Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
British Broadcasting Corporation, скар. BBC (бел.: Брытанская вяшчальная карпарацыя) — дзяржаўная тэлерадыёкампанія Вялікабрытаніі, заснаваная ў кастрычніку 1922 г. у Лондане 6 прыватнымі прадпрыемствамі пад назвай «Брытанская вяшчальная кампанія». 1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў яму сучасную назву. Замежнае вяшчанне са снежня 1932 г. ажыццяўляе Сусветная служба Бі-Бі-Сі.
Брытанская вяшчальная карпарацыя | |
---|---|
Тып | урадавае прадпрыемства |
Заснаванне | 18 кастрычніка 1922 (102 гады таму) |
Заснавальнікі | Marconi (Чэлмсфард, графства Эсекс), «Метраполітан-Вікерс» (Манчэстар) |
Краіна | |
Размяшчэнне | Лондан, Англія |
Адрас | |
Ключавыя постаці | Энтані Хол |
Галіна | сродкі масавай інфармацыі |
Прадукцыя | музыка, навіны, тэлесерыял |
Абарот | ▼£4805,1 млн (2015; $7134,1 млн) |
Аперацыйны прыбытак | ▼£109,2 млн (2015; $162,1 млн) |
Чысты прыбытак | ▼£125,2 млн (2015; $185,9 млн)[1] |
Колькасць супрацоўнікаў | 21 045 (2015)[2] |
Аўдытар | «Эрнст і Янг» (Лондан, Англія) |
Дэвіз | Nation Shall Speak Peace Unto Nation |
Матчына кампанія | Міністэрства культуры, вяшчання і спорту Вялікабрытаніі |
Даччыныя кампаніі | Сусветная служба Бі-Бі-Сі |
Сайт | bbc.co.uk |
Карпарацыя ажыццяўляе як унутранае, так і знешняе інтэрнэт-, радыё- і тэлевяшчанне, якое праводзіцца Сусветнай службай BBC. Карпарацыя не з’яўляецца дзяржаўным СМІ, а ўяўляе сабой грамадскую арганізацыю з кантрольным саветам, якія складаюцца з 12 папячыцеляў. Паводле каралеўскага статуту, брытанскі манарх прызначае гэтых папячыцеляў па парадзе міністраў урада Брытаніі. У сваю чаргу папячыцелі абіраюць кіраўніка карпарацыі, дзейнасць якой фінансуецца ў Брытаніі за кошт падатковых адлічэнняў з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадач і адпаведных тэлепадпісчыкаў.
На 2016 г. «Брытанская вяшчальная карпарацыя» ўключала:
18 кастрычніка 1922 г. 6 прыватных прадпрыемстваў — «Марконі» (Чэлмсфард, графства Эсекс, Англія), «Метраполітан-Вікерс» (Манчэстэр, графства Ланкашыр, Англія), «Радыёсувязь», «Брытанскі Томсан-Х’юстан» (Рагбі, графства Уорыкшыр, Англія), «Галоўная электрычная кампанія» (Лондан) і «Заходняя электрычная кампанія» (Нью-Ёрк, ЗША) — заснавалі ў Лондане таварыства з абмежаванай адказнасцю «Брытанская вяшчальная кампанія» («БВК»). Статутны капітал у £60,006 размеркавалі на 6 роўных дзеляў у выглядзе акцый цаной па £1. 14 лістапада 1922 г. «БВК» пачала вяшчанне на сярэдніх хвалях з лонданскай радыёстанцыі «2ЛО» на сядзібе «Марконі». Першым дыктарам быў Артур Бароўз , які пачаў перадачу з навін аб парламенцкіх выбарах у Брытаніі 15 лістапада 1922 года. 15 снежня 1922 г. «БВК» атрымала ўлік. Першым галоўным інжынерам «БВК» стаў Пітэр Экерслі (1922—1929). На 31 снежня 1922 г. прадпрыемства налічвала 4 супрацоўнікі. 18 сакавіка 1923 г. кіраўнік Галоўнага паштовага ведамства Вялікабрытаніі Невіл Чэмберлен выдаў прадпрыемству дазвол на вяшчанне. У ліпені 1923 г. парламент надаў «БВК» манаполію на радыёвяшчанне ў Брытаніі, якая дзейнічала да 8 кастрычніка 1973 года. На 31 снежня 1923 г. прадпрыемства налічвала 177 супрацоўнікаў. На канец 1924 г. «БВК» мела 20 радыёперадатчыкаў у Брытаніі і 465 супрацоўнікаў.
