916); 3) Марыя Незабытоўская (1903—1994); 4) Ізабэла Незабытоўская (1906—2000); 5) Гелена-Эльжбета Незабытоўская (1913—1997) | ||||||
Веравызнанне | каталік | ||||||
Партыя | |||||||
Член у | |||||||
Аўтограф | |||||||
Узнагароды | Камандорскі крыж з зоркай ордэна Адраджэння Польшчы (1930) | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся 4 лістапада 1865 г. у родавым маёнтку Аляшэвічы ў Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні (Расійская імперыя)[2]. Паводле іншых дадзеных нарадзіўся ў Гродне[2]. Поўнае імя, якое атрымаў пры хросце ў каталіцтва, было «Караль-Станіслаў». Бацькам быў дваранін-каталік і заможны маянтковец Канстанцін Крыштафавіч Незабытоўскі, а маці — дваранка-каталічка Сафія Каменская. Караль таксама меў яшчэ двух братоў — Стэфана (Станіслава) і Людвіка.
Праз год пасля сканчэння ўніверсітэта, у 1890 г. у Вільні Караль Незабытоўскі ажаніўся з дваранкай-каталічкай Сафіяй Ленскай, род якой адносіўся да сярэднезаможнага карэннага дваранства Мінскага павета Мінскай губерні, а раней — Менскага ваяводства ВКЛ. Ад жонкі Сафіі меў пяць дзяцей:
У 1879 г. разам са сваім старэйшым братам Стэфанам Незабытоўскім паступіў у 4-ы клас класічнай гімназіі ў Вільні, дзе вучыўся з Браніславам Пілсудскім і яго братам Юзафам Пілсудскім[2]. Пасля сканчэння гімназіі ў 1884 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1889 г. Пасля ўніверсітэта заняўся кіраваннем гаспадаркай у сямейных маёнтках у Мінскай і Гродзенскай губернях, галоўным цэнтрам якіх былі Бацэвічы ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні[2].
Пасля смерці бацькі да Караля перайшлі па спадчыне родавы маёнтак Бацэвічы ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, а таксама родавы маёнтак Аляшэвічы ў Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Пасля шлюбу з атрымаў за жонкай маёнтак Хотаў у Мінскім павеце Мінскай губерні[2]. У пачатку XX ст. набыў у графаў Забелаў маёнтак Ольса (палац, сад і 900 дзесяцін зямлі) у Бабруйскім павеце Мінскай губерні[3], што было рэдкасцю ў краі, бо з 1864 г. існаваў закон паводле якога каталікі не мелі права купляць зямлю ў заходніх губернях Расійскай імперыі.
Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі, на польскім баку засталіся толькі маёнткі Аляшэвічы і Хотаў. У міжваеннай Польшчы Незабытоўскі дадаткова ў Аркушаве (пад Гнезнам) купіў зямлю ў памеры 84 моргаў, якая да часу аднаўлення польскай дзяржавы была тэрыторыяй Германскай імперыі і належала да нацыяналізацыі нямецкім уласнікам[4].
Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а пасля і адным з уплывовых яго кіраўнікоў. Сваякі жонкі — Ленскія — таксама былі важнымі членамі МТСГ. З 1901 г. быў і актыўным членам Таварыства ўзаемнага страхавання (ад агню) — арганізацыі пры МТСГ. Паспяхова займаючыся гаспадаркай у маёнтках, стаў значным прадпрымальнікам у Мінскай і Гродзенскай губернях: у пачатку XX ст. у Бацэвічах былі млын, маслабойня, цагельны завод, фабрыка мэблі, пры якой была арганізавана бальніца для работнікаў. У 1909 г. замест драўлянага палаца пабудаваў у Бацэвічах новы, каменны палац, дзе меў шмат антыкварнай мэблі і каштоўных прадметаў мастацтва (асабліва ганарыўся сваім старажытным аўстрыйскім фарфорам). Маючы вялікія капіталы, падтрымліваў фінансава безпрацэнтнымі крэдытамі тых каталіцкіх маянткоўцаў, якім патрабаваліся грошы, каб яны не страцілі маёнткі праз банкруцтва. Гэта было распаўсюджанай традыцыяй у Паўночна-Заходнім краі: банкруцтва каталіцкіх уласнікаў ва ўмовах немагчымасці каталікам набываць зямлю зніжала працэнт каталіцкіх землеўласнікаў у губерні, а значыць — узмацняла б уплыў расійскай улады і рускіх землеўласнікаў.
