From Wikipedia, the free encyclopedia
Канфлікт у Судане 2023 года — узброенае супрацьстаянне на тэрыторыі Судана паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП), якая сыходзіць сваімі каранямі да апалчэння Джанджавід. Баявыя дзеянні ўспыхнулі 15 красавіка 2023 года, спачатку ахапіўшы сталіцу, а хутка і розныя іншыя часткі краіны. Сам канфлікт стаў следствам барацьбы за ўладу паміж Абдэлем аль-Бурханам і Махамедам Дагала, а таксама няўдалай спробы інтэграцыі САП у шэрагі арміі.
Артыкул апісвае бягучыя падзеі. |
Канфлікт у Судане | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Пераход Судана да дэмакратыі | |||
Дата | з 15 красавіка 2023 | ||
Месца | Судан | ||
Прычына | барацьба за ўладу, спробы інтэграцыі САП у шэрагі арміі | ||
Статус |
канфлікт працягваецца, неадразова ўводзіўся рэжым спынення агню Спіс
16.04: з 16:00 па 19:00 штодня ўведзены рэжым спынення агню для гуманітарнай дапамогі
18.04: з 18:00 дзейнічала 24-гадзіннае перамір’е 21.04: абвешчана трохдзённае перамір’е 25.04: з 00:00 дзейнічае 74-гадзіннае перамір’е 30.04: дзейнічае 74-гадзіннае перамір’е 04.05: дзейнічае тыднёвае спыненне агню 22.05: з 21:45 дзейнічае тыднёвае спыненне агню (29.05 падоўжана да 03.06) 10.06: з 06:00 дзейнічае 24-гадзіннае перамір’е 18.06: з 06:00 дзейнічае 72-гадзіннае перамір’е 27.06: дзейнічае перамір’е з нагоды свята Курбан-байрам |
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першапачаткова асобныя СМІ назвалі падзеі спробай дзяржаўнага перавароту[20]. З часам у медыя загаварылі аб перарастанні барацьбы ў грамадзянскую вайну[21].
Сутыкненні выклікалі гуманітарны крызіс у сталіцы краіны і прыпыненне паветраных зносін. Міжнародная супольнасць аднадушна выказалася ў нейтральным ключы і заклікала бакі да міру. Аднак асобныя дзяржавы і замежныя сілы былі абвінавачаны ў падтрымцы таго ці іншага боку.
УСС і САП неадразова абвяшчалі аб часовым спыненні баявых дзеянняў, але не адно перамір’е не выконвалася фракцыямі канфлікту, таму супрацьстаянне працягвалася.
19 снежня 2018 года ў Судане ўспыхнулі пратэсты з-за рэзкага росту цэн і пагаршэння эканамічнага стану[22]. У студзені 2019 года ўвага пратэстуючых пераключылася з эканамічных пытанняў на заклікі да адстаўкі прэзідэнта краіны Амара аль-Башыра, які знаходзіўся ва ўладзе амаль 30 гадоў[23][24].
На гэтым фоне 11 красавіка адбыўся дзяржаўны пераварот, і да ўлады прыйшлі вайскоўцы. Новым кіраўніком дзяржавы стаў Абдэль Фатах аль-Бурхан, узначаліўшы Пераходны ваенны савет. На змену яму прыйшоў Суверэнны савет. У яго склад увайшлі як грамадзянскія асобы, так і вайскоўцы. За два гады дадзены орган так і не змог прымірыць бакі з глыбокімі палітычнымі рознагалоссямі, што існавалі яшчэ ў часы аль-Башыра. Больш за тое, Савет пачаў праводзіць жорсткія эканамічныя рэформы, каб прэтэндаваць на пазыкі Міжнароднага валютнага фонду, аднак такое рашэнне выклікала супраціў сярод насельніцтва[25].
21 верасня 2021 года прыхільнікамі экс-прэзідэнта Амара аль-Башыра была арганізавана спроба дзяржаўнага перавароту, але яна правалілася[26][27].
25 кастрычніка таго ж года, у выніку канфлікту паміж вайсковымі і грамадзянскімі прадстаўнікамі ўлады, генерал Бурхан здзейсніў дзяржаўны пераварот, усталяваўшы поўнае панаванне арміі ва ўрадзе. Быў арыштаваны прэм’ер-міністр Абдала Хамдок.
З моманту апошняга перавароту краінай кіравала ваенная хунта (Пераходны суверэнны савет Судана)[28]. Камандуючы Узброенымі сіламі Судана Абдэль Фатах аль-Бурхан і камандзір Сіл аператыўнай падтрымкі Махамед Хамдан Дагала былі лідарамі змоўшчыкаў. Аднак паколькі аль-Бурхан, які ўзначальваў хунту, манапалізаваў уладу, Дагала выказаў шкадаванне з нагоды перавароту[29] .
У пачатку красавіка 2023 года было адкладзена падпісанне пагаднення паміж хунтай і прадстаўнікамі больш за 50 грамадзянскіх арганізацый і груп. Пагадненне прадугледжвала стварэнне ў краіне пераходнай грамадзянскай улады. Акрамя таго, дакумент, подпіс пад якім паставілі таксама лідары апазіцыйнага альянсу «Сілы за свабоду і перамены», устанаўліваў тэрміны пераходнага перыяду, за якім павінны рушыць услед выбары. Прычынай пераносу падпісання стала неабходнасць узгадніць інтэграцыю САП у склад Узброеных Сіл. Паміж арміяй і войскамі Дагала пачаліся рознагалоссі з нагоды будучай структуры бяспекі і прынцыпаў фарміравання. У прыватнасці пра тое, хто павінен узначаліць узброеныя сілы — прафесійны вайсковец або грамадзянскі лідар[30].
