Галічы
вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Га́лічы[2] (трансліт.: Haličy, руск.: Галичи) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Мілаславіцкага сельсавета.
Вёска
Галічы
| ||||||||||||||||||||||||
Знаходзіцца на рацэ Сураў, за 28 км на ўсход ад Клімавічаў, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Шасцёраўка, на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Галічы. Каля вёскі — найвышэйшы пункт раёна — 211.7 м.
Упамінаецца ў крыніцах у 1604 годзе як сяло Чыста Поле-Галічы ў Крычаўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўная ўласнасць[3]. У 1737 годзе згадваецца царква.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Галічы ўвайшлі ў склад Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі як памешчыкае ўладанне. Сяло моцна пацярпела ў час французска-рускай вайны 1812 года — ацалеў толькі 1 двор і 6 жыхароў[3].
Гаспадар маёнтка (у 1811—1834 гадах — Іван Краеўскі, з 1858 года — Вікенцій Каміёнка[4]) меў тут 4123 дзесяцін зямлі і ветраны млын. Да таго ж ён запрасіў з Латвіі 60 сем’яў для вядзення гаспадаркі, якія ў 1926 годзе ўтварылі Галіцкамызскі нацыянальны латышскі сельсавет[4]. Частка вяскоўцаў займаліся кравецкім промыслам. У 1885 годзе ў вёсцы дзейнічалі бровар, вадзяны і ветраны млыны, штогод праводзіўся кірмаш. У 1886 годзе адкрылася царкоўнапрыходская школа.
У ходзе рускай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў сяляне знішчылі кантору лесапільні. У 1909 годзе была адкрыта казённая вінная лаўка.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Галічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні.
У выніку першага ўзбуйнення БССР вёску вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яна сталі цэнтрам сельсавета ў Мілаславіцкім, потым Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці.
У 1924 годзе ў будынку дарэвалюцыйнай адкрылася пачатковая школа, дзе ў 1925 годзе налічвалася 58 вучняў. Школе быў перададзены дом памешчыка. Дзейнічалі бібліятэка і хата-чытальня. У 1931 годзе ўзнік калгас «Шлях да сацыялізацыі», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 75 гаспадарак і 368 га ворыва, меў кузню і млын[3].
З сярэдзіны ліпеня 1941 да 28 верасня 1943 года Галічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. 30 снежня 1942 года партызаны атрада «За Савецкую Беларусь» ліквідавалі ў вёсцы паліцэйскі гарнізон. На ўшанаванне 252 ураджэнцаў сельсавета, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1969 годзе быў пастаўлены абеліск.
У 1980-я гады ў вёсцы працавалі аддзяленне сувязі, бальніца, бібліятэка з фондам звыш 11.9 тысяч кніг, дзіцячы сад, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, крама, клуб, сталовая, стацыянарная кінаўстаноўка, рамонтныя майстэрні, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, ферма буйной рагатай жывёлы[3]. Па звестках 1997 года, дзейнічалі аддзяленне сувязі, амбулаторыя, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, клуб і школа[5].
З 2 чэрвеня 2023 года вёска ў складзе Мілаславіцкага сельсавета[6].
Дзейнічаюць клуб, крама, пошта, праваслаўная царква[8], фельчарска-акушэрскі пункт[1].
Галічы забудоўваюцца паводле плана, распрацаванага «Белкалгаспраектам» у 1968 годзе. Планіровачна вёска складаецца з чатырох прамалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і злучаных крывалінейнай вуліцай з завулкамі. Забудавана пераважна традыцыйнымі сялянскімі хатамі, у цэнтры — мураванымі жылымі дамамі. На ўсходняй ускраіне размешчаны гаспадарчыя будынкі[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.