Па прызначэнні расійскіх улад у 1897—1917 гг. займаў пасаду ганаровага міравога суддзі Бабруйскага павета, што звычайна было максімальным для каталікоў, бо існавала шмат абмежаванняў для каталікоў рабіць службовую кар’еру ў заходніх губернях імперыі. Аднак пасаду суддзі цаніў, бо мог бы і адмовіцца ў любы момант.
У 1897 г. у Бабруйску пабудаваў прыватны гатэль «Бярэзіна і Еўрапейская» (тады на вуглу вуліц Альхоўскай і 2-й Слуцкай, зараз на вуглу вуліц Чангарскай і Карла Маркса), які ў народзе яе называлі «Парыж»[3].
Рэвалюцыя 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі адкрыла магчымасці для каталікоў займацца адкрытай палітычнай дзейнасцю ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расйскай імперыі. Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі сталі галоўнымі распрацоўшчыкамі пастулатаў ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёўцаў» і галоўнымі арганізатарамі стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908). Караль Незабытоўскі стаў адным з членаў-заснавальнікаў партыі.
У 1911 г., калі Раман Скірмунт, віцэ-старшыня МТСГ, быў вымушаны скласці мандат дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, Караль Неазабытоўскі, які на выбарах дэпутатаў у 1911 г. заняў другое месца, як намеснік заняў замест Скірмунта месца дэпутата (1911—1912) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет і даслужваў яго кадэнцыю да 1912 г.[2], уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі. У часы Першай сусветнай вайны, верагодна, стала знаходзіўся ў Мінскай губерні.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расіі Незабытоўскі разам з іншымі лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) падтрымаў ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі. У створанай у маі 1917 г. Польскай радзе Мінскай зямлі, у склад якой увайшоў і Незабытоўскі, уплыў атрымалі лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і адхілі ў шэрагах «польскай рады» сацыялістычныя лозунгі і ідэі прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі «эндэкаў» (аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы), а наадварот — насадзілі ў шэрагах «польскай рады» ідэю палітычный суб’ектнасці Беларусі, дапускаючы толькі роўнапраўны дзяржаўны саюз Беларусі з Польшчай[5]. Незабытоўскі стаў членам Саюзу маянткоўцаў Мінскай губерні (на чале з графам Ежы Чапскім), дзе было шмат і членаў МТСГ. Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, дэкрэтам аб зямлі ад 26 кастрычніка 1917 г. скасоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю, што Незабытоўскім было прынята негатыўна.
Пасля таго, як у снежні 1917 г. Польская рада Мінскай зямлі (на чале якой было шмат лідараў МТСГ) устанавіла свой кантроль над I Польскім корпусам генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, штаб-кватэрай якога быў Бабруйск[6], Караль Незабытоўскі быў прызначаны 30 красавіка 1918 г. членам Ліквідацыйнай маёмаснай камісіі корпуса, а таксама ўваходзіў у склад грамадзянскага кіраўніцтва горада Бабруйска і арганізаваў у Бабруйску польскамоўную гімназію[2]. На тэрыторыях, занятых I Польскім корпусам, працэс захопу сялянамі зямлі былых прыватных маёнткаў быў хутка спынены, а маёнткі вярталіся да былых уласнікаў.
Разумеючы часовасць поспехаў Доўбар-Мусніцкага над бальшавікамі, лідары МТСГ і «польскіх рад» пачалі шукаць збліжэнне з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве і немцамі, кіруючыся прынцыпам «толькі, каб не Расія»[7]. Лідары МТСГ, кіруючыся таксама прынцыпам захавання палітычнай суб’ектнасці Беларусі, праз сваіх дэлегатаў ад Польскай рады Мінскай зямлі заявілі польскай Рэгенцкай Радзе аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы», што азначала стварэнне польска-беларускай федэрацыі[8].