З 11 красавіка атрады САП былі разгорнуты паблізу горада Мерове, а таксама ў Хартуме. Улады загадалі ім сысці, аднак байцы адмовіліся падпарадкоўвацца[31]. 13 красавіка САП пачалі мабілізацыю. Гэта выклікала асцярогі з нагоды магчымага паўстання супраць хунты. Суданскія ўлады заявілі, што мабілізацыя была незаконнай[32].
Аргументуючы сваю пазіцыю, Дагала абвінаваціў Бурхана ў спробе вярнуць да ўлады Башыра[33]. У сваю чаргу суданская армія абвінаваціла САП у «здрадлівай змове» супраць краіны і заявіла, што арганізацыя будзе распушчана[28].
Баявыя дзеянні пачаліся 15 красавіка з нападаў байцоў САП на некалькі вайсковых лагераў у Хартуме. Сутыкненні распаўсюдзіліся на сталічныя раёны Джабра, Кафуры і Шамбат[34]. Прадстаўнікі ваенізаваных фарміраваній заявілі, што яны захапілі міжнародны аэрапорт. Побач з галоўным камандаваннем і рэзідэнцыяй Бурхана была чутна стральба. Атрады, лаяльныя Дагала, умацавалі свае пазіцыі ў аэрапорце, а ўрадавыя сілы размясцілі бранятэхніку каля прэзідэнцкага палаца[35]. Пазней паўстанцы паведамілі пра захоп прэзідэнцкай рэзідэнцыі, аднак улады абверглі гэта[35]. Наступныя баі вяліся з ужываннем цяжкага ўзбраення[36]. УСС задзейнічалі авіяцыю, а войскі Дагала выкарыстоўвалі сістэмы супрацьпаветранай абароны і цяжкую артылерыю для адлюстравання варожых нападаў[37]. Самыя жорсткія баі назіраліся ў цэнтры каля прэзідэнцкага палаца і штаба арміі[38]. Сутыкненні закранулі і Амдурман (горад-спадарожнік сталіцы)[39].
У першую палову дня баі ахапілі Мерове[40]. Тут барацьба вялася за аэрапорт і бліжэйшую ваенную базу[35]. Адначасна мяцежнікі захапілі паветраную гавань Аль-Абейд[41]. У 13:30 прыхільнікі Бурхана заявілі, што камандуючы сіламі САП у штаце Белы Ніл здаўся, а мяцежныя лагеры Тайба і Соба былі «знішчаны»[42]. Атрады Дагала паведамілі, што яны захапілі аэрапорт, штаб сувязі і медыцынскі корпус у Аль-Фахіры. Урад у сваю чаргу абвясціў аб перамогах у правінцыях Гедарэф і Касала[36]. Хутка пачалі паступаць звесткі пра баі ў горадзе Порт-Судан[43].
Таксама сутычкі зафіксаваны ў Дарфуры, а менавіта ў Залінгеі[44] і Эль-Фашыры[45]. Адначасна паўстанцы амаль без баёў захапілі Эль-Генейну[46]. Гэтая перамога дазволіла войскам Дагала ўзяць і іншыя гарады Дарфура[47], у ліку якіх Кабкабія[48] і Ньяла[49].
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Фотаздымкі за 16 красавіка 2020 | |
Суданцы вітаюць салдат арміі, верных Бурхану, г. Порт-Судан. | |
Дым над жылымі дамамі, г. Хартум. | |
16 красавіка Служба агульнай разведкі абвясціла аб паланенні генерал-маёра і брыгаднага генерала з атрадаў САП[35]. 19 красавіка байцы Бурхана абвінавацілі праціўніка ў нападах на мірных жыхароў у Хартуме і іншых частках краіны, здзяйсненні актаў рабаванняў і падпалаў на рынку ў Хартум-Бахры, а таксама ў рабаваннях і нападах на людзей у Мерове[50]. 20 красавіка паведамлялася аб выбухах у Эль-Абейдзе, сталіцы штата Паўночны Кардафан[51]. 25 красавіка ўрадавыя сілы захапілі горад Вад-Банда ў штаце Заходні Кардафан[52]. Прыхільнікі Дагала на наступны дзень заявілі, што захапілі нафтаперапрацоўчы завод і электрастанцыю ў Гарыры. Паведамлялася аб новых баях у Заходнім Кардафане. У штаце Блакітны Ніл фіксаваліся міжабшчынныя сутыкненні[53].
1 мая прадстаўнікі арміі генерала Бурхана паведамілі, што адбілі шэраг удараў праціўніка ў розных частках краіны, у тым ліку наступленні з заходніх рэгіёнаў, уздоўж паўночна-заходняй мяжы і з Эль-Багіра ў Джэбель-Аулію[54]. Крыху пазней актывізаваліся баі за дарфурскія гарады Эль-Фашыр[55] і Эль-Генейна[56]. Акрамя таго, да ўзброенай барацьбы на захадзе краіны далучыўся апазіцыйны «Рух за справядлівасць і роўнасць»[57]. 26 мая міністэрства абароны абвясціла мабілізацыю адстаўных вайскоўцаў[58].
