Львоў
горад на захадзе Украіны / From Wikipedia, the free encyclopedia
Львоў (укр.: Львів Вымаўленне на украінскай мовеⓘ; польск.: Lwów[3]; ням.: Lemberg; лац.: Leopolis — горад льва) — горад абласнога падпарадкавання на захадзе Украіны, раней адзін з галоўных цэнтраў Галіцка-Валынскага княства, Кароны Каралеўства Польскага, габсбургскага Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, а пазней сталіцай Львоўскага ваяводства ў складзе Другой Польскай рэспублікі.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Паводле археалагічных даследаванняў на месцы сучаснага Львова першыя паселішчы з’явіліся яшчэ ў V стагоддзі, а паміж VIII і X стагоддзямі на тэрыторыі Львова знаходзіліся паселішчы ляхаў. У 1031 годзе вялікі князь кіеўскі Яраслаў адваяваў гэтыя паселішчы разам з суседнімі землямі ў польскага караля Мешкі II Ламберта. Пасля нашэсцяў Батыя князь Даніла Раманавіч, валадар Галіцка-Валынскага княства, адбудаваў горад у 1240 годзе і назваў яго ў гонар свайго сына Льва.
Першая летапісная згадка Львова датуецца 1256 годам. У 1340 годзе Галічына, якая ўключала ў сябе Львоў, была далучана да Каралеўства Польскага Казімірам III Вялікім, які ў 1356 годзе надаў Львову магдэбургскае права. Львоў знаходзіўся ў складзе Польскага каралеўства да 1772 года, пасля чаго ў выніку першага падзела Рэчы Паспалітай стаў часткай Аўстрыйскай імперыі. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі Львоў стаў сталіцай Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі, а з 1919 года — сталіцай Львоўскага ваяводства Другой Польскай рэспублікі, у складзе якой знаходзіўся да 1939 года, калі быў анексаваны Савецкім Саюзам паводле Пакта Молатава-Рыбентропа, а пазней, падчас Другой сусветнай вайны, тэрыторыя Львова была акупаваная нямецкімі войскамі. 22 ліпеня 1944 года ў выніку Львоўскага паўстання горад быў вызвалены ад нацысцкай акупацыі польскай Арміяй Краёвай у супрацоўніцтве з войскамі СССР.
У канцы XIV і ў XV ст. абсалютная большасць гараджан была немцамі, пра што сведчыць судовая кніга Львоўскага магістрата за 1382—1389 гады[4]. З XV ст. Львоў паступова станавіўся адным з галоўных польскіх, а пазней і габрэйскіх культурных цэнтраў рэгіёна. Да пачатку Другой сусветнай вайны палякі і яўрэі складалі дэмаграфічную большасць горада. Халакост і масавае перасяленне палякаў змянілі структуру насельніцтва. Іншыя этнічныя групы, якія жылі ў горадзе, — русіны (сённяшнія ўкраінцы) і армяне — таксама ўнеслі вялікі ўклад у культуру Львова. У выніку сумеснага нямецка-савецкага ўварвання ў Польшчу ў пачатку Другой сусветнай вайны горад Львоў і яго правінцыі былі далучаны да СССР і былі часткай Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з 1939 па 1941 гады. З ліпеня 1941 года да ліпеня 1944 года Львоў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй і размяшчаўся ў Генерал-губернатарстве, пасля чаго ў ліпені 1944 года быў захоплены савецкай Чырвонай Арміяй і ў адпаведнасці з дамовамі Ялцінскай канферэнцыі быў уключаны ў склад УССР. Большасць палякаў, якія пражывалі ў Львове, былі дэпартаваныя на вернутыя па ўмовах Патсдамскага пагаднення ў Германіі землі (у Польшчы выкарыстоўваўся тэрмін «Вернутыя тэрыторыі» (польск.: Ziemie Odzyskane)), а горад стаў галоўным цэнтрам заходняй часткі Савецкай Украіны, дзе пражывалі пераважна ўкраінцы.
Пасля распаду СССР у 1991 годзе горад Львоў застаўся часткай Украіны, якая атрымала незалежнасць, і па сённяшні дзень з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Львоўскай вобласці і цэнтрам Львоўскай агламерацыі з насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек. Па колькасці насельніцтва горад займае сёмае месца ў краіне (станам на 1 студзеня 2014 года ў Львове пражывала 729 038 чалавек[5]). У горадзе знаходзіцца найбольшая колькасць помнікаў архітэктуры ва Украіне[6]. У 2009 годзе Львову прысвоена званне культурнай сталіцы Украіны[7]. Горад рэгулярна займае лідзіруючыя месцы ў рэйтынгах турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці[8][9][10]. Гістарычны цэнтр Львова, які ўключае ў сябе яго старадаўнія будынкі і брукаваныя вулачкі, захаваўся ў значнай ступені пасля савецкай і нацысцкай акупацый падчас Другой сусветнай вайны і занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У горадзе ёсць шмат галін прамысловасці і інстытутаў вышэйшай адукацыі, такіх як Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Івана Франко і нацыянальны ўніверсітэт «Львоўская палітэхніка». Апроч таго, Львоў з’яўляецца домам для многіх устаноў культуры сусветнага класа, у тым ліку філарманічнага аркестра і вядомага Львоўскага тэатра оперы і балета.