Вынікам дамоўленасці з нямецкім камандаваннем стаў наступ у лютым 1918 г. нямецкіх войск на Мінск. Адначасова лідары МТСГ імкнуліся паўплываць на генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, каб не перашкаджаў руху нямецкіх войск да Дняпра. З гэтай місіяй у другой дэкадзе лютага 1918 г. у Бабруйск, галоўную стаўку I Польскага корпуса, паехала дэлегацыя ад Польскай рады Мінскай зямлі (Геранім Кеневіч (1867—1925), Караль Незабытоўскі (1865—1952), Чэслаў Урбанавіч Крупскі), Польскай рады Віленскай зямлі (Вітальд Копец), Польскай рады Магілёўскай зямлі (Канстанцін Гардзялкоўскі) і інш., да якой хутка далучыліся Ежы Асмалоўскі і Козел-Паклеўскі, якія неўзабаве вярнуліся з місіі ў Варшаву да Рэгенцкай Рады[8]. Дэлегацыя паставіла на мэту пераканаць Доўбар-Мусніцкага ў непазбежнаці ліквідацыі Начпола (Naczelny Polski Komitet Wojskowy, Naczpol) і схіліць польскага генерала да супрацоўніцтва з немцамі. Кіраўніцтва Польскай рады Мінскай зямлі пайшло яшчэ далей і паслала з Мінска ў Бабруйск да сваёй дэлегацыі тэлеграму, дзе гаварылася, што, калі Доўбар-Мусніцкі не згодзіцца з прапановамі дэлегацыі «польскіх рад», то трэба прызначыць на месца начальніка I Польскага корпуса іншага афіцэра. Тэлеграма была перахоплена, дастаўлена генералу Доўбар-Мусніцкаму і выклікала заканамернае абурэнне, але ў канечным выніку Доўбар-Мусніцкі згадзіўся выканаць прапановы дэлегацыі не перашкаджаць немцам[8].
18-19 чэрвеня 1918 г. у Мінску, занятым нямецкімі войскамі, прысутнічаў на другім Польскім сходзе, арганізаваным лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што былі кіраўнікамі Польскай рады Мінскай зямлі. Другі Польскі сход быў арганізаваны з мэтай канчатковага выцяснення са складу выканаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі «эндэкаў» (з іх ідэяй інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы) і поўнага насаджэння ў шэрагах «польскай рады» ідэі палітычный суб’ектнасці Беларусі, дапускаючы толькі роўнапраўны дзяржаўны саюз Беларусі з Польшчай[5]. Караль Незабытоўскі, з’яўляючыся ўплывовым членам МТСГ, быў выбраны 18 чэрвеня ў склад выканчаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі[9].
Удзельнічаў у аднаўленні карпарацыйнай арганізацыі дваранства Мінскай губерні ў 1918—1920 гг. і выбары графа Ежы Чапскага на пасаду мінскага губернскага маршалка (1918—1920).
У пачатку лістапада 1918 г. у Мінску Караль Незабытоўскі ўваходзіў у склад дэлегацыі 30 дваран Мінскай губерні (галоўным чынам з ліку членаў МТСГ) да нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі. Дэлегаты звярнуліся з просьбай паведаміць германскаму імператару Вільгельму II аб сваім жаданні стварэння пад нямецкім куратарствам канстытуцыйна-манархічнага Вялікага Княства Літоўска-Беларускага. На сходах МТСГ даўно выказваліся ідэі аб неабходнасці манархічнага ладу дзяржавы: менавіта Караль Незабытоўскі афарыстычна заявіў там аднойчы, што рэспубліка прывядзе да «рэж публіку»[10]. Аднак праект стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага не ўдалося рэалізаваць і ў канцы лістапада 1918 г. Незабытоўскі пераехаў у трыманую польскімі войскамі Юзафа Пілсудскага Варшаву, бо ў Мінскую губерню прыходзілі войскі бальшавікоў[11].
У Варшаве Караль Незабытоўскі згрупаваўся з такімі ж маянткоўцамі-эмігрантамі з Мінскай губерні, якія 6 снежня 1918 г. заснавалі сваю арганізацыю «Саюз палякаў беларускіх ускраін» (каля 200 чалавек), на паседжаннях якога звычайна старшынстваваў Эдвард Вайніловіч, старшыня МТСГ[12]. Падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель як суб’екта федэрацыі ў склад аднаўляемай у 1919—1920 гг. Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэрацыйнай Рэчы Паспалітай і прыняў удзел у фінансаванні Літоўска-беларускіх дывізій[13].