11 чэрвеня баі ўспыхнулі з новай сіла: паведамлялася аб новых выпадках нападаў арабскіх апалчэнцаў у Эль-Генейне і авіяцыйных бамбардзіроўках сталіцы, а горад Аль-Абейд быў абложаны паўстанцамі[59]. 21 чэрвеня да канфлікту далучылася фракцыя аль-Хілу з групоўкі «Народна-вызваленчы рух Судана–Поўнач». Разам з САП яе баевікі атакавалі часці УСС у штаце Паўднёвы Кардафан, а менавіта ў гарадах Кадуглі і Аль-Даланджы[60].
У ліпені на поўдні краіны ўзмацніліся сутыкненні УСС з атрадамі Дагала і аль-Хілу. Прыхільнікі апошняга захапілі некалькі гарнізонаў у Паўднёвым Кардафане і пачалі атакі ў Блакітным Ніле[61][62]. 24 ліпеня ўрадавыя сілы перакрылі дарогу Хартум — Бара. Паводле заяў прадстаўнікоў Бурхана, шашу выкарыстоўвалі часці САП[63]. 31 ліпеня Мустафа Тамбур, лідар адной з фракцый групоўкі «Вызваленчы рух Судана», абвясціў, што яго сілы далучыліся да Бурхана ў барацьбе супраць Дагала[64].
17 верасня офіс Суданскай падатковай службы[65] і 18-павярховая вежа Greater Nile Petroleum Oil Company[66], славутасць Хартума, загарэліся падчас баёў. УСС абвінавацілі САП у падпале будынкаў. Байцы Бурхана атакавалі пазіцыі паўстанцаў у Эль-Абейдзе і адбілі ў ворага лагер Аль-Хасахіса ў Залінгеі[65]. 18 верасня ў Порт-Судане ўспыхнулі баі паміж УСС і апалчэннем племя беджа пад правадырствам Шэбы Дарара[67]. 23 верасня баевікі фракцыі групоўкі «Вызваленчы рух Судана» пад пачаткам аль-Нура захапілі горад Тавіла[68]. 6 кастрычніка САП усталявалі кантроль на Аль-Айлафунам у 30 км ад сталіцы[69].
1 кастрычніка часці САП атакавалі горад Вад-Ашан у Паўночным Кардафане[70][71]. 5—6 кастрычніка яны ўсталявалі кантроль над горадам Аль-Айлафун на паўднёвы ўсход ад Хартума, захапіўшы помпавую станцыю на нафтаправодзе[72][73]. У канцы месяца атрады войск Дагала ўзялі штабы УСС у Ньяле (16-я дывізія)[74] і Залінгеі (21-я пяхотная дывізія)[75]. 4 лістапада САП бяруць штаб 15-й дывізіі ў Генейне[76]. 16 лістапада фракцыя ВРС Міні Мінаві і Рух за справядлівасць і роўнасць заявілі, што далучаюцца да сіл Бурхана ў барацьбе з генералам Дагала[77]. У канцы лістапада абвастрыліся баі ў Заходнім Кардафане (Эль-Адэе[78], Бабануса[79], Муглад[80]). 27 лістапада групоўкі АСАД дасягнулі пагаднення з баевікамі аль-Нура аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў Эль-Фашыры ад нападаў САП[81]. 8 снежня войскі Дагала ўварваліся ў штат Гедарэф[82].
16 снежня разгарнуліся баі за Вад-Медані, адміністрацыйны цэнтр штата Гезіра[83]. 19 снежня горад захоплены. Аль-Джазіра назвала страту Вад-Медані «важным паваротам» у вайне[84]. Суданскае грамадства стала губляюць веру ў тое, што ўрад Бурхана здольны разграміць Дагала[84]. Выраслі заклікі да дзяржаўнага перавароту з мэтай адхілення цяперашняга ваеннага кіраўніцтва[85].
У пачатку 2024 года паўстанцы Дагала здзейснілі атакі на Паўднёвы Кардафан, разграміўшы сілы праціўніка у горадзе Хабіла ў нубійскіх гарах і прасунуўшыся ў бок Даланга[86]. 8 студзеня адбыліся сутыкненні ў гарах Нубы з удзелам УСС, САП і НВРС-П. Урадавая авіяцыя атакавала лагер байцоў Дагала пад Далангам[87]. Напярэдадні атрады НВРС-П захапілі горад[88]. Суданская армія паспрабавала адбіць яго, але прыхільнікі Дагала і аль-Хілу сумесна адлюстравалі атаку праціўніка[89]. У рэшце рэшт пачаліся сутычкі паміж НВРС-П і САП. Апошнія былі вымушаны адступіць. Потым прыхільнікі Дагала, якія адыходзілі з-пад Даланга, увайшлі ў горад Муглад у Заходнім Кордафане, лёгка ўзяўшы горад пад свой кантроль[90].
13 студзеня Узброеныя сілы Судана атакавалі гарады Эль-Бувейда (штат Гезіра) і Эль-Фаў (штат Гедарэф)[91]. На наступны дзень актывізаваліся сутыкненні пад Эль-Генейнай, дзе авіяцыя прыхільнікаў Бурхана нанесла ўдары па старажытных меройскіх гарадах Нага і Мусаварат-эс-Суфра, якія абодва ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[92].