1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў сучасную назву «Брытанская вяшчальная карпарацыя» («БВК»). У лістападзе 1929 г. Джон Берд пачаў доследнае чорна-белае тэлевяшчанне на частотах «БВК» у Лондане, што мела 30-радковае разрозненне. 15 сакавіка 1932 г. «БВК» пераехала ў сучасную сядзібу ў Вяшчальны дом . 25 снежня 1932 г., на Раство Хрыстова, брытанскі кароль Георг V (1910—1936) стаў першым манархам Брытаніі, які выступіў на радыё «БВК». На заморскія ўладанні зварот перадавала радыё «Імперская служба Бі-Бі-Сі», якую заснавалі 19 снежня 1932 года. 2 лістапада 1936 г. у лонданскім палацы Аляксандры «БВК» пачала штодзённае чорна-белае тэлевяшчанне з механічным 240-радковым разрозненнем, распрацаваным Бердам, і з электронным 405-радковым разрозненнем, распрацаваным у 1934 г. на прадпрыемстве «Электронная і музычная прамысловасці» (Лондан). З 1937 г. пакінулі толькі тэлебачанне з электронным разрозненнем. У студзені 1938 г. «БВК» наняла егіпецкага радыёжурналіста Ахмада-Камаля Эфэндзі для стварэння вяшчання на арабскай мове. 29 студзеня 1942 г. адбыўся першы выпуск радыёперадачы «Дыскі незаселенага вострава» , якую да 1985 г. вёў Рой Пламлі . 7 чэрвеня 1946 г. аднавілі тэлевяшчанне пасля перапынку з 1 верасня 1939 г., які пачаўся ў сувязі з Другой сусветнай вайной. «БВК» заставалася адзіным тэлевяшчальнікам у Брытаніі да верасня 1955 года.
19 ліпеня 1948 г. «БВК» упершыню пачала 68,5 гадзіны жывога тэлевяшчання з XIV летніх Алімпійскіх гульняў, што праходзілі ў Лондане да 14 жніўня. Паказ ажыццяўляўся для амаль 100 тыс. дамоў Брытаніі, якія мелі тэлевізары пераважна памерам 25 см на 20 см. 12 лютага 1950 г. у Торкі (графства Дэван, Англія) «БВК» стала адным з 23 дзяржаўных вяшчальнікаў, якія заснавалі Еўрапейскі вяшчальны саюз (Жэнева, Швейцарыя). У 1952 г. на «БВК» распрацавалі электронны апарат відэазапісу, які дазваляў запісаць да 15 хвілін відэа. У красавіку 1958 г. у лонданскім раёне Педзінгтан заснавалі Радыёгукавую майстэрню БВК для вытворчасці гукавых эфектаў і электроннай музыкі. 16 кастрычніка 1958 г. пачаўся выпуск дзіцячай тэлеперадачы «Сіні Пётр» (сцяг адплыцця), якая працягвала выходзіць на 2016 год. 29 чэрвеня 1960 г. у лонданскім раёне Хемерсміт адкрылі Тэлевізійны цэнтр БВК , які выкарыстоўваўся да 31 сакавіка 2013 года. 20 красавіка 1964 г. заснавалі тэлеканал «БВК2» (англ.: BBC2), які першым у Еўропе 1 ліпеня 1967 года перайшоў на каляровае вяшчанне. У чэрвені 1967 г. «БВК» упершыню ажыццявіла жывое тэлевяшчанне праз амерыканскі спадарожнік «Тэлстар» (бел.: Тэлезорка).
У студзені 1970 г. «БВК» заключыла дагавор аб супрацы з Адкрытым універсітэтам (Мілтан-Кінс, графства Бакінгемшыр), што дазволіла стварыць ранішнія і вячэрнія перадачы на аснове пісьмовых падручнікаў для дыстанцыйнага навучання. У верасні 1974 г. на тэлебачанні «БВК» запусцілі першы тэлетэкст Сіфекс , які працягваў выкарыстоўвацца да 23 кастрычніка 2012 года. 9 лістапада 1997 г. запусцілі кругласутачны тэлеканал «БВК Навіны 24» . У снежні 1997 г. запусцілі ўласны вэб-сайт. 23 верасня 1998 г. адкрылі першы лічбавы тэлеканал «БВК Выбар», які 9 лютага 2003 г. стаў называцца «БВК Тры» . 11 сакавіка 2008 г. заснавалі тэлеканал «Арабскае тэлебачанне БВК» на арабскай мове для замежнага вяшчання. 14 студзеня 2009 г. адкрыўся адпаведны тэлеканал «Персідскае тэлебачанне БВК» для вяшчання на Афганістан, Іран, Таджыкістан і Узбекістан. 20 чэрвеня 2011 г. упершыню ажыццявілі жывы трохмерны паказ 125-га Уімблданскага турніра па тэнісе, які праводзіўся ў Лондане да 3 ліпеня.
У 2015 г. даход «Брытанскай вяшчальнай карпарацыі» склаў 4805,1 млн фунтаў стэрлінгаў, з іх £3735,4 млн (78 %) склалі падатковыя адлічэнні з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадач і адпаведных тэлепадпісчыкаў у Брытаніі. Рэшту (£1069,7 млн; 22 %) склалі продажы ўласных перадач за мяжой. Выдаткі на дзейнасць склалі £4914,3 млн, што прывяло да аперацыйных страт у £109,2 млн. За 2015 г. на 9 тэлеканалаў «БВК» выдаткавала £2367,8 млн (48 %), з іх на тэлеканал «БВК Адзін» (англ.: BBC One) пайшлі £1433,6 млн (29 %; 61 % выдаткаў на тэлеканалы). На 55 унутрыдзяржаўных радыёстанцый (10 агульнадзяржаўных, 5 краёвых і 40 мясцовых у Англіі) выдаткавалі 652,5 млн (13 %), з іх найбольш пайшло на «БВК Радыё 4» — £115,7 млн (2 %; 18 % выдаткаў на радыё). На вэб-сайт у 2015 г. выдаткавалі £201 млн (4 %). Радыё «Сусветная служба Бі-Бі-Сі» атрымала £253,6 млн (5 %)[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.