Ужо 18 студзеня 1919 г. як прадстаўнік Саюза Караль Незабытоўскі разам з Эдвардам Вайніловічам выказваў Р. Фостэру (R.C. Foster), прадстаўніку амерыканскай ваенна-палітычнай місіі, якая рабіла зандаж у Польшчы, пастулаты пазіцый мінскіх дваран аб неабходнасці прызнання за федэрацыйнай дзяржавай, за якую змагаецца Пілсудскі, граніц 1772 г. (г.зн. граніц Рэчы Паспалітай па стану да яе першага падзелу ў 1772 г.)[11]. У канцы студзеня 1919 г. у Варшаве разам з Міхалам Ястржэбскім (членам МТСГ і найбліжэйшым сябрам Эдварда Вайніловіча) Незабытоўскі быў прадстаўніком «Саюза палякаў беларускіх ускраін» і Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на сустрэчы з прадстаўнікамі польскага Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у тым ліку з яго старшынёй Марыянам Кініорскім) і выказваўся супраць любой аграрнай рэформы па пераходу часткі зямлі ад маянткоўцаў да беззямельных грамадзян без належнага выкупу перадаванай зямлі за грошы[11]. Вясной 1919 г. стаў паўнамоцным прадстаўніком Польскага Чырвонага крыжа на беларускім фронце польска-савецкай вайны[11].
Пасля заняцця Літоўска-беларускімі дывізіямі Мінска ў жніўні 1919 г. заняў пасаду кіраўніка аднаго з галоўных аддзелаў МТСГ — гандлёвага аддзела (г.зв. «сельскагаспадарчага сіндыката») і замаў пасаду да ліпеня 1920 г., калі ў Мінск набліжаліся войскі бальшавікоў — Чырвоная армія[11].
Рэалізаваць ідэю польска-беларускай федэрацыі не ўдалося. У выніку Рыжскага мірнага дагавора (1921) усе маёнткі і іншая нерухомасць Незабытоўскага, якія аказаліся на савецкім баку (Бацэвічы і ольса), былі нацыяналізаваны савецкай уладай. На польскім баку засталіся маёнткі Хотаў (2300 моргаў) каля Стоўпцаў, Глубокае і Аляшэвічы (разам 2360 моргаў)[11].
1 мая 1921 г. Незабытоўскі прысутнічаў на агульным сходзе 54 членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка), дзе Эдвард Вайніловіч зачытаў пратакол аб скасаванні МТСГ, што было ўхвалена ўсімі прысутнымі членамі таварыства, гэтак жа як і палітычная частка таго пратакола, якая рэзка асуджала Рыжскі мірны дагавор (1921) і падзел Беларусі на часткі. Палітычная частка была апублікавана ў газетах. Адным з першых далучыўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў», якая да «Майскага пераварота» (1926) Юзафа Пілсудскага мела слабыя палітычныя ўплывы ў Польшчы. 31 мая 1926 г. Незабытоўскі сустрэўся з Пілсудскім, з якім меў сяброўскую прыватную бяседу: у час размовы заўпэўніваў Пілсудскага аб вялікай ролі масонства, а таксама выказаў крытычыныя заўвагі адносна ранейшай аграрнай палітыкі Уладзіслава Грабскага, якая прывяла да паніжэння цэн на сельскагаспадарчыя вырабы[11].
4 ліпеня 1926 г. у Вільні на сходзе 100 асоб была створана Кансерватыўная арганізацыя дзяржаўнай працы (Organizacja Zachowawcza Pracy Państwowej), якая аб’яўлялася як грамадскае аб’яднанне «віленскімі кансерватарамі», у склад якой увайшоў і Незабытоўскі[15]. Падтрымка «віленскімі кансерватарамі» пераварота і новай палітыкі Пілсудскага, асабістая знаёмасць Пілсудскага і Незабытоўскага (яшчэ з гімназіі), а таксама веды і вопыт Незабытоўскага ў аграрных пытаннях, прывялі да таго, што Пілсудскі 2 кастрычніка 1926 г. увёў двух «віленскіх кансерватараў» (Караля Незабытоўскага і Аляксандра Мяйштовіча) у склад новага ўрада[11]: Незабытоўскі стаў міністрам сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей (1926—27), а пасля (па прычыне перайменавання пасады) міністрам сельскай гаспадаркі (1927—1929). Менавіта Незабытоўскі прапанаваў Мяйштовіча на пасаду міністра юстыцыі (1926—1928), на што Пілсудскі згадзіўся[11]. Прысяга на пасаду адбылася 10 кастрычніка 1926 г. Менавіта з Незабытоўскім і Мяйштовічам Юзаф Пілсудскі прыехаў 25 кастрычніка 1926 г. у Нясвіж да князёў Радзівілаў на сустрэчу з лідарамі «віленскіх кансерватараў» — мясцовымі кансерватыўнымі арыстакратамі і заможнымі маянткоўцамі (з паўночна-усходніх ваяводстваў Польшчы — былых Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў Расійскай імперыі), маючы намер атрымаць саюзнікаў супраць польскіх «эндэкаў»[16]. Візіт у Нясвіж меў вялікае значэнне для неабходнага росту падтрымкі Пілсудскага з боку землеўладальнікаў усёй Польшчы[17].