17 студзеня паведамлялася аб баях на ўсход ад Аль-Мангала, апошняга буйнога горада Гезіры, які не знаходзіўся пад кантролем атрадаў Дагала. Так як гарнізон быў адрэзаны ад асноўных сіл, войскі Бурхана забяспечвалі абаронцаў па паветры на верталётах. У такіх цяжкіх умовах Служба агульнай разведкі пачала выбарачна вербаваць і ўзбройваць грамадзянскіх асоб, каб адлюстраваць варожае наступленне на Аль-Мангалу[93]. Пазней САП пачалі наступленне на Бабануса[94]. Ужо 26 студзеня Sudan War Monitor паведаміла, што войскі Дагала захапілі большую частку горада, і паказала, што паўстанцы праніклі ў штаб 22-й пяхотнай дывізіі УСС[95]. У сакавіку прасоўванне паўстанцаў у штаце прыпынілася[96].
У лютым армія Бурхана правяла паспяховае наступленне ў Амдурмане, аб’яднаўшы свае сілы ў паўночнай частцы горада і і дэблакаваўшы атрады ў цэнтры, якія 10 месяцаў знаходзіліся ў акружэнні[97]. Гэта стала першым буйным прарывам для Узброеных сіл у вайне. Тым не менш, станам на 19 лютага, значную частку горада (захад і поўдзень) кантралявалі паўстанцы Дагала[98].
У красавіку актывізаваліся баявыя дзеянні ў Эль-Фашыры, што вымусіла Бурхана адцягнуць сілы і рэсурсы з іншых участкаў. Гэта запаволіла ваенныя аперацыі ўрадавай арміі ў Хартуме і Амдурмане. У прыватнасці, для перакідцы войск і грузаў у абложаны горад задзейнічана авіяцыя[99]. У маі САП пачалі наступленне ў Паўночным Кардафане[100]. 20 чэрвеня пасля некалькіх гадзін баёў армія Дагала захапіла сталіцу Заходняга Кардафана Аль-Фулах, вымусіўшы УСС адступіць да Бабанусы[101]. У канцы месяца яна прасунуліся ў штаце Сенар, захапіўшы раён Джэбель-Мая і горад Сінгу[102][103]. У пачатку ліпеня паўстанцы ў ходзе маштабнага наступлення захапілі вялікія ўчасткі тэрыторыі і паселішчы Мазмум, Вадан-Найл, Сукі і Дзіндэр, прасунуўшыся да мяжы Паўднёвага Судана[104].
У канцы верасня ўрадавыя сілы разгарнулі буйное наступленне ў сталіцы[105].
1 кастрычніка войскі аль-Нура і Сілы вызвалення Судана на чале з Эль-Тахірам Хаджарам стварылі нейтральны ваенны альянс, накіраваны на абарону мірных жыхароў у Дарфуры[106]. У кастрычніку войскі Бурхана актывізуюць свае дзеянні ў рэгіёнах Сенар і Гезіра, адбіўшы Дындэр[107].
У першы дзень канфлікту былы прэм’ер-міністр Абдала Хамдок публічна звярнуўся да Бурхана і Дагала з просьбай спыніць баявыя дзеянні[108].
16 красавіка 2023 года бакі, паводле прапановы ААН, дамовіліся прыпыніць баявыя дзеянні з 16:00 да 19:00 па мясцовым часе штодня для бяспечнага праходу ў выпадку неадкладных гуманітарных сітуацый. У той жа час, як папярэдзілі прыхільнікі Бурхана, яны пакідаюць за сабой права рэагаваць, калі САП «здзейсняць якія-небудзь парушэнні»[109][110].
18 красавіка генерал Дагала заявіў, што яго ваенізаваныя фармаванні пагадзіліся на аднадзённае перамір’е, каб забяспечыць бяспечны праход грамадзянскіх асоб, у тым ліку параненых. Рашэнне было прынята пасля размовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам[111]. УСС таксама пагадзіліся на 24-гадзіннае спыненне агню, якое пачалося ў 18:00 па мясцовым часе[112]. Гэтыя дамоўленасці не былі выкананы, і ў пазначаныя тэрміны баявыя дзеянні працягваліся. УСС і САП выступілі з заявамі, у якіх абвінавачвалі адзін аднаго ў незахаванні рэжыму спынення агню[113].
21 красавіка САП заявілі, што будуць выконваць 72-гадзіннае спыненне агню, якое ўступіць у сілу ў 6:00 таго дня, у пачатак ісламскага свята Ід аль-Фітр (Ураза-байрам)[114]. Нягледзячы на тое, што ў другой палове дня армія пагадзілася на трохдзённае перамір’е, баявыя дзеянні працягваліся[115].
24-га бакі дамовіліся аб спыненні агню на 72 гадзіны. Перамір’е павінна было пачацца з паўночы[116]. У САП заявілі, што мэтай спынення агню было стварэнне гуманітарных калідораў для мірных жыхароў і эвакуцыі дыпламатычных місій[117]. 26 красавіка Міжурадавы орган па развіцці прапанаваў падоўжыць рэжым спынення агню яшчэ на 72 гадзіны[118]. 30 красавіка варагуючыя сілы абвясцілі аб падаўжэнні рэжыму спынення агню яшчэ на 72 гадзіны[119][120].
1 мая спецыяльны пасланнік ААН у Судане Фолькер Пертэс абвясціў, што бакі дамовіліся накіраваць прадстаўнікоў для перамоваў пры пасярэдніцтве міжнароднай арганізацыі, але не назваў дату і месца правядзення сустрэчы[121]. На наступны дзень варагуючыя фракцыі абвясцілі аб пачатку з 4 мая чарговага перамір’я тэрмінам на тыдзень[122]. 6 мая бакі сустрэліся на перамовах у саудаўскай Джыдзе[123][124]. 11 мая варагуючыя фракцыі падпісалі пагадненне, якое дазваляла бяспечны праход людзям з зоны баявых дзеянняў. Аднак дамоўленасці аб перамір’і дасягнута не было[125].
20 мая ў Джыдзе фракцыі канфлікту дамовіліся аб тыднёвым спыненні агню, пачынаючы з 21:45 22-га чысла[126]. 29 мая перамір’е падоўжана да 3 чэрвеня[127]. 31 мая прадстаўнікі суданскай арміі прыпынілі свой удзел у перамовах у Джыдзе. Напярэдадні, як яны заявілі, праціўнік парушыў дамоўленасці і нанёс серыю артылерыйскіх і паветраных удараў[128]. Аднак потым бакі аднавілі перамоўны працэс[129]. 9 чэрвеня фракцыі дамовіліся аб перамір’і на суткі, пачынаючы з 6 раніцы 10-га чысла[130]. Яшчэ адзін рэжым спынення агню, у гэты раз на 72 гадзіны, пачаўся з 6:00 18 чэрвеня[131]. 27 чэрвеня абвешчана чарговае перамір’е з нагоды свята Курбан-байрам[132].
13 ліпеня падчас саміту ў Каіры УСС, САП і лідары суседніх з Суданам дзяржаў дамовіліся аб новай ініцыятыве па ўрэгуляванні канфлікту. Прэзідэнт Егіпта Абдул Фатах ас-Сісі заявіў, што ініцыятыва будзе ўключаць у сябе ўсталяванне трывалага спынення агню, стварэнне бяспечных гуманітарных калідораў для дастаўкі дапамогі і пабудову дыялогавай платформы, у якой будуць удзельнічаць усе палітычныя партыі і дзеячы краіны. Ён таксама заклікаў бакі пачаць мірныя перамовы пад кіраўніцтвам Афрыканскага саюза[133]. 15 ліпеня аднавіліся перамовы ў Джыдзе[134], але 27 ліпеня УСС іх зноў прыпынілі, абвінаваціўшы САП у новых парушэннях рэжыму спынення агню і запатрабаваўшы вываду войск Дагала з Хартума[135].
3 снежня новая хваля перамоў у Джыдзе была прыпынена бакамі[136]. Станам на сярэдзіну снежня мірны працэс так і не атрымалася аднавіць[137]. 24 снежня Фарыс Эльнур, галоўны перамоўшчык ад САП на мірных працэсе, падаў у адстаўку, абвінаваціўшы праціўніка ў перашкодзе перамовам[138].
Выступаючы перад войскамі 12 красавіка 2024 года, Бурхан заявіў, што папярэдняй умовай перамоў з’яўляецца вывад САП з усіх буйных гарадскіх цэнтраў[139]. Чакалася, што ў красавіку будуць адноўлены перамовы ў Джыдзе, але бакі выбралі новую пляцоўкі — Каір[140]. 29 мая адбылася тэлефонная размова Бурхана з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, які запатрабаваў аднаўлення працэсу менавіта ў Джыдзе. Суданскі ўрад адмовіўся, спаслаўшыся на адсутнасць папярэдніх кансультацый[141][142].
Шэраг краін (ЗША[143], Расія[144], Вялікабрытанія[145], Іспанія[146], Турцыя, Саудаўская Аравія, Катар, ААЭ, Іарданія, Эфіопія[36], Кітай[147]) і міжнародных арганізацый (Афрыканскі Саюз[148], ЕС[149], ААН, Ліга арабскіх дзяржаў[36]) асудзілі гвалт і заклікалі спыніць баі. Егіпет і Паўднёвы Судан прапанавалі свае паслугі ў якасці дзяржаў-пасярэднікаў у мірным урэгуляванні[150]. Чад абвясціў аб часовым закрыцці сваёй мяжы з Суданам[151] (нягледзячы на гэта, паводле агенцтва ААН па справах бежанцаў на 20 красавіка, ад 10 000 да 20 000 суданцаў здолелі перайсці дзяржаўную граніцу[152]). Некалькі авіякампаній, пасля абстрэлу самалётаў у аэрапорце Хартума, прыпынілі палёты ў сталіцу краіны[153].
Савет ААН па правах чалавека прыняў 11 мая 2023 года дакумент, накіраваны на ўзмацненне маніторынгу парушэнняў падчас канфлікту ў Судане, нягледзячы на супраціў суданскага ўрада. Ён таксама заклікаў пакласці канец гвалту і пашырыць мандат эксперта ААН па Судану, уключыўшы ў яго маніторынг злоўжыванняў, «якія вынікаюць непасрэдна з бягучага канфлікту». 18 членаў прагаласавалі за рэзалюцыю, 15 прагаласавалі супраць і 14 устрымаліся[154].
1 чэрвеня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да чатырох фірмаў: двух, звязаных з Дагала, і двух, звязаных з Бурханам. Як паведамілі ў Белым доме, гэта стала адказам на шматлікія парушэнні рэжыму спынення агню і напады на мірных жыхароў[155].
10 ліпеня Міжурадавы орган па развіцці на саміце ў Адыс-Абебе пагадзіўся запытаць Рэзервовыя сілы Усходняй Афрыкі разглядзець пытанне магчымага разгортвання міратворцаў для абароны грамадзянскіх асоб і забеспячэння гуманітарнай дапамогі[156].
12 ліпеня Злучанае Каралеўства абвясціла аб санкцыях у дачыненні да фірмаў, звязаных з САП і УСС, за прадастаўленне сродкаў і зброі ў ходзе канфлікту[157].