Пасля заняцця пасады міністра Незабытоўскі пачаў кампанію па павышэнні цэн на прадукцыю сельскай гаспадаркі і скасавання бар’ераў для экспарта прадуктаў за мяжу, каб забяспечыць Польшчу наплывам валюты. Аднак віцэ-прэм’ер Казімеж Бартэль быў прыхільнікам нізкіх цэн на прадукты, таму Незабытоўскаму прышлося гэта ўлічваць насуперак сваім поглядам[11].
Прысутнічаў 18 чэрвеня 1928 г. на пахаванні Эдварда Вайніловіча (1847—1928) у Быдгашчы, а пасля апублікаваў у мясцовай газеце «Dziennik Bydgoski» (5 ліпеня 1928 г.) пахвальны артыкул яго памяці «Pamięci wielkiego obywatela i prawdziwego chrześcijanina», параўноўваючы Вайніловіча з апосталам («бо толькі сапраўдны хрысціянін у стане з пакорнасцю і падпарадкаваннем волі Боскай можа свае няшчасці так мужна пераносіць і мець яшчэ слова суцяшэння для іншых»).
Займаючы пасаду міністра, Незабытоўскі стаў сенатарам (1928—1930) ад Палескага ваяводства.
7 снежня 1929 г. падаў у адстаўку, як і іншыя члены кабінета Казімежа Світальскага, і не ўвайшоў у склад новага кабінета Казімежа Бартэля[18]. Пасля заканчэння кадэнцыі сенатара ад Палескага ваяводства 30 жніўня 1930 г., пакінуў палітыку і пачаў займацца толькі кіраваннем свайго маёнтка Хотаў[18]. У 1930 г. таксама быў адзначаны Камандорскім крыжам з зоркай ордэна Адраджэння Польшчы (1930).
Пасля адходу ад палітыкі жыў маёнтку Хотаў, гаспадарку якога трымаў на высокім узроўні і дзе заснаваў новы каталіцкі касцёл[18]. Пісаў артыкулы ў газеты кансерватыўнай накіраванасці, у тым ліку і ў газету «віленскіх кансерватараў» «Słowo». Напрыклад, апублікаваў у 1933 г. у польскім кансерватыўным часопісе «Nasza Przyszłość» (t. 27 1933 г.) свой артыкул «Czy polacy są słowianami» («Ці з’яўляюцца палякі славянамі?»), дзе выказаўся, што палякі славянамі не з’яўляюцца[18].
З пачаткам акупацыі Польшчы (1939) нямецкімі войскамі у ходзе Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 г. Незабытоўскі з сям’ёй выехаў у Велікабрытанію, пасля ў Францыю, затым зноў пераехаў у Вялікабрытанію[18]. Напісаў некалькі мемуарных артыкулаў, у першую чаргу ўспаміны пра заняцце пасады міністра і школьныя гады побач з Юзафам Пілсудскім («Od szkolnej ławy z Piłsudskim», 1952 г.)[18]. У апошнія гады жыцця жыў у галечы і ўтрымліваўся ў прыватным пансіянаце «Antokol» (названым у гонар прадмесця Вільні — Антокаль) для «ветэранаў» палітычнай эліты міжваеннай Польшчы, што фінансаваўся за кошт польскага Грамадзянскага камітэта[18].
Памёр 26 лістапада 1952 г. у горадзе Бэкенхэм (графства Кент, Велікабрытанія). Быў пахаваны на мясцовых могілках Элмерс Энд (Elmers End Cemetery) горада Бэкенхэм (Beckenham), што зараз ужо з’яўляецца часткай Вялікага Лондана[18].
У некралогу, размешчаным у брытанскай польскамоўнай газеце «Wiadomości», аб Каралю Незабытоўскім было напісана: «Караль Незабытоўзскі быў неардынарнай і вельмі прадпрымальнай асобай. Будаваў на тэрыторыі Бабруйшчыны дарогі і масты. Арганізоўваў дабрачынную дзейнасць. Дапамагаў моладзі <…> Зараз цяжка сустрэць людзей з такой сілай духа»[3].
У 1990-х гг. дачка Караля Незабытоўскага Ірэна О’Рурык (1907-97) з унукам Іванам наведала Бацэвічы і Бабруйск. Паглядзела на месца зруйнаванай сядзібы ў Бацэвічах, дзе яна дзяўчынкай правяла дзяцінства[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.