22 студзеня 2024 года Еўрапейскі савет увёў санкцыі супраць шасці фірмаў «за падтрымку дзейнасці, якая падрывае стабільнасць і палітычны пераход у Судане». Сярод іх апынуліся дзве фірмы, якія займаюцца вытворчасцю зброі і транспартных сродкаў для арміі Бурхана[158]. 31 студзеня ЗША ўвялі санкцыі супраць трох фірмаў, звязаных з САП[159][160], а 15 мая — у дачыненні да кіраўніка аперацый мяцежнікаў Асмана Махамеда Хаміда Махамеда і камандуючага паўстанцамі ў Цэнтральным Дарфуры Алі Ягуба Джыбрыла[161]. 23 чэрвеня Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі ў дачыненні да шасці арганізацый за вытворчасць і закупку зброі для УСС і САП[162]. 11 верасня Савет Бяспекі ААН аднагалосна прагаласаваў за падаўжэнне эмбарга на пастаўкі зброі і іншых санкцый, звязаных з вайной у Судане, да 2025 года[163]. 24 кастрычніка ЗША ўвялі санкцыі супраць Міргані Ідрыса Сулеймана, дырэктара суданскай сістэмы абароннай прамысловасці, за яго ролю ў набыцці зброі УСС[164].
Вечарам 15-га стала вядома аб паланенні САП 200 егіпецкіх вайскоўцаў недалёка ад Мерове[165]. Першапачаткова не было дадзена ніякага афіцыйнага тлумачэння прысутнасці егіпецкіх салдат, хоць Егіпет і Судан мелі цеснае ваеннае супрацоўніцтва з-за дыпламатычнай напружанасці з Эфіопіяй[166]. Пазней афіцыйны Каір заявіў, што яго вайскоўцы знаходзіліся ў краіне для правядзення сумесных вучэнняў з суданскай арміяй[40].
16-га чысла САП заявілі, што замежныя знішчальнікі атакавалі іх войскі ў Порт-Судане[167]. Як меркавалася, гэта былі егіпецкія самалёты. На наступны дзень спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя The War Zone, паказалі, што на авіябазе Мерове адзін знішчальнік МіГ-29 егіпецкіх ВПС быў знішчаны. Два іншых былі моцна пашкоджаны або знішчаны[168]. Акрамя ВПС, у баях на баку арміі Бурхана верагодна заўважаны спецпрызн[169].
У інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія» генерал суданскай арміі заявіў, што дзве суседнія краіны, якія ён не назваў, спрабавалі аказаць дапамогу САП[170]. Асобныя крыніцы паведамлялі пра падтрымку з боку ПВК «Вагнер». Яе кіраўнік Яўген Прыгожын адмаўляў удзел у падзеях, заявіўшы, што кампанія не мае прысутнасці ў Судане больш за два гады[171]. Лівійская нацыянальная армія, якую таксама абвінавацілі ў супрацоўніцтве з САП, зрабіла аналагічную заяву[172]. Аднак, па паведамленнях The Wall Street Journal, лівійскі ваеначальнік Халіфа Хафтар пры падтрымцы ААЭ і «Вагнера» накіраваў як мінімум адзін самалёт з ваенным рыштункам для войск Дагала[173].
19 красавіка эфіопскія вайскоўцы атакавалі атрады УСС у памежным раёне Эль-Фашэр. Паводле суданскіх уладаў, эфіопы ўзмацнілі сваю ваенную актыўнасць на агульнай мяжы з пачаткам сутыкненняў[174]. Аднак прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед Алі адмаўляў факт якіх-небудзь баёў на мяжы[175].
У той жа час захопленыя егіпецкія вайскоўцы былі вызвалены і адпраўлены на радзіму на борце трох егіпецкіх ваенна-транспартных самалётаў, якія вылецелі з аэрапорта Хартума[176][177].
19 верасня тэлеканал CNN паведаміў, што ўкраінскія ССА меркавана стаялі за серыяй удараў беспілотнікаў і наземнай аперацыяй супраць САП у раёне Хартума 8 верасня[178]. Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрв’ю 22 верасня, што не можа ні адмаўляць, ні пацвярджаць дачыненне дзяржавы да канфлікту ў Судане[179].
6 лістапада былі апублікаваны кадры, знятыя БПЛА, дзе ў невядомым суданскім горадзе вялі бой украінскі спецназ і вагнераўцы[180]. У лютым Кіеў афіцыйна пацвердзіў удзел прадстаўнікоў Галоўнага ўпраўлення разведкі МА ў баявых дзеяннях[181].
28 чэрвеня 2024 года Судан адклікаў свайго пасля ў Чадзе Асмана Мухамеда Юніса, абвінаваціўшы суседнію краіну ў падтрымцы Дагала[182]. 9 кастрычніка Дагала абвінаваціў Егіпет ва ўдзеле ў аперацыях УСС і нанясенні авіяўдараў па пазіцыях САП у Гара-Мая, што Каір адмаўляў. Ён таксама сцвярджаў , што ў канфлікце ўдзельнічалі тыграйскія, эрытрэйскія, азербайджанскія і ўкраінскія найміты[183][184].
Успышка гвалту заахвоціла свет сачыць за сітуацыяй у Судане, а ўрады дзяржаў перайсці да выратавання сваіх грамадзян з «гарачай кропкі». У краіне на той момант знаходзілася вялікая колькасць замежнікаў. Самымі буйнымі групамі былі амерыканцы (16 000 чалавек, большасць з якіх мелі падвойнае грамадзянства[185]) і егіпцяне (10 000 чалавек[186]). Аднак сама эвакуацыя была абцяжарана з-за баявых дзеянняў у сталічным Хартуме, асабліва ў міжнародным аэрапорце і вакол яго. Гэта вымусіла многіх ехаць на машынах у Порт-Судан, які знаходзіцца прыкладна ў 650 км на паўночны ўсход ад Хартума[187], адкуль замежнікі вывазіліся па паветры альбо караблямі. Іншыя эвакуацыі праводзіліся праз наземныя пагранпераходы.
Баявыя дзеянні ў Хартуме прывялі да таго, што многія жыхары апынуліся ў сваіх дамах без электрычнасці і вады больш чым на 48 гадзін, што яшчэ больш пагоршылася гвалтам, які меў месца падчас поснага месяца Рамадан. Хартумцы праз вулічныя перастрэлкі не маглі выйсці за прадуктамі ў краму. У бальніцах адчуваўся недахоп персаналу і запасаў матэрыялаў з-за патоку параненых[188]. Жахлівае становішча склалася таксама ў Дарфуры[35]. Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заявіла, што аказанне гуманітарнай дапамогі ў ваколіцах Хартума практычна немагчыма, і папярэдзіла, што сістэма аховы здароўя Судана знаходзіцца на мяжы калапсу[189]. Больш за тое, Сусветная харчовая праграма абвясціла аб прыпыненні ўсіх аперацый у Судане пасля гібелі сваіх супрацоўнікаў[190].
На 24 красавіка 2023 года краіну пакінулі больш за 30 000 чалавек[191][192]. Першапачаткова асноўны паток бежанцаў прынялі суседнія Чад і Паўднёвы Судан[193]. Уцекачы пераважна прыбывалі з Хартума і Дарфура[194]. На 2 мая ў ААН паведамілі аб 334 000 унутрана перамешчаных асоб і 100 000 бежанцаў за мяжой[195].
У маі на фоне канфлікту зафіксавана ўспышка туберкулёзу[196]. Павялічэнне колькасці хворых у краіне адбылося адначасна з Украінай, дзе на той момант пацверджана больш за 34 000 выпадкаў[197][198]. Пра ўспышку ўпершыню паведаміла 8 мая ААН. Было адзначана, што ад хваробы штодзённа паміраюць 4400 чалавек, у тым ліку 700 дзяцей[198].
Паводле ацэнак ААН, эканамічная актыўнасць у Судане ўпала больш чым на траціну за першыя тры тыдні канфлікту[199]. У ліпені суданскія эканамісты ацанілі агульную суму шкоды ў $9 млрд, або ў сярэднім у $100 млн[200]. У лютым 2024 года міністр фінансаў Джыбрыл Ібрагім заявіў, што з-за баявых дзеянняў у 2023 годзе эканоміка Судана скарацілася на 40 працэнтаў, а ў 2024 годзе чакаецца дадатковы спад на 28 працэнтаў. Дададзена, што дзяржаўныя даходы скараціліся на 80 адсоткаў[201].
У пачатку падзей суданская армія абвясціла аб закрыцці ўсіх аэрапортаў краіны[202]. Каля 13:00 17-га чысла ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі цалкам закрыла паветраную прастору для палётаў[203].
16-га чысла тэлекамунікацыйны правайдэр MTN адключыў інтэрнэт-паслугі па ўсёй краіне па загадзе суданскага рэгулятара тэлекамунікацый[204], а тэлеканал Sudan TB цалкам спыніў сваё вяшчанне[205]. На 23 красавіка паведамлялася амаль аб поўным адключэнні Інтэрнэту[206].
На 1 мая 2023 года канфлікт прывёў да спынення паступлення суданскіх тавараў у Чад, што выклікала рост цэн у краіне[207].
У пачатку лютага 2024 года ў краіне адбылося масавае адключэнне інтэрнету, якое закранула 65% насельніцтва Судана[208].
На дадзены момант паступаюць супярэчлівыя паведамленні аб ахвярах.
Згодна з першапачатковай інфармацыяй тэлеканала «Аль-Джазіра», у ходзе першых сутыкненняў у Эль-Абейдзе і Хартуме прынамсі трое мірных жыхароў загінулі і дзясяткі атрымалі раненні[35]. У Паўночным Дарфуры, паводле «Аль-Арабія», прынамсі двое мірных жыхароў былі забіты і 26 паранены. Яшчэ трое мірных жыхароў загінулі ад стрэлу гранатамёта. Адна жанчына была паранена куляй[209]. У заяве Камітэта лекараў Судана гаворыцца, што двое мірных жыхароў былі забіты ў аэрапорце Хартума і адзін чалавек быў застрэлены ў штаце Паўночны Кардафан[210]. Падчас баёў у Фора-Баранзе ў Заходнім Дарфуры паведамлялася пра дзясяткі забітых і сотні параненых[211]. У Паўднёвым Дарфуры загінулі 5 чалавек[212].
Сярод загінулых былі грамадзянін Індыі[213], грамадзянін ЗША[214], грамадзянін Ірака[214], грамадзянін Егіпта[215] і двухгадовая дзяўчынка з Турцыі[216], а таксама 15 сірыйцаў[217], 15 эфіопаў[218], 9 эрытрэйцаў[219] і 10 студэнтаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга[220].
На другі дзень паведамлялася, што ў Кабкабіі трое супрацоўнікаў Сусветнай харчовай праграмы былі забіты ў выніку перастрэлкі на ваеннай базе. Два іншыя супрацоўнікі былі сур’ёзна паранены, а байцы САП разрабавалі некалькі аўтамабіляў арганізацыі. Агулам на раніцу 56 чалавек загінулі і не менш за 595 атрымалі раненні па ўсёй краіне, з якіх 25, у тым ліку 17 мірных жыхароў, загінулі ў Хартуме[221].
На трэці дзень канфлікту Камітэт Суданскіх лекараў заявіў, што па меншай меры 97 чалавек былі забіты і 1100 паранены[222], адзначыўшы, што гэтая лічба не ўключае ўсіх пацярпелых, паколькі многія людзі не маглі дабрацца да бальніц[223].
Са слоў спецпрадстаўніка ААН Фолькера Пертэса, на 18 красавіка прынамсі 185 чалавек былі забіты і больш за 1800 паранены[224]. 19-га чысла прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) паведамілі, што па меншай меры 270 чалавек загінулі і больш за 2600 атрымалі раненні[225]. На наступны дзень колькасць ахвяр павялічалася да 330 і 3200 адпаведна[226], на 21-га — 413 і 3551[227], 23-га — 420 і 3700[228], 25-га — 459 (на наступны день — 559[229]) і 4072[230]. На 9 мая паведамлялася пра 700 забітых[231] і 5100 параненых[232], на 16-га — пра 1000[233], на 27-га — 1800[58]. 15 чэрвеня Праект даных аб месцазнаходжанні і падзеях узброеных канфліктаў паведаміў, што колькасць загінулых склала больш за 2000 чалавек[234].
21 красавіка Міжнародная арганізацыя па міграцыі паведаміла, што адзін з яе супрацоўнікаў быў забіты падчас перастрэлкі падчас падарожжа з сям’ёй каля Аль-Абейда[235].
Станам на 20 чэрвеня, як заявіў міністр аховы здароўя Хайтам Ібрагім, загінула больш за 3000 чалавек, яшчэ 6000 паранены[236]. Аднак султанат Дар Масаліт паведаміў, што толькі ў Заходнім Дарфуры налічвалася больш за 5000 загінулых і каля 8000 параненых[237].
22 ліпеня амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на правадыроў мясцовых плямён заявіў, што з пачатку канфлікту толькі ў Заходнім Дарфуры загінула 10 000 чалавек[238]. 16 кастрычніка, паводле ацэнкі ААН, было заяўлена пра гібель 9000 чалавек за ўвесь час баёў[239]. На 19 снежня арганізацыя паведаміла пра 12 000 загінулых і 33 000 пацярпелых[240]. Да 21 студзеня колькасць забітых павялічылася да 13 тысяч, заяўлена аб 26 тысячах пацярпелых[241]. 8 верасня, паводле ацэнак ААН, у выніку канфлікту загінула не менш за 20 000 чалавек[242].
13 ліпеня 2023 года офіс галоўнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмада Хана заявіў, што пачаў расследаванне магчымых ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых падчас канфлікту[243].
3 жніўня Amnesty International апублікавала справаздачу, у якой паведаміла пра масавыя ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва ў выніку наўмысных і невыбарчых нападаў варагуючых фракцый. У дакуменце таксама падрабязна апісаны выпадкі згвалтаванняў, мэтанакіраваных атак на грамадзянскія аб’екты і марадзёрства[244].
4 жніўня генерал Бурхан у якасці старшыні пераходнага савета заснаваў камітэт, якому даручана расследаванне ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і іншых злачынстваў з боку байцоў Дагала. Орган узначаліў прадстаўнік Генеральнага пракурора. Таксама ў яго ўвайшлі службовыя асобы міністэрстваў замежных спраў і юстыцыі, УСС, паліцыі, Службы агульнай разведкі і Нацыянальнай камісіі па правах чалавека[245].
11 кастрычніка Савет па правах чалавека ААН прагаласаваў 19 галасамі супраць 16 (12 устрымаліся) за прыняцце рэзалюцыі аб стварэнні камітэта па ўстанаўленні фактаў злачынстваў і парушэнняў[246].
У ходзе канфлікту было адзначана некалькі выпадкаў дэзінфармацыі, накіраванай на маніпуляванне грамадскай думкай, распаўсюджванне ілжывай інфармацыі і стварэнне блытаніны. І УСС, і САП удзельнічалі ў кампаніях па дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках. Прадстаўнікі бакоў выкарыстоўвалі Твітэр у інфармацыйнай барацьбе[247].
Афіцыйная старонка «Бі-бі-сі» апублікавала відэа, дзе нібыта паказаны авіяналёт ВПС Судана на пазіцыі пыхільнікаў Дагала. Падраздзяленне маніторынгу і праверкі «Аль-Джазіры» заявіла, што відэа сфабрыкавана з выкарыстаннем кадраў з кампутарнай гульні «Arma 3», апублікаваных на платформе TikTok у сакавіку 2023 года. Іншае відэа, на якім камандуючы суданскай арміяй Абдэль Фатах аль-Бурхан інспектуе бранятанкавы корпус, знята яшчэ да пачатку баявых дзеянняў. Відэа, на якім, як паведамлялася, суданскія верталёты пралятаюць над Хартумам, аказалася датаваным лістападам 2022 года[248]. Таксама высветлілася, што дзве фатаграфіі, шырока распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, на якіх знаходзіліся падпалены мост і разбомблены будынак у Хартуме, былі зроблены падчас уварвання Расіі ва Украіну[